Вялікая перыгрынацыя Парацэльса

Апублiкавана: 11 лiстапада 2022 Стужка не указан Мінск Гістарыёграф

Аўтар: ЮРКЕВІЧ Зміцер

Сёння мы распавядзём пра знакамітага сярэднявечнага лекара-рэвалюцыянера Парацэльса. Ці ўдзельнічаў ён у навуковым дыспуце з Францішкам Скарынам? У якіх яшчэ гарадах Вялікага Княства Літоўскага, акрамя Вільні, Парацэльс мог пабываць падчас вандроўкі ў Маскву (калі яна сапраўды адбылася)?

МОЦ КІНЕМАТОГРАФА

У 1970-х гадах савецкія літаратары-аматары браты Вайнеры напісалі два эксперыментальныя раманы: “Візіт да Мінатаўра” (1971—1972) і “Лекі супраць страху” (1974). Незвычайнай спробай у гэтых творах было спалучэнне дзвюх сюжэтных ліній — дэтэктыўнай і гістарычнай. У першай кнізе гаворка ішла пра крадзеж у савецкага музыканта скрыпкі Страдывары і пра самога майстру Антоніа Страдывары (1644—1737). У другім вёўся расповед пра лекара Парацэльса (1493— 1541) і банду савецкіх злачынцаў. Натхнёны Вайнерамі, напісаў гістарычны дэтэктыў і Уладзімір Караткевіч, з-пад чыйго пяра ў 1978 годзе выйшаў раман “Чорны замак Альшанскі”. Пазней усе тры творы экранізавалі. Прычым “Лекі супраць страху” двойчы. Такім чынам, імя Парацэльса ўвайшло ў кожны дом, дзе быў тэлевізар або кніжная шафа. Так напачатку 1990-х я і пазнаёміўся з гэтай легендарнай постаццю. “Камунікаваць” з ёй мы працягнулі ў лістападзе 2009 года ў Берліне, на беразе Шпрэе. Пасярэднікам стала кніга пра Парацэльса, напісаная ў 1988 годзе Люсьенам Браўнам, набытая мной насупраць Пергамскага музея на “барахолцы для гурманаў” — раі на зямлі для бібліяфіла, меламана, нумізмата або філатэліста. Зыркай чырвонай вокладкай з залатымі літарамі выданне свяціла ў шэрасці дня, нібы маяк, і проста патрабавала: “Забяры мяне з сабой”. Так і сталася. Праўда, захапіла мяне не вокладка, а карта вялікай вандроўкі Парацэльса па Еўропе з пазначанымі на ёй гарадамі Вільняй і Смаленскам. Ці думаў я тады, што праз 13 гадоў вазьмуся пісаць пра гэтага сярэднявечнага дзеяча і буду разважаць, у якіх беларускіх гарадах ён мог пабываць напачатку XVI стагоддзя?

ЗАПАВЕТ БАЦЬКІ

Парацэльс (сапраўднае імя — Філіп Аўрэол Тэафраст Бамбаст фон Гогенгайм) — лекар, філосаф, алхімік і прыродазнавец, адзін з заснавальнікаў ятрахіміі (кірунку алхіміі, стваральнікі якога паставілі хімію на службу медыцыне). Нарадзіўся Парацэльс у Швейцарыі ў сям’і ўрача і медсястры. Дапамагаючы бацькам, будучы навуковец набыў немалы досвед у тэрапіі, хірургіі, прачытаў процьму спецыяльнай літаратуры. Таму калі пазней узнікла пытанне, кім быць, паміж традыцыйным заняткам шляхты — вайной (то-бок паходамі, рабункамі, калецтвам або хуткай смерцю) — і рамяством лекавання Парацэльс абраў другое. Бацька Вільгельм Гогенгайм нібыта бясконца паўтараў малому Філіпу, што “забіваць людзей — грэх, за грошы — падвойны грэх, а быць забітым за жабрацкія салдацкія талеры — падвойны грэх і патройнае глупства”.

ЛЕКАР МУСІЦЬ ВАНДРАВАЦЬ

Такім было жыццёвае крэда Парацэльса, які сцвярджаў, што тэорыі недастаткова, веды трэба правяраць. У 16 гадоў Парацэльс патрапіў у Базельскі ўніверсітэт, але, паколькі ўжо меў веды, вышэйшыя за тыя, што магла даць студэнтам старая прафесура, кінуў вучобу і адправіўся ў вандроўку па ўніверсітэцкіх цэнтрах Еўропы. У гэты час сярэднявечны дзеяч і пачаў выкарыстоўваць імя Парацэльс, якім, верагодна, хацеў паказаць, што ён больш дасведчаны, чым знакаміты лекар Цэльс (жыў у І стагоддзі). Каля 1516 года Парацэльс мог атрымаць ступень доктара медыцыны і хірургіі ў Ферарскім універсітэце. У 1517—1520-м працаваў вайсковым лекарам. Правёўшы сотні аперацый, набыў каласальны досвед практычнай медыцыны. Цягам наступных дваццаці гадоў Парацэльс абышоў усю Еўропу, назапашваючы веды, звяртаючыся не толькі да вядомых урачоў, але і да простых людзей.

Ёзаф Штрэбель, доктар медыцыны: “Па­ра­цэ­льс на­ле­жыць да тых вя­лі­кіх май­страў ме­та­дыч­на­га спас­ці­жэн­ня і экс­пе­ры­мен­та­ль­на­га да­сле­да­ван­ня, якія за­кла­лі пад­мур­кі на­шых су­час­ных пры­ро­даз­наў­чых на­вук”.

Некаторы час рабіў гарадскім лекарам у Страсбургу, а потым у Базылі, дзе ў дадатак атрымаў ва ўніверсітэце месца прафесара медыцыны і хірургіі. Праўда, праз канфлікт з зайздроснікамі вымушаны быў ізноў адправіцца ў вандроўку. Цікава, што ва ўніверсітэце выкладаць свае рэвалюцыйныя погляды, заснаваныя на адмаўленні аўтарытэтаў мінуўшчыны: Галена, Гіпакрата і Авіцэны, — Парацэльс пачаў па-нямецку, а не на лаціне, мове навукі таго часу. Незадоўга да смерці лекар вярнуўся ў Зальцбург, дзе 24 верасня 1541 года пайшоў з жыцця. Сучаснікі лічылі, што на Парацэльса напалі і што ён не вытрываў атрыманых ран. Часам навукоўцу параўноўваюць з Марцінам Лютэрам. Першы здзейсніў рэвалюцыю ў медыцыне, выкладаў і друкаваў трактаты на нямецкай мове; другі зрабіў рэвалюцыю ў рэлігіі, пераклаўшы Біблію на нямецкую мову, чым запачаткаваў Рэфармацыю, якая змяніла свет.

КУРС НА ВІЛЬНЮ

У сваіх трактатах Парацэльс сцвярджаў, што пабываў у Літве (Вялікім Княстве Літоўскім): “І калі вы хваліцеся тым, што ўжо ў Гданьску ці ў Вільні атрымалі нада мною нейкую перамогу альбо здабылі ў нечым трыумф, то гэта адбылося толькі ў першай сутычцы” (1528); “Наша доўгая вайна з такімі ішла адзін супраць аднаго. Яны выгналі мяне з Літвы, потым з Прусіі, потым з Польшчы, і гэтага было недастаткова. Я таксама не падабаўся ні нідэрландцам, ні ўніверсітэтам, ні юдэям, ні манахам. Але, дзякуй Богу, хворым я падабаўся, бо ўжываў свой метад” (1528); “Калі таксама ў Нідэрландах, у Раманіі, у Неапалі, у венецыянскіх, дацкіх і нідэрландскіх войнах я вылечыў такую велізарную колькасць людзей у ліхаманцы і вызваліў ад сарака цялесных хвароб… і ці мой досвед, які я з вялікай руплівасцю здабыў і вынес з Літвы, Галандыі, Венгрыі, Далмацыі, Харватыі, Родаса, Італіі, Францыі, Іспаніі, Партугаліі, Англіі, Даніі ды ўсіх нямецкіх земляў, павінен быць аддадзены на глум і здзек?” (1529).

Філдынг Хадсан Гарысан, доктар медыцыны і гісторык: “Ён быў па­чы­на­ль­ні­кам хі­міч­най фар­ма­ка­ло­гіі і тэ­ра­піі і са­мым ары­гі­на­ль­ным мыс­лі­це­лем XVI ста­год­дзя”.

“Таму я доўгі час навучаўся ў вышэйшых школах у немцаў, італьянцаў, французаў і спасцігаў асновы лекарскага мастацтва. Я імкнуўся адукоўвацца не толькі па вучэннях і пісаннях, але і ў пазнейшых падарожжах па Гранадзе, Лісабоне, па Іспаніі, па Англіі, па Марцы, па Прусіі, па Літве, па Польшчы, Венгрыі, Валахіі, Сяміграддзі, Харватыі, Вендскай марцы, апрача як па іншых землях, што мне не варта і называць. І ва ўсіх краінах і мясцовасцях я старанна і рупліва выведваў і даследаваў пэўнае пацверджанае і сапраўднае мастацтва лячэння. І не толькі ў дактароў, але таксама ў цырульнікаў, лазеншчыкаў, вучоных лекараў, чарнакніжнікаў, бабак, гэтак жа як бываў і ў алхімікаў, у кляштарах, у шляхетных і простых, у разумных і невукаў…” (1536). Такія звесткі былі апублікаваны ў зборніку “Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях” (укладальнік Алесь Жлутка), падрыхтаваным Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (гл. “К” № 40, 2020).

СКАРЫНА І ПАРАЦЭЛЬС

Меркаванне, што Парацэльс падчас візіту ў Вільню мог сустрэцца са Скарынам, упершыню выказаў у 1961 годзе беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч (у рэцэнзіі на кнігу Мікалая Алексютовіча “Скарына, яго дзейнасць і погляды”, 1958). Лічылі магчымым удзел беларускага першадрукара ў дыспуце з Парацэльсам і вядомыя гісторыкі-скарыназнаўцы Яўген Неміроўскі і Георгій Галенчанка. З 1520 года Францішак павінен быў знаходзіцца ў Вільні, куды перабраўся пасля друку кніг Бібліі (выходзілі ў Празе ў 1517—1519 гадах). У 1522-м у сталіцы ВКЛ выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка”, а ў 1525-м — “Апостал”. У 1523 годзе Скарына згаданы як лекар віленскага біскупа Яна, а ў 1526-м як доктар медыцыны (атрымаў дыплом у Падуі ў 1512 годзе).

ДЗЕ ШЛЯХІ ТВАЕ І КУДЫ?

Ці наведаў Парацэльс пасля Вільні Смаленск і Маскву? Доказаў гэтаму няма, але біёграфы навукоўца такую магчымасць дапускаюць. Нібыта лекар адправіўся ў Маскоўскае княства па запрашэнні вялікага князя Васіля ІІІ. На тыя часы з Вільні ў Смаленск і далей праз Вязьму ў Маскву можна было трапіць двума гандлёвымі шляхамі. Першы ішоў праз Крэва, Навагрудак, Мінск, Барысаў, Оршу. Другі пралягаў праз Полацк і Віцебск. Колькі часу займала дарога, сказаць цяжка, але калі ў 1667 годзе быў створаны паштовы шлях Вільня — Мінск — Магілёў — Смаленск — Масква, то паштальён мусіў укласціся ў восем дзён. Але ёсць сумненні, што захутаны ў шубу Парацэльс (вандроўка, мяркуецца, здарылася ўзімку 1520—1521 гадоў) на санях ляцеў бы праз наш край, як выпушчаная страла. Ён быў дапытлівым даследчыкам і не ўпусціў бы ўнікальную магчымасць даведацца пра ўзровень тагачаснай беларускай медыцыны. А значыць, калі спыняўся ў нас, то мог пакінуць і сляды. Будзем шукаць! 

Зміцер ЮРКЕВІЧ