Аб творчых стажыроўках беларусаў замежжа гутарым з Вольгай Антоненка

Апублiкавана: 24 кастрычнiка 2022 Стужка не указан Мінск Суботнія сустрэчы

Аўтар: ШЭЙКА Данііл

Да нас у госці едуць суайчыннікі з розных куткоў свету: 23 кастрычніка стартавала чарговая творчая стажыроўка для кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці і грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа. Кожны з удзельнікаў “сэрцам і думамі” з роднай краінай, не зважаючы, нарадзіўся тут ці нават не бываў ніколі на зямлі продкаў. Што суайчыннікаў-замежнікаў чакае падчас стажыроўкі і як яны зберагаюць памяць пра вытокі — аб гэтым гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольгай Антоненка.

Вольга Вітальеўна, сітуацыя ў свеце вельмі напружаная. Здаецца, паўсюль пануе варожасць. Наколькі складана суайчыннікам за мяжой у та­кіх умовах зберагчы ідэнтычнасць?

— Звыш трох з паловай мільёнаў беларусаў пражываюць за мяжой — ад найбліжэйшых дзяржаў да далёкіх краін, такіх як Аргенціна і Аўстралія. Кожны з іх хвалюецца за нашу зям­лю, бо пачуццё датычнасці да лёсу радзімы нікуды не сыходзіць. Белару­саў замежжа цягне сюды, яны хочуць паглыбіцца ў нашу культуру і падсіл­кавацца ёю.

Мы пастаянна падтрымліваем сувязь з суайчыннікамі, і яны пра нейкія складанасці не паведамляюць. Бывае, магчыма, непаразуменне з некаторымі грамадзянамі замежных краін, дзе пражываюць беларусы. Але яны працягваюць ушаноўваць нашу культуру і гісторыю: ладзяць імпрэ­зы, спяваюць пра Беларусь, навед­ваюць мемарыялы Другой сусветнай вайны і ўскладаюць кветкі, згадваюць славутых супляменнікаў. Напрык­лад, даволі шырока адзначаецца 140­ годдзе з дня нараджэння Янкі Ку­палы і Якуба Коласа. Юбілейныя імпрэзы адбыліся не толькі ў розных рэгіёнах Расіі, але і ў Італіі, Аргенці­не, краінах Балтыі. Далучаюць да на­шай культуры і замежнікаў. У Эстоніі ёсць дзіцячыя групы, дзе праз гульні на даволі высокім узроўні выклада­юць беларускую мову. І на заняткі з задавальненнем прыходзяць нават эстонскія дзеці.

Вы адзначылі, што заўсёды тры­маеце сувязь з беларусамі замежжа. З якімі пытаннямі і просьбамі яны най­часцей звяртаюцца ў Цэнтр нацыяна­льных культур?

— Самая распаўсюджаная прось­ба — дапамагчы ў набыцці беларускіх нацыянальных строяў. І папракаць беларусаў замежжа за меркантыль­насць не даводзіцца. Калі яны высту­паюць на фестывалях у сваіх краінах пражывання ў нашых касцюмах — гэта выглядае эфектна. Яны ж хо­чуць усебакова прэзентаваць род­ную культуру, паказаць прыгажосць краіны, станоўчыя якасці народа. І нацыянальнае адзенне спрыяе. Дзя­куючы дзяржаўнай праграме “Куль­тура Беларусі” мы можам задаволіць гэтую патрэбу. Выдаткоўваюцца гро­шы, каб набываць і перадаваць строі ў дыяспары. Дарэчы, нядаўна атры­малі ліст падзякі ад беларускага клуба “Усход” з Аргенціны: “Вы не ўяўля­еце, як нас узрадаваў ваш падарунак”. На фотаздымках — удзельнікі клуба ў касцюмах, якія мы перадалі праз па­сольства з нагоды 85-­годдзя суполкі.

Творчыя стажыроўкі праводзяцца ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур з 2016 года. Удзельнікі вывучаюць беларускія танцы і песні, засвойваюць асновы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каб пасля прэзентаваць нашу культуру ў замежных краінах, дзе пражываюць беларусы.

Таксама звяртаюцца па прэзента­цыйную літаратуру, якая расказвае, чым жыве наш народ і наколькі ён адкрыты да іншых. Вельмі запатра­баваныя вырабы дэкаратыўна-­пры­кладнога мастацтва і дзяржаўная сімволіка. Аказваем і метадычную дапамогу. Напярэдадні важных дат паступаюць просьбы падзяліцца сцэ­нарыямі, і мы дасылаем розныя на­ працоўкі як да дзяржаўных свят, так і да народных. Напрыклад, у Іарданіі ўжо колькі гадоў запар адзначаюць Купалле. Свята збірае не толькі бела­русаў, але і людзей іншых нацыяна­льнасцей.

Спадзяюся, прадстаўнікі дыяспар прывязуць са стажыроўкі ў Мінску ня­мала новых ідэй. Вы ж заўсёды рых­туеце насычаную адукацыйную і экс­курсійную праграмы! Што запланавалі гэтым разам?

Традыцыйна мы робім акцэнт на народнай культуры. Таму ладзім майстар-­класы па лозапляценні, разьбярстве, выцінанцы і іншых ра­мёствах. Знаёміцца з традыцыйным мастацтвам удзельнікі стажыроўкі будуць не толькі ў сталіцы, адмысло­ва паедзем да народных майстроў на Лагойшчыну. Мы заўсёды стараемся вазіць беларусаў замежжа ў рэгіёны, каб яны паразмаўлялі з людзьмі, якія зберагаюць традыцыі. І яны самі хо­чуць распытаць бабуль, напрыклад, пра сакрэты нацыянальнай кухні: як правільна зварыць аўсяны кісель ці што рабіць, каб блінцы атрымаліся пульхнымі.

Акрамя таго, запланавалі сустрэчу з аўтэнтычным калектывам, які прэ­зентуе гасцям народныя песні, гуль­ні, побытавыя танцы і нават пакажа, як плесці паясы. Як заўсёды, запро­сім беларусаў замежжа на заняткі па вакале і харэаграфіі ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў. Знойдзем час, каб сумясціць навучанне і забавы. Сёлета мы пазнаёміліся з выкладчы­цай, якая распрацавала ўнікальныя гульні для вывучэння беларускай мо­вы. Яны прыйдуцца даспадобы не то­лькі дзецям, але і дарослым. Падчас мінулай стажыроўкі ўсе так захапілі­ся, што не заўважылі, як праляцелі адведзеныя на гульню паўтары гадзі­ны. Гэта цудоўная магчымасць пра­верыць веданне роднай мовы і запоў­ніць лакуны.

І ўсё ж народнай культурай мы не абмяжоўваемся, стараемся паказаць розныя пласты нашай спадчыны. Та­му сёлета ўпершыню дадалі ў экскур­сійны маршрут Мірскі і Нясвіжскі замкі. Таксама завітаем у музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа. І абавязковымі пунктамі для наведвання, асаб­ліва ў Год гістарычнай памяці, стане мемарыял у Трасцянцы і Усіхсвяцкі храм — унікальны аб’ект, прысвеча­ны людзям, якія загінулі за радзіму, за яе свабоду і за права беларусамі звацца. Нашы госці, калі выходзяць адтуль, кажуць, што нібыта ачысцілі­ ся духоўна.

Наколькі запатрабаваныя такія стажыроўкі?

— Ахвотных трапіць на стажыроў­ку вельмі шмат. Па выніках міну­лай у нас амаль адразу сфарміраваў­ся спіс удзельнікаў наступнай. І калі пачыналі мы з адной стажыроўкі на год з дваццаццю ўдзельнікамі, то ця­пер ладзім навучанне двойчы на год і выйшлі на сорак чалавек. Прыемна, што далучаецца моладзь. “Беларусы Расіі” нават ладзілі адмысловы адбор, каб прыцягнуць моладзевае крыло.

Напэўна, ёсць сэнс частку працы перавесці ў анлайн­-фармат, каб ахапіць тых, хто пакуль на стажыроўку трапіць не змог. Тым больш двухгадовы пера­пынак праз эпідэміялагічную сітуацыю даказаў, што віртуальная камунікацыя можа стаць выратаваннем. Ці ёсць у вас нейкія планы ў гэтым кірунку?

— Гэта праца на перспектыву, і пунктам адліку стала анлайн-сустрэ­ча з прадстаўнікамі амаль паўсотні арганізацый беларусаў замежжа, якую мы ладзілі разам з Палатай прадстаў­нікоў і апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Нашы суайчыннікі, што жывуць за мяжой, падзяліліся, што іх турбуе. І сярод іншага на віртуальнай сустрэ­чы агучылі ідэю ладзіць анлайн­кан­ферэнцыі і майстар-­класы па розных відах творчасці па відэа-сувязі. Да таго ж вопыт інтэрнэт­-праектаў ужо ёсць. Напрыклад, нядаўна мы правялі фо­та-фестываль “Мы разам. З любоўю да Беларусі” і атрымалі больш за чаты­рыста здымкаў з розных куткоў пла­неты. А беларусы Іарданіі знаёмяцца з музеямі нашай краіны з дапамогай анлайн­-экскурсій.

Данііл ШЭЙКА

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ