Космас трэба чуць Гарачым сэрцам

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы працягвае актыўна нарошчваць рэпертуар. З пачатку гэтага сезона тут адна за адной выйшлі тры прэм’еры. 

Новыя спектаклі рэзка разышліся па розных полюсах. На адным — традыцыйныя акадэмічныя пастаноўкі. На другім — тыя, што прынята называць эксперыментальнымі, бо ў іх відавочная арыентацыя на сучасную тэатральную эстэтыку. А пасярэдзіне — “Гарачае сэрца” Аляксандра Астроўскага, што паставіла запрошаная з Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя М. Горкага Валянціна Еранькова. Дарэчы, першым на гэтым шляху стварэння нейкіх сувязных звёнаў між згаданымі супрацьлегласцямі быў запрошаны рэжысёр Венедыкт Растрыжэнкаў. Яго фарс “Donna sola (Жанчына адна)” ператварыўся з монаспектакля-маналога, задуманага італьянскім драматургам Дарыя Фо, у абагульнены сімвал складанасцей жаночага лёсу, распаведзены не толькі Марыяй (Вольга Няфёдава), але і Аўтарам (Уладзімір Рагаўцоў) разам з двума мімамі ў ролі Асістэнтаў.

У “Гарачага сэрца” — іншы жанравы сінтэз. Праз шматлікія музычныя нумары (кампазітар — Аляксей Еранькоў) спектакль набліжаецца да мюзікла. Прычым тыя нумары ўяўляюць сабой не толькі своеасаблівыя ўстаўкі з “партрэтнымі” характарыстыкамі, што спыняюць дзеянне накшталт стоп-кадраў, але і суцэльныя сцэны, пабудаваныя на музыцы і харэаграфіі, што тое дзеянне рухаюць. Ёсць і песні, візуальна аформленыя як эстрадныя кліпы, і музычныя каментарыі да дзеяння, падобныя да зонгаў Бертольта Брэхта. І нават музычныя лейтматывы, якімі становяцца папулярныя рускія народныя песні “Дзве вясёлыя гусі” і “Чорны крумкач”. Мелодыя першай з іх прынамсі была закладзеная ў п’есу аўтарам: драматычныя спектаклі ХІХ стагоддзя, уключаючы рускую класіку, утрымлівалі даволі шмат музыкі, і песенныя нумары прапісваліся ў тэксце самімі драматургамі. 

“Гарачае сэрца”

“Гарачае сэрца”

Пры ўсіх сучасных паралелях, што сведчаць пра актуальнасць узнятай праблематыкі, дзеянне не перанесенае цалкам у сённяшні дзень. Бо ў цэнтры сцэнаграфіі Барыса Герлавана застаецца карэта як сімвал тагачасных рэалій. І адначасова як сувязь з “Горам ад розуму” А. Грыбаедава (“Карэту мне, карэту!”), адна з расійскіх пастановак якога таксама была завязана на вялізнай карэце пасярод сцэны. 

“Гарачае сэрца”

“Гарачае сэрца”

Сярод цалкам традыцыйных купалаўскіх прэм’ер — “Апошні атракцыён”. Гэтую трагікамедыю паставіў расійскі акцёр Андрэй Завадзюк, чыё супрацоўніцтва з нашым тэатрам пачалося яшчэ з ролі Жаніха ў колішнім сумесным беларуска-расійскім спектаклі “Вяселле” А. Чэхава. Цяперашні “...Атракцыён” па п’есе сучаснага амерыканскага драматурга і рэжысёра Дэвіда Ліндсі-Эбера — своеасаблівы бенефіс адразу дзвюх вядучых артыстак трупы: Тамары Міронавай і Вольгі Няфёдавай, якая ўзначальвае тэатр як мастацкі кіраўнік. Менавіта іх акцёрская ігра (дакладней, супрацьстаянне гераінь, што перарастае ў вайну не на жыццё, а на смерць) становіцца галоўнай “дзейнай асобай” спектакля і яго рухавіком. 

“Скрыжаванне”

“Скрыжаванне”

Эксперыментальны падыход, разлічаны на прыцягненне ў тэатральную залу моладзі, стаў асабліва відавочным з прыходам у калектыў маладога і надзвычай пладавітага рэжысёра Данііла Філіповіча. Ён атрымаў тут трывалую “прапіску”, што адразу прынесла абодвум бакам багаты творчы плён: у афішы з’явіліся “Жаніцьба” М. Гогаля, дзіцячая “Гісторыя шакаладнага дрэва”, на камернай сцэне — “Чакана гучна i да болю блiзка”, у фае другога паверха — музычна-пластычная фантазія “Скрыжаванне” і шэраг іншых пастановак. 

“Жаніцьба”

“Жаніцьба”

Чарговай прэм’ерай, якія Д. Філіповіч выпускае літаральна адна за адной, стаўся “Наш космас” — пластычны спектакль пра складанасці лёсу творчага чалавека, што шукае сябе і свой шлях у мастацтве, ахвяруючы асабістым жыццём. Шырокі зварот да пластычных рашэнняў, абраны рэжысёрам ужо ў большасці ранейшых прац, можна лічыць і яго творчым крэда, і адной з яркіх прыкмет сучаснай тэатральнай эстэтыкі, і рэпертуарнай неабходнасцю цяперашняй купалаўскай трупы, дзе пераважае моладзь. Нядаўнія выпускнікі добра рухаюцца, ды, мякка кажучы, не надта дасканала валодаюць сцэнічнай мовай (насамрэч амаль увогуле ёй не валодаюць, пра што згадвалі крытыкі, да прыкладу, на леташнім Рэспубліканскім фестывалі нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску). Пры такім раскладзе “Наш космас” — папраўдзе і выратаванне, і адначасова бяспройгрышны пропуск у шырокамаштабнае фестывальнае жыццё, прычым міжнароднага разгорту. Бо пластыка не толькі запатрабаваная, але і не патрабуе перакладу — прытым што гэты “касмічны” спектакль папулярызуе менавіта беларускую нацыянальную культуру, уключаючы песенны фальклор і прафесійны жывапіс: на экране раз-пораз дэманструюцца сугучныя сцэнічнаму дзеянню карціны Гаўрыіла Вашчанкі, Барыса Заборава, Барыса Казакова, Арлена Кашкурэвіча, Мікалая Селешчука, Леаніда Шчамялёва 1970—2000-х гадоў. Іх стылёвая размаітасць, несупадзенні почырку ніколькі не пярэчаць задуме, а яшчэ больш яскрава даносяць закранутую ў спектаклі тэму творчай самаідэнтыфікацыі, пошуку ў мастацтве ўласнага “я”. 

“Наш космас”

“Наш космас”

Сцэнаграфія Аляксандра Камянца вырашана дастаткова проста, мінімалістычна і вельмі функцыянальна. Ды ўсё ж спектакль трымаецца не на ёй і нават не ўласна на харэаграфіі Вадзіма Дубовіка, што надае дзеянню філасофскі акцэнт і пры гэтым цалкам зразумела перадае сюжэтныя павароты, робячы іх літаратурную “расшыфроўку” ў праграмцы неабавязковай і нават залішняй. 

“Наш космас”

“Наш космас”

Стрыжнем, цэнтральнай воссю спектакля стала партытура маладога беларускага кампазітара Андрэя Цалко, адпаведная рэжысёрскаму лібрэта і годная музычнага тэатра. У левай ложы — трое штатных артыстаў аркестра тэатра: клавішы, скрыпка, ударныя. У правай — вакальны секстэт, складзены з маладых драматычных артыстаў. Такое іх размяшчэнне надае ўсяму відовішчу рысы “тэатра ў тэатры”, ператварае музычны складнік у своеасаблівую “рамку” для красамоўна жывапіснай карціны сцэнічнага дзеяння. Скарыстаныя народныя песні наўпрост звязаныя з сюжэтам. Такі падбор мелодый нагадвае тэматызм першых беларускіх савецкіх сімфоній, маўляў, пра што гаворыцца ў словах музычнай цытаты, пра тое і ў сімфоніі распавядаецца. Але замест нумарной структуры звыклых песенных апрацовак тут па¬ нуе непарыўнае сімфанічнае развіццё, спалучанае з тэхнікай мінімалізму, сістэмай рэмінісцэнцый і лейтматываў, дзе асноўнай лейттэмай выступае вядомая песня “Ой, сівы конь бяжыць”. Кампазітарская вынаходлівасць — на мяжы фантастыкі, усё гучыць вельмі свежа, сучасна, надае спектаклю не толькі тэмпарытм, але і неабходную цэласнасць. 

Надзея БУНЦЭВІЧ 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ