Глядзець на зоркі — і бачыць чалавека

Апублiкавана: 04 лютага 2023 Стужка Музеі Мінск Вернісаж

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Дзень касманаўтыкі, мусіць, недарэмна прыпадае на вясну, але ў Мінску яго святкаванне вырашылі пачаць яшчэ ўзімку. Выстава “Чакайце нас, зоркі”, якая заняла ўсе плошчы самай вялікай пляцоўкі Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва, дэманструе розныя падыходы да неабдымнай тэмы космасу. У тым ліку і даволі нечаканыя. 

З ЭПОХІ РАДАСНЫХ ЧАКАННЯЎ 

Назва выставы адсылае да ўнікальнага творчага праекта — альбома “Чакайце нас, зоркі”. У далёкім 1967-м яго выпусціў дзіўны тандэм: савецкі мастак Андрэй Сакалоў і легендарны Аляксей Лявонаў— першы чалавек, які выйшаў у адкрыты космас. Ён быў тады на піку славы, але ж знаходзіў час і на маляванне. 

Іх творы, якія цяпер выстаўляюцца ў Мінску, добра адлюстроўваюць настроі той пары. Тады здавалася, што мроі фантастаў урэчаісняцца ўжо зусім хутка, і “на пыльных тропинках далеких планет останутся наши следы”. Назва аднаго з малюнкаў вельмі красамоўная: “Зноў ля Венеры”. 

Дарэчы, цікава было б параўнаць выяўленыя там краявіды з тымі “касмавізіямі”, якія ў свой час сніў Драздовіч. Ды супаставіць такія творы ў рамках экспазіцыі. 

Атмасферу радасных чаканняў добра дапаўняюць савецкія плакаты: “Мужай, касмічнае юнацтва!”. Сёння яны ўжо не выклікаюць такога неўтаймоўнага аптымізму: да Венеры або нават Марса мы ж так і не дабраліся. Затое гэтыя творы ўтрымліваюць цікавае сведчанне пра настроі сваёй эпохі, якую большасць гледачоў не заспела. 

Як ужо заведзена ў практыцы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, мастацкі складнік выставы спалучаецца з дакументальным. І гэта не толькі парадныя партрэты герояў свайго часу — першых савецкіх касманаўтаў. Куратары паставілі перад сабою мэту адлюстраваць іх сацыяльнае атачэнне. Гэтай мэце служаць рэпартажныя фота 1960–1970-х гадоў, часам нават з архіваў “раёнак”, куды, па шчырасці, мала хто зазірае. 

Цікавы ракурс гістарычнай падзеі — паглядзець, што рабілася на зямлі, калі чалавек паляцеў у космас. На кадрах з вялікіх і малых гарадоў — поў- ныя людзей вуліцы, тэатралізаваныя шэсці, усенародная радасць… Шчыльна спавітыя немаўляткі, якіх ледзь не пагалоўна ў тыя дні называлі Юрамі… І пранікненне космасу літаральна ва ўсе сферы савецкага жыцця — ад тапанімікі да моды і кулінарыі… 

У суседняй зале — мноства фотаздымкаў юных авіямадэлістаў з розных куткоў Беларусі. Углядаючыся ў дзясяткі натхнёных і засяроджаных твараў, ты разумееш, наколькі моцна памкненне ў вышыню апанавала розумы і пачуцці цэлага пакалення. І яго прадстаўнікам было мала заставацца пасіўнымі гледачамі — яны імкнуліся здзейсніць уласны палёт, хай сабе і невысока.

Менавіта на гэтым чалавечым фактары і засяроджаная ўвага куратараў выставы. І зразумела, што чалавек прысутнічае тут не толькі як аб’ект, чый твар выяўлены на фота, але і як суб’ект успрымання. 

Як жа паўплываў гэты агульны дух часу на беларускае мастацтва? Напэўна, адказу на такое пытанне павінна быць прысвечана яшчэ адна, асобная выстава, куратары якой мелі б доступ да фондавых калекцый не толькі НЦСМ, але і вядучых мастацкіх музеяў ды Саюза мастакоў. Можна не сумнявацца, што такая выстава будзе багатай на адкрыцці. 

Тут жа пакуль толькі праглядаюцца нейкія пункцірныя лініі. Але ўжо з твораў, прадстаўленых у рамках гэтага праекта, зразумела, што ўплыў быў вельмі рознабаковым. 

Ёсць тут і здымкі, якія зрабіў астраном Віктар Малышчыц (цудоўны прыклад, калі фатаграфічная оптыка дазваляе нам бачыць тое, што ёсць насамрэч, але няўзброеным вокам ты гэта не ўгледзіш), і мінімалістычны жывапіс Сяргея Крыштаповіча, у якім рэальнасць — гэта выключна аўтарская катэгорыя. 

А карціна народнага мастака Аляксандра Кішчанкі ці не ўпершыню суседнічае з творам Аляксея Жданава, які пры жыцці быў заўсёдным аўтсайдарам. Прычым прадстаўленыя тут чамусьці не ягоныя мутанты, у якіх і сапраўды ёсць нешта вусцішнаіншапланетнае. Углядаючыся ў пустэльны і змрочны гарадскі краявід, міжволі задумваешся: ну пры чым тут космас? Можа, ён прысутнічае тут у апафатычны спосаб — праз гранічную сваю адсутнасць? 

Народны мастак Георгій Паплаўскі ўсур’ёз цікавіўся касмічнай тэматыкай не адно дзесяцігоддзе. Невялічкая падборка графікі і жывапісу, прадстаўленая на выставе, дазваляе зразумець дыяпазон гэтага інтарэсу — ад звыклай для “суровага стылю” замалёўкі пускавога комплексу на Байкануры да загадкавых мадэрнісцкіх выяў, якія, нібы рэнтген (нават знешне яны ў нечым падобныя), выяўляюць нябачныя ўнутраныя сусветы. 

“Чакайце нас, зоркі” стала апошняй прыжыццёвай выставай для Алеся Родзіна. Мастака заўсёды цікавілі звесткі пра сусвет ды іншыя планеты, але ж навуковыя факты станавіліся для яго найперш “раздражняльнікамі” творчай фантазіі. А якімі пакручастымі маршрутамі гэтая хаатычная плынь вадзіла аўтара, можна меркаваць па выстаўленых творах. 

ЗАКАНАМЕРНЫ СКЕПСІС 

Калі навуковыя адкрыцці становяцца глебай для мастацкіх інспірацый і інсінуацый — гэта працэс дабраякасны. Але ж касмічная тэматыка абрасла таксама і мноствам недарэчных прымхаў ды цэлых ілжэвучэнняў. Што ў пэўнай меры яе дыскрэдытавала ў вачах аўдыторыі. 

Дар’я Румянцава ў сваёй інсталяцыі “Усё менш неймавернага” прыгадвае той час, калі навіны пра кантакт з пасланцамі іншых галактык з’яўляліся ў СМІ несупынна. У нечым гэта заканамерна: выхад у космас актывізаваў чалавечую свядомасць у пошуку адказаў на незлічоныя загадкі светабудовы. І паколькі навука можа дапамагчы не заўсёды, ва ўтвораныя прагалы пацякло ўсё, што толькі магчыма. 

І вось кадры з фільмаў Таркоўскага перамяжоўваюцца з тэлесеансамі знакамітых у часы перабудовы экстрасэнсаў, а ў музейнай вітрыне можна пабачыць парэшткі “сапраўднага” іншапланетніка. 

Як правесці мяжу паміж магіяй творчасці і шарлатанствам? Чаму адным (мастакам) мы дазваляем сябе падманваць, а іншым — не? Адказ, напэўна, у тым, як уплывае ўбачанае на свядомасць гледача. Але ж не выпадае сумнявацца, што мяжа тут даволі тонкая. 

Такім скепсісам набрынялі і працы Аляксандра Некрашэвіча, дзе сярод паржавелых вузлоў нейкага складанага агрэгату поўзаюць каларадскія жукі — і толькі яны ажыўляюць гэтую спусцелую прастору. Сапраўды, усе тэхнічныя навінкі, на якія мы часам так спадзяёмся, даволі хутка старэюць, а вось прырода застаецца той самай. У тым ліку і прырода чалавека. 

Выдатны экспазіцыйны ход — завяршыць такі стракаты праект дзіцячымі малюнкамі. Самыя юныя мастакі, зразумела ж, поўныя аптымізму. Космас у іх уяўленні— гэта па-ранейшаму яркія ўражанні ды неверагодныя адкрыцці. Прычым няма сумневаў, што іх удасца здзейсніць наяве. І гэтаму варта ў іх павучыцца. Зрэшты, космас у кожнага свой, асабліва калі мы кажам пра мастакоў. 

Ілья СВІРЫН