Дасканала, шчыра, артыстычна

Апублiкавана: 21 сакавiка 2024 Стужка Бібліятэкі не указан Праекты развіцця

Аўтар: Аўтары

“Са знакам якасці” — менавіта так імкнуцца арганізаваць сваю дзейнасць бібліятэкары краіны. 

ПАМЯЦЬ ЖЫВЕ 

Супрацоўнікі бібліятэк шчыруюць на ніве захавання гістарычнай памяці штодня, пагатоў у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вольга Заянчкоўская, бібліятэкар Астравецкай раённай бібліятэкі, падзялілася тым, што адбылося ў раёне. Так, у філіяле “Міхалішкаўская сельская бібліятэка” прайшла гісторыка-пазнавальная гадзіна “Мы памятаем! Мы ганарымся! Паклон вам да зямлі!” для вучняў 4 класа. Бібліятэкар Вольга Багдановіч нагадала падрастаючаму пакаленню аб падзеях, што адбываліся на нашай зямлі шмат дзесяцігоддзяў таму. Яна расказала пра маштабную аперацыю “Баграціён”, а таксама згадала аб’екты, якія дапамагаюць захоўваць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Асобнае месца было адведзена юным героям, якія змагаліся на адным узроўні з дарослымі. Пасля вучні пазнаёміліся з літаратурай аб Вялікай Айчыннай вайне. У філіяле “Палушская сельская бібліятэка-клуб” адзначылі чарговую гадавіну Сталінградскай бітвы адпаведнай квэст-гульнёй для выхаванцаў дзіцячага садка. Яны ўдзельнічалі ў конкурсах “Пераправа”, “Выдатны стралок”, “Дапамажы параненаму”, “Міннае поле”, “Ваенная тэхніка”. Напрыканцы бібліятэкар звярнула ўвагу і на тэматычную літаратуру, якая дапамагла знайсці адказы на пытанні віктарыны “Ні кроку назад!”. 

Фальклорны куфэрак "Традыцыі жывая нітка". Сельская бібліятэка аграгарадка Баруны

Фальклорны куфэрак "Традыцыі жывая нітка". Сельская бібліятэка аграгарадка Баруны

Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі зладзіла для вучняў сярэдняй школы № 2 раённага цэнтра пазнавальнае падарожжа “Жамчужыны Шчучыншчыны”. Падчас яго школьнікі пазнаёміліся з архітэктурай стылю барока на прыкладзе касцёла Найсвяцейшай Тройцы, дакрануліся да сонечнага гадзінніка XVIII стагоддзя, падняліся на вежы абарончага храма Раства Багародзіцы ў Мураванцы, прагуляліся па парку ў Вялікім Мажэйкаве. А самае галоўнае — ушанавалі памяць воінаў-вызваліцеляў хвілінай маўчання ля помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта расказала намеснік дырэктара бібліятэкі Юлія Міхайлава. 

СПАДЧЫНА НАТХНЯЕ

Супрацоўнікі бібліятэкі-філіяла № 5 Цэнтраліза- ванай бібліятэчнай сістэмы Гродна да Года якасці арганізавалі выставу літаратуры “Са знакам якасці: этнаграфія Беларусі”, раздзелы якой прысвечаны элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, што ўключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта культура беларускай дуды на Гродзеншчыне, творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча, музычна-інструментальная традыцыя “Смаргонскія найгрышы”, мясцовы танцавальны стыль “Котчынская кадрыля”, мясцовы танец “Дэмброўская кадрыля”. Акрамя гэтага, піша бібліятэкар Ганна Шарэнда, у бібліятэцы арганізавалі сустрэчу дзевяцікласнікаў сярэдняй школы №18 імя Л.М.Даватара з майстрам па вырабе музычных інструментаў Мар’янам Антонавічам Скрамблевічам. Школьнікі ўбачылі частку ўнікальнай калекцыі музычных інструментаў, якія майстар вырабляў больш за 20 гадоў, змаглі даведацца ад творцы, з якога дрэва выраблены кожны з іх, і пачуць іх “галасы”. Асаблівым экспанатам калекцыі стала дуда — адзін з самых каларытных духавых інструментаў у беларусаў. 

Гісторыка-пазнавальная гадзіна "Мы памятаем! Мы ганарымся! Паклон вам да зямлі!". Міхалішкаўская сельская бібліятэка

Гісторыка-пазнавальная гадзіна "Мы памятаем! Мы ганарымся! Паклон вам да зямлі!". Міхалішкаўская сельская бібліятэка

Галіна Палубінская, бібліятэкар Ашмянскай раённай бібліятэкі, упэўнена, што перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць аб традыцыях беларусаў, беражліва і паважна ставіцца да сваіх продкаў, да сваіх вытокаў — гэта наш нацыянальны абавязак, а ў першую чаргу — працаўнікоў культурных устаноў, бібліятэк. Шмат у гэтым кірунку робіць сельская бібліятэка аграгарадка Баруны і непасрэдна яе загадчыца Наталля Станіславаўна Рукевіч, якая ўжо больш за дваццаць гадоў шчыруе на кніжнай ніве. У маладых наведвальнікаў бібліятэкі яна імкнецца выклікаць цікавасць да традыцыйнай культуры беларускага народа, паказаць самабытнасць, індывідуальнасць нацыянальнай культуры. Яна сфарміравала фонд краязнаўчай літаратуры, дапоўнены этнаграфічна-фальклорнымі выданнямі, многія з якіх дэманструюцца на кніжных выставах “У сузор’і добрых спраў”, “Паданні даўніны глыбокай”. Традыцыйныя ў бібліятэцы мерапрыемствы абрадавай тэматыкі, у падрыхтоўцы і правядзенні якіх задзейнічаны мясцовыя ўмельцы і школьная моладзь. Нядаўна чытачы маглі зазірнуць у фальклорны куфэрак “Традыцыі жывая нітка”, дзе Бабка-фалькларыха і яе сяброўкі каларытна і па-сямейнаму цёпла паведамілі гасцям пра святы гадавога цыкла, а дзеці з вялікім захапленнем удзельнічалі ў абрадавых гульнях. Асаблівы каларыт надавалі мерапрыемству народныя мелодыі ў выкананні мясцовых музыкаў.

ПАЭЗІЯ АКРЫЛЯЕ 

Юбілей народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова адзначылі ўдзельнікі народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці “Крынічка” Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І. Чыгрынава. Па словах кіраўніка студыі Ірыны Коршунавай, у дзень нараджэння пісьменніка яны запрасілі ў раённы Цэнтр культуры ўсіх прыхільнікаў паэзіі і роднага слова на літаратурна-музычную вечарыну “Я на ўсё жыццё абраў дарогу…”. Іх чакала літаратурна-музычная кампазіцыя з мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай жыццю і творчасці вядомага земляка. Падчас вечарыны прагучала шмат вершаў Аркадзя Куляшова ў выкананні членаў дзіцячага гуртка мастацкай творчасці “Зарапад”, а таксама вершы членаў народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці “Крынічка”, прысвечаныя Аркадзю Аляксандравічу, у выкананні іх аўтараў. Асаблівая ўвага была прыцягнута да ваеннага перыяду жыцця і творчасці паэта. Вельмі кранальнай і шчымлівай атрымалася інсцэніроўка знакамітага твора “Балада аб чатырох заложніках” Аркадзя Куляшова ў выкананні Т. Маскалёвай і членаў дзіцячых гурткоў РЦК “Зарапад” і “Акрыленне”.

Падчас сустрэчы з майстрам М.А. Скрамблевічам у бібліятэцы-філіяле № 5 Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна

Падчас сустрэчы з майстрам М.А. Скрамблевічам у бібліятэцы-філіяле № 5 Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гродна 

Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава, піша загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Таццяна Маляўка, зладзіла святкаванне юбілею земляка — Уладзіміру Маруку было б 70. Яго творчая спадчына налічвае некалькі кніг паэзіі. Пісаў Уладзімір Антонавіч і для дзяцей. Вершаванае падарожжа “Чыж вярнуўся з-за мяжы” з’яўляецца адным з самых вядомых твораў дзіцячай беларускай літаратуры. Гэты твор і ўзялі за аснову пры правядзенні акцыі “BOOK-лакацыя «Чыж вярнуўся з-за мяжы» — чытаюць дзеці”. Запрашэнне прыняць удзел у ёй даслалі цэнтральным раённым бібліятэкам Брэстчыны. Да вялікай радасці арганізатараў, акцыю падтрымалі калегі — і з усіх куточкаў брэсцкага рэгіёна былі атрыманы відэаролікі, дзе дзеці чытаюць урыўкі з кнігі Уладзіміра Марука. Кожнае відэа — невялічкі шэдэўр: дзеці выяўляюць не толькі артыстычнае майстэрства, але паказваюць свае адносіны да роднай мовы і паэтычнага слова. Усе відэаролікі бібліятэка змясціла на сваёй старонцы на канале YouTube, паказ якіх актыўна рэкламаваўся ў сацыяльных сетках. 

А што цікавага адбылося ў вас?