Мы адпачнём, або Экзістэнцыяльны крызіс і дэпрэсіўны класік

Апублiкавана: 20 красавiка 2023 Стужка Тэатры Мінск Галёрка

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

Спектаклі паводле Чэхава ставяць шмат і паўсюль. І калі еўрапейскую ці азіяцкую інтэрпрэтацыю рускага класіка большасць з нас бачыла толькі на экране, то работу народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава можна ацаніць “жыўцом” — у Тэатры-студыі кінаакцёра.

МЫ ПАЧУЕМ АНЁЛАЎ, МЫ ЎБАЧЫМ УСЁ НЕБА Ў ДЫЯМЕНТАХ 

Сучасны глядач вельмі распешчаны. Малады сучасны глядач — распешчаны ўдвая. Мала таго што ён мае магчымасць пазнаёміцца з сусветнымі шэдэўрамі сцэнічнага мастацтва бясплатна ў інтэрнэце, у дадатак да імклівага развіцця тэхналогій зумерам дасталася яшчэ і кліпавае мысленне. І змагацца з гэтым бессэнсоўна, а вось прыняць і зразумець усё ж давядзецца, калі хочаш размаўляць на адной мове з маладымі. 

“Дзядзька Ваня” Аляксандра Яфрэмава падаецца гіперкласічным. Спектакль вытанчаны, вывераны да драбнюткіх дэталяў, акуратны, інтэлігенты і крыху чапурысты. У ім акцёры паважна ходзяць па сцэне, паважна размаўляюць, нават цалуюцца паважна. 

БУДЗЕМ ЦЯРПЛІВА ТРЫВАЦЬ ВЫПРАБАВАННІ, ЯКІЯ ПАШЛЕ НАМ ЛЁС 

Вядома, спісаць адсутнасць “агеньчыка” можна на чэхаўскую манеру. Маўляў, у вялікага майстра таксама страсці кіпяць унутры герояў і ніхто не скача. Такі тыпаж, такія характары. Аднак праблема ў тым, што глядзець гэткую пастаноўку вельмі проста. Быццам забаўляе, але душу не кранае. 

Шмат якім спектаклям неабходны час, каб “разварушыцца”. Яны могуць доўга і грунтоўна ўводзіць гледача ў свет герояў, праз экстэр’еры і інтэр’еры паглыбляць у іх руціну, дэталёва прамалёўваць рысы і асаблівасці канкрэтнай асобы.“Дзядзька Ваня” якраз такі. 

ПРАЖЫВЁМ ДОЎГІ-ДОЎГІ ШЭРАГ ДЗЁН І ВЕЧАРОЎ 

Самы ўдалы складнік гэтага спектакля — афармленне сцэны. Белы стол, белыя крэслы, белыя лавачкі, абрусы, талеркі і арэлі — усё чыстае, ахайнае, пераносіць гледача ў свет марудлівай правінцыі мінулага. 

Жыццё праходзіць на тэрасе, дзе радасна і бязглузда бурчыць самавар. Людзі павольна ходзяць, размаўляюць, нават сэрца ў іх, здаецца, б’ецца павольней, чым у нашых сучаснікаў. Млявасць і ленасць ахопліваюць не толькі герояў, але і прысутных у зале. 

Быццам усё адбываецца бясконцым летнім вечарам, калі духата ўжо спала і начная прахалода вось-вось возьме сваё. І яна бярэ, і здараецца навальніца — амаль па-сапраўднаму страшная, таму што адкрывае ўсе таямніцы чалавечай душы. І менавіта гэтая атмасфера ціхага і спакойнага жыцця, якое вось-вось знікне і ператворыцца ў бездань, у спектаклі атрымалася. 

БУДЗЕМ ПРАЦАВАЦЬ ДЛЯ ІНШЫХ 

Дзейныя асобы ўсім знаёмыя. Аляксандр Уладзіміравіч — прафесар, з году ў год піша адно і тое ж, абсалютна бясталентны і бесхрыбетны персанаж. Алена Андрэеўна — красуня, што стамілася і ад жыцця, і ад увагі мужчын, якой яна ніколі не была пазбаўленая. Іван Пятровіч — дзядзька Ваня — душа, што кідаецца, шукае, куды прыляпіцца, дзе быць карысным, і не знаходзіць ды ўпадае ў адчай. Сам пра сябе кажа: “Я быў светлай асобай, ад якой нікому не было светла”. Соня — яго пляменніца — тып добрага чалавека, добрага без дуроты і ўмоўнасцей, які рэдка выглядае прывабным. Міхаіл Львовіч Астроў — доктар, што прыязджае лячыць прафесара, у якога пастаянна ўсё баліць. Ён клапоціцца аб захаванні лесу, і з дрэвамі яму, здаецца, куды камфортней, чым з людзьмі. Прафесар, дзядзька Ваня і доктар закаханыя ў Алену Андрэеўну. Соня закаханая ў доктара. 

У герояў не чорна-белыя характары, але да іх адчуваеш адназначную, прамую эмоцыю. Большасць персанажаў выклікаюць адчуванне стомленасці ад жыцця, а прафесар у выкананні Ігара Падлівайчава — грэблівы жаль. Доктар, якога сыграў Уладзімір Грыцэўскі, атрымаўся залішне цынічным і непрыемна самаўпэўненым. Іван Пятровіч, у якога пераўвасобіўся Анатоль Голуб, выйшаў кранальна-няшчасным, і беды яго лёгка перакладаюцца на ўласныя. Праблема толькі ў тым, што занадта ён парывісты, занадта рэфлексуе, але нічога, абсалютна нічога не робіць са сваімі трагедыямі. 

Я ВЕРУ ГОРАЧА, СТРАСНА… 

У Чэхава галоўныя ролі аддадзеныя мужчынам. Яны размаўляюць, спрачаюцца, разважаюць пра сэнс і яго адсутнасць. Яны вырашаюць лёс сядзібы, лёс сваіх сем’яў. Соня і Алена Андрэеўна пераважна стаяць за іх спінамі: жаночыя вобразы падаюцца крыху змазанымі і няяснымі. 

У Аляксандра Яфрэмава жанчыны арганічна выходзяць на галоўныя пазіцыі. Не таму, што ён зацікаўлены ў фемінісцкай павестцы. Проста так атрымліваецца, што дыялог Соні і Алены Андрэеўны — размова да навальніцы і пасля яе, размова паміж тымі, хто лёгка мог бы стаць ворагамі і павінен быў стаць па ўсіх законах жанру, — нечакана пераўтвараецца ў адну з наймацнейшых сцэн. І раптам аказваецца, што мачаха, старэйшая за сваю падчарыцу на пару гадоў, усё яшчэ можа быць сяброўкай. У гэтых жанчынах куды больш сілы і мудрасці, чым у мужчын. 

Вобраз Алены Андрэеўны досыць цікавы: яна і не femme fatale, і не пяшчотная фіялка, і не халодная гарпія. Яна закрытая, сфакусаваная на ўнутраным свеце, і за паказной нудой хавае нежаданне адкрывацца людзям, нежаданне зноў быць параненай. Яна Хадановіч здолела перадаць усе адценні гэтай складанай асобы. Яе яркая, кантрасная знешнасць і няўлоўныя дрыжыкі пальцаў, дробныя крокі назад — усё гэта прымусіла верыць ёй і суперажываць. І нават калі гераіня спатыкаецца, паводзіцца амаральна, ёй усё роўна жадаеш лепшага, жадаеш ёй шчасця. 

УСЕ НАШЫ ПАКУТЫ ПАТОНУЦЬ У МІЛАСЭРНАСЦІ 

Ці мог быць у Чэхава паўнавартасны хэпі-энд? У звыклым галівудскім разуменні — калі ўсе плачуць ад шчасця, дараваўшы ворагам, — не, немагчымы. Хэпі-энд “Дзядзькі Вані” сумнеўны, хоць усе прабачаныя і з вачэй коцяцца слёзы. Толькі вось асноўная ідэя — у пакоры. І Соня ў выкананні неверагоднай Дар’і Карпечанковай прамаўляе знакаміты свой маналог. Твар яе падобны на святое аблічча, рукі ўзнятыя да неба, і голас дрыжыць, аднак не губляе сілы, становіцца ўсё мацнейшым: “Ты не ведаў у сваім жыцці радасці, але пачакай, дзядзька Ваня, пачакай... Мы адпачнём... Мы адпачнём!..” 

І глядач выдыхае. Не ад катарсісу, не з палёгкай, не ад радасці. Проста гісторыя скончылася. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ

студэнтка БДУ 

Фота з сайта тэатра