Каб мець права крытыкаваць…

Апублiкавана: 04 студзеня 2023 Стужка Музыка Мінск Максіма маладых

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

Які ўрок самы цяжкі? Калі запытаць навучэнцаў музычнай школы, напэўна, пачуеш: “Сальфеджыа…” Але нашы гераіні гэтую дысцыпліну любяць — і сёння з задавальненнем спасцігаюць музыказнаўства. А нядаўна Аліна Шамрыла, Лізавета Цудзіла і Марыя Кісялёва сталі пераможцамі конкурсу музычнай крытыкі на XXI Міжнародным фестывалі імя І. І. Салярцінскага. Свята высокага класічнага мастацтва праходзіла ў Віцебску з 2 па 16 снежня. Упершыню ў межах форуму правялі конкурс музычнай крытыкі, на які свае работы даслалі навучэнцы ўстаноў адукацыі ў сферы культуры. 

Артыкулы маладых даследчыкаў разглядалі эксперты з Беларусі і Расіі. Узначальвала журы прарэктар Акадэміі музыкі імя Гнесіных прафесар Дзіна Кірнарская. Галоўнай матывацыяй для ўдзельнікаў стала магчымасць выступіць з дакладам перад аўтарытэтнымі навукоўцамі. І нашы гераіні скарысталі свой шанц паспрабаваць. 

ПЕРШЫЯ КРОКІ, ПЕРШЫЯ СУМНЕВЫ 

Марыя з ранняга дзяцінства марыла вучыцца ў музычнай школе. Бацькі прыслухаліся да жадання дачкі і аддалі яе на спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне”. 

— Педагог заўважыла мой талент і параіла паступаць у Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж. Цяпер я на трэцім курсе, — распавядае дзяўчына. 

Аліна, чацвёртакурсніца той жа ўстановы, пачала сур’ёзна займацца музыказнаўствам толькі ў падлеткавым узросце і ў музычнай школе вучылася ўсяго год. 

— Пытанне выбару прафесіі было для мяне вельмі складаным, — дзеліцца набалелым гераіня, — аднак я з дзяцінства любіла ладзіць канцэрты, пісаць сцэнарыі. Ды і родныя заўсёды бачылі ўва мне артыстку. 

Аліне прыйшлося даганяць аднакурснікаў, займацца ў некалькі разоў больш за іншых. Але ўпартая праца прынесла плён. 

На фота злева направа: Лізавета Цудзіла, Аліна Шамрыла, Дзіна Кірнарская, Нэлі Мацаберыдзэ, Марыя Кісялёва

Лізавета многае паспрабавала, перш чым спыніла выбар на музычнай школе: 

— У маёй сям’і ўсе матэматыкі, толькі бабуля — баяністка. Яна праводзіла мне першыя ўрокі музыкі. Я займалася танцамі, нават мастацкую школу наведвала. Але з часам музыка выцесніла ўсё, стала патрабаваць больш часу і намаганняў, — смяецца Лізавета. 

Дзяўчына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж. Яна не толькі разбіраецца ў музыказнаўстве — таксама грае на фартэпіяна, блокфлейце і гармоні. 

НАВУКА — МАЛАДЫМ 

Марыя падалася на конкурс з асветніцкім артыкулам “Музычнае расследаванне: як арган апынуўся ў праваслаўным саборы”. Дзяўчына прызналася, што пошук матэрыялаў быў цяжкай справай, аднак любоў да прадмета падштурхоўвала наперад: 

— Калі тэма цікавая, яна паглынае з галавой, і час ляціць незаўважна. З’яўляецца азарт: хочацца знайсці адказы на пытанні як мага хутчэй. 

Лізавета выбрала тэму “Протаіерэй А. Бандарэнка. «Прытча аб душы чалавечай» (з цыкла «Духоўная лаянка») для габоя, аргана, струнных і ўдарных. Вопыт аналізу”. Дзяўчына асабіста размаўляла з айцом Андрэем. Сур’ёзна падышоўшы да справы, нават наведвалася на рэпетыцыі капэлы. 

Дзяўчаты толькі пачалі шлях у свеце музычнай крытыкі, аднак ужо дамагліся поспехаў. Яны хочуць дзяліцца ведамі і даносіць да людзей значнасць беларускай культуры.

— Матэрыялу для даследавання практычна не было, — шчыра прызнаецца гераіня, — бо айцец Андрэй піша пераважна харавую музыку, а ўжо праз яе — інструментальную. Але кампазітар усяляк мне садзейнічаў, і ў выніку ўсё атрымалася! 

Старанная праца акупілася, і дзяўчына радуецца: 

— Гэта мая першая сур’ёзная перамога. 

Аліна пачала займацца навукай з другога курса. Ужо тады з артыкулам пра оперу “Аіда” Вердзі малады даследчык зарабіла дыплом II ступені на міжнароднай алімпіядзе “Музыка — душа мая”. Для фестывалю імя І. І. Салярцінскага суразмоўца абрала тэму “Полацк і яго гісторыя ў творах беларускіх кампазітараў”. 

БОЛЬШ, ЧЫМ МЫ ЎЯЎЛЯЕМ 

Для нашых гераінь важна вывучаць музычны асяродак Беларусі. Паглыбіўшыся ў тэму, яны зразумелі, што матэрыялу недастаткова. Вялізныя пласты культуры застаюцца невядомымі звычайнаму чалавеку і губляюцца ў вечнасці. 

— Мне захацелася больш даведацца пра музыку роднага краю. Я год збірала матэрыялы і артыкулы, знаходзіла ноты, брала інтэрв’ю ў кампазітара — нашага земляка Віктара Малыха. Разважала, чаму творцы звяртаюцца да тэмы Полацка, з якіх ракурсаў яе разглядаюць, — распавядае Аліна. 

Дзяўчына шмат часу даследавала ідэі, схаваныя ў сачыненнях беларускіх кампазітараў. Вывучала, якія сродкі выразнасці аўтары выкарыстоўвалі ў творах-прысвячэннях Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму. 

— Мару расплюшчыць людзям вочы на беларускую музыку. Важна, каб развівалася самасвядомасць народа. На жаль, мы мала ведаем пра нашых дзеячаў мастацтва. А музыка — гэта душа творцы, душа нацыі, а часам — і крык. Беларуская культура значна шырэйшая, глыбейшая, чым мы ўяўляем, — дзеліцца думкамі Лізавета. 

У КАГО “ЗОЛАТА”? 

Арганізатары конкурсу да апошняга захоўвалі інтрыгу. Спярша дзяўчатам патэлефанавалі і паведамілі пра перамогу, аднак пра тое, хто якое месца заняў, не сказалі. Прэтэндэнткі на “золата” пакутавалі ў здагадках, не ведаючы, ці выпадзе шанц выступіць з дакладам. Аднак часу на фестывалі не марнавалі, атрымлівалі задавальненне, камунікуючы з выбітнымі людзьмі музычнага свету: Дзінай Кірнарскай, Нэлі Мацаберыдзэ, Ірынай Аношка і іншымі знакамітасцямі. 

— Нам сказалі, што будзе цікавей даведацца пра вынікі на самой цырымоніі ўзнагароджання, — успамінае Марыя, — і я сапраўды была ў прадчуванні. Дыплом III ступені стаў матывацыяй для далейшага росту і развіцця. 

Лізавета, якая заняла другое месца, пра ўласныя эмоцыі не распавядае, затое дзеліцца ўражаннямі ад мерапрыемства:

 — Для мяне было гонарам прысутнічаць на гэтым фестывалі! Музыка была галоўнай любоўю Івана Іванавіча Салярцінскага. Я канчаткова ўпэўнілася, што мяне не задавальняе роля звычайнага слухача, які чуе толькі мелодыю і тэкст. Я хачу большага, таму што музыка — універсальная мова душы. 

Аліна стала лаўрэатам I ступені. Пра перамогу расказвае з захапленнем: 

— Калі абвясцілі, што я заняла першае месца, — спачатку не паверыла, а пасля скакала ад шчасця. Калі ж выходзіла на сцэну атрымліваць дыплом, цяклі слёзы радасці. 

ДАЛЕЙ — БОЛЬШ! 

Таленавітыя дзяўчаты не думаюць спыняцца на дасягнутым. Марыя плануе працягнуць навучанне па спецыяльнасці ў ВНУ, збіраецца стаць выкладчыкам: 

— Сёлета ў мяне пачалася практыка, і я зразумела, як важна распавядаць дзецям пра музыку на цікавай для іх мове. Але закідваць навуку я зусім не хачу. Думаю, змагу напісаць яшчэ шмат артыкулаў, якія будуць прыносіць людзям карысць. 

Разважае пра нюансы будучай справы Лізавета: 

— Тое, што адбываецца з намі, заўсёды патрабуе тлумачэння. Нават выканаўцы не могуць граць, не разабраўшыся ў семантыцы, менталітэце эпохі, у якую твор быў напісаны. У музыцы ўсё зусім не простае, кожная дробязь вартая ўвагі. 

Аліна думае паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, развівацца ў творчасці — весці канцэрты, удзельнічаць у іх як выканаўца, пісаць сцэнарыі: 

— Музыка — вечная. Мне хочацца і далей рабіць навуковыя даследаванні, распавядаць людзям пра сачыненні вялікіх кампазітараў і праводзіць паралелі паміж мінулым і сучаснасцю. 

Дзяўчаты толькі пачалі шлях у свеце музычнай крытыкі, аднак ужо дамагліся поспехаў. Яны хочуць дзяліцца ведамі і даносіць да людзей значнасць беларускай культуры. Кажуць, каб мець права крытыкаваць, трэба верыць у пэўную ісціну. І нашы гераіні — вераць. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ