Калі паралелі перасякаюцца

Ёсць у сталіцы Беларусі, у знакамітай Лошыцы, калі глядзець на карту Ленінскага адміністрацыйнага раёна, своеасаблівы квадрат імёнаў людзей, якіх аб’ядноўвае не толькі месца нараджэння на нашай зямлі, але і творчае жыццё, прысвечанае роднай Бацькаўшчыне. 

Умоўны квадрат гэты ўтвараюць вуліцы, названыя ў гонар гісторыка, паэта, краязнаўцы Уладзіслава Сыракомлі, жывапісца, графіка, скульптара пісьменніка, фалькларыста, этнографа і археолага Язэпа Драздовіча, пісьменніка-этнографа, публіцыста, літаратурнага і тэатральнага крытыка, папулярызатара народнай культурнай спадчыны беларусаў Паўла Шпілеўскага, а яшчэ — паэта, драматурга, мастака, грамадскага дзеяча пачатку ХХ стагоддзя Каруся Каганца. 

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, чырвоны дзень якой 7 лістапада і па сёння з’яўляецца ў нашай краіне дзяржаўным святам, Карусь Каганец пражыў толькі сем няпоўных месяцаў. У адносінах да яго прынамсі ці не ва ўсіх гістарычных крыніцах пазначана, што ён з’яўляецца родзічам вядомага французскага паэта Гіёма Апалінэра. Акцэнты відавочна прыпадаюць не на Каруся. Не прыніжаючы годнасці Гіёма, асабіста мне замест абстрактнага родзіча хацелася б напісаць так: Апалінэр з’яўляецца дваюрадным пляменнікам сённяшняга героя гэтага аповеду. 

І ўсё ж я хачу не тое каб паспрачацца з энцыклапедычнымі і публіцыстычнымі крыніцамі. А проста дадам, што Карусь Каганец быў яшчэ празаікам, перакладчыкам, скульптарам, графікам, рысавальшчыкам, фалькларыстам, этнографам, мовазнаўцам і сапраўдным народным рэвалюцыянерам. Паводле Максіма Гарэцкага, “Каганец па сваім нацыянальным беларускім народніцкім рамантызме належыць да часу Багушэвіча, а стаіць у гэтым часе зусім самабытна, арыгінальна, па-за ўсякімі ўплывамі і перайманнямі; тут ён народнік і рамантык-адраджэнец”. 

Яшчэ ў 2011 годзе я пісаў пра лёс Каруся Каганца ў газеце “Культура”. Але цяпер, калі неўзабаве надыдуць дзве круглыя даты ў яго біяграфічным летапісе, не пашкодзіць нагадаць некаторыя мала вядомыя для новага чытача факты. Тым больш што налета споўніцца 155 гадоў з дня яго нараджэння (10 лютага па новым стылі) і 105 гадоў з дня смерці (20 мая). 

ПІЛІГРЫМЫ ЛЁСАЎ 

Але цяпер усё ж вярнуся ў гісторыю роду Кастравіцкіх... 

У сямейных паданнях бываюць такія дзіўныя метамарфозы, што часам усё здаецца прыдуманым кімсьці чароўным міфам ці проста фантастычнай выдумкай. Вось, скажам, жывуць на свеце два чалавекі: адзін — беларус, другі — італьянец, які стаў французам. Прычым людзі вельмі непадобныя між сабой. Гавораць на розных мовах, нарадзіліся ў розных краінах, пражылі даволі мала: адзін — 50 гадоў, другі — 38 — і пайшлі ў іншы свет у адзін год. Аднак лёсы абодвух гэтых пілігрымаў жыцця падобныя — і па драматызме біяграфій, і па шматграннай палітры інтэлектуальных інтарэсаў і творчых захапленняў, і па шматлікіх няздзейсненых надзеях і марах. Абодва расставілі ў жыцці столькі кропак, што яны ператварыліся ў шматкроп’і і пытальнікі. І лёс іх літаратурнай спадчыны пасля смерці абодвух у 1918-м падобны: першы поўны збор твораў аднаго быў выдадзены толькі ў 1956 годзе (Парыж), другога — у 1979-м (Мінск). 

Але, што цікава, адзін аднаго ніколі не ведаў, хаця кожны з іх — з аднаго і таго ж роду-племені. Гаворка ідзе пра Казіміра Рафала Карлавіча Кастравіцкага (Каруся Каганца) і французскага паэта-рэфарматара, пісьменніка, журналіста, літаратурнага і мастацкага крытыка, ідэолага кубізму, вынаходніка тэрміна “сюррэалізм”, яркага лідара еўрапейскага авангарда новага часу Вільгельма Альберта Уладзіміра Аляксандра Апалінарыя дэ Вонж-Кастравіцкага, вядомага ў Францыі і далёка за яе межамі пад псеўданімам Гіём Апалінэр. 

Казімір Кастравіцкі, які назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры і мастацтва пад псеўданімам Карусь Каганец, хаця і не быў такім вядомым у свеце, як яго знакаміты дваюрадны пляменнік Гіём, але атрымаў прызнанне сваіх землякоў-пасіянарыяў — Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Алеся Гаруна, Уладзіслава Галубка...

АДЗІН КОРАНЬ — ДВА СТВАЛЫ 

Разумею здзіўленне тых, хто зараз чытае ўсё гэта. Тых, хто быў не ў курсе справы па пытаннях “патаемных спружын” сваяцкасці дзвюх такіх розных асоб. Але гэта зразумела: практычна ўсе былыя і сённяшнія біёграфы Апалінэра лічаць яго напалову палякам, напалову італьянцам ці нават рускім. Насамрэч радаводнае дрэва беларусаў Кастравіцкіх пачынаецца ў ВКЛ з XVст. на Гродзеншчыне ды Міншчыне. Пра гэта я падрабязна пісаў у сваім матэрыяле пра Каганца, таму паўтарацца не буду. 

Скажу толькі, што род Кастравіцкіх, якія жылі непадалёк ад Койданава (цяпер Дзяржынск Мінскай вобласці) у вёсцы Вялікія Навасёлкі — прыкладна ў 50 кіламетрах ад Мінска, да сярэдзіны пазамінулага стагоддзя быў заможны. Але ў выніку розных складаных жыццёвых метамарфоз збяднеў. І ў рэшце рэшт Караль (Карл) Самуілавіч Кастравіцкі, бацька будучага паэта, валодаў толькі фальваркам Навасёлкі на гэтай самай Койданаўшчыне. Ён, гарбаты ад нараджэння, быў высокаадукаваным чалавекам, добра ведаў музыку і меў агранамічную адукацыю. І ўсе гэтыя якасці перайшлі і да яго малодшага сына Казіка. Маці Каруся Каганца — Алена (Гелена) Тадэвушаўна Свентаржэцкая — паходзіла з багатай беларускай сям’і. Ажаніліся яны, калі Карлу было 40 гадоў, а Алене — 19. Ды ўсё ж самае галоўнае ў лёсе сям’і Кастравіцкіх здарылася ў другой палове пазамінулага стагоддзя. У 1863-м тры браты Кастравіцкія — малодшы Карл, Казімір і старэйшы Міхаіл-Апалінарый, які служыў у рускай арміі, — сталі паўстанцамі. Пасля паразы паўстання Казіміра і Карла арыштавалі, судзілі і саслалі ў сібірскі Табольск. Усе ўладанні Кастравіцкіх былі канфіскаваныя, акрамя аднаго фальварка з шасцю сялянскімі дварамі, якія спрадвеку належалі Алене Свентаржэцкай. За Карлам у далёкую ссылку выправілася шляхам дзекабрыстак і яго любая Алена. 

Але Міхаілу Апалінарыю з жонкай-італьянкай Джуліяй Фларыяні (па некаторых крыніцах — жыла ў Наваградку) і пяцігадовай дачкой Ангелікай удалося тайна перайсці мяжу і эмігрыраваць у Італію. Прайшло 16 гадоў, і 25 жніўня 1880 у Рыме Ангеліка (г. зн. стрыечная сястра Каруся Каганца) нарадзіла хлопчыка. І адразу ж пасля выхаду з радзільнага дома пакінула яго на вулічнай узбочыне. Дзіцяці пашанцавала: яго выратавала нейкая італьянская сям’я. Хацела ўсынавіць. Але 2 лістапада аб’явілася збянтэжаная сапраўдная маці і запатрабавала вярнуць сына. Вярнулі. Вось з такімі прыгодамі ўвайшоў у белы свет будучы французскі паэт-авангардыст Гіём Апалінэр. Ну а хто быў яго бацькам, дакладна невядома. 

...У Табольску 10 лютага 1868 года ў Карла і Алены нарадзіўся сын Казімір. Да яго ў сям’і з’явіліся Стась, Амброзій і Дося і ўжо ў Беларусі — Маня. Што і казаць, не вельмі проста было накарміць і выхаваць такую кампанію... Я згадваў у мінулым артыкуле пра тое, што шмат рознага гора перажыў і сам Казік. Яно ўзмацнялася тым, што ён быў таксама гарбаты і балюча ўспрымаў калецтва. Яго гарбатасць не была прыроджанай, як у бацькі, а з’яўлялася выпадковасцю: у Табольску малы Казік вываліўся з высокага акна на вуліцу, і гэта яго пакалечыла, а ўжо дома на Беларусі, у вёсцы Засулле, таксама выпадкова абваліў цяжкія весніцы на сябе, і гэта давяршыла першы няшчасны выпадак. 

У 1874 годзе з вялікімі намаганнямі члены сям’і Кастравіцкіх атрымалі дазвол вярнуцца на Радзіму. Прыехаўшы дадому, у Навасёлкі, яны даведалася, што частка іх маёнтка даўно разбазараная. Таму бацькам давялося шукаць прытулак на Стаўбцоўшчыне, у сваякоў, у вёсцы Засулле, а потым перабрацца ў вёску Прымагілле (Яцкі) Мінскага павета — каля Койданава. У гэтым рэгіёне і прайшло дзяцінства Казіміра. 

“ФІГУРНЫЯ” КЛАСЫ ШУКАННЯЎ 

Так здарылася, што неўзабаве па вяртанні з Табольска галава сям’і Карл Самуілавіч Кастравіцкі раптоўна памёр за шклянкай гарбаты ў сваіх знаёмых. Не вытрымала змучанае ссылкай сэрца. Дзецям неставала сродкаў для існавання, таму Казік зарабляў сабе і родным на хлеб і малако тым, што больш за пяць гадоў прапрацаваў у мясцовага пана пастушком. 

Першапачатковую адукацыю Казімір Кастравіцкі атрымаў дома. Ва ўсякім разе, навучыўся грамаце і азам малявання. У 11 гадоў паспрабаваў паступіць у гімназію, але няўдала. Затое ў пачатку 1880-х юны Казімір быў залічаны ў толькі што адкрытае Мінскае рэальнае вучылішча, якое тады размяшчалася ў доме № 107/9 на рагу Захар’еўскай і Паліцэйскай вуліц. Там былі цудоўна абсталяваны рысавальны кабінет і добрая бібліятэка, якія для Казіміра сталі любімымі месцамі для работы і баўлення часу. Мабыць, менавіта тут і прачнулася ў ім жаданне стаць сапраўдным мастаком. 

Адтуль, з Мінска, шлях Казіміра ляжаў у Маскву. На вуліцы Мясніцкай яго чакала знакамітае Вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Гэтае вучылішча ў сярэдзіне 1890-х было ператворана ў вышэйшую навучальную ўстанову, дзе вучні мелі той жа статус, што і студэнты Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу. 

Падрабязнасцей вучобы Казіміра ў вучылішчы не захавалася. Але, думаю, ён вучыўся разам са сваім равеснікам Канстанцінам Клотам (унукам знакамітага Пятра Клота) у акадэміка Сяргея Іванова і, магчыма, у Ганны Галубкінай, якая разам з Сяргеем Канёнкавым увяла ў практыку студэнтаў-скульптараў работы па дрэве. Бо менавіта ў дрэве Кастравіцкі дзесьці на другім курсе “фігурнага” класа выразаў галаву Івана Жахлівага, якая экспанавалася на студэнцкай выставе разам з фігурай “Тарас Бульба” залатога медаліста К. Клота. Усё пачыналася добра: Кастравіцкі атрымліваў “па культуры першыя нумеры” — такая паметка стаіць на хадайніцтве вучня аб вызваленні яго ад платы за навучанне. У пасведчанні, якое было выдадзена яму ў 1890 годзе, гаворыцца, што на скульптуры ён займаўся вельмі паспяхова.

Тым не менш вучылішча Казімір не скончыў і звання класнага мастака не атрымаў. Чаму? Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што ён пакінуў вучылішча праз матэрыяльныя праблемы. Але ж вучыўся Казік за казённы кошт на выдатна. Відаць, прычыны іншыя. Факт, што вырашыў пакінуць Маскву і махнуць у Пецярбург у Цэнтральнае вучылішча мастацтва і рамёстваў. Але, як сцвярджаюць біёграфы, не вытрымаў вільготнага клімату і вярнуўся на радзіму. У красавіку 1899 года ўсё скончылася вяселлем 30-гадовага Казіміра Кастравіцкага і Ганны Канстанцінаўны Пракаповіч і пераездам маладой сям’і на Койданаўшчыну — ва ўрочышча Лісіныя Норы. 

А прыкладна ў гэты ж час яго далёкі родзіч Гіём Кастравіцкі ўпершыню закахаўся ў 17-гадовую мадмуазэль Лінду Маліна да Сільва. Але нічога добрага, у адрозненне ад Казіміра, з гэтай любоўнай гісторыі не выйшла. Затое ў Казіміра ўжо — аж чацвёра дзяцей. Але гэта будзе потым... 

НАСТРОЙ НА РЭВАЛЮЦЫЮ 

Новая старонка жыцця Каганца пачалася пасля маскоўска-пецярбургскай мітусні: ён уступіў на шлях рэвалюцыйнага народніцтва ў пачатку 1900-х гадоў. Захаваўся рэферат Каганца на так званы Калядны сход Беларускай сацыялістычнай грамады. У ім, у прыватнасці, ёсць такія словы: “Шмат хто з цяперашніх інтэлігентных юнакоў на пытанне, да якой народнасці яны сябе далучаюць, адказваюць, што яны людзі, — вышэй за ўсякую народнасць... Па-мойму, адракаюцца ад свае народнасці толькі тыя людзі, што не маюць сумлення”. 

А тым часам урочышча Лісіныя Норы прыйшлося пакінуць, бо зямлі для гаспадаркі не хапала. І Казімір пайшоў служыць у мінскую чайную, дзе разгарнуў шырокую рэвалюцыйную прапаганду. Гэта быў дом Х. Дваржэца на вуліцы Губернатарскай, 32 (зараз вуліца Леніна), у якім працавала друкарня, дзе выдаваліся творы В. Дуніна-Марцінкевіча і У. Сыракомлі, а таксама чайна-кафейная забягалаўка М. Якаўлева. У чайной Казімір доўга не пратрымаўся, і гэта зразумела: хутка яго звольнілі як палітычна ненадзейнага. Пасля некаторых жыццёвых перыпетый ды калізій наш герой паступіў на працу аканомам у Таварыства дабрачыннасці, якое належала ведамству праваслаўнага веравызнання. Тут праслужыў два гады, працуючы адначасова над нацыянальнай і сацыяльнай свядомасцю гарадскога люду. Нават арганізаваў невялічкі беларускі хор і аркестр. 

Але і тут няўдача: хутка палітычна ненадзейны Казімір Карлавіч страціў працу ў Таварыстве і пэўны час зарабляў на хлеб сабе і родным разьбой па дрэве і малюнкамі. І думаю, што адпаведных заказаў у таленавітага мастака было дастаткова для часовага забеспячэння сям’і. Пазней будаваў у Лідзе чыгунку на пасадзе дзясятніка. І, канешне, пісаў вершы, артыкулы, апрацоўваў нацыянальны фальклор, складаў унікальны “Беларускі лемантар” (буквар). Давялося папрацаваць і ляснічым на Ігуменшчыне ў графа Патоцкага, але альбом, аловак і пэндзлік не пакідаў. 

АД АДСЕДКІ —ДА АДСЕДКІ 

Зімой 1905 года Каганец арганізаваў шматлюдны антыцарскі мітынг на Койданаўшчыне і быў арыштаваны. Паслухайце, да чаго Каганец заклікаў беларусаў — і ў сваіх выступленнях, і ў сваіх вершах: “...А ведаеце тое, што мова наша калісь слаўнай была... Ведайце, што спамеж вас больш, як спамеж другіх народаў славянскіх, слаўных людзей выходзіла даўней і цяпер выходзіць і розумам і ваеннымі заслугамі”. 

Амаль паўгода Карусь адседзеў у мінскай Пішчалаўскай турме па вуліцы Серпухоўскай. Але яшчэ да суда быў выпушчаны на парукі да пары, калі гэты суд не адновіцца. Дзіўна, але таго аднаўлення “законапаслухмянаму” Каганцу давялося чакаць цэлых пяць гадоў! У камерах тады можна было пісаць, рысаваць і перапісвацца з роднымі. І нават ляпіць. Аднак яму вельмі перашкаджалі нязменныя хваробы. 

У канцы 1909 года Каганец апынуўся ў Вільні. Хтосьці запрасіў яго выкладаць жывапіс і малюнак у рамеснай школе для бедных дзяцей пры касцёле Святога Сцяпана. Тут Каганец, між іншым, стварыў афарбаваную ў белы колер метровую драўляную скульптуру — укрыжаванне Хрыста з ручніком ля пояса, аздобленым беларускім народным арнаментам. І толькі галава ў прыгожа завітым калючым вянку — бурага колеру. Хрыстос у Каганца, па ўспамінах сучаснікаў, вельмі нагадваў улюбёны тыпаж беларуса ў яго графічных партрэтных рысунках. 

А яшчэ раней у творчай біяграфіі Каганца быў невялічкі барэльеф са слановай косці, зроблены ім у турме ў час першай адседкі. Мастак Міхаіл Пятровіч Станюта, знаёмы з Карусём з 1909 года, мне расказваў, быццам гэты твор хтосьці купіў прама на вуліцы Серпухоўскай, каля турэмных варот, адразу калі Каганец выйшаў з заключэння, як гаворыцца, яшчэ “свежанькім”. Тэма барэльефа — размова ля плота хлопца ў кашулі з дзяўчынай у беларускай спадніцы. Плот — у садовых кустах, а за ім — стылізаванае дрэва. У левым ніжнім кутку барэльефа надпіс: “К. К. 1910 л.” 

Дарэчы, менавіта на варотах Пішчалаўскай турмы ў канцы лютага 1906-га быў павешаны Іван Пуліхаў, эсэр-терарыст, які рабіў замах на мінскага генерал-губернатара Паўла Курлова. Ці быў знаёмы Каганец з Пуліхавым, невядома, але пакаранне смерцю адбылося менавіта ў той час, калі да мая таго ж года паэт тут чакаў суда. 

Ад смутку, дэпрэсій і хвароб Каганца выратоўвала творчая і асветніцкая дзейнасць. Сапраўды так. Вось што пісала пра яго Паўліна Мядзёлка, вядомая актрыса і блізкая сяброўка Янкі Купалы: “Нізенькі, гарбаты, ён меў непрыгожы выгляд. А ў празрыстых, бы крынічная вада, вачах — уся душа гэтага чалавека. Столькі дабраты, столькі пяшчоты, пранікнёнасці, столькі яснага, спакойнага ззяння ў іх!” 

2 красавіка 1910 года Каганец па старой справе 1905-га быў усё ж асуджаны Віленскай судовай палатай на адзін год зняволення і змешчаны ў тую ж самую мінскую турму, дзе тры гады таму сядзеў Алесь Гарун перад адпраўкай на катаргу ў далёкую Сібір. Побач, у суседняй камеры, — Якуб Колас, які, нягледзячы на турэмныя жорсткія ўмовы, працаваў над “Новай зямлёй”. У лісце з турмы да жонкі (ад 17 снежня 1910 г.) Каганец піша: “Маляваць я маляваў усё найбольш беларускія тыпы. Ажно два малюнкі з турэмнага жыцця, а то нарысаваў 12 рысуначкаў Якубу Коласу да яго твораў…” Дарэчы, калі Каганец у 1906-м выйшаў з турмы, адно з беларускіх выдавецтваў Пецярбурга (гаворка пра суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”) заказала ў яго малюнкі для сваіх выданняў, а праз тры гады — вокладку да кніжкі Я. Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. 

А тым часам, калі працягваць тэму жыццёвых “паралелей лёсаў”, Апалінэр таксама трапляе ў турму па падазрэнні ў крадзяжы з Луўра “Джаконды” Леанарда да Вінчы. І хаця нарэшце быў вынесены апраўдальны прысуд, паэт доўга не мог адысці ад спалоху. 

З ПЭНДЗЛЕМ НЕ РАССТАВАЎСЯ 

Увогуле ў 1920-я гады сучаснікі лічылі Каганца піянерам новага самабытнага нацыянальнага мастацтва: менавіта яго творчасць паклала пачатак беларускаму выяўленчаму мастацтву ХХ ст. Калі ў галіне літаратурнай ён быў адным з першых, то ў галіне мастацкай — адзіным, бадай, і выключным пачынальнікам новага ў ёй. 

На Першай Усебеларускай мастацкай выставе 1925 года экспанавалася шмат твораў Каганца, якія, як мне ў 1972 годзе незадоўга да смерці расказваў той жа Міхаіл Станюта, сваёй “беларускасцю” вельмі прыцягвалі ўвагу гледача. Па яго словах, у экспазіцыі дэманстраваліся станковыя творы Каганца “Беларускі пейзаж” і кампазіцыя “З сялянскага жыцця”, а таксама больш за 20 малюнкаў тушшу. Усе яны, хаця і аднаго невялічкага памеру, вельмі разнастайна паказвалі беларускую прыроду і побыт. У гэтым шэрагу — карціна “Беларускі лірнік”: сяляне ў белых доўгіх кашулях і лапцях сядзяць на прызбе і слухаюць горкія песні пра долю народную сляпога музыкі. А яшчэ — трапяткі бусел над гняздом з бусляняткамі, жабракі, якія адпачываюць ля прыдарожнага распяцця, і земляроб з плугам, той самы селянін, пра якога аўтар пісаў: “Мы працуем бо праз меру, // Ды шчасця не відзім...” 

Рэшта рысункаў — толькі нататкі і накіды, якія сведчылі аб тым, што ў мастацкай галіне Карусь Каганец амаль усебакова імкнуўся адлюстроўваць жыццё простага беларуса і беларускую прыроду. Магчыма, сёння гэта гучыць неяк банальна. Але ў тыя часы, калі на парадак дня выходзіла пытанне барацьбы за права беларусаў людзьмі звацца, мастацкія і літаратурныя творы Каганца, як і паэзія Купалы, Коласа, Цёткі, мелі выключную значнасць. 

А яшчэ Каганец зрабіў шмат праектаў арнаментальных аздобаў для гліняных вырабаў, вокнаў, лавак, сталоў, колаў, паліц, шафаў, начовак, сякер і самых розных іншых рэчаў. Дробязь? Не! Казімір Карлавіч хацеў аздобіць усё тое, чым карыстаецца беларус. I вядома шмат розных ужытковых рэчаў, зробленых і аздобленых ім самім: ночвы, асадкі, настольныя скрыначкі і іншыя. 

А што да Апалінэра, то пасля выхаду з турмы ў яго ўсё як бы наладжваецца. Ён падрыхтаваў выпуск свайго першага паэтычнага зборніка “Алкаголі”, куды ўвайшлі вершы розных гадоў, а франтыспіс кнігі быў упрыгожаны кубістычным партрэтам аўтара — работы сябра і аднадумца Пабла Пікаса. Да гэтага перыяду адносіцца і адзін з найлепшых вершаў паэта — “Мост Мірабо”. 

Тым часам Каганец пасля апошняга вызвалення з турмы перабраўся ў Мінск да сястры Мані. Там жа марыў трошкі ачуняць ад хваробы і з новымі сіламі ўзяцца за паэзію, драматургію, публіцыстыку, мастацтва, апрацоўку беларускага фальклору, народных легенд, песень. А каб не сядзець на шыі сястры, уладкаваўся на працу ўпраўляючым у нейкага пана Копаця ў фальварку Жортай Барысаўскага павета Мінскай губерні (прыкладна 100 км ад Мінска). Там з вясны 1912 года Каганец прабудзе да 1917-га, пасля чаго выбіраецца на родную Койданаўшчыну. Адтуль пасля Лютаўскай рэвалюцыі — пехатою ў Мінск, дзе сустрэўся са Змітраком Бядулем. “У яго быў выгляд імянінніка: радасны, бадзёры, хоць яму было ўжо за 50 гадоў, — успамінаў Бядуля. — Вось цяпер надышоў час і нам, беларусам, працаваць”. 

*** 

20 мая 1918 года Карусь Каганец у адзіноце памёр у хаце ад сухотаў у фальварку Лісіныя Норы ў Прымагіллі. Выдатны беларус быў сціпла пахаваны ў вёсцы Навасёлкі, але на развітанне з ім ні жонка, ні дзеці, ні браты, ні сёстры, ні сябры не прыехалі. Не ведалі, ці што? Але праз колькі дзён практычна ўсе беларускія газеты змясцілі словы жалобных спачуванняў. 

Яго пахавалі ў былым маёнтку продкаў Кастравіцкіх — Навасёлках, на простым дзірвановым бугорчыку бліз колішняй каплічкі-ўсыпальні прадзедаў-дзядоў, з роду якіх выйшлі выдатны беларус Карусь Каганец і выдатны “француз” Гіём Апалінэр. Амаль чатыры дзесяцігоддзі на магіле Каганца не было ні крыжа, ні нават памятнага знака. Доўгі час яна лічылася згубленай. Толькі ў 1960-я гады яе знайшоў мясцовы настаўнік гісторыі Леанід Ермаловіч і дабіўся таго, каб прывесці магілу ў належны стан. 

Апошняя містычная паралель у лёсах Кастравіцкіх вельмі журботная. Праз паўгода пасля смерці Каганца, 9 лістапада 1918-га, Гіём Апалінэр, заразіўшыся грыпам-іспанкай, у сваім доме 202, бульвар Сен-Жэрмен, пайшоў з жыцця. На могілках ПэрЛашэз з паэтам развітваліся тысячы парыжан пад гукі ваеннага аркестра... 

Праз 10 гадоў пасля смерці Гіёма па прапанове Пабла Пікаса быў створаны арыгінальны гранітны помнік-менгер у выглядзе груба апрацаванай вертыкальнай каменнай глыбы з контррэльефным крыжам на паверхні. І надпіс: Гіём Апалінэр дэ Кастравіцкі — з датамі нараджэння і смерці. 

А на магіле Каруся Каганца помнік быў устаноўлены толькі праз 70 гадоў пасля яго адыходу ў іншы свет. Скажу так: справядлівасць у адносінах да памяці Каганца ўсё ж узяла верх. Я маю на ўвазе рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 ліпеня 2004 года, паводле якога новай вуліцы Мінска было нададзена імя Каруся Каганца. Пяць гадоў таму да 150-годдзя з дня яго нараджэння быў выпушчаны канверт з адлюстраваннем партрэта паэта і мастака з вокладкамі ягоных кніг. 

Барыс КРЭПАК