На сцэ­не — па­ку­ты, у за­ле — смех

Апублiкавана: 17 мая 2023 Стужка Тэатры Мінск Галёрка

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

Сучасны глядач не так часта ходзіць у тэатр па забаўкі.Для падобных мэт у чалавека ёсць YouTube або Netflix. Зрабіць намаганне: загадзя купіць білет, выбрацца з кватэры, некалькі гадзін сядзець на адным месцы, не зазіраючы ў тэлефон, — на гэтыя ахвяры адважваюцца дзеля пошуку духоўнага пажытку. Ці ўсюды такі можна знайсці? Зазірнём у Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

ЧАГО ЖАДАЎ ЧЭХАЎ? 

Глядач актыўна ідзе на модныя прадстаўленні з рознымі цялеснымі і гукавымі вынаходкамі, шукае адказы на экзістэнцыяльныя пытанні ў новых прачытаннях класікі. Хто, як не Чэхаў, заслугоўвае ўвагі? Яго імя ва ўсіх на слыху, і нават той, хто не надта далучаны да тэатральнага жыцця, напэўна, памятае са школы “Вішнёвы сад” ці “Чалавека ў футляры”. Увогуле, для большасці з нас відавочна, што ў Чэхава не бывае дробязна і па-дурному, у яго заўсёды глыбока і вытанчана. І нават гумар літаратара не пра надрыўны рогат, а пра ўсмешку, якая хаваецца ў праменьчыках вачэй. Ад гэтага драматурга мы чакаем думкі і яе развіцця, а не дзеяння. 

“Іваноў” — не самая вядомая п’еса Антона Паўлавіча. Пры жыцці творца адхіляў усе пастаноўкі, перапісваў тэкст шмат разоў, спрабаваў данесці да артыстаў, як яны павінны іграць, але ніхто не мог патрапіць у яго бачанне. У адным з лістоў брату класік жорстка выказаўся: “Акцёры не разумеюць, нясуць глупства, бяруць сабе не тыя ролі, якія трэба, а я ваюю, верачы, што калі п’еса пойдзе не з тым размеркаваннем роляў, якое я зрабіў, то яна загіне”. 

Нават Станіслаўскаму — свайму настаўніку і апаненту — Чэхаў забараніў ставіць “Іванова”. У чым была прычына? У нежаданні расчаравацца? Цяпер ужо не даведаемся… 

ЭКСТРААРДЫНАРНАСЦЬ І СЮР 

Аднак у мінчан ёсць магчымасць пазнаёміцца з прачытаннем п’есы ад заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксея Ляляўскага. Рэжысёр не проста замахнуўся на спрэчны твор, а вырашыў працаваць з самым першым варыянтам тэксту — камедыйным. Яшчэ Ляляўскі ўзяў на сябе адказнасць увасобіць усё так, як задумвалася драматургам першапачаткова. І адразу дадзім спойлер: нягледзячы на цяжкую задачу, атрымалася добра. 

Адмысловы падыход рэжысёра да пастаноўкі адчуваецца яшчэ за дзвярыма тэатра. Абезаблічанае і строгае “Іваноў” змянілася на мяккае і крыху інфантыльнае “Нікалаша”. Быццам гаворка пойдзе не пра мужчыну ў крызісе сярэдняга ўзросту, а пра някемлівае дзіця, якое бацькі ласкава ўшчуваюць за свавольства. 

Касцюмы акцёраў здольныя прывесці публіку ў шок. Замест сціплых сукенак у спакойных колерах, карычневых пінжакоў і белай мэблі — таго, да чаго мы прывыклі ў іншых пастаноўках (і не толькі тэатральных, але і тэлевізійных), — буянства фарбаў, вар’яцкія прычоскі, неверагодныя макіяжы і велізарныя карціны рускіх класікаў, што выглядаюць іншароднымі сярод разнамаснага натоўпу. 

У КОЖНЫМ — ПРАЗМЕРНАСЦЬ 

Сцэнаграфіяй займалася Людміла Скітовіч. Мастачцы ўдалося дасягнуць балансу там, дзе яго, здавалася б, проста не магло быць. Вось на сцэне велізарныя лебедзі, ростам з чалавека, тысячы пёраў якіх карпатліва прышывала мадэльер Ларыса Лапко. А вось спакойная і ўлагоджаная “Алёнушка” Васняцова, такая ж велізарная, аднак карціна выклікае іншыя эмоцыі. Дзея то стракаціць жанчынамі ў парыках з кветак і ў такіх яркіх сукенках, што баляць вочы, то запавольваецца ў лаканічнай абстаноўцы дырэктарскага кабінета, дзе з інтэр’ера — толькі стол і “Раніца ў сасновым лесе” Шышкіна. 

Празмернасць вонкавага і прастата, калі не беднасць, унутранага — вось тое, на чым зрабіў акцэнт Ляляўскі. І кожны акцёр, кожны элемент на сцэне, кожны гук — нават звыклы для заўсёднікаў тэатра пераліў званочкаў, пад які нічога нечаканага не здараецца ніколі, — усё працуе на ўзмацненне гэтага кантрасту. 

НІВОДНАГА АНЁЛА, НІВОДНАГА ЗЛЫДНЯ 

А які ж ён, Нікалаша? У пастаноўцы ніхто не называе персанажа так. Мікалай Аляксеевіч — збяднелы памешчык, які не тое каб не ведае, чаго хоча, ён не ўпэўнены, ці жадае чагосьці наогул. Іванову ледзь за трыццаць, і ён у крызісе. Цяпер такі чалавек у найлепшым выпадку пайшоў бы да псіхолага капацца ў дзіцячых траўмах, у найгоршым — пачаў бы заліваць гора алкаголем. Толькі ў чэхаўскім свеце, цягучым і павольным, нясхільным да дзеяння, у персанажа нават на гэта не хапае рашучасці. Іваноў... Дакладней — Нікалаша, ідзе туды, куды яго штурхаюць. Здаецца, падзьме вецер, і герой адправіцца следам за павевам. 

Акцёр Дзмітрый Рачкоўскі ўвесь спектакль ходзіць з аднолькавым выразам твару. Гэта дзіўнае спалучэнне нуды, стомленасці і неразумення. Персанаж засоўвае рукі ў кішэні штаноў, быццам бы імкнучыся надаць сабе ўпэўненасці, але тое не надта дапамагае. Нікалаша Рачкоўскага — нядрэнны чалавек, толькі гэтага недастаткова. Каб рабіць дабро, патрэбен унутраны рэсурс, стрыжань, на якім трымаецца асоба. І акцёр, выразны і выбухны ў “Птушках” або “Тарцюфе”, тут ператвараецца ў папяровую лялечку, у цела якой выпадкова заляцела слабая душа. 

Чэхаў тлумачыў характары герояў: “Сучасныя драматургі начыняюць свае п’есы выключна анёламі, падлюгамі і блазнамі... Я хацеў сарыгінальнічаць: не вывеў ніводнага злыдня, ніводнага анёла... Нікога не абвінаваціў, нікога не апраўдаў”. 

І Ляляўскі цудоўна перадае гэтую ідэю. Нават цяжкахворая жонка Іванова, Ганна Пятроўна, дні якой злічаны і якую муж не кахае і ні ў грош не ставіць, не выклікае спагады. Наталля Кот-Кузьма, мабыць, адна з найяскравейшых актрыс сучаснасці, яе харызма здольная разварушыць самага абыякавага чалавека, а ў “Нікалашу” артыстка выглядае панылай. Хаця панылыя тут усё. 

ГЕРОЙ НАШАГА ЧАСУ АБО РАМАНА? 

Але галоўная праблема — у іншым. Чаму спектакль у кагосьці выклікае смех і захапленне, а ў некаторых — нуду і жаданне хутчэй сысці? 

Па адказ звернемся да ўспрымання трэцяга тыпу людзей. Тых, хто ўключаўся ў дзеянне на сцэне, адкідаючы ўсё знешняе — і ўборы, і жарты, крыху састарэлыя, калі не сказаць — пахабныя, і залішні надрыў другарадных акцёраў. За спектаклем “Нікалаша” крыецца нуда. Нуда чалавека, які не знайшоў сябе і не знайшоў сабе справу. Іваноў зусім не герой — ні часу, ні раманаў. Ён — звычайны мужык без усялякіх талентаў. Толькі адчувае свет крыху танчэй за іншых. Танчэй— не значыць глыбей. 

Іваноў не ведае, як справіцца са сваім станам, нічога не выносіць з рэфлексіі, акрамя яшчэ большых пакут. Персанаж прычыняе беды жанчынам, што кахаюць яго. А прыяцелі, больш заможныя і больш суцэльныя асобы, хай і не такія ўдумлівыя, адчуваюць да таварыша лёгкую агіду. Нікалаша ў сваім жаданні ўзвысіцца над астатнімі, апрануць белае паліто і выдаліцца ад грамадства, якое расчароўвае будзённасцю, варты жалю. 

Аднак звычайныя ў спектаклі ўсе. Людзі з банальнымі праблемамі. Не героі і не мысляры. Проста людзі, якія жывуць без іскры, бо так прывыклі. І, відавочна, акцёрам самім цяжка спраўляцца з грузам нуды і бессэнсоўнасці, што даводзіцца граць. А гледачы смяюцца. Ім жа здаецца, быццам усё гэта не пра нас… 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ, студэнтка БДУ 

Фота з сайта тэатра