Свет змяняецца, а песня застаецца

Апублiкавана: 12 красавiка 2023 Стужка Музыка Мінск

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

Свет імкліва лічбавізуецца і сыходзіць у анлайн-прастору. І калі для шматлікіх айцішнікаў ды фрылансераў гэта прыемны паварот, то для работнікаў культуры… Абмяркуем супярэчлівую тэму з маладымі вакалісткамі — студэнткамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Нядаўна Крысціна Арлоўская, Таццяна Ступакова і Ульяна Урбановіч сталі лаўрэатамі V Міжнароднага конкурсу маладых спевакоў памяці народнай артысткі Расіі Галіны Аляксееўны Пісарэнка. Спаборніцтва праходзіла ў Ніжнім Ноўгарадзе, і дзяўчаты ўдзельнічалі дыстанцыйна. 

ПЕРАЕМНАСЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ 

Людзі мастацтва часта вызначаюць свой шлях у раннім дзяцінстве. Можа, таму і дасягаюць поспехаў? Справа не ў прыхаваным таленце, а ва ўпартасці і штодзённай працы над майстэрствам? 

Нашы гераіні выйшлі з музычных сем’яў — для спявачак лагічным было працягнуць традыцыю, закладзеную старэйшымі. 

Цётачкі Крысціны выпусцілі ўласны альбом сямейных песень, і дзяўчынку з маленства атачалі галасы неверагоднай прыгажосці. 

— І мама працуе ў музычнай сферы, таму заўсёды хацела, каб яе дзіця “было ў музыцы”. Зрэшты, нашы жаданні супалі, і вось я ўжо першакурсніца БДАМ, лаўрэат некалькіх міжнародных конкурсаў, — усміхаецца маладая спявачка. 

Таццяна таксама расла ў атмасферы творчасці. Яе бабуля была піяністкай, дзядуля граў на гармоніку, а мама і тата займаліся вакалам. 

— Было нескладана працягнуць лінію, якая ідзе праз пакаленні. І ўсё ж памятаю момант, калі і я, і бацькі зразумелі, што музыка — гэта па-сапраўднаму маё. Мне было пяць гадоў, калі я перад досыць вялікай аўдыторыяй выканала “Ад усмешкі стане ўсім святлей”, — згадвае дзяўчына. 

Ульяна таксама не сумнявалася, што будзе спяваць. Яе тата — настаяцель храма Жыровіцкай іконы Божай Маці горада Бярозаўкі, мама — рэгент хору. 

— Бацька ў вольны час не выпускае з рук гітару, а мама, колькі сябе памятаю, ладзіла канцэрты нядзельнай школы, дзе я і выступала, — распавядае гераіня. — Наогул, складаецца дынастыя: сястра скончыла бакалаўрыят нашай акадэміі і цяпер вучыцца ў магістратуры. 

ТАЯ, ШТО ЎЛЮБЛЯЕ 

Не сакрэт, што для маладога талента важная падтрымка настаўніка. Рука (а ў дадзеным выпадку — голас) чулага пе- дагога выпраўляе памылкі і накіроўвае, калі вучань страчвае ўпэўненасць. 

Дзяўчатам пашанцавала: іх выкладчыкам у БДАМ стала Крысціна Мікалаеўна Нікалаева-Рудкевіч. Яна малады спецыяліст, аднак у маленькай розніцы ва ўзросце паміж сабой і студэнткамі бачыць толькі плюсы: 

— Праз тое, што мы з аднаго пакалення, паміж намі хутчэй узнікае давер. Гэта з’яўляецца немалаважным аспектам у працы над голасам. 

Студэнткі аб сваім педагогу адгукаюцца з павагай. 

— Ніхто раней не прыкладваў столькі намаганняў, каб палепшыць мае прафесійныя навыкі. Цяпер я здольная працаваць з творамі высокага ўзроўню. Дзякуючы настаўніцы я назаўсёды палюбіла вакал! — з захапленнем дзеліцца Крысціна. 

НА РОЎНЫХ 

Ульяна перакананая: каб ідэальна выканаць песню, трэба “пражыць” кампазіцыю, інакш не атрымаецца перадаць сутнасць твора, прымусіць слухача суперажываць. 

— Я ўвесь час удасканальваюся. У кожнай памылцы знаходжу магчымасці для росту. Бог падарыў мне любоў да сцэны і гледача, і я шчыра стараюся рабіць усё, каб пасля майго выступлення ў людзей на душы станавілася святлей. 

Дзяўчаты не прывыклі скардзіцца, але Крысціна Мікалаеўна расказала пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца студэнткі: 

— Мае выхаванкі вучацца на спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”, а на конкурсах часцяком спаборнічаюць з вакалістамі. Я заўсёды зважаю, што ўдзел не абавязкова заканчваецца перамогай. Так здараецца з розных прычын, і да гэтага трэба быць гатовымі. Але я бачу развіццё падчас падрыхтоўкі і менавіта гэты перыяд лічу самым каштоўным. 

Нашы гераіні старанна засвойваюць розныя навыкі. Таццяна, напрыклад, марыць пасля дырыжорскага паступіць яшчэ на вакальнае аддзяленне: 

— Тое, што цяпер вывучаю, будзе вельмі карысна, каб спазнаць прыроду музыкі. Упэўнена, усё гэта спатрэбіцца і калі вырашу стаць прафесійнай спявачкай.

ONLINE VS OFFLINE 

V Міжнародны конкурс маладых спевакоў памяці народнай артысткі Расіі, прафесара Маскоўскай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага Галіны Аляксееўны Пісарэнка праходзіў з 25 студзеня па 5 лютага, але дыпломы пераможцам даслалі зусім нядаўна. Дзяўчатам ёсць чым ганарыцца: было пададзена 123 заяўкі з Казахстана, Кітая, Бразіліі, Калумбіі, Украіны, Швейцарыі, Японіі, Расіі і Беларусі. У склад журы ўвайшлі Анатоль Лошак— народны артыст Расіі, Элізабет Байс — амерыканская оперная спявачка, Таццяна Хахлова — заслужаная артыстка Расіі і Алена Кліменка — член Міжнароднага саюза музычных дзеячаў. 

Кожнай гераіні падабралі індывідуальную праграму. Аднак праблема заключалася ў тым, што конкурс праходзіў анлайн. Трэба было зрабіць ідэальны відэаролік, каб вылучыцца сярод шматлікіх удзельнікаў і паказаць годны ўзровень выканання як нацыянальнага матэрыялу, так і замежнага. 

У дзяўчат наперадзе цэлае жыццё. Не так важна, як змяняецца свет. Талент заўсёды знойдзе спосаб праявіцца. Песня заўсёды будзе гучаць.

— Дыстанцыйны ўдзел, асабліва калі гаварыць пра сферу музыкі, — гэта няпростая задача. Калі артыст спявае ўжывую, то яго энергетыка здольная прабіцца да самых далёкіх куткоў залы. Прабіцца праз экран — больш складана, — адзначае Крысціна. 

А вось Ульяна бачыць плюсы ў такім фармаце конкурсаў: 

— Выступаць завочна ўсё ж прасцей. І ў фізічным, і ў фінансавым, і ў маральным плане. І груз адказнасці цісне менш. 

Таццяна падсумоўвае: 

— Анлайн-фармат не нашмат лягчэйшы, бо мы ўсё роўна вучым праграму за невялікі тэрмін. Хваляванне таксама нікуды не знікае. Нават калі ў зале толькі ты, педагог і канцэртмайстар, пасля слова “матор” выкладваешся, як і на сапраўдным канцэрце. І ўсё ж тое, што не трэба марнаваць час на дарогу, прыемна! 

Але складанасці не перашкодзілі Крысціне і Таццяне стаць лаўрэатамі другой ступені, а Ульяне — трэцяй. 

UNDERSTAND? НЯВАЖНА! 

Не сакрэт, што спевакам даводзіцца выконваць творы замежных аўтараў. Здараюцца канфузы. 

— Аднойчы мы развучвалі раманс на нямецкай мове, а ў мяне быў неверагодна пацешны акцэнт. Праз смех ледзь заняткі не сарваліся, — распавядае Крысціна. — Аднак і станоўчыя бакі ёсць: можна паступова павысіць лінгвістычны ўзровень. 

Таццяна згадвае, як рыхтавалі музычнае віншаванне да юбілею кіраўніка хору — Інэсы Бадзяка: — 

Песня была англійская, і мы не паспелі добра запомніць словы. Сяброўкі вырашылі напісаць тэкст на дошцы крэйдай — вялікімі выразнымі літарамі. Падчас здымак нам гэта не дапамагло, усё роўна блыталіся. Аднак на тым відэа мы выглядаем вясёлымі, шчаслівымі і сапраўднымі! 

НАСУСТРАЧ МАРЫ 

Крысціна Мікалаеўна не шкадуе добрых слоў для студэнтак: 

— Дзяўчаты сціплыя, ім складана хваліць сябе, прызнаваць уласныя заслугі. Я ж бачу рост і заўважаю, якую вялікую працу яны выканалі, каб дасягнуць поспеху. 

Але спачываць на лаўрах нашы гераіні не збіраюцца. У маладых спявачак ёсць амбіцыйныя мары. Таццяна хоча авалодаць адразу дзвюма спецыяльнасцямі. Ульяна жадае несці ў свет найлепшае праз дырыжорскую працу. Крысціна плануе стаць удзельніцай хору Вялікага тэатра. 

У дзяўчат наперадзе цэлае жыццё. І наша размова пацвердзіла: не так важна, як змяняецца свет. Талент заўсёды знойдзе спосаб праявіцца. Песня заўсёды будзе гучаць. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ