Блогер, маркетолаг, артыст…

Апублiкавана: 27 красавiка 2023 Стужка Бібліятэкі не указан Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Час ад часу варта вяртацца да тых, так бы мовіць, тэхналогій нашых узаемаадносін са светам, якія дапамагаюць пераўтварыць працу-руціну ў самы што ні ёсць творчы працэс. У словах "пераўтварыць" і "творчы" нават адзін корань.

Дык вось, "К" да гэтай важнай тэмы вяртаецца пастаянна. І не толькі таму, што паўтарэнне — самі ведаеце чыя маці. Не менш важкая прычына крыецца ў тым, што час пастаянна завышае патрабаванні да тых, хто імкнецца працаваць на вынік. Так што дзяньгубы ды гультаі далей могуць не чытаць. 

МІСІЯ 

Шаноўныя работнікі культуры! Вы прыйшлі для таго, каб грамада не сумавала. Аднак гэта праграма-мінімум. Максімум — больш складаны. Навука любові да людзей і роднай краіны (што, па сутнасці, адно і тое ж) заўсёды далікатная і працаёмістая. Гэта нягоднікі самі растуць, а добрых трэба даглядаць, як жыта ў дажджлівае лета. Любы фальш справу абнуляе. Таму работнік культуры — дыпламат, вялікі рызыкант і бясстрашны першапраходца, які ў выніку павінен завалодаць розумам людзей. Калі нацыянальная спадчына выносіцца пры гэтым на першы план, поспех гарантаваны. 

Без прыкладаў не абысціся. Мая знаёмая Людміла Бусел не толькі сельскі бібліятэкар са Светлагоршчыны, яна яшчэ ўплывовы блогер і нястомны аматар мясцовай гісторыі: адшуквае імёны савецкіх байцоў, што падчас Вялікай Айчыннай вайны загінулі пры вызваленні яе роднай зямлі. А гэта ўжо не проста краязнаўства. Гэта красамоўная пазіцыя гаспадара тых абсягаў, якія навучылі любіць жыццё. Спадарыня Людміла сваім аўтарытэтам уплывае на мінулае, каб палепшыць будучае. Хіба на гэта здатны чалавек, які ўмее толькі забаўляць? 

Шаноўныя работнікі культуры! Вы прыйшлі, каб змяніць свет да лепшага. 

СФЕРА ЎПЛЫВУ 

Калісьці вельмі ўразілі бібліятэкары Асіповіцкага раёна. Яны сур’ёзна заняліся выдавецкай дзейнасцю і прапанавалі паслугі прадпрыемствам і арганізацыям раёна. Гэтыя грунтоўныя жыццяпісы і летапісы ўвобмірг сталі запатрабаванымі, а паслугі, натуральна, платнымі. Нефармальны пошук патэнцыйных чытачоў непазбежна звязаны з пашырэннем сферы ўплыву бібліятэкі. У клубнай дзейнасці — сітуацыя тая ж.

Я размаўляў на гэты конт з клубнікамі Драгічынскага і Веткаўскага раёнаў. Усе пагаджаюцца з тым, што, так бы мовіць, філіяламі клубаў павінны стаць і ФАП, і КБА. Анімацыйнай падтрымкі пастаянна чакаюць школа і дзіцячы садок. А краму з поштай няблага выкарыстаць у якасці рэкламных цэнтраў (і пляцовак для флэшмобаў таксама). Урачы, педагогі ды работнікі сельскай гаспадаркі не абыдуцца без карпаратыўных канцэртных праграм — глыбокіх, разумных і, зразумела, платных. Неаспрэчным прыкладам тут для мяне з’яўляюцца работнікі культуры Рагачоўшчыны. 

Адным словам, у публікі павінна скласціся трывалае меркаванне: без клубнікаў ды бібліятэкараў — як без рук. І ці варта тут губляць час, каб давесці, што "рукі" гэтыя здольныя палепшыць маральны клімат у раёне, а значыць — якасна палепшыць жыццё. 

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ 

Кожны работнік культуры павінен умець сябраваць. 

Чарговы прыклад. Ёсць у мяне на Гомельшчыне даўні таварыш — дырэктар СДК. Скардзіцца: "Калі пакіну падлеткаў на танцах пасля 23.00, мяне ўчастковы штрафуе. Калі забараняю начныя дыскатэкі, моладзь шыбы ў клубе б’е. Не дам рады!" 

Сапраўды, што рабіць? Навучыцца адшукваць кампраміс, пераўтвараць апанентаў у аднадумцаў. Справа, безумоўна, нялёгкая. Але хто сказаў, што карэнныя змены на вёсцы патрабуюць мінімальных маральных выдаткаў? Да месца згадаць афарызм, народжаны на абсягах Беларусі ў эпоху аптымізацыі: "Вёска знікае тады, калі ў ёй знікаюць бібліятэка і клуб". Хто аспрэчыць? 

Лёс нацыянальнай спадчыны і будучыня беларускай глыбінкі — найпершы клопат работнікаў культуры. 

УШАНАВАННЕ 

У Бешанковіцкай дзіцячай бібліятэцы ўбачыў на сценцы фотаздымкі найлепшых чытачоў. Чаму гэты шчаслівы выпадак шанавання таленавітых дзетак ці не адзіны ў рэспубліцы? 

Адна з умоў узаемадзеяння — узаемапавага. Памятаеце тэатральныя фае, дзе вывешаны партрэты ўдзельнікаў трупы? Чым горшыя іншыя ўстановы культуры? Але толькі ў Шклоўскім РДК давялося пабачыць штосьці падобнае. Нас паважаюць тады, калі мы паважаем сябе. 

Не бачыў я ў бібліятэках ды клубах партрэтаў спонсараў. Адна справа, калі іх няма. Зусім іншая, калі ёсць, але пра іх ніхто не ведае. Мы шмат пісалі пра гэта. Аднак у раёнах так і не навучыліся працаваць з інвестарамі. Даганяць цяжка, але трэба… Вам, нашы работнікі культуры, і блогеры, і маркетолагі ды артысты, старасты і дэпутаты. І я веру, што ўсё ў вас атрымаецца! 

Яўген РАГІН