Даць адлуп Хэлоўіну!

Апублiкавана: 26 снежня 2022 Стужка не указан Мінск

Аўтар: РАГІН Яўген

Артыкул гэты вельмі просты па змесце. І выснову мае элементарную. Галоўная яго думка гучыць са старонак “К” не першы раз. І, відаць, не апошні. А ідэя, калі яе разгарнуць як след, наступная: можна насіць джынсы, спяваць песні The Beatles і захапляцца стрыт-артам, але неабходна заставацца пры гэтым годным беларусам. Маўляў, ты спачатку з уласнымі гісторыяй ды традыцыямі разбярыся, а потым ужо думай, што скарыстаць з сусветнай культуры. 

Так, нацыянальнае — аснова ўсіх нашых асноў. Як той казаў, сваё дабро хоць ноччу еш. А добрае заўжды прарастае на добрым. І любы замежны джынсавы гарнітур вельмі арганічна дапаўняюць нашы льняныя сарочкі ды спадніцы, упрыгожаныя беларускім традыцыйным вышываным арнаментам.

НАМ ПАТРЭБНЫ САНТА КЛАУС? 

Было б дзіўна, калі замест Дзядоў Марозаў існавалі б спрэс Санта Клаусы. Як Кіплінг пісаў, Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход… З аднаго боку, няспынна адшукваем нацыянальныя брэнды ці не для кожнай нашай вёскі, з другога — неабачліва скасоўваем тое, што існавала раней. Між тым доўгі час фішкай Пастаўскага раёна быў менавіта Зюзя — гаспадар снежных завірух і навагодніх святаў. Дзе ён? Пакрыўджаны, сабраў валізку і, размазваючы слёзы па твары, схаваўся дзесьці ў бураломах. Вярніце беларускую казку!

Бы гаючы бальзам на душу — нядаўняя навіна, што ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава дзейнічае праграма “Бавім час з Зюзем”. Дзякуй, спадарства! Сваім асветніцтвам вы адраджаеце нацыянальнае. Значыць — мацуеце нашу Беларусь. 

ШКАДА ПРЫВІДАЎ 

Вельмі важны акцэнт. Мы бяром ад сусветнай культуры найлепшае, тое, што не пярэчыць нашым прынцыпам, веры, менталітэту. Мы пры гэтым вельмі асцярожныя. Маўляў, а раптам найлепшае — не такое, якім падаецца. Спрадвечны беларускі сумнеў. 

Раней фэст у Гальшанах хацелі назваць фэстам прывідаў. Я так радаваўся гэтаму факту! Аднак у апошні час нефармальная ідэя была скасавана. Шкада. Тыя нячысцікі, відаць, разам з Зюзем хаваюцца ды свайго часу чакаюць. Свята беларускіх міфічных істот — ідэя сімпатычная і карысная ў справе папулярызацыі нацыянальнага фальклору. Іначай так і не будзем ведаць, чым Ваструха ад Пячурніка адрозніваецца. 

НАШ ФАЛЬКЛОР — ЁН І Ў АФРЫЦЫ ФАЛЬКЛОР? 

Я разумею, што цяжка, але давайце ўявім: дзесьці на беразе Лімпапо мажны абарыген, узняўшыся на дыбачкі, старанна ўглядаецца ў бясхмарнае афрыканскае неба і гукае вясну. Маўляў, дзе вы, жаўраначкі?! Так, намаляваць падобную карцінку ў галаве немагчыма. Хіба што той афрыканец скончыў у свой час наш Універсітэт культуры. Але і ў такога ўласных святаў ды абрадаў хапае. 

Нашчадкі кельтаў у Англіі, Ірландыі, Шатландыі таксама сваімі справамі занятыя. Вось, да прыкладу. Хэлоўін, падчас якога ўшанавалі мясцовых нячысцікаў, нядаўна адзначылі. А пра нашы абрадавыя клопаты і не думаюць! У ірландцаў, скажам, на носе (колькі той зімы!) Дзень святога Патрыка. Шатландцы, не зважаючы на часіну года, нястомна шукаюць ЛахНескую пачвару, якая даўно стала брэндам краю і прынадай для бясконцых турыстаў. Дык мо і нашы прыпяцкія русалкі зацікавяць аматараў прыгод? Ёсць над чым паразважаць. 

А пакуль мы, каб ад свету не адстаць, гатовыя множыць калоны для ўшанавання Патрыка і нішчыць усе саспелыя гарбузы дзеля Хэлоўіна… Калі не ведаеш свайго, цягне да чужога. 

РОДНАГА НЕ ЦУРАЦЦА 

Не хачу быць рэтраградам. Але сваё проста неабходна знаць. Хаця б для таго каб добра ўсведамляць, што Хатнік, Жытнік, Лазнік, Зюзя няхай і былі наравістымі, але паразуменне з людзьмі заўжды знаходзілі. А вось астатні малы казачны народзец… Да справы з асцярогай і з веданнем адносіцца варта. 

Крыжы на ўездзе ў паселішча і выездзе з яго недарэмна пастаўленыя: яны нячыстую сілу не пускаюць. Для гэтага прызначаліся і замовы з абярэгамі. Нават спецыяльныя гукі і пахі існавалі… Паўтаруся: са сваімі нячысцікамі мы ўжывёмся, а вось з замежнымі… 

Словам, з гарбуза каша цудоўная атрымліваецца. Ад пачварнай гарбузовай хэлоўінаўскай галавы са свечкай чакаць можна толькі непрыемнай нястраўнасці. 

Яўген РАГІН