Адчуць “смак” краіны. Чым рэ­гі­ёны пры­ваб­лі­ва­юць ту­рыс­таў?

Апублiкавана: 09 сакавiка 2023 Стужка Афіцыйна Мінск Соцыум

Аўтар: РУДАК Антон

Неўзабаве распачнецца новы турыстычны сезон. Куды з'ездзіць, што паглядзець, дзе адпачыць? Каляндар падзей і актуальныя маршруты па Беларусі презентавалі адмыслоўцы на прэс-канферэнцыі ў Мінску. 

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная новаму турыстычнаму сезону, пачалася з падвядзення вынікаў развіцця турызму за мінулы год. Намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме, начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Кацярына Нікіціна распавяла, што колькасць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў-грамадзян Беларусі летась склала прыблізна 1 млн 330 тыс. чалавек. Таксама нашу краіну наведалі 1 млн 400 замежных турыстаў. Агулам колькасць турыстаў у 2022 годзе ў параўнанні з 2021-м вырасла ў паўтара раза. 

Абрад "Чырачка"

Абрад "Чырачка"

Мінулы год прайшоў пад знакам паляпшэння турыстычнага заканадаўства ў адпаведнасці з новым Законам “Аб турызме” і Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці агра- экатурызму”. На 2023 год запланавана стварэнне сеткі турыстычных інфармацыйных цэнтраў. Яшчэ на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме даступны рэестр экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, які дазваляе падарожнікам хутка падабраць спецыяліста з адпаведнай падрыхтоўкай. Летась у краіне атэставалі 190 экскурсаводаў. 

Начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук адзначыла, што на інтэрнэт-партале арганізацыі змешчаны каляндар падзей на 2023 год, складзены ў тым ліку з удзелам Міністэрства культуры, дзе сабраны звесткі пра мерапрыемствы, якія могуць зацікавіць вандроўнікаў. Сярод іншага там прадстаўлены падзеі, звязаныя з традыцыйнымі абрадамі і нематэрыяльнай культурай. Цягам месяца мусяць пабачыць свет метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі экалагічных экскурсій, а таксама вынікі маркетынгавага даследавання па архітэктурных ансамблях і палацава-паркавых комплексах Беларусі. 

Намеснік генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва “Мінская праўда” Наталля Царыкевіч распавяла аб кнізе “Міншчына гасцінная”, выхад якой прымеркаваны да 85-годдзя ўтварэння Мінскай вобласці. Выданне ўтрымлівае інфармацыю аб найпапулярнейшых турыстычных аб’ектах рэгіёна. З дапамогай QR-кодаў, надрукаваных у кнізе, чытач можа даведацца больш пра турыстычны патэнцыял кожнага краю на сайтах раённых выканаўчых камітэтаў. 

МАРШРУТ ПАБУДАВАНЫ… НЕЙРАСЕТКАЙ

Начальнік аддзела турызму Упраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Алена Космач звярнула ўвагу, што ў рэгіёне актыўна развіваецца ваенна-гістарычны турызм, рэканструкцыі падзей Вялікай Айчыннай вайны ладзяцца ў Брэсцкай крэпасці і ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы ў Хаваншчыне Івацэвіцкага раёна. Значным аб’ектам зрабіўся і Косаўскі палацава-паркавы комплекс ХІХ стагоддзя, які адчыніў дзверы для наведвальнікаў у снежні мінулага года. 

Кіраўнік турыстычнага праекта “Спазнай Кобрын” Віктар Лагвіновіч расказаў аб перспектывах выкарыстання нейрасетак у сферы турызму. У рамках платформы Planet Guide распрацоўваюцца ўласныя нейрасеткі Color Pixel і Go Travel. Першая дазваляе рэстаўраваць старыя чорна-белыя здымкі, паляпшаць якасць і пераводзіць іх у колер. Старыя фота, ажыўленыя такім чынам, актыўна выкарыстоўваюцца на экскурсіях і дапамагаюць падарожнікам лепш уявіць, як выглядалі тыя ці іншыя мясціны ў мінулым. Сетка Go Travel, у сваю чаргу, дазваляе праводзіць аўтаматычны аналіз турыстычных мясцін і вызначаць прыярытэтныя напрамкі для арганізацыі экскурсій.

Косаўскі палацава-паркавы комплекс

Косаўскі палацава-паркавы комплекс

Загадчык сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы Віцебскага аблвыканкама Святлана Астаніна падкрэсліла, што ў рэгіёне распрацаваныя тры туры выхаднога дня: “Праз прызму дзесяцігоддзяў” пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, “Новы погляд на крокі гісторыі”, прысвечаны гістарычным славутасцям рэгіёна і яго выдатным асобам, і “Крокі гісторыі праз сучаснасць”, арыентаваны на дзяцей і моладзь, які заахвоціць іх да вывучэння гісторыі, культуры і эканомікі вобласці. 

СПАДЧЫНА ЖЫВАЯ І АДРОДЖАНАЯ 

Загадчык сектара турызму Упраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Ігар Назарчук распавёў пра традыцыі, якімі знакамітае Палессе. Да прыкладу, 16 лютага на Лоеўшчыне адзначылі Стрэчанне, што прыцягнула багата публікі, у тым ліку і з моладзі. А 26 лютага ў Тонежы Лельчыцкага раёна прайшоў абрад заклікання вясны “Чырачка”. На 16 мая запланаваны вясновы абрад “Юраўскі карагод” у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, на 21 мая — свята “Мядовы фальварак” у Сіманавічах Лельчыцкага раёна, на 25-га — абрады “Ваджэнне і пахаванне стралы” ў Веткаўскім раёне і “Провады русалкі” ў Вялікім Бары на Хойніччыне. Дарэчы, летась распрацавалі мабільны дадатак GOmel travel, які дапаможа турыстам сарыентавацца ў славутасцях Гомельшчыны і пабудаваць маршрут па іх. 

Намеснік начальніка Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева паведаміла, што распрацоўваецца агульнаабласны маршрут па колішніх яўрэйскіх мястэчках-штэтлах з усталяваннем інфармацыйных шыльд і стэндаў. У маі запланавана адкрыццё Палацава-паркавага комплексу Валовічаў другой паловы XVIII — пачатку XIX стагоддзя ў Свяцку Гродзенскага раёна. Акрамя таго, у 2022-м на Гродзеншчыне працягвалася рэстаўрацыя Гальшанскага, Крэўскага, Навагрудскага замкаў, Старога замка, брыгіцкага манастыра і колішняга палаца Агінскіх у абласным цэнтры, сядзібы Агінскіх у Залессі Смаргонскага раёна і царквы ў Мураванцы Шчучынскага раёна. 

АД СПОРТУ ДА КУЛІНАРЫІ 

Дырэктар дзяржаўнага камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Магілёў- аблтурыст” Алена Карпенка распавяла пра маршрут “Уздоўж вялікага шляху”, прызначаны для сплаву на байдарках альбо плытах па Дняпры і яго прытоках. Дарога ляжыць праз Магілёў, Шклоў і Бялынічы. У Мсціславе яшчэ адзін новы турыстычны маршрут дазволіць пазнаёміцца з яўрэйскай спадчынай раённага цэнтра, а ў Слаўгарадскім раёне можна паўдзельнічаць у майстар-класах па бортніцтве і прыгатаванні сыроў. Адмысловы маршрут, які ахоплівае Магілёў, Шклоў, Слаўгарад і Крычаў, прысвечаны эпосе Кацярыны ІІ, ролі імператрыцы ў гісторыі ўсходняга рэгіёна. 

Сапраўднай турыстычнай перлінай Магілёўшчыны мусіць зрабіцца Палацавапаркавы ансамбль Булгакаў у Жылічах, адкрыццё якога пасля рэстаўрацыі запланавана на красавік. У самім жа абласным цэнтры ладзяцца экскурсіі, прысвечаныя гарадскім легендам, гастранамічнай спадчыне, алімпійскаму руху і савецкаму перыяду гісторыі Магілёва, калі населены пункт ледзь не зрабіўся сталіцай БССР. Акрамя таго, падарожнікі могуць завітаць на экскурсію ў драматычны тэатр, на мясцовы вінзавод, дзе праводзіцца дэгустацыя налівак, на майстар-класы па прыгатаванні нацыянальных страў у Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій. 

Антон РУДАК