Рунь чуе грунт свой

Гэтая алюзія на Скарынавы словы дакладна перадае пастулат, якога трымаюцца ў Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжы імя А. К. Глебава. Ведаць, помніць і зберагаць набыткі мінулага. Аб гэтым расказвае выставачны праект “Глеба”, што адкрыўся днямі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Экспазіцыя завяршае шырокае святкаванне 75-годдзя каледжа.

Установа адукацыі адзначыла юбілей з размахам. Цягам 2022-га адбыліся калектыўная выстава выпускнікоў у Нацыянальным мастацкім музеі і выкладчыкаў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, экспазіцыя “Глебаўка збірае сяброў” — своеасаблівая сустрэча выхаванцаў розных пакаленняў — і нават арт-турнэ па рэгіёнах Беларусі. Чым жа здзівілі публіку гэтым разам? Ад фармату рэтраспектывы- справаздачы адмовіліся, але прэзентавалі праект, дзеля якога навучэнцы і выкладчыкі стваралі работы адмыслова. 

Канцэпцыя выставы грунтуецца на шматзначнасці слова “глеба”. Яго можна разглядаць як назву альма-матар у асяродку навучэнцаў і выпускнікоў, а таксама ў слоўнікавых значэннях: верхні ўрадлівы пласт зямлі; апора, аснова. Праз усю экспазіцыю праходзіць ідэя повязі каранёў ды крон, пераемнасці традыцый — як агульнакультурных, так і непасрэдна парадкаў мастацкай школы. Яе галоўнай вартасцю стала спалучэнне высокага выканальніцкага майстэрства і творчага эксперыменту. Гэта імкнуліся даказаць глебаўцы — атрымалася. Нават нехта з былых выхаванцаў у Сеціве напаўжартам адзначыў: “У вучэльні цяпер нейкія мегаталенавітыя дзеці. Здаецца, яны лепшыя за нас”. 

СІЛКАВАННЕ АД КАРАНЁЎ 

У цэнтры залы размешчаны шкляны куб з вертыкальным разрэзам глебы. Некалькі пластоў рознага колеру. Гэты грунт сілкуе парасткі, што толькі прабіліся на паверхню. Па розныя бакі ад скрыні знаходзяцца жывапісныя відарысы палёў у розныя часіны. На адным — буры восеньскі абшар з рэшткамі ссохлых кукурузных сцёблаў і пачаткаў, на другім — сакавіта-зялёная рунь. Гэтая частка праекта сталася спробай паразважаць пра жыццёвае кола, пра штогадзінныя змены ў кожнай клетачцы любога арганізма і, натуральна, пра важнасць якаснага “будаўнічага матэрыялу” асобы. Тобок досведу папярэднікаў, калі расшыфроўваць іншасказ мастакоў. 

А яшчэ паспрыяе згуртаванасць. Аб гэтым — буйны калаж “Асяроддзе пражывання”, што паказвае будні каледжа. Дарэчы, калектыўная праца. Побач дэманструецца вялізны павук-абярэг, яшчэ адзін арт-аб’ект, што закранае розныя аспекты пераемнасці традыцый. У ім залацістыя саламяныя секцыі чаргуюцца з пластыкавымі чорнага ды чырвонага колеру. Чым не падмурак для дыскусіі аб сучасным прачытанні старадаўняга рамяства? 

ШТО ХАВАЕ ЗЯМЛЯ? 

Асобная частка выставы прысвечана асэнсаванню старадаўняга абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы”, накіраванага на ўміласціўленне прыроднай стыхіі — маланкі-стралы. Ладзяць яго на саракавы дзень пасля Вялікадня, калі праваслаўныя вернікі адзначаюць Ушэсце Гасподняе. Удзельнікі абраду закопваюць у зямлю на жытнім полі ляльку з саломы і ўсялякую металічную драбязу (напрыклад, гузікі ды манеты), прамаўляючы магічныя формулы. 

Выпускніца каледжа, а цяпер выкладчыца Таццяна Савік у сваім інтэрактыўным творы запрашае гараджан нібы аднавіць рытуальную практыку. Аўтарка прапануе абраць упадабаны прадмет са скрыначкі старых цвікоў ды ключоў і прыляпіць яго да магнітнай дошкі, якая сімвалізуе пласт зямлі. Не забудзьцеся загадаць жаданне! У серыі з сямі работ (“lecur”, “renes”, “cor”, “medulla”, “pulmo”, “stomachum et pancreas”, “intestinum”) мастачка звяртаецца да ўлюбёнага метаду дэканструкцыі і нібы разбірае на фрагменты — мноства аб’ектаў, падобных да аскепкаў вялізнай пасудзіны, — цэльную выяву ўнутранай будовы чалавека. Сэрца, ныркі, страўнік... Але гаворка хутчэй пра ментальнасць, а не пра структуру арганізма. Своеасаблівы анатамічны канструктар наводзіць на роздум аб самасвядомасці і складніках ідэнтычнасці. 

Фрагменты з выставы

Да абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” таксама звяртаецца аўтарскі калектыў у арт-аб’екце “Што хавае зямля” — своеасаблівай мадэлі раскопу, у якім хаваецца мноства прадметаў ад костак жывёл да аскепкаў керамікі і нацельнага крыжыка. Відавочна, гэта не проста адсылка да сакральнай дзеі, а запрашэнне да дыялогу аб гістарычнай памяці.

ГУЛЬНЯ З КЛАСІКАМІ 

Аўтары выдатна выявілі ідэю балансу паміж павагай да мінулага і прагай новага. Да прыкладу, самы вялікі экспанат — жывапіснае прысвячэнне народнаму мастаку, чыё імя носіць каледж. Толькі зрабілі вучні не парадны партрэт Аляксея Глебава ў акадэмічных канонах, а смяшліва-сур’ёзную работу ў стылістыцы поп-арту з пазнавальнымі партрэтнымі контурамі, шматкроць паўторанымі, і крыху спрошчанымі формамі. Цытата ўорхалаўскай Мэрылін? Праўда, без кіслотных колераў. Паставіць скульптара на месца кіназоркі — ці то проста гульня, ці то іранічнае супастаўленне савецкага афіцыйнага мастацтва з заходняй масавай культурай. А мо канстатацыя жыццёвага факта: большасць абірае лягчэйшае для ўспрымання і вядзецца на танныя эфекты. Выбірайце блізкую вам версію ці шукайце ўласную, бо глядач ёсць суаўтарам мастака. 

Праз усю экспазіцыю праходзіць ідэя повязі каранёў ды крон, пераемнасці традыцый — як агульнакультурных, так і непасрэдна парадкаў мастацкай школы.

Пры жаданні наведвальнік экспазіцыі можа выступіць у ролі рэферы ва ўяўным артбатле. У адной з залаў побач прадстаўлены сем жывапісных нацюрмортаў чацвёртакурснікаў. Сем ракурсаў адной пастаноўкі. Вызначайце свайго фаварыта. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ