Да нас у госці едуць суайчыннікі з розных куткоў свету: 23 кастрычніка стартавала чарговая творчая стажыроўка для кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. Кожны з удзельнікаў “сэрцам і думамі” з роднай краінай, не зважаючы, нарадзіўся тут ці нават не бываў ніколі на зямлі продкаў. Што суайчыннікаў-замежнікаў чакае падчас стажыроўкі і як яны зберагаюць памяць пра вытокі — аб гэтым гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненка.
— Вольга Вітальеўна, сітуацыя ў свеце вельмі напружаная. Здаецца, паўсюль пануе варожасць. Наколькі складана суайчыннікам за мяжой у такіх умовах зберагчы ідэнтычнасць?
— Звыш трох з паловай мільёнаў беларусаў пражываюць за мяжой — ад найбліжэйшых дзяржаў да далёкіх краін, такіх як Аргенціна і Аўстралія. Кожны з іх хвалюецца за нашу зямлю, бо пачуццё датычнасці да лёсу радзімы нікуды не сыходзіць. Беларусаў замежжа цягне сюды, яны хочуць паглыбіцца ў нашу культуру і падсілкавацца ёю.
Мы пастаянна падтрымліваем сувязь з суайчыннікамі, і яны пра нейкія складанасці не паведамляюць. Бывае, магчыма, непаразуменне з некаторымі грамадзянамі замежных краін, дзе пражываюць беларусы. Але яны працягваюць ушаноўваць нашу культуру і гісторыю: ладзяць імпрэзы, спяваюць пра Беларусь, наведваюць мемарыялы Другой сусветнай вайны і ўскладаюць кветкі, згадваюць славутых супляменнікаў. Напрыклад, даволі шырока адзначаецца 140 годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Юбілейныя імпрэзы адбыліся не толькі ў розных рэгіёнах Расіі, але і ў Італіі, Аргенціне, краінах Балтыі. Далучаюць да нашай культуры і замежнікаў. У Эстоніі ёсць дзіцячыя групы, дзе праз гульні на даволі высокім узроўні выкладаюць беларускую мову. І на заняткі з задавальненнем прыходзяць нават эстонскія дзеці.
— Вы адзначылі, што заўсёды трымаеце сувязь з беларусамі замежжа. З якімі пытаннямі і просьбамі яны найчасцей звяртаюцца ў Цэнтр нацыянальных культур?
— Самая распаўсюджаная просьба — дапамагчы ў набыцці беларускіх нацыянальных строяў. І папракаць беларусаў замежжа за меркантыльнасць не даводзіцца. Калі яны выступаюць на фестывалях у сваіх краінах пражывання ў нашых касцюмах — гэта выглядае эфектна. Яны ж хочуць усебакова прэзентаваць родную культуру, паказаць прыгажосць краіны, станоўчыя якасці народа. І нацыянальнае адзенне спрыяе. Дзякуючы дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” мы можам задаволіць гэтую патрэбу. Выдаткоўваюцца грошы, каб набываць і перадаваць строі ў дыяспары. Дарэчы, нядаўна атрымалі ліст падзякі ад беларускага клуба “Усход” з Аргенціны: “Вы не ўяўляеце, як нас узрадаваў ваш падарунак”. На фотаздымках — удзельнікі клуба ў касцюмах, якія мы перадалі праз пасольства з нагоды 85-годдзя суполкі.
Творчыя стажыроўкі праводзяцца ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур з 2016 года. Удзельнікі вывучаюць беларускія танцы і песні, засвойваюць асновы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каб пасля прэзентаваць нашу культуру ў замежных краінах, дзе пражываюць беларусы.
Таксама звяртаюцца па прэзентацыйную літаратуру, якая расказвае, чым жыве наш народ і наколькі ён адкрыты да іншых. Вельмі запатрабаваныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дзяржаўная сімволіка. Аказваем і метадычную дапамогу. Напярэдадні важных дат паступаюць просьбы падзяліцца сцэнарыямі, і мы дасылаем розныя на працоўкі як да дзяржаўных свят, так і да народных. Напрыклад, у Іарданіі ўжо колькі гадоў запар адзначаюць Купалле. Свята збірае не толькі беларусаў, але і людзей іншых нацыянальнасцей.
— Спадзяюся, прадстаўнікі дыяспар прывязуць са стажыроўкі ў Мінску нямала новых ідэй. Вы ж заўсёды рыхтуеце насычаную адукацыйную і экскурсійную праграмы! Што запланавалі гэтым разам?
— Традыцыйна мы робім акцэнт на народнай культуры. Таму ладзім майстар-класы па лозапляценні, разьбярстве, выцінанцы і іншых рамёствах. Знаёміцца з традыцыйным мастацтвам удзельнікі стажыроўкі будуць не толькі ў сталіцы, адмыслова паедзем да народных майстроў на Лагойшчыну. Мы заўсёды стараемся вазіць беларусаў замежжа ў рэгіёны, каб яны паразмаўлялі з людзьмі, якія зберагаюць традыцыі. І яны самі хочуць распытаць бабуль, напрыклад, пра сакрэты нацыянальнай кухні: як правільна зварыць аўсяны кісель ці што рабіць, каб блінцы атрымаліся пульхнымі.
Акрамя таго, запланавалі сустрэчу з аўтэнтычным калектывам, які прэзентуе гасцям народныя песні, гульні, побытавыя танцы і нават пакажа, як плесці паясы. Як заўсёды, запросім беларусаў замежжа на заняткі па вакале і харэаграфіі ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Знойдзем час, каб сумясціць навучанне і забавы. Сёлета мы пазнаёміліся з выкладчыцай, якая распрацавала ўнікальныя гульні для вывучэння беларускай мовы. Яны прыйдуцца даспадобы не толькі дзецям, але і дарослым. Падчас мінулай стажыроўкі ўсе так захапіліся, што не заўважылі, як праляцелі адведзеныя на гульню паўтары гадзіны. Гэта цудоўная магчымасць праверыць веданне роднай мовы і запоўніць лакуны.
І ўсё ж народнай культурай мы не абмяжоўваемся, стараемся паказаць розныя пласты нашай спадчыны. Таму сёлета ўпершыню дадалі ў экскурсійны маршрут Мірскі і Нясвіжскі замкі. Таксама завітаем у музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. І абавязковымі пунктамі для наведвання, асабліва ў Год гістарычнай памяці, стане мемарыял у Трасцянцы і Усіхсвяцкі храм — унікальны аб’ект, прысвечаны людзям, якія загінулі за радзіму, за яе свабоду і за права беларусамі звацца. Нашы госці, калі выходзяць адтуль, кажуць, што нібыта ачысцілі ся духоўна.
— Наколькі запатрабаваныя такія стажыроўкі?
— Ахвотных трапіць на стажыроўку вельмі шмат. Па выніках мінулай у нас амаль адразу сфарміраваўся спіс удзельнікаў наступнай. І калі пачыналі мы з адной стажыроўкі на год з дваццаццю ўдзельнікамі, то цяпер ладзім навучанне двойчы на год і выйшлі на сорак чалавек. Прыемна, што далучаецца моладзь. “Беларусы Расіі” нават ладзілі адмысловы адбор, каб прыцягнуць моладзевае крыло.
— Напэўна, ёсць сэнс частку працы перавесці ў анлайн-фармат, каб ахапіць тых, хто пакуль на стажыроўку трапіць не змог. Тым больш двухгадовы перапынак праз эпідэміялагічную сітуацыю даказаў, што віртуальная камунікацыя можа стаць выратаваннем. Ці ёсць у вас нейкія планы ў гэтым кірунку?
— Гэта праца на перспектыву, і пунктам адліку стала анлайн-сустрэча з прадстаўнікамі амаль паўсотні арганізацый беларусаў замежжа, якую мы ладзілі разам з Палатай прадстаўнікоў і апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Нашы суайчыннікі, што жывуць за мяжой, падзяліліся, што іх турбуе. І сярод іншага на віртуальнай сустрэчы агучылі ідэю ладзіць анлайнканферэнцыі і майстар-класы па розных відах творчасці па відэа-сувязі. Да таго ж вопыт інтэрнэт-праектаў ужо ёсць. Напрыклад, нядаўна мы правялі фота-фестываль “Мы разам. З любоўю да Беларусі” і атрымалі больш за чатырыста здымкаў з розных куткоў планеты. А беларусы Іарданіі знаёмяцца з музеямі нашай краіны з дапамогай анлайн-экскурсій.
Данііл ШЭЙКА
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ