Нестандартны кантынгент

“Калі дзіця не мае здольнасцей да дакладных навук, то яго можна аддаць у творчасць”, — папулярны погляд бацькоў сёння не працуе. Да прыкладу, паступаць у Глебаўку апошнім часам прыходзяць навучэнцы з высокім сярэднім балам. І агульнаадукацыйны кампанент, у тым ліку і для ўстаноў культуры, працягвае выклікаць пытанні. Не сыходзіць з парадку дня і тэма падрыхтоўкі новых кадраў. 

— Тое, што прапаноўваецца сёння стандартам для ўсіх каледжаў, нам не падыходзіць, — заўважыў дырэктар Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава Аляксандр Шантаровіч падчас размовы па тэме прафесійнай арыентацыі і папулярызацыі выяўленчага мастацтва сярод моладзі, на якой сабраліся прадстаўнікі сталічных мастацкіх школ, цэнтраў дадатковай адукацыі, іншых навучальных устаноў. 

– Я, напрыклад, выкладаю ў каледжы матэматыку, але 240 гадзін гэтай дысцыпліны нам не патрэбна. У той жа час па 80 гадзін на рускую і беларускую літаратуру — гэта нішто, — спаслаўся на свой досвед Аляксандр Валер’евіч. — Няма такой галіны ведаў, дзе мог бы хоць крыху не разбірацца мастак. Як і няма тэм, на якія б не мог пісаць творчы чалавек. Мы павінны навучыць нашых студэнтаў лагічна мысліць, развіваць іх апарат аналізу і сінтэзу. І ў гэтым дапамагае не толькі матэматыка, але і вялікі пласт літаратуры. 

Аляксандр Шантаровіч таксама падкрэсліў, што кантынгент, які патрэбны мастацкаму каледжу, — гэта нестандартныя дзеці. 

— З імі трэба працаваць і размаўляць па-іншаму. Падчас уступнай кампаніі мы атрымліваем столькі заявак ад абітурыентаў, ажно не можам забяспечыць усіх на ўступных іспытах мальбертамі, планшэтамі і зэдлікамі. Сярэдні конкурс — 7,5—8 чалавек на месца. Б’е рэкорды і новая спецыяльнасць “Дызайн”. У мінулым годзе было каля 18, сёлета — 13 чалавек на месца. 

Пры такіх высокіх паказчыках уступнай кампаніі нельга не адзначыць эфектыўнасць праведзенай прафарыентацыйнай работы. Юлія Сяргеева, сацыяльны педагог Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, пералічыла штогадовы комплекс мерапрыемстваў: 

— Праводзім дні адчыненых дзвярэй, пленэры, майстар-класы ў фармаце рэпетыцыі ўступнага тэсціравання, выставы, прэзентацыі. Таксама для зносін з абітурыентамі прыцягваем навучэнцаў. Дзецям прасцей размаўляць з аднагодкамі, чым з выкладчыкамі. Прасцей задаць пытанні аб навучальным працэсе і актыўнасцях па-за каледжам. 

Акрамя вочных дзён адчыненых дзвярэй, у каледжы выкарыстоўваюць і дыстанцыйныя формы азнаямлення з навучальнай установай. Выкладчыкі адказваюць на самыя папулярныя пытанні аб спецыяльнасцях і іспытах і размяшчаюць на сайце і YouTube-канале каледжа. 

Але ж на чым грунтуецца матывацыя школьнікаў, якая прыводзіць іх у мастацкія ўстановы? Часцяком дзеці не разумеюць, куды ідуць, мяркуе Аляксандр Шантаровіч: 

— Абітурыентам здаецца, быць мастаком лёгка, можна наўпрост арганізаваць уласную выставу. Але фантазіі разбіваюцца аб рэальнасць: за кожнай карцінай творцы стаіць вялізная работа і падрыхтоўка. “Мой сын не ведае матэматыку, не любіць фізіку, ніколі не займаўся хіміяй, мала чытае, няхай ідзе ў дызайнеры”, — пяць гадоў таму львіная доля школьнікаў накіроўвалася да нас менавіта з такім пасылам. На шчасце, сёння гэтая тэндэнцыя сышла на нішто. 

Магчыма, гэтаму паспрыяла сістэма павышэння прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў, у тым ліку дадатковай адукацыі, якую курыруе Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Намеснік дырэктара цэнтра Ганна Аверына адзначыла: 

— Акцэнтуем увагу на педагогах: большасць з іх мае першую або вышэйшую катэгорыю. Акрамя таго, выкладчыкі не проста прытрымліваюцца зацверджанай праграмы заняткаў, але на яе аснове распрацоўваюць сваю. Так, каля васьмі праграм павышанага ўзроўню былі распрацаваны ўстановамі дадатковай адукацыі. Дзецям, якія засвоілі прадметы на павышаным узроўні, намнога лягчэй даецца паступленне ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Наогул такія навучэнцы маюць слушную матывацыю і на парадак больш ведаюць пра будучую прафесію.