Каханне паэта

Апублiкавана: 10 лiстапада 2022 Кiно Кіно Мiнская вобласць

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Вясна 1944 года. Якуб Колас едзе ў родную Беларусь — дакладней на яе паўднёвы ўсход, які нядаўна вызвалілі ад акупацыі. Але на сэрцы радасць спалучаецца з трывогай. Прычынай таму — цяжкая хвароба любай жонкі, у якой паэт вінаваціць і сябе.

Фільм “Якуб Колас. Каханне жыве для дваіх…”, прэм’ера якога пройдзе 5 лістапада на тэлеканале “АНТ”, раскрывае знакамітага паэта ў нязвыклым ракурсе — праз прызму асабістага. У стужцы шчодра гучаць дзённікавыя запісы, прыватныя лісты і тыя вершы, якія ад пачатку не планаваліся для публікацыі. А вось чаго амаль няма, дык гэта знаёмых пастановачных кадраў ды зафіксаваных у хроніцы афіцыйных прамоў. Цэнтральная сюжэтная лінія не эпічная, а лірычная: гісторыя кахання. І ўсё гэта разам стварае непарадны, але таму і прывабны для гледача партрэт.

БЕЗ ПАСТАМЕНТА

Рэжысёр стужкі Фёдар Краснапёраў прызнаецца, што Колас доўгі час успрымаўся ім… найперш як помнік на аднайменнай плошчы. Гэта нядзіўна: шматгадовы культ Песняра ды “неаспрэчнасць” яго фігуры і сапраўды накладвае свой адбітак на ўспрыманне сучаснікаў.

— Таму найважнейшай задачай для мяне было “ачалавечыць” Коласа, наблізіць яго да нас, простых смяротных, — кажа рэжысёр. — Бо адна справа, калі наш герой — гэта помнік, які нельга чапаць, хіба толькі галубоў адганяць, а зусім іншае — калі перад намі жывы чалавек, са сваімі сумневамі, рэфлексіямі, мо і памылкамі… Менавіта такі Колас для нас куды больш зразумелы — і таму цікавы. Нават ягоныя вершы пачынаеш успрымаць іначай: яны для цябе нібы ажываюць, ты бачыш у іх адлюстраванне знаёмых табе пачуццяў і душэўных хістанняў…

Думаецца, такі падыход у кагосьці можа выклікаць пярэчанні. Бо, маўляў, расповед пра найбуйнейшых герояў нацыянальнага пантэона вымагае толькі загадзя вывераных інтанацый ды адпаведнай дыстанцыі. Навошта апускаць вялікіх на зямлю?

— У свой час мяне захапіла біяграфія Чарлі Чапліна, якую напісаў яго псіхааналітык, — пярэчыць рэжысёр. — Нашчадкі акцёра спрабавалі перашкодзіць яе публікацыі, баючыся, што знаёмы ўсім вобраз ужо не будзе выклікаць такой павагі і захаплення. Ды, як выявілася, хваляванні былі дарэмнымі. Маштаб гэтай асобы ані не зменшыўся, затое яна стала да нас бліжэйшай.

РУЦІННАЯ ПРАЦА МУЗЫ

Варта адзначыць, што нашчадкі Коласа, вось ужо каторае пакаленне якіх рупліва апякуецца над захаваннем памяці пра класіка, не надта імкнуцца “адпаліраваць” яго вобраз. У вольным доступе багата праўдзівых фактаў, якія надаюць знаёмай са школьнай лавы постаці ўласцівую любому жывому чалавеку “шурпатасць”. Прыкладам, можна даведацца пра хісткі стан здароўя, перапады ў настроі, уласцівыя часу рэпрэсій страхі… А яшчэ пра тое, што выбітны пясняр “мастаком быў неважнецкім” — як шчыра прызнае яго сын Міхась Міцкевіч.

У фільме ёсць і яго цытата пра сяброўска-платанічныя закаханасці бацькі, у якіх той шчыра прызнаваўся жонцы — а потым сябе вінаваціў. Шкада толькі, у сцэнарый не патрапіў эпізод, які расстаўляе ўсе кропкі над “і”: незадоўга да смерці бацька запэўніў сына, што каханне ў яго жыцці было адзінае, і ніякіх здрадаў ён блізка не дапускаў.

Фігура жонкі Коласа Марыі Дзмітрыеўны ў фільме займае пачэснае месца — упоравень з галоўным героем. На яе прыкладзе можна зразумець, што быць музай паэта насамрэч зусім не так рамантычна, як многім здаецца. Гэтая роля прадугледжвае найперш шматлікія побытавыя і сямейныя клопаты і стварэнне ў доме спрыяльнага для творчасці клімату — што было не так і проста, скажам, у 1937-м. То-бок праца досыць руцінная…

На яе прыкладзе можна зразумець, што быць музай паэта насамрэч зусім не так рамантычна, як многім здаецца. Гэтая роля прадугледжвае найперш шматлікія побытавыя і сямейныя клопаты і стварэнне ў доме спрыяльнага для творчасці клімату

А яшчэ — непахісная вера ў талент свайго мужа. Бо, як адмыслова падкрэсліваецца ў стужцы, Колас быў “улаўраваны” далёка не заўсёды: нават па вяртанні ў Мінск на пачатку 1920-х ужо досыць вядомаму паэту даводзілася працаваць звычайным бухгалтарам. Што, аднак, не перашкодзіла яму завяршыць “Новую зямлю”.

НІБЫ ПАСАЖЫР НА ПАЎСТАНКУ

Паводле жанру гэты дакументальны фільм даволі традыцыйны — у адрозненне ад многіх іншых праектаў студыі “Майстэрня Уладзіміра Бокуна”, дзе сам жанр, так бы мовіць, ставіўся пад сумнеў. Ды, як выяўляецца, нічога дрэннага ў гэтай традыцыйнасці няма. “Старое добрае” дакументальнае кіно і сёння здатнае выклікаць эмацыйны водгук у распешчанага візуальнымі эфектамі гледача. Асабліва калі ў наяўнасці дабротны сцэнарый і дыхтоўны рэжысёрскі падыход, які грунтуецца не столькі на прамой ілюстрацыйнасці, колькі на асацыяцыях.

Магістральны мастацкі вобраз, які працінае ўвесь 52-хвілінны фільм, — цягнік. Сапраўды, падарожнічаць Песняру давялося багата — то ў эвакуацыю, то на фронт Першай сусветнай, то розныя раз’езды ўжо падчас Другой… Ды і сам Колас у лісце Купалу з курскай Абаяні параўноўвае сябе з пасажырам, які захрас на нейкай прамежкавай станцыі і не ведае, калі скончыцца гэты транзітны перыяд.

Дбайна сатканы з хранікальных кадраў відэашэраг хіба раз-пораз разнастаяць камерныя нізкабюджэтныя пастаноўкі. Напэўна, адкрыццём для многіх гледачоў стане Андрэй Аліферэнка, які выдатна патрапіў у вобраз немаладога ўжо Коласа. Акцёр гэты мае вялізную фільмаграфію: калі верыць папулярнаму вэб-даведніку, ён зняўся ажно ў 132 стужках! Праўда, большасць з іх — серыялы, таму і ролі яму даставаліся адпаведныя… Фільм сведчыць, што Андрэю Аліферэнку варта прапаноўваць іншыя амплуа: герояў з глыбокім унутраным светам, які акцёр здатны чарадзейным чынам выяўляць самімі зморшчынамі на сваім твары.

І ў дадатак — голасам. Як адзначыла праўнучка Песняра Васіліна Міцкевіч, якая выступіла кансультантам фільма, вершы Коласа ў выкананні акцёра ўразілі яе асабліва, нагадаўшы голас знакамітага прадзядулі.

***

Цяжка аспрэчыць, што на Беларусі мала пра каго напісана або знята столькі, колькі пра Коласа. Здаецца, ягоны жыццярыс вывучаны літаральна па днях. Ці ж можна сказаць пра гэтую постаць нешта новае? Фёдар Краснапёраў упэўнена дае станоўчы адказ:

— Галоўнае — пераадолець тую ілюзію, нібы мы гэтага чалавека цалкам разумеем ды ведаем пра яго літаральна ўсё. Бо звыклы нам “хрэстаматыйны” вобраз хавае натуру вельмі няпростую — са сваімі траўмамі і ўтоенымі матывамі. У гэтай асобе няма статыкі, застыласці — яна мяняецца, падуладная ўнутраным імпульсам і рухомаму асяроддзю. Што і нядзіўна: гэта толькі помнік стаіць непарушна, зімой і летам з аднолькавым выразам твару. Чалавек жа зусім іншы, асабліва чалавек творчы: тонкі, ранімы… Прызнацца, для мяне Колас шмат у чым і дасюль загадка.

Ілья СВІРІН