Супрацоўнікі РВУ "Культура і мастацтва" працягваюць дзяліцца думкамі пра культуру і "Культуру".

Уладзімір Шлапак
Уладзімір Шлапак, фотакарэспандэнт:
— Культура для мяне не абстракцыя. Я бачу яе штодня праз відашукальнік свайго фотаапарата. І ведаеце, яна не ў выставачных залах і не на сцэнах, хоць і там таксама. Яна ў тварах людзей, у лініях гарадскіх вуліц, у тым, як святло кладзецца на старыя сцены. Мая праца —спыняць імгненні, якія звычайна не заўважаюць. А гэта і ёсць культура: штодзённая, жывая, сапраўдная. Яна не крычыць пра сябе, яна проста ёсць.
Я доўга здымаю, і ведаю, што добры кадр — гэта не толькі пра тэхніку. Ён пра душу. Гэтак жа, як добры фільм, тэатральная пастаноўка ці музычны твор. Я магу трыццаць разоў націснуць кнопку, і толькі адзін здымак будзе жыць. Чаму? Таму што ў ім ёсць кропля таго самага чалавечага. Важны нюанс, паўтон, выпадковая сляза ці ўсмешка. Гэта і ёсць маё мастацтва.
Культура жывіць мяне. Калі я не гляджу кіно, не хаджу на выставы — я пачынаю бачыць павярхоўна. Каб заўважаць глыбіню, трэба ўвесь час напаўняцца новымі ўражаннямі. І мая роля ў гэтай справе — быць шчырым. Не хлусіць сабе і тым, хто потым будзе глядзець на маю творчасць.
Культура — гэта дыялог. Дыялог паміж фатографам і мадэллю, здымкам і гледачом. І калі мая фатаграфія камусьці адгукнецца, значыць, я не проста націскаю кнопку, а працягваю гэты дыялог.

Ганна Калініна
Ганна Калініна, аглядальнік:
— Культура заўсёды была побач. Спачатку — школьныя святы і гарадскія мерапрыемствы, у цэнтры якіх вельмі хацелася апынуцца: ездзіць на розныя падзеі, выступаць самой, адкрываць нешта новае, напаўняцца ўражаннямі.
Потым прыйшоў усвядомлены выбар — паступленне на спецыяльнасць “Культуралогія”. Тады гэты кірунак здаваўся шырокім, загадкавым, здольным ахапіць велізарнае поле самых розных і дзіўных з’яў. Затым — магістратура па мастацтвазнаўстве.
І вось цяпер — праца ў газеце “Культура”, дзе я ўжо не проста спазнаю, а ўсё глыбей вывучаю творчае асяроддзе краіны і распавядаю пра яго чытачам. Дапамагаю культуры знаходзіць дарогу да кожнага, хто гатовы яе пачуць. Спектаклі, выставы, канцэрты, сустрэчы —цяпер я гляджу на іх знутры, імкнучыся зразумець, што стаіць за кожнай падзеяй. І паступова ўсё выразней бачу тых, дзякуючы каму культура жыве і гучыць.
Гісторыі, галасы, лёсы — менавіта гэта я беражліва пераношу на паперу. Кожнае новае інтэрв’ю — маленькае адкрыццё. Знаёмлюся з людзьмі, здзіўляюся іх таленту,глыбіні захопленасці,таму, як асабістая справа аднаго чалавека здольная вырасці ў набытак нацыі, стаць часткай яе культурнай спадчыны.
А яшчэ імкнуся заўважаць тое, што звычайна застаецца па-за кадрам: колькі працы, часу і душы ўкладзена ў канцэрт, спектакль, выставу, кожны выхад да гледача. Я бачу, чым жыве сучасная моладзь, якія ідэі і сэнсы ўкладае ў сваю творчасць, як шукае ўласны голас. І разумею: культура ўжо сёння гучыць у іх душах і разам з імі рухаецца ў заўтрашні дзень. І, мабыць, менавіта гэта я асабліва цаню ў сваёй працы — магчымасць кожны дзень быць у эпіцэнтры культуры, адчуваць яе, адкрываць новыя імёны і дапамагаць іншым убачыць усю яе непаўторную прыгажосць.

Данііл Піўкарэц
Данііл Піўкарэц, карэспандэнт:
— Праца ў “Культуры” — агромністая адказнасць. Разумееш: трэба годна працягваць справу папярэднікаў. Журналістаў, якія ў розныя гады расказвалі пра беларускае мастацтва і традыцыі, стваралі гістарычныя нарысы і адлюстроўвалі дух часу ў аналітычных артыкулах. Рабілі гэта заўсёды шчыра і з нязменным прафесіяналізмам. Быць іх пераемнікам — вялікі гонар.
Трымаючыся вызначаных арыенціраў, пішу пра выбітных беларусаў. Тых, хто нясе культуру і жыве мастацтвам. Людзей адораных і таленавітых — у большасці сціплых, часам непублічных. Але вартых таго, каб пра іх даведаліся.
Адказнасць — перад героямі матэрыялаў і чытачамі — не дае права працаваць спусціўшы рукавы. Кожны дзень у рэдакцыі не падобны на іншы. Раптоўныя камандзіроўкі і дэдлайны паступова становяцца часткай жыцця. Але менавіта ў паездках па рэгіёнах лепш пазнаеш сваю краіну, спасцігаеш таямніцы шчырай, адкрытай беларускай душы. За гэта я таксама ўдзячны “Культуры”.
Са мной поплеч працуюць дасведчаныя журналісты і моладзь, якая толькі пачынае шлях. Сугучча вопыту і свежых поглядаў дае выдатны плён. Тэксты робяцца больш цікавымі, а вёрстка — максімальна прывабнай для чытачоў.
Вельмі рады, што маё станаўленне ў прафесіі праходзіць тут — у месцы, дзе падтрымліваюць новыя ідэі і дапамагаюць знайсці ўласны голас.
Дзякуй, “Культура”! З днём нараджэння, газета!

Ірына Сліжэўская
Ірына Сліжэўская, карэспандэнт:
— Я журналіст. Штодня перакладаю з мовы эмоцый на мову сэнсаў. У гэтым і ёсць мая культура. Яна, як унутраны цэнзар, патрабуе дакладнасці фактаў і пасылаў.
Культура ўва мне — павага да чужой гісторыі. Я бяру інтэрв’ю і ўслухоўваюся не толькі ў голас спікера, але і ў паўзы паміж словамі. Гэта ўменне пачуць цішыню, звычка заўважаць. Бачыць, як падае святло на карціну, улоўліваць музычныя інтанацыі, лічыць рытм танца. Гэта здольнасць здзіўляцца і напаўняць такім пачуццём тэкст.
Газета “Культура” — наша агульная спроба спыніць імгненне, асэнсаваць яго і перадаць далей. Кожны мой матэрыял — маленькая цаглінка ў сцяне вечнасці.