Думка наведацца ў Лагойскі раён нарадзілася падчас збору матэрыялаў для публікацыі “Купала і Манюшка. Што яднае творцаў” (гл. “К” № 23, 2022). І першым пунктам на мапе мы пазначылі сабе вёску Корань, дзе ў 1902 годзе быў пахаваны спярша бацька паэта Дамінік Луцэвіч, а праз паўгода малодшы брат Казімір. Праз тыдзень пасля Казіміра памерлі і дзве сястры Сабіна і Гэля. Хваробай, якая забрала жыцці дзетак, стала шкарлятына. З інфармацыі ў Сеціве было вядома, што магіла бацькі Янкі Купалы захавалася, а ягоны помнік тры гады таму быў падноўлены валанцёрамі. Знайсці могілкі аказалася даволі проста. Яны сустракаюць кожнага, хто едзе з боку Мінска, на падыходзе да вёскі. Размешчаны могілкі на пагорку, парослым старымі соснамі. Калісьці вакол могілак была агароджа, ад якой засталося некалькі слупоў з бутавага каменю. Каб знайсці патрэбную магілу, трэба прайсці праз старую гатычную браму і па прамой узняцца на самую вяршыню пагорку. Там, пад трыма старымі соснамі, і прытуліўся помнічак, на якім замацаваныя металічныя табліцы з надпісам “Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч 1846—1902 гг. Бацька Янкі Купалы”. Над тэкстам змешчаны барэльеф. Дарэчы, пра тры сасны, дзве з якіх моцна зрасліся. Ці не былі яны высаджаныя гадоў 40-50 таму на ўспамін пра дзяцей Дамініка Луцэвіча?

Хоць і было бачна, што час ад часу на магілу Луцэвіча наведваюцца людзі, але здараецца гэта, пэўна, не так ужо і часта. Бо помнік ужо бадзёра пачаў зарастаць крапівой і сніткай. Каб вызваліць яго з палону, спатрэбілася каля дзвюх гадзін нетаропкай працы, якая перамяжалася невялічкімі экскурсіямі па могілках. Аказалася, што зусім непадалёку было некалькі пахаванняў людзей, забітых або спаленых у 1944 годзе. На таблічках сціплых крыжоў не было імёнаў. Толькі лічбы — 12, 13 чалавек. Самі ж месцы брацкіх магіл, на жаль, не выглядалі дагледжанымі. Сустракаліся і паасобныя сямейныя пахаванні ахвяр вайны, з імёнамі, датамі і сучаснымі помнікамі. Здзівіла немалая колькасць помнікаў ХІХ стагоддзя, на якіх былі толькі выявы крыжа і дата смерці. Як і на кожных старых могілках, шмат было і перакуленых, напаўзасыпаных старых надмагілляў (прыйшлося трошкі папрацаваць і тут). Напрыканцы талакі на магіле бацькі Янкі Купалы быў запалены зніч, святло ад якога высвеціла ў прыцемку пачатак сцяжынкі адной загадкі.

ЦВІНТАР ЦІ МОГІЛКІ?

Канцавым пунктам у той дзень на мапе было пазначана Селішча: месца, дзе ў 1902 годзе як арандатары жылі Луцэвічы і ад якога да вёскі Корань было больш за 20 кіламетраў. Мы вырашылі прайсці ўсю гэтую дыстанцыю пехам. Прайсці тым маршрутам, якім 120 год таму тройчы прайшоў Янка Купала. Па дарозе мы нагналі мясцовага жыхара, які рухаўся ў тым жа кірунку. Павіталіся з ім, і… свет перакуліўся. Бо аказалася, што хоць і прарабіў гэты чалавек усё жыццё кіроўцам, але меў талент краязнаўцы. Даведаўшыся, што мы прыехалі на магілу бацькі Купалы, распавёў вось такую гісторыю. Здаўна ў цэнтры вёскі стаяў драўляны касцёл. У 1960-х тагачасныя ўлады вырашылі знесці тое, што яшчэ заставалася ад касцёла св. Антонія (пабудаваны ў 1605-м, спалены ў 1943-м). Знеслі. А разам з гэтым спляжылі тэхнікай стары цвінтар (могілкі пры касцёле), на якім сотні год хавалі сваіх сваякоў мясцовыя жыхары і дзе былі пахаваны сваякі Янкі Купалы. Каменныя помнікі перавезлі ды паскідалі каля агароджы могілак (сённяшніх). Ці былі перавезены астанкі Луцэвічаў на новае месца на пагорку сённяшніх вясковых могілак, спадар Юзаф (1948 г.н.) не змог адказаць дакладна.

Здумленне, якое апанавала нас пасля гэтай размовы, так запаволіла нашу хаду, што ў Селішча ў той дзень мы не патрапілі, хоць убачылі іншыя знакавыя купалаўскія мясціны. Праз тыдзень мы ізноў наведаліся ў Корань. Удалося паразмаўляць з мясцовай жыхаркай спадарыняй Галінай (1938 г.н.). Размова адбылася акурат на месцы, дзе ў свой час стаяў касцёл. Адзінае, чым адрозніваўся яе расповед ад слоў згаданага вышэй спадара Юзафа, — тое, што яна памятала могілкі і каменныя помнікі значна лепей, бо мела на той момант больш за 20 год. А на пытанне, ці былі перанесеныя магілы бацькоў Янкі Купалы на іншае месца, яна проста і шчыра: “Якое там…”

НЯЎЖО КЕНАТАФ?

Пытанні, якія паўсталі пасля гэтых размоў у дарозе, простыя: дзе спярша былі пахаваныя Луцэвічы (цвінтар ці вясковыя могілкі) і ці адбыўся падчас зносу цвінтара перанос іх парэшткаў на вясковыя могілкі? Ні ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, ні ў яго філіяле “Акопы” (вёска Харужынцы Лагойскага раёна) пра перанос магілы ніхто нічога пэўнага адказаць нам не змог. Аказалася, што і магілай, акрамя вандроўнікаў і мясцовых “валанцёраў”, ніхто не апякуецца. Згадаліся мне берлінскія могілкі і магіла сына кампазітара Іагана Себасцьяна Баха. На ёй ляжаў прыгожы керамічны знак, што азначаў, што магілай апякуецца горад.

Дапамог зварот у Сеціве. Ігар Гатальскі, мінскі краязнаўца і першаадкрывальнік каменнага крэсла Дамініка Манюшкі ў Радкоўшчыне (аб ім мы ўжо таксама пісалі), даслаў мне публікацыю “Невясёлыя абразкі з Лагойшчыны. Пра магілу Дамініка Луцэвіча”, якая выйшла яшчэ ў 1994 годзе ў часопісе “Роднае слова”. Аказваецца, амаль 30 гадоў таму падобнае пытанне ўжо хвалявала грамадскасць. Аўтар публікацыі —ураджэнец вёскі Корань, былы настаўнік і былы загадчык Кораньскага дома культуры, перакладчык і краязнаўца Уладзімір Палупанаў. Вядомы ён яшчэ і як адраджэнец фэсту ў гонар св. Антонія (які, дарэчы, 13 чэрвеня чарговым разам пройдзе ў вёсцы).

У публікацыі гаварылася, што бацька Янкі Купалы, хоць і правёў жыццё ў вандроўках па арэндных “кватэрах”, усё ж паходзіў са шляхты. Таму вельмі хацеў, каб яго пахавалі як шляхціча. Дзякуючы дапамозе суседа Зыгмунта Чаховіча, труну Дамініка Луцэвіча прывезлі з Селішча на калясцы, запрэжанай чатырма коньмі. Пахавалі яго з правага боку ад капліцы (таксама знесена). Дзяцей пахавалі каля яго. А пазней маці Купалы, Бянігна Іванаўна Луцэвіч, паставіла на магіле помнік. Дзе сёння той помнік, пэўна, не ведае ніхто. А месца, дзе ён стаяў і дзе сапраўдная магіла, ведаюць толькі лічаныя адзінкі. І яно ніякім чынам не абазначанае. А вось помнік на “магіле” на горцы вясковых могілак паставілі “нейкія людзі з Мінска” ў 1982 годзе. Папярэднічаў яму часовы знак з тым жа тэкстам, толькі на рускай мове. У 1990-х ён захоўваўся ў Доме культуры, пабудаваным на старых могілках…

Напрыканцы мне б хацелася звярнуцца да чытачоў “К” з просьбай дапамагчы любой інфармацыяй, датычнай акрэсленага пытання.

Сёлета ўся Беларусь рыхтуецца адзначыць 140-ю гадавіну з дня нараджэння Янкі Купалы. І думаецца, было б варта годна ўшанаваць памяць яго блізкіх памятным знакам пры ДК вёскі Корань.

Зміцер ЮРКЕВІЧ