Ⅲ

Новыя гарызонты адукацыі

Мастацкая адукацыя ў Беларусі шукае свежыя фарматы. У каледжах сферы культуры з’яўляюцца спецыяльнасці ў адпаведнасці з актуальным запытам грамадства.

Яны нараджаюцца на стыку класічнай школы і сучасных тэхналогій — і збіраюць першых навучэнцаў, якія не баяцца новага і смела глядзяць у будучыню.

 

ЯК АЖЫВАЮЦЬ МАЛЮНКІ

Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава — установа амаль з 80-гадовай гісторыяй і моцнай школай. Тут вучаць жывапісу, скульптуры, дэкаратыўнапрыкладному мастацтву і дызайну: графічнаму і мультымедыйнаму. Але сёлета каледж першы ў краіне адкрыў напрамак “дызайн анімацыі”.

 

Вячаслаў Семянько

Задума належыць выкладчыку спецыяльных дысцыплін Вячаславу Семянько. Ён 42 гады працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з іх 27 — загадчыкам кафедры графічнага дызайну, дзе вёў прадмет “тэлевізійная рэклама”. Менавіта спецыфіка работы кафедры, дзе доўгі час развівалі напра­мак анімацыі, стала падмуркам для новай спецыяльнасці. Цяпер педагог перадае веды ў каледжы.

Шлях ад ідэі да першага набору яны разам з калегай Кацярынай Яршовай прайшлі за два гады. Спачатку спецыяльнасць унеслі ў класіфікатар, потым склалі поўны вучэбны план, прапісалі адукацыйныя стандарты, заняткі. Словам, было прадумана і зацверджана ўсё — ад паслядоўнасці прадметаў да патрабаванняў да выпускнікоў. Галоўная асаблівасць напрамку — сінтэз акадэмічнай базы і лічбавых тэхналогій. Тут асвойваюць класічны малюнак, жывапіс, кампазіцыю — і паралельна 3D-анімацыю, сучасныя праграмы.

 

Юныя аніматары падчас заняткаў

Для ўсяго ў каледжы ёсць новыя камп’ютары, графічныя планшэты, 3D-прынтары і нават VR-акуляры. Гэта ўмовы паспяховай працы.

 

Кацярына Яршова

— Мы ўсе разумеем, што спецыяльнасць вельмі запатрабаваная, — кажа Кацярына Яршова. — Выхаванцы могуць пайсці ў любое рэкламнае агенцтва ці IT-фірму. Акрамя класічнай анімацыі, іх чакаюць гейм-індустрыя, кіно, тэлебачанне. Спектр варыянтаў вельмі шырокі.

Конкурс быў высокі — восем чалавек на месца. Абітурыенты здавалі малюнак, жывапіс і кампазіцыю. Адбіралі дзяцей з сюжэтным бачаннем: уменне прыдумаць гісторыю і пакадрава яе адпрацаваць — рэдкасць.

На курсе 10 асоб, і ўсе яны ўжо адчуваюць адметную атмасферу. Многія разважаюць пра ўласныя праекты — кожны хоча пакінуць след у анімацыі. Навучэнцы распавядаюць, што пераглядзелі багата варыянтаў, але выбралі менавіта новую спецыяльнасць у Глебаўцы: падыходы сучасныя, ёсць магчымасць ствараць нешта сваё. Выкладчыкі ж добра разумеюць падапечных, дапамагаюць і накіроўваюць. Адносіны прафесійныя, але цёплыя.

 

У абноўленым будынку мастацкага каледжа імя А.К. Глебава

— Выхаванцы вельмі матываваныя, — тлумачыць Вячаслаў Семянько. — Мы бачым, як яны гараць. Гэта дзеці, гатовыя працаваць шмат і ўпарта, каб дасягнуць выніку.

На думку Вячаслава Якаўлевіча і Кацярыны Леанідаўны, перад імі — тыя, хто будзе фарміраваць трэнды. Навучэнцы першымі ў краіне сядуць за сучасныя праграмы і асвояць поўны цыкл — ад ручной адмалёўкі да лічбавай анімацыі. Каледж плануе ўзаемадзейнічаць з “Беларусьфільмам”, “Мінскрэкламай” і гейм-кампаніямі. Паводле педагогаў, праз некалькі гадоў выпускнікі будуць выбіраць працадаўцаў, а не наадварот. За гэтымі маладымі людзьмі — будучыня беларускай анімацыі.

 

МАЙСТЭРСТВА ГУКАВОЙ ПРАСТОРЫ

Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі нядаўна адзначыў векавы юбілей. За 100 гадоў установа зрабілася сапраўднай кузняй творчых кадраў: інструменталістаў, вакалістаў, му­зыказнаўцаў. І вось чарговы крок наперад — спецыяльнасць “дызайн гукавой прасторы”.

 

Лабараторыя камп'ютарных тэхналогій у музыцы

Ідэя належыць выкладчыкам з Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Яны першымі пачалі падрыхтоўку па гэтым напрамку, а каледж імя М.І. Глінкі стаў партнёрам у распрацоўцы дакументацыі. Сумеснымі намаганнямі на працягу года стваралася вучэбна-праграмная база. Сёлета набор адкрыўся і ў сталіцы.

Роля адмыслоўцаў, якія ўмеюць прафесійна працаваць з гукам, за апошнія дзесяцігоддзі моцна вырасла. У краіне даўно адчуваецца недахоп такіх кадраў. Асабліва не стае тых, хто разумее спецыфіку розных музычных кірункаў: хору, аркестра, сольнага вакалу.

 

Аляксей Снітко

— Мы ставілі задачу, каб выпускнік меў кваліфікацыю не толькі гукааператара, але і педагога, — кажа дырэктар каледжа імя М.І. Глінкі Аляксей Снітко. — Спецыяліст, які можа выкладаць музыку ў школе і пры гэтым добра валодае гукаўзмацняльнай апаратурай, будзе запатрабаваны ўсюды.

Конкурс аказаўся сур’ёзным: больш за два чалавекі на месца. Абітурыенты дэманстравалі і навыкі ігры на інструменце, і вакальныя здольнасці, і ўменне аналізаваць аўдыя. Прыйшлі рознабакова адораныя дзеці — усе з жаданнем працаваць і расці.

 

Дзмітрый Лойка

Вялікая роля ў падрыхтоўцы належыць выкладчыку Дзмітрыю Лойку — кампазітару і загадчыку лабараторыі гуказапісу. Разам з калегамі ён стварыў лабараторыю камп’ютарных тэхналогій у музыцы. Калі стала вядома, што арганізоўваецца цэлая спецыяльнасць, педагог з гатоўнасцю адклікнуўся на просьбу аб дапамозе. Каледж ужо меў сучасны клас, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, дзе можна было вырашаць асноўны спектр задач яшчэ да адкрыцця адукацыйнага напрамку. Але прагрэс не стаіць на месцы, таму матэрыяльную базу плануюць пастаянна ўдасканальваць.

Навучанне пабудавана так, каб выхаванцы атрымалі і тэхнічныя, і музычныя веды. Як паведамляе выкладчык, рыхтуюць спецыяліста шырокага профілю: выпускнікі змогуць працаваць на канцэртных пляцоўках, у тэатрах, на тэлебачанні, у студыях гуказапісу, займацца саўнд-дызайнам для відэагульняў або кіно.

 

Марк Спірыдовіч

Сярод першакурснікаў — Марк Спірыдовіч і Уладзіслаў Шапіцько. Марк прыехаў са Смаргоні. Ён з дзяцінства звязаны з музыкай: тата быў дыджэем. Хлопец доўга шукаў патрэбны кірунак па ўсёй краіне, сачыў за навінамі каледжа і даведаўся пра новы набор. Хоча ствараць музыку сам, працаваць з гукам і ўжо марыць пра ўласную студыю запісу.

 

Уладзіслаў Шапіцько

Уладзіслаў — мінчанін, які таксама вельмі цікавіцца работай з гукам. Юнака наогул заахвочвае магчымасць авалодаць практычнымі і тэарэтычнымі ведамі, якія ён зможа выкарыстоўваць у студыйнай практыцы з творчымі гуртамі, тэатральным гукавым суправаджэннем. Абодва кажуць, што знайшлі ў каледжы сваё месца.

Практычныя навыкі маладыя людзі будуць адточваць на працягу ўсяго навучання, а ў канцы прадставяць дыпломную работу — запіс творчага калектыву з поўным цыклам вытворчасці ад працы ў студыі да мастэрынгу і выпуску альбома. Адмыслоўцы таксама змогуць развівацца далей, ужо маючы моцную базу.

 

ДАРОГА ДА СЦЭНЫ

Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў — месца, дзе даўно жыве творчасць. Тут рыхтуюць музыкантаў, танцоўшчыкаў, дызайнераў, арганізатараў вольнага часу. А ў гэтым годзе ва ўстанове адкрылася спецыяльнасць “акцёрскае мастацтва”.

Такая задума нарадзілася ў начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Панасюка. Рашэнне было абгрунтаваным: развіваецца кінематограф, стрымінгавыя пляцоўкі, тэатры, анімацыя і дубляж. Сённяшняя індустрыя забаў, шоу-бізнес, блогінг, арганізацыя мерапрыемстваў патрабуюць спецыялістаў, якія валодаюць тэхнікамі ўтрымання ўвагі аўдыторыі і самапрэзентацыі. Акрамя таго, акцёрскае майстэрства мае сацыяльна-культурную функцыю: тэатр і кіно застаюцца значнымі інструментамі фарміравання каштоўнасцей і захавання культурнай спадчыны.

Да запуску рыхтаваліся цэлы навучальны год. Педагогі распрацавалі праграмы на аснове прыкладнага вучэбнага плана і стандарту, зацверджанага Міністэрствам адукацыі. У каледжы ўжо былі рэпетыцыйныя класы, кабінеты для індывідуальных і групавых заняткаў, касцюмерная, кабінет грыму, лабараторыя гуказапісу — іх дакамплектавалі неабходным абсталяваннем. У інтэрнаце нават ёсць сцэна.

 

Алена Горская

— Асаблівых цяжкасцей не ўзнікла, — распавядае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Горская. — У нас працуюць вопытныя выкладчыкі, якія даўно ў тэатральнай творчасці. На базе ўстановы таксама дзейнічае народны эксперыментальны тэатр-студыя “Пілігрым”. Конкурс склаў 1,5 чалавека на месца. Практыка плануецца ў Палескім драматычным тэатры, Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, у дзіцячых школах мастацтваў вобласці. Суадносіны практыкі і тэорыі — 90 % да 10 %. Акрамя таго, выхаванцы будуць удзельнічаць у конкурсах і фестывалях. Навучэнцы гавораць пра свой шлях.

Арына Буячык з Брэста з дзяцінства марыла звязаць жыццё са сцэнай: знайшла сайт Пінскага каледжа мастацтваў, пазнаёмілася з выкладчыкамі і зразумела — яе месца тут. Кажа, што немагчыма было застацца ўбаку ад атмасферы творчасці, крэатыву і драйву. Аляксандр Русак з Мінска з дзяцінства наведваў тэатральныя студыі, а калі пачуў пра спецыяльнасць, усвядоміў: гэта тое, што трэба. Падчас экзаменаў хлопец хваляваўся, але абстаноўку разрадзілі гумар і словы падтрымкі ад іншых абітурыентаў. Курс маленькі — усяго шэсць чалавек.

 

Арына Буячык

— Быць першапраходцам — вялікая адказнасць, — заўважае Арына Буячык. — Мы разумеем, што задаём планку для наступных пакаленняў.

Выхаванцы адзначаюць: адносіны з педагогамі вельмі даверлівыя і творчыя. Атрымалася нібы адна сям’я. Аляксандр хоча трапіць у Тэатр юнага гледача ў Мінску і верыць, што спецыяльнасць запатрабаваная. Арына плануе працаваць у Брэсцкім тэатры драмы або ў кіно. Яна пераканана, што сцэна праз вобразы паказвае рэальнасць і вучыць знаходзіць адказы на многія пытанні.

Выкладчыкі ўпэўнены: гэтыя хлопцы і дзяўчаты стануць сапраўднымі майстрамі.

Дар’я АРХІПКОВА. Фота з архіваў устаноў

MAX TikTok