Удакладненні да першай часткі
Як вы памятаеце, прозвішча мастака ў метрычных запісах Дзятлаўскага касцёла не так ужо і часта пісалася як “Рустэм”. Вядомы такія варыянты — Рустэн, Русент, Русцім, Рустым. А ў метрыцы хросту яго адзінай дачкі прозвішча набыло дык зусім дзіўны варыянт — “Рэстэм”. Што гэта было, мо жарты самога Рустэма ці нядбаласць пісара, які ніяк не мог запомніць імя прыдворнага мастака літоўскага надворнага маршалка Станіслава Солтана, гаспадара Дзятлава? У прозвішчы жонкі Яна Рустэма, Ганны Кунерт (Kunert), таксама здараліся розначытанні, але не такія “трагічныя” — Конерт (Konert). Дарэчы, пра сям’ю жонкі таксама нічога дакладна не вядома. Верагодна, яе маці звалі Ганнай, і не выключана, што яны паходзілі з Прусіі. Прыкладам, у другой палове XVIII стагоддзя ў нямецкім Вітэнбергу, горадзе Марціна Лютэра і мастацкай сям’і Кранахаў, жылі Кунерты. А ў Берліне ў наш час жыў вядомы пісьменнік Густаў Кунерт.
Яшчэ адзін Рустэн
Нам абсалютна нічога не вядома пра тое, ці былі браты і сёстры ў Яна Рустэма. Таму знаходка згадкі пра яшчэ аднаго “Рустэна” ў Дзятлаве можа стаць ключыкам ад яшчэ адной таямніцы. У 1796 бацькам стаў Ян Рустэм. А ў 1797, 15 (26) кастрычніка ў недалёкіх ад Дзятлава Баравіках была ахрышчана Тарэза, дачка Готліба і Тэклі Рустэнаў, кумамі якой сталі Ян Кунц і Марыяна Райнхольд (ці не занадта шмат “нямецкага следу” ў “справе Рустэма”)? Па ўзросце ён сапраўды мог быць братам мастака. Праўда, іншых згадак пра лёс сям’і Готліба пакуль не знойдзена. З вырашэннем загадкі маглі б, думаю, дапамагчы супрацоўнікі дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
“Дзятлаўскі кмен”
Калі нанесці на мапу назвы дзятлаўскіх фальваркаў ці сядзіб (сёння гэта вёскі), дзе як пачэсны госць і сябра дому (кум або асістэнт на хрэсьбінах) пабываў за пяць гадоў Ян Рустэм, а потым злучыць іх лініямі, то атрымаецца сапраўднае суквецце кмена на доўгім сцябле, у якім горад Дзятлава з’яўляецца пунктам збегу ўсіх адгалінаванняў. Прапануем нашым чытачам невялічкі квэст — намаляваць “Шлях Рустэма” самастойна. А падказкай стануць тапонімы — Явар, Гернікі, Дзятлава, Хаткі, Багудзенкі, Яцвезь, Жыбартоўчына (пазней належала Дамейкам), Засець, Баравікі (Готліб Рустэн). Хаткі, па ўсёй верагоднасці, гэта сённяшняе “ўрочышча Хаткі”.
Беларускімі сцежкамі Рустэма
Вядомы польскі даследчык Раман Аўтаназі, ствараючы шматтомны даведнік па колішніх сядзібах і палацах часткі Рэчы Паспалітай (Беларусь, Літва, Латвія, Украіна), не раз згадваў імя Яна Рустэма. Таму падставай было або знаходжанне яго твораў у калекцыях гаспадароў сядзібаў, або тое, што гэтыя сядзібы належалі яго вучням і ён сам бываў там. Беручы тэрыторыю сённяшняй Беларусі і дадаючы Віленшчыну, атрымліваем некалькі буйных анклаваў. Кожны з іх можа стаць адным з лакальных турыстычных маршрутаў.
Віленска-Гродзенскі — Бераставіца мураваная (або Малая Бераставіца), Падварышкі, Вялікія Салечнікі, Яшунаў, Паўлава, Вака, Турлы, Дабраўляны, Ольшаў. Сюды ж, вядома, дадаём і Дзятлава, Вільню (у якой Ян Рустэм пражыў амаль 30 год), Устрань і Абрамаўск (пад Трокамі).
Наваградска-Слуцкі — Шчорсы, Паланечка, Ляцешын, Устрань (іншая), Церабешаў.
Мінскі — Лагойск, Сляпянка, Русаковічы.
Полацка-Дрысенскі — Дзядзінка.
Вядома ж, былі творы Яна Рустэма на Ковеншчыне, Вількаміршчыне і ў Жамойці, але гэта ўжо іншая гісторыя. Праўда, падаецца, не такая насычаная.
Радзівілы і палацпакутнік
Кажучы пра некаранаванага караля Рэчы Паспалітай князя Адама-Казіміра Чартарыскага (у 1763 годзе адмовіўся ад удзелу ў перадвыбарнай гонцы і нават быў гатовы з’ехаць за мяжу, калі яму будуць прапаноўваць карону) як пра першага апекуна таленавітага юнака Яна Рустэма, нельга не сказаць некалькі словаў пра наступных — Станіслава Солтана і яго жонку Францішку-Тэафілу Радзівіл, гаспадароў на Дзятлаве.
Адным з першых гаспадароў Дзятлава, як вядома, быў Вялікі канцлер Леў Сапега, стваральнік Статута ВКЛ 1588 года. Ад яго сына Казіміра-Льва Дзятлава перайшло да Аляксандра-Гілярыя Палубінскага, а пасля шлюбу (1672 год) яго дачкі Ганны з Дамінікам Радзівілам (прадстаўнік клецкай галіны), амаль на сто год Дзятлава стала радзівілаўскім. Сын Дамініка, Мікалай-Фаўстын ажаніўся ў 1710 годзе на Барбары Завішы. І вось тут, верагодна, хаваецца адказ на пытанне, калі ж быў сапраўды пабудаваны палац. На форуме “Глобуса Беларусі” невядомы аўтар паспрабаваў разабрацца ў “генеалогіі” дзятлаўскага палаца і прыйшоў да высновы, што дату пабудовы трэба аднесці не на 1751 год (аўтар версіі Анатоль Кулагін), а на ранейшы час, бо такі ж самы радзівілаўскі палац, можна сказаць — блізнюк, у пачатку XVIII стагоддзя быў на прадмесці Гродна. Дадам, што аўтар, падаецца, мае рацыю. На франтоне палаца ў Дзятлаве змешчаны гербы Радзівілаў (Арол) і Завішаў (Лебедзь), то-бок яго пабудовай (ці перабудовай ранейшага) маглі адзначыць з’яднанне двух старажытных і магутных родаў.
Станіслаў Радзівіл (1722 — 1787), малодшы сын Мікалая, валодаў Жырмунамі, дзе распачаў будоўлю рэзідэнцыі і пабудаваў драўляны касцёл, які захаваўся да нашага часу (гл. “К” №41, 2021). Магчыма, у далейшых падзеях ёсць адказ, чаму палац у Жырмунах так і не з’явіўся. У 1770 годзе ў выніку разбойнага наезду гаспадаром ў Дзятлава стаў Станіслаў. Так малодшыя сыны, якія няшмат атрымалі ў спадчыну па бацьку, вырашылі павялічыць сваю долю за кошт долі Удальрыка, старэйшага брата. Звычайная практыка ў тыя часы. З дзяцей Станіслава для нас маюць цікавасць Ганна-Барбара-Алімпія, пісьменніца і мецэнатка, першым шлюбам за Аўгустам Пшаздзецкім (гаспадар Заслаўя і патрон дзеда Ігната Дамейкі), і Францішка-Тэафіла, якая стала жонкай Станіслава Солтана.
Солтаны, палац і Рустэм
Солтаны — такі ж даўні беларускі род, як і Радзівілы. Хоць і не княжаскі, але вельмі разгалінаваны і ўплывовы. Станіслаў, які нарадзіўся ў 1752 годзе, меў у сваяках Сапегаў і Масальскіх, Сулістроўскіх, Ромераў і Вейсэнгофаў. Быў вельмі адукаванай на свой час асобай, хоць невядома, дзе і калі вучыўся. Ажаніўся каля 1780 года, атрымаў вялікі пасаг і ад цесця купіў Дзятлава. Як пісаў польскі даследчык Збігнеў Анусік, пры ім “стары замак быў перабудаваны ў сучасны палац, у якім захаваліся элементы стылю ракако, а таксама быў закладзены парк у англійскім стылі, ініцыятарам якога, верагодна, была першая жонка Францішка Радзівіл” (яшчэ адзін штрых да гісторыі палаца). Станіслаў некаторы час быў у моцнай канфрантацыі з гетманам Міхалам Казімірам Агінскім, гаспадаром Слоніма. Прычынай сталі палітычныя амбіцыі аднаго і другога і спробы прасунуць паслом на сойм “свайго чалавека”. За спінай Агінскага стаяў кароль Станіслаў Панятоўскі і Караль Радзівіл “пане Каханку”, а Солтан меў шырокую падтрымку слонімскіх павятовых ураднікаў (“глас народа”). Перамог у “двубоі” Солтан.
Разам з жонкай актыўна ўдзельнічаў у распаўсюдзе масонства ў ВКЛ. Быў сябрам ложаў “Руплівы ліцьвін” і “Дасканалая еднасць” (тут узгадаем, што Ян Рустэм таксама быў масонам, як і ледзь не ўсе перадавыя асобы злому ХVIII — XIX стагоддзяў). Солтан належаў да патрыятычнага кола ВКЛ. Таму ў 1793 годзе палац у Дзятлаве стаў у Наваградскім ваяводстве галоўным цэнтрам падрыхтоўкі да паўстання 1794 года. Цікава, што яго бліжэйшым паплечнікам у гэтай справе стаў Адам Вярэйскі (гл. “К” № 11, 2016). Быў ён патронам Мікалая Міцкевіча (бацькі Адама) у некаторых судовых справах, а таксама дзядзькам Анэлі з Вярэйскіх Узлоўскай (хроснай маці паэта). Каб аслабіць паўстанчы рух, расійцы арыштавалі ў сакавіку 1794 года Солтана як аднаго з галоўных вялікалітоўскіх паўстанцаў, пасадзілі яго пад хатні арышт у палацы, а потым выслалі ў Смаленск, а далей як “дзяржаўнага злачынца І катэгорыі” — у Казань. У гэты самы час жонка Солтана з дзецьмі выехала ў Варшаву, каб вярнуцца ў 1795 годзе — пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і поўнай акупацыі земляў ВКЛ Расійскай імперыяй.
Мяркуючы па згадках імя Рустэма ў метрыках, разам з ёй, імаверна, выехаў і Ян Рустэм. Бо з красавіка 1794 па май 1795 яго імя не згадваецца. Хоць да таго часу і пасля згадак даволі шмат.
У 1797 вярнуўся з Казані і Солтан. У 1812 годзе ён, як патрыёт ВКЛ, падтрымаў Напалеона. А ў 1831 годзе яшчэ раз убачыў святло надзеі на вызваленне паняволенай Радзімы. Сын Станіслава, Адам Солтан (яго ў дзяцінстве малюнку вучыў Ян Рустэм), кінуўся з галавой у паўстанчы рух. За тое расійскія ўлады “ўзнагародзілі” Солтанаў канфіскацыяй Дзятлава і іншых маёнткаў. А ў палацы зрабілі казармы расійскіх салдат. Вядома ж, усяму гэтаму быў вольны і нявольны сведка мастак Ян Рустэм, бо сувязь з сям’ёй Солтанаў у яго была, можна сказаць, амаль кроўная. І дзякуючы заступніцтву Францішкі Солтан (жонкі Станіслава) ён і патрапіў у Віленскі ўніверсітэт. Пра гэты вельмі цікавы перыяд у жыцці Яна Рустэма мы распавядзем у адным з наступных нумароў. Бо пакуль вядзецца збор архіўных матэрыялаў і некаторыя моманты не да канца яшчэ высветлены.
Спадзяемся, што гэта інфармацыя прыдасца не толькі дзятлаўскім краязнаўцам, але і тым, ад каго залежыць вырашэнне лёсу палаца ў Дзятлаве. Усё ж як “творчая калыска” будучага бацькі беларускай мастацкай школы ён заслугоўвае большай увагі.
Зміцер ЮРКЕВІЧ