Ко­ль­кі раз­оў упас­ці, каб уз­ля­цець?

Што вылучае паспяховага чалавека? Можна доўга разважаць аб прыродных дадзеных, працавітасці і ўдачы, але рубрыка “Максіма маладых”, здаецца, вывела галоўны кампанент поспеху — упартасць.

Нашы героі не апускаюць рукі пасля няўдач, спрабуюць зноў і зноў, кідаюць выклік лёсу і ўласным магчымасцям. А пасля аказваюцца на п’едэстале ды на старонках “К”. Самір Ёлчыеў прадставіць Беларусь на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2023”. Колькі разоў ён спрабаваў прайсці адбор, якія цяжкасці сустракаліся на шляху і як удалося захаваць веру ў сябе?

ВУЧЫЦЦА Ў НАЙЛЕПШЫХ 

Самір пачаў займацца спевамі са школьнага ўзросту. На ўроках музыкі настаўніца заўважыла яго вакальныя здольнасці і запрасіла ў гурток. 

Насамрэч, голас у нашага героя выбітны, на што нават у той час многія звярталі ўвагу. Педагогі наўзахваткі заклікалі таленавітае дзіця да сябе. Хлопец, ужо тады разумеючы, што чым больш рознага вопыту — тым больш ведаў, пераходзіў ад аднаго настаўніка да іншага. 

Важнай прыступкай у кар’еры Саміра Ёлчыева стала перамога на аршанскім раённым фестывалі творчасці дзяцей і моладзі “Буду зоркай”. Там Саміра прыкмеціў педагог узорнай студыі эстраднай песні “Рафлезія” гарадскога Цэнтра культуры, дзе хлопчык празаймаўся да паступлення ў Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “Мастацтва эстрады (спевы)”. 

— Я ўдзячны кожнаму настаўніку, хто даў мне нешта важнае, навучыў прафесійным навыкам або чалавечым якасцям, — кажа герой. 

ДА НОВЫХ ВЯРШЫНЬ 

Вучоба ў каледжы адкрыла перад Самірам дзверы ў свет спаборніцтваў. Ён шчыра прызнаецца:

— Я паўдзельнічаў, напэўна, ва ўсіх песенных конкурсах Беларусі і ў некаторых замежных. Але нават пасля таго, як прайшоў нацыянальны адбор на “Славянскі базар”, разумею неабходнасць рухацца далей. 

Цяпер наш герой працуе па размеркаванні ў роднай Оршы ў гарадскім Цэнтры культуры “Перамога” загадчыкам дзіцячага сектара. 

— У нас шмат аматарскіх калектываў. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць заняткі па харэаграфіі, маляванні, музыцы, і я кірую гэтым працэсам, — тлумачыць малады чалавек. 

Сам выкладаць пакуль не збіраецца, хоць і мае для гэтага прыдатную кампетэнцыю. Нашага героя больш прываблівае сцэна, з якой ён кранае сэрцы людзей.

ЛАВІЦЬ НАТХНЕННЕ 

Аб планах малады талент распавядае з асцярожнасцю, але ж марыць сабе дазваляе: 

— Хачу развівацца як сольны выканаўца. Разумею, гэта досыць цяжка, затратна і ў фінансавым, і ў эмацыйным плане, але выступаць з уласнымі песнямі — мая галоўная мэта ў жыцці. 

Самір ужо запісаў два трэкі, але іх пакуль не выпускае, плануе пазнаёміць свет адразу з альбомам. 

— Вершы пішу сам, — трохі саромеючыся, распавядае наш герой. — Гэта, напэўна, як у многіх, пачалося: мне было гадоў шаснаццаць, першае непадзеленае каханне... Радкі выпадкова з’явіліся ў галаве, і я адчуў, што больш без гэтага не змагу. 

Натхненне прыходзіць да хлопца ноччу. Ён гуляе па маўклівым горадзе, слухае аранжыроўкі без слоў і стварае тэксты. 

— Галоўнае — адразу ўсё запісваць. Бывае, чатырохрадкоўе прысніцца, і, калі яго не злавіць, не перанесці ў нататкі ў тэлефоне або на паперу, яно знікне, растворыцца ў памяці, — дзеліцца сакрэтамі творчага працэсу спявак. 

Цяпер Саміру дваццаць, а ў пятнаццаць гадоў здарылася першая спроба трапіць на “Славянскі базар”. 

— Выклаў на сваю старонку ва “УКантакце” пост з фатаграфіяй фестывалю і подпісам: “Калі-небудзь я там спяю”, — смяецца наш герой. 

Я неяк асабліва перажываю беларускія песні, магу данесці патрэбную эмоцыю.

Летась выканаўца дайшоў да другога этапу, аднак прасунуцца далей не ўдалося. І толькі ў 2023-м здолеў дамагчыся мэты. 

— “Славянскі базар” — самы прэстыжны конкурс, бо на ім ты не толькі адказваеш за сябе, але і прадстаўляеш краіну. Хочацца скокнуць вышэй за галаву, паказаць Беларусь з найлепшага боку. Так, гэта велізарны цяжар адказнасці, аднак жа яшчэ і неверагодная энергетыка, — разважае Самір. 

ЗАДАЙ НАСТРОЙ! 

Першы этап адбору прайшоў для хлопца без асаблівых хваляванняў. Ён разумеў, што ўсе ўдзельнікі маюць высокі ўзровень, аднак рэальна ацэньваў і ўласныя сілы. Крыху складаней было, калі засталося па пяць чалавек з кожнай вобласці: 

— Я памятаю сваю думку на другім туры: “Які магутны вакал!” Ніводнага аматара, толькі прафесіяналы! 

Праход у фінал стаўся шокам. Самір прыехаў у Слуцк з маленькай групай падтрымкі: Юрый Жукаў пісаў аранжыроўку, а яго жонка дапамагала з арганізацыйнымі момантамі. 

— Шчыра кажучы, я сам сабе задаваў пытанне: “Што я тут раблю?” Без сувязей, без прывілей... У некаторых выступоўцаў былі цэлыя каманды, прыгожыя касцюмы. Я ж быў адзін. Мой голас і мае пачуцці — вось і ўся зброя, — успамінае спявак. 

Хвалявання дадаваў і той факт, што на лёсаванні ён выцягнуў першы нумар. Нешчаслівы. На конкурсах ёсць прыкмета: калі ў пачатку выступаеш — не перамагаеш. Лічыцца, быццам журы забываецца праз шматлікія ўражанні. 

— Я вельмі крытычны да сваіх навыкаў, заўсёды хачу зрабіць як мага лепш. Аднак у той момант вырашыў: выцягнутая адзінка — мая перавага. Я задам рэй, і хай астатнія паспрабуюць дацягнуцца да маёй планкі, — раскрывае сакрэт поспеху Самір. 

СОН СПРАЎДЗІЎСЯ 

Канкурсантам неабходна было падрыхтаваць па два нумары: нацыянальны і замежны хіт. Ёлчыеву заўсёды ўдаваліся песні на беларускай мове: 

— Мне з дзяцінства казалі, што я неяк асабліва іх пражываю, магу данесці патрэбную эмоцыю. 

Хлопец захапляецца творчасцю Уладзіміра Мулявіна, таму абраў для выканання “Чырвоную ружу” ў рок- апрацоўцы. Аднак пасля першага выступлення наперад вырваўся канкурэнт — Данііл Савеня, а сам Самір падзяліў роўную колькасць балаў з Дар’яй Рудко. 

Вядома, адставанне знервавала спевака. Аднак і дало свабоду: 

— Вырашыў, хай будзе што будзе, і Feeling good у аранжыроўцы Юрыя Жукава выканаў, адчуваючы сябе вельмі добра. Калі аб’явілі балы, зразумеў, што перамог, аднак паверыць не мог. Здавалася, сплю. Яшчэ пяць дзён хадзіў, быццам зачараваны. 

ПЛАНЫ І МАРЫ 

Асноўная падрыхтоўка да “Славянскага базару” прыпадае на красавік. Але пакуль наш герой адыходзіць ад турбот і прымае віншаванні. Падтрымка атачае яго з усіх бакоў. 

— Мама хвалявалася больш за мяне. Яна не змагла паехаць у Слуцк, глядзела па тэлевізары. Тэлефанавала ўся ў слязах ад шчасця. У Віцебску будзе абавязкова! Здаецца, туды цэлая дэлегацыя з сям’і, сяброў і калег збярэцца, — дзеліцца планамі малады чалавек. 

Ёсць у Саміра і магчымасць выбраць педагога. Наш герой хоча займацца з папулярным спеваком Пятром Ялфімавым: 

— Нават дыстанцыйныя заняткі з Пятром Пятровічам былі б падарун¬ кам. Ён мой кумір і вялікі прафесіянал. Думаю, з яго дапамогай я павысіў бы ўзровень вакалу! 

У ліпені ўся краіна будзе заўзець за Саміра Ёлчыева. Але ўжо сёння можна сказаць: чалавек, які не апусціў рукі пасля шэрага няўдач, раз за разам імкнуўся да перамогі, проста не здолее не выкласціся на 100 %. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ