“Кі­нош­ні­кі”: но­вае сло­ва ў бе­ла­рус­кім кі­но

Апублiкавана: 16 мая 2023 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Студыя моладзевага кіно “Смолка”Нацыянальнай кінастудыі“Беларусьфільм” прыступіла да працы над камедыйным праектам “Кіношнікі” па заказе Міністэрства культуры. Поўнаметражны фільм стане дэбютам для маладога рэжысёра Кірыла Халецкага.

ГІСТОРЫЯ ПРА ХЛОПЦА, ЯКІ…

Камедыя раскажа пра маладога супрацоўніка кінатэатра Мікалая, які марыць зняць уласны фільм. Фантазія становіцца явай, калі ў яго горад з кінафестывалем прыязджае Фёдар Бандарчук. Цяпер Мікалаю трэба засвоіць “кухню” кіно з нуля і зняць свой дэбютны фільм літаральна з падручных сродкаў, ды так, каб яго заўважыў мэтр. 

Многія гледачы могуць быць здзіўлены, што 22-гадовы рэжысёр вырашыў расказаць не аб прагматычным хлопцу, а пра рамантыка, закаханага ў мастацтва і навакольны свет. Такі нестандартны падыход накіраваны на маладую аўдыторыю, з якой трэба гаварыць пра сапраўдныя і вечныя каштоўнасці. Аўтары праекта спадзяюцца, што калі ў рэжысёра атрымаецца размова з равеснікамі, то гэта будзе самым дарагім дасягненнем для гэтай стужкі. 

СЕМ РАЗОЎ АДМЕРАЙ 

Сцэнарый пісалі на працягу амаль паўгода: версій было шмат. Аднак карпатлівая праца з тэкстам — важны этап падрыхтоўкі стужкі, яко¬ му адводзіцца шмат часу. У мастацкага кіраўніка праекта, рэжысёра Івана Паўлава, ёсць прымаўка: толькі сёмы драфт сцэнарыя ідзе ў працу. Так яно і атрымалася, аднак іх, як прызнаецца каманда, было не сем, а восем. І хоць канчатковы варыянт яшчэ не зацверджаны, патэнцыял гісторыі ўжо можна ацаніць, і ён інтрыгуе. 

АПТЫМІСТЫЧНЫЯ ГАРЫЗОНТЫ 

Дэбютныя працы для кінастудыі — рэч рэдкая, але каштоўная. У свой час на “Беларусьфільме” пачыналі шлях такія мэтры, як Віктар Тураў, Валерый Рубінчык, Міхаіл Пташук... Груз адказнасці на знакамітых рэжысёрах ляжаў такі ж самы, як цяпер на маладым дэбютанце. Бо вялікае кіно — гэта радасць, але ў той жа час сур’ёзная справа. Зараз перад Кірылам Халецкім стаіць задача зняць такі фільм, які будзе сучасным і запатрабаваным. Верагодна, таму жанр будучай карціны вызначаны як лірычная камедыя. 

Жанравае кіно, па словах мастацкага кіраўніка студыі моладзевага кіно “Смолка” Алены Туравай, — той самы шлях, які трэба абіраць рэжысёрам-пачаткоўцам не толькі каб заявіць пра сябе, але і каб зацікавіць аўдыторыю. “Наша задача — вярнуць гледача ў кінатэатры. Мы можам колькі заўгодна несці разумнае, добрае, вечнае, але для пачатку трэба, каб наш фільм паглядзелі. Менавіта таму мы аддаём перавагу тым жанрам, якія знаходзяцца ў першых шэрагах рэйтынгу”, — паведаміла Алена Турава на нядаўняй канферэнцыі, прысвечанай пытанням развіцця кінематаграфіі. 

Зараз калектыў кінастудыі пільна сочыць за працай дэбютанта. Такая ўвага апраўданая курсам кінастудыі на маладыя кадры. Паспяховы вынік Кірыла Халецкага зможа акрыліць іншых пачаткоўцаў — рэжысёраў і сцэнарыстаў. Акрамя таго, справядліва будзе адзначыць, што пасля вялікага перапынку на “Беларусьфільме” гэта першы дэбютант з ігравым поўнаметражным праектам. 

Курс на жанравае кіно на кінастудыі “Беларусьфільм” выбіраюць і мэтры. Так, сёлета на экраны выйдзе сучасная сацыяльная драма пра дактароў-кардыёлагаў “Ліст чакання” рэжысёра Аляксандра Яфрэмава. У наступным годзе нас чакае містычны дэтэктыў “Чорны замак”, які знімуць па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча. Не абміне жанравая разнастайнасць і айчынную анімацыю: над фэнтэзі “Песня Сірын” на аснове славянскай міфалогіі працуе Алена Турава.

У ДУХУ ТРАДЫЦЫЙ 

Аўтары праекта падкрэсліваюць: “Мы прыхільнікі эвалюцыйных формаў”. Пакаленнямі майстроў “Беларусьфільма” назапашаны магутны творчы патэнцыял, і не перадаць яго новаму пакаленню было б недаравальна. Айчынныя кінематаграфічныя традыцыі працягваюцца і прымнажаюцца, а праект “Кіношнікі” — таму яскравае сведчанне. У дадзены момант заканчваецца праца над рэжысёрскай версіяй сцэнарыя. Аўтары праекта гавораць асцярожна: здымкі пачнуцца летам. Прэм’ера плануецца сёлета на кінафестывалі “Лістапад”, каб “у хмурныя восеньскія дні людзі ўбачылі летнюю сонечную камедыю”. Спадзяёмся, што ў каманды “Кіношнікаў” атрымаецца зрабіць той самы фільм, якога бракуе сучаснаму гледачу, і што з працы маладога рэжысёра пачнецца новая эра беларускага кіно! 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота прадастаўлена студыяй моладзевага кіно