Пакінуць старасць у “Вясковай хаце”

Апублiкавана: 19 лютага 2023 Стужка Традыцыі Мінск Ёсць пытанне!

Аўтар: РАГІН Яўген

Аб праектах я трошкі пазней. Я спачатку — пра вочы. На нейкім семінары — канцэрт у сельскім клубе. Дудары, скрыпалі, цымбалісты… І раптам заўважаю незвычайнае святло ў вачах адчайнага музыканта. Гэтае святло грэе і натхняе сэрца, якое прагне гармоніі. А за гармонію ў гэтага чалавека адказвае гармонік. Што ён вытвараў з ім на сцэне! 

Гарманіста завуць Мікалай Туравец. Менавіта ён сваёй музыкай запаліў маю душу, каб сагрэлася яна і больш не зябла. Не думаю, што гэта проста. Мікалай Васільевіч умее. Потым я даведаўся, што працуе ён кіраўніком Козенскага клуба, што з’яўляецца філіялам Мазырскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мы пазнаёміліся і больш за дзесяць гадоў сябруем. 

ТРЫ ДНІ ЗАПАР 

І зараз я пакуль не аб праектах. Трэба ж яшчэ патлумачыць, што за чалавек наш гарманіст. Цяжка верыцца, што граць ён пачаў адразу пасля таго, як навучыўся хадзіць. На адным з вяселляў адклаў гарманіст “струмент” на лаву. Відаць, папаліць пайшоў. Коля за гармонік і ўчапіўся. Не ўсё адразу заладзілася. Але ўжо ў юнацтве Туравец лічыўся адным з найлепшых. Павучыцца было ў каго. Без гарманістаў тады вёска лічылася ўдовай. 

Праз час Мікалай Васільевіч пачаў рэкорды ставіць. Да прыкладу, на адным з вяселляў адыграў тры дні запар. Потым доўга хадзіў з забінтаванай рукой. Карацей — прафесіянал! 

ДЫ ЯШЧЭ І ВЫДУМШЧЫК! 

А вось цяпер — пра ягоныя праекты. Стаў ці не галоўным ініцыятарам вялікай канцэртнай акцыі, прысвечанай 200-годдзю гармоніка. Сабраў у РДК найлепшых гарманістаў Мазыршчыны: Уладзіміра Гурына, Івана Навіцкага, Васіля Амельчука, Сяргея Селівончыка. Канцэрт, які прайшоў у лістападзе мінулага года, атрымаўся рэзанансным. 

Народны ансамбль народнай музыкі “Радуніца”, кіраўніком якога з’яўляецца Мікалай Туравец, — праект доўгатэрміновы. Каля дзесяці гадоў праекту “Вясковая хата”. Я пісаў пра гэтыя, па сутнасці, танцавальныя этнавечарыны пад жывы гук. Грамада, у яе ліку процьма людзей, якіх прынята называць не надта маладымі, танчыць ці не да раніцы. Бабулі з дзядкамі потым кійкі свае ў клубе забываюць. Хочаш натуральнага амаладжэння — хутчэй у “Вясковую хату”! Пакуль працэс бясплатны. 

Наступны праект — перспектыўны. Туравец жадае зладзіць на Беларусі Дзень гарманіста. Крыху ніжэй мы дадзім яму слова. Я ж хачу спыніцца вось на чым. 

МЕНАВІТА БЕЛАРУСКАЯ ДУША 

Хтосьці сказаў, што гармонік — рускі інструмент, і музыку ён здольны “вырабляць” толькі рускую. Лухта! Думаю, і Мікалай Васільевіч са мной згодны. Не ў інструменце справа, а ў музыканце. І калі ён беларускі, у музыцы ягонай — і шэпт пушчы, і павеў буслінага крыла, і спеў бабулі-паляшучкі… Словам, менавіта беларуская душа гучыць. 

Яўген РАГІН