Божы дар... і адна дробязь

Пра прыроду таленту філосафы і пісьменнікі разважалі спакон веку. Ад Платона да Дастаеўскага – кожны лічыў сваім абавязкам даследаваць тэму. І калі для першага метафарычная субстанцыя прыраўноўвалася да ўмоўнага “божага дару”, то другі называў яе паэзіяй у кожным дзеянні.

Мы, вядома, не будзем спаборнічаць у досціпе з мыслярамі, але ўсё ж на прыкладзе здольнага юнака, які планамерна, з году ў год, ішоў да мары, паспрабуем вывесці формулу поспеху. Нядаўна Данііл Фібік стаў тройчы лаўрэатам І ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу танца “Запалі сваю зорку”. 

НАТХНЁНЫ ФАЛЬКЛОРАМ 

Творчы шлях нашага героя пачаўся ў дашкольным узросце. Калі яму было пяць, мама прывяла сына ў танцавальную студыю “Гарадзенскія каруначкі”. Праз год бацькі аддалі яго ў харэаграфічны клас гімназіі. 

— Далей я вырашыў пайсці ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць “народны танец”. Там выкладаюць асновы класічнага, сучаснага, бальнага і, натуральна, народнага танца. Паспрабаваўшы ўсё, можна выбраць тое, што больш да душы, — тлумачыць сваё рашэнне Данііл. 

Пасля каледжа хлопец паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, бо быў перакананы ў тым, што сапраўдным прафесіяналам чалавека можа зрабіць толькі ўсебаковае развіццё: 

— Значэнне маюць не толькі фізічныя навыкі. Я хацеў паглыбіцца ў беларускі фальклор, разабрацца ў тым, як зараджаўся нацыянальны танец. Палічыў, што ўніверсітэт дасць мне якасную базу. І, шчыра кажучы, я шчаслівы знаходзіцца тут, сярод педагогаў, якія дапамагаюць, накіроўваюць, калі нешта не атрымліваецца. 

КРОК ЗА КРОКАМ 

Зрэшты, смак поспеху хлопец адчуў яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Разам з Заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь ансамблем танца “Гарадзенскія карункі” ён стаў лаўрэатам І ступені на Dream Dance Fest, што праходзіў у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”.

— Мы вельмі захапляліся творчасцю знакамітага артыста балета Ігара Майсеева, і нам пашчасціла засвоіць карэйскі танец з веерамі, стваральнікам якога ён быў. Да сёння тая перамога — адно з самых значных маіх дасягненняў, — з цеплынёй узгадвае Данііл. 

На другім курсе ён дыстанцыйна ўдзельнічаў у міжнародным конкурсе Golden Time London Season 10, дзе ансамбль узяў гран-пры. Калектыў запрасілі ў Лондан, аднак праз каранавірус наведаць Англію не ўдалося.

— Я да гэтай пары з цікавасцю праглядаю нумары, якія мы выконвалі ў каледжы. Там было па-сямейнаму цёпла, і тыя чатыры гады пакінулі светлы адбітак у маім сэрцы. З кожнай новай вяршыняй, новым майстрам або партнёрам спрактыкаванасць становіцца ўсё больш грунтоўнай. Здаецца, мне лёсам або космасам наканавана трапіць туды, куды трэба, — усміхаецца малады чалавек. 

ТАНЦОР ЦІ ХАРЭОГРАФ? 

Пастаянны прафесійны рост — адна з галоўных мэт Данііла. Ён прызнаецца, што інтарэсы могуць мяняцца, але імкненне ісці наперад — ніколі: 

— У каледжы я быў захоплены тым, каб пастаянна танцаваць, аднак цяпер большае задавальненне атрымліваю, калі ствараю харэаграфію, бачу, як хтосьці адлюстроўвае мае думкі і пачуцці на сцэне, ужо з глядзельнай залы. 

Паспрабаваць сябе ў новай іпастасі студэнтам дазваляе дысцыпліна “Мастацтва балетмайстра”. Пад чулым кіраўніцтвам загадчыцы кафедры харэаграфіі Святланы Гуткоўскай навучэнцы ставяць невялікія эцюды. Тэмы — самыя разнастайныя. Пачынаючы ад старажытнай міфалогіі і заканчваючы гісторыяй беларускага арнаменту. 

ІДУ ПА ЯЕ СЛЯДАХ 

Пачуўшы пра фестываль “Запалі сваю зорку”, наш герой адразу загарэўся: 

— У мяне прадзядуля — татарын, і хай я ніколі яго не бачыў, са слоў сваякоў ведаў, якім добрым ён быў. Захацелася паглядзець, адкуль род пайшоў. 

Ад ансамбля на конкурсе было прадстаўлена тры дуэты і адно сола. Данііл выступаў як асобна, так і з партнёркай — магістрам мастацтвазнаўства Кацярынай Новікавай. 

— З Кацяй у нас доўгая гісторыя знаёмства. Яна трохі старэйшая, і так атрымалася, што я ўвесь час іду па яе слядах. Адзін каледж, адзін універсітэт, і нават у магістратуру хачу паступіць на тую ж спецыяльнасць, што і яна, — распавядае Данііл. 

"У каледжы я быў захоплены тым, каб пастаянна танцаваць".

На падрыхтоўку да конкурсу дуэт меў усяго месяц. Рэпетыцыі праходзілі позна ўвечары, бо джэнтльмен падладжваўся пад дзяўчыну, якая праз вучобу і працу не магла займацца ў іншы час. 

— Мы разумелі, што тэрміны абмежаваныя, а заданняў — шмат. І здаралася, калі трэба было прыдумляць новыя элементы, у галаву нічога, акрамя жартаў, не лезла, — смяецца малады танцор. 

ПРАЗ КАХАННЕ ДА ЛЮБОВІ 

Сольны выступ Данііла называў- ся “У марах аб палёце”. Харэаграфію распрацавала Кацярына для свайго дзяржаўнага экзамена, што досыць распаўсюджана: амаль усе нумары ва ўніверсітэцкім ансамблі прыдумляюць студэнты. Да конкурсу дуэтаў заставалася толькі падкарэктаваць некаторыя рухі, падладзіць іх пад нашага героя. 

— Складанасць была ў тым, што бо- льшасць нашага рэпертуару разлічаная “на масу”, — тлумачыць артыст. — Неабходна было перарабіць нумары для дваіх. 

У рамках дысцыпліны “Мастацтва балетмайстра” пара падрыхтавала “Польку Гняваш”, “Чырачку” і “Галубку”. Менавіта “Галубка”, краналь- ная і лірычная кампазіцыя, заслужыла асаблівую любоў публікі. Дзякуючы плыўнасці кожнага руху, пяшчоце і далікатнасці жэстаў партнёры паказалі сапраўднае і чыстае каханне — менш чым за тры хвіліны. 

— Гэты нумар мы выконвалі і на Гала-канцэрце. Пасля да нас падыходзілі члены журы, іншыя ўдзельнікі, выказвалі захапленне. Усіх вельмі расчуліла кампазіцыя, што, вядома, не магло не парадаваць нас з Кацяй, — дзеліцца эмоцыямі ад удалага выступлення хлопец. 

ТРОЙЧЫ ПЕРШЫ 

Міжнародны фестываль-конкурс танца “Запалі сваю зорку” праходзіў з 3 па 6 сакавіка ў Казані. У ім удзельнічалі найлепшыя танцоры з Расіі, Казахстана, Балгарыі, Беларусі — 167 нумароў, 47 харэаграфічных калектываў. Варта адзначыць, што нашу краіну прадстаўляў толькі ансамбль БДУКіМ. Гэта прымушала беларускіх студэнтаў хвалявацца яшчэ больш. 

—Я адчуваў неверагодны ціск, баяўся падвесці і выкладчыкаў, і партнёрку, і рэспубліку, і самога сябе. Канкурсанты былі вельмі моцнымі, нам удалося ўбачыць іх падрыхтоўку. Асабліва ўразілі дзіцячыя групы. Глядзеў на іх і думаў: “А што ж з імі далей будзе, калі ўжо цяпер так сваім целам валодаюць?” — распавядае наш герой. 

"Я хацеў паглыбіцца ў беларускі фальклор, разабрацца ў тым, як зараджаўся нацыянальны танец".

Аднак, на шчасце, хваляванні аказаліся марнымі. Данііл стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Прэм’ера” — сола ва ўзроставай групе ад 21 года, а ў дуэце з Кацярынай Новікавай атрымаў яшчэ два дыпломы і званне лаўрэата I ступені ў намінацыях “Народны танец” і “Стылізаваны народны танец”. Ансамбль кафедры харэаграфіі БДУКіМ таксама быў узнагароджаны спецыяльным дыпломам “За высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і прафесійную падрыхтоўку”. 

Дык што ж такое талент? Наўрад ці можна знайсці дакладны адказ на падставе аднаго прыклада. Але ж некаторыя арыенціры мы намацалі. Гэта пастаяннае выкананне маленькіх планаў, бясконцае жаданне развівацца, упартая штодзённая праца. І драбнюткая дэталь, якая робіць з таленавітага чалавека паспяховага: пачуццё падзякі за тое, што ў яго ёсць. І наш сённяшні герой — яе ўладальнік — абавязкова яшчэ доўгі час будзе блішчэць на сцэне, як і марыў аб тым усё жыццё. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ 

Фота з архіва героя