Залаты леў інсітнага раю

Апублiкавана: 17 мая 2023 Стужка Музеі Мiнская вобласць

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Чым дакладна запомніцца сёлетні Дзень музеяў, дык гэта доўгачаканым адкрыццём экспазіцыі маляваных дываноў. У тым, што новая пляцоўка Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе” будзе карыстацца немалым поспехам, сумнявацца не выпадае: самабытнае народнае мастацтва цяпер у пашане. Аглядальнік “К” наведаў выставачную прастору незадоўга да пачатку яе працы і пераканаўся: хоць музей мае даволі сціплыя плошчы, раскрыць у экспазіцыі тэму ўдалося. Адпаведна, гасцей чакае шмат цікавага.

ЭРМІТАЖ У АТАЧЭННІ ЦЯПЛІЦ 

Калекцыя маляванак пачала фарміравацца ў Заслаўі болей за тры дзесяцігоддзі таму — яшчэ ў тыя часіны, калі дываны мала хто ўспрымаў усур’ёз, і таму яны часцяком пыліліся ў хлявах ды на гарышчах. І паколькі супрацоўнікі музея-запаведніка Юрась Малаш, Ала Сташкевіч і Аляксандр Рак былі сярод “першаадкрывальнікаў” гэтага мастацкага феномена, у экспедыцыях іх чакаў шчодры ўлоў. Агулам у калекцыі сёння — каля 300 дываноў і макатак з розных куткоў Беларусі. Гэта непараўнальна больш, чым у любым іншым нашым фондасховішчы. 

Такую шыкоўную калекцыю грэх не выстаўляць. Таму цалкам вытлумачальна, што ўжо даволі даўно з’явілася ідэя стварыць на базе запаведніка асобны музей інсітнага мастацтва або хаця б тых самых маляваных дываноў. Значным стымулам да рэалізацыі задумы стаў грант фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтваў. 

Як адзначыў дырэктар заслаўскага музея-запаведніка Юрый Шкурскі, праца над новым аб’ектам аказалася няпростай: даваліся ў знакі як фінансавыя ды адміністратыўныя мітрэнгі, так і розныя тэхнічныя праблемы, звязаныя з адаптацыяй пад патрэбы ўстановы зусім непрыстасаванага для экспазіцыі памяшкання. 

Камянічку, што знаходзіцца на балансе музея-запаведніка гадоў дзесяць, многія ведаюць як былы дом дзіцячай творчасці. Аднак непрыкметны будыначак мае куды больш даўняе і адметнае мінулае. Гэта адзіны ацалелы ў Беларусі эрмітаж — той флігель сядзібы Пшаздзецкіх, дзе гаспадары адпачывалі ад будзённага тлуму ў кампаніі муз. І вось можна гаварыць, што архітэктурны помнік урэшце вярнуў сабе адпачатную функцыю. Хаця… тут ёсць пытанні. 

— Цяжка сказаць, як адрэагавалі б на з’яўленне музея маляванкі самі паны Пшаздзецкія, — пасміхаецца намеснік дырэктара музея-запаведніка Ксенія Сямашка. 

Гэтага мы, вядома, ніколі не даведаемся. Але ж ідэя аддаць былы панскі флігель пад дэманстрацыю такога “простанароднага” культурнага феномена, як маляванка, мела сваіх супраціўнікаў ужо і ў наш век. Маўляў, лепш стварыць тут галерэю сучаснага мастацтва ці музей гісторыі горада, а пад дываны пашукаць іншае месца. Але ўрэшце ўзяў верх рэалістычны падыход: чакаць з’яўлення больш прыдатнай пляцоўкі для экспанавання ўнікальнай калекцыі можна было яшчэ вельмі доўга. 

Думаецца, ёсць тут рацыя. Пагатоў нічога панскага ў ваколіцах эрмітажа ўжо і блізка не засталося. Усутыч да музея — прыватныя падворкі з клумбамі ды цяпліцамі. Шмат зеляніны, птушкі пяюць, сабачкі часам брэшуць… Таму адчуваеш сябе недзе ў вёсцы — і гэта вельмі спрыяе “паглыбленню ў тэму”. 

Эрмітаж — бадай адзінае, што ацалела ад грандыёзнага сядзібнага ансамбля. Пазнейшыя рамонты ладна “асучаснілі” і гэтую камяніцу. Але побач з ёй дасюль раскашуюць лістоўніца і ліпа, што засталіся з былых часоў. 

Таксама музейшчыкі маюць задуму ўсталяваць на падворку макет розных пабудоў маёнтка — каб гледачы маглі здзівіцца таму, наколькі перайначыліся навакольныя мясціны, і раскрыць для сябе прыхаваную сёння старонку гісторыі Заслаўя. 

ПАПУГАЙЧЫК “ПАД ДРАЗДОВІЧА” 

Музей маляванкі складаецца з дзвюх частак — пастаяннай экспазіцыі і залы для зменных выстаў. Першая пачынаецца з сімвалічнай рэканструкцыі інтэр’ера сялянскай хаты. Апрача дывана тут — распісны куфар, тканыя посцілкі, вышытыя ручнікі... Розныя іпастасі народнага мастацтва, якія звыкла суседнічалі ў побыце, атачаючы нашых продкаў. 

Дыван з гномікам, які грае на віяланчэлі, адметны найперш па адной прычыне: гэта адзіны ў калекцыі артэфакт родам з ваколіц Заслаўя. Чаму так здарылася? Можа, у прысталічны рэгіён хутчэй праніклі фабрычныя вырабы, якія ўрэшце паўсюдна выцеснілі дываны. А можа, даследчыкі проста не паспелі сабраць аўтэнтыку… 

Лагатыпам музея стаў залаты леў Алены Кіш. У заслаўскіх фондах знаходзяцца 11 яе работ — з 13 вядомых цяпер. У пастаяннай экспазіцыі змясціліся толькі тры — па колькасці тыповых для мастачкі сюжэтаў: “Ліст да каханага”, “Рай” і “Дзева на водах”. А вось прасачыць варыяцыі зместу можна дзякуючы ўсталяванаму тут жа інфакіёску. Ужо сёння медыяфайлаў у яго запампавана даволі багата. 

Па словах старшага навуковага супрацоўніка музея-запаведніка Генадзя Сівохіна, віртуальная частка экспазіцыі будзе несупынна пашырацца — балазе тут ужо ніякіх абмежаванняў па плошчы няма. Інфацэнтр дае магчымасці сабраць рэпрадукцыі маляванак з іншых калекцый, навуковыя публікацыі, біяграфіі мастакоў, нават фільмы пра іх… 

Суседняя зала з падлогі да столі (тое — задума стваральнікаў экспазіцыі) завешана дыванамі Язэпа Драздовіча. Пабачыўшы адразу так шмат іх, можна зразумець, наколькі гэтыя творы розныя. Ёсць тут і, бадай, тагасветныя месяцовыя краявіды, якія няўлоўна нагадваюць знакамітыя “касмавізіі” (хіба што пейзажы на іх адлюстраваны пазнавальныя, беларускія). Прысутнічаюць і зусім немудрагелістыя кветачкі ды лубковыя сюжэты. 

Што ні кажы, а дываны — гэта ўсё ж не чыстае мастацтва. Усе яны пісаліся на замову, і, каб зарабіць сваю пару залатовак (мізэрныя грошы для трох дзён цяжкай працы), майстар мусіў прыслухоўвацца да пажаданняў замоўцы. 

Адпаведна, кожны дыван мае адмысловую гісторыю, дазнацца якую — цікавая задача для музейшчыкаў. Ксенія Сямашка распавядае пра нядаўнія адкрыцці. Раней замоўцамі адной з маляванак лічыліся сёстры Валошкі, прычым ніхто нават не ведаў, гэта сапраўднае прозвішча або пяшчотны эпітэт. Аднак калі ўдалося адшукаць унука адной з тых сёстраў, выявілася, што насамрэч яны — Балошкі. Далей росшукі прывялі ў бібліятэку, дзе захоўваюцца дзённікі Драздовіча. Там знайшлася згадка пра гэтую гасцінную для мастака хату, у якой ён часта спыняўся і якую ўрэшце ператварыў сваімі стараннямі ў сапраўдны вясковы музей. 

Яшчэ адзін цікавы экспанат — дзве макаткі з папугайчыкамі. Адна з іх дакладна належыць руцэ Драздовіча, а вось іншая, мяркуючы па ўсім, стала наследаваннем майстру або нават імітацыяй. 

Не ведаю, ці падрабляе хто маляванкі гэтага аўтара сёння, але — выглядае цалкам магчымым, бо каштуюць яны немалыя грошы. Калекцыя музея працягвае спакваля пашырацца: на адкрыцці спонсары павінны падараваць установе яшчэ адзін дыван Драздовіча, выкуплены за ўласныя сродкі. 

Варта дадаць, што заслаўскі збор маляванак уключае не толькі самі дываны, але і працы прафесійных мастакоў, створаныя пад уплывам гэтай з’явы. Музей удала дапаўняюць скульптуры Уладзіміра Ламейкі, натхнёныя вобразамі Алены Кіш. 

VR-МАЛЯВАНКА 

Калі экспазіцыя ў першай зале для многіх чаканая, то ў другой, бясспрэчна, для наведвальнікаў будуць адкрыцці. Там можна пераканацца, што два выбітныя мастакі, чые імёны сёння на слыху, былі далёка не адзінымі — адначасова з майстрамі стваралі маляванкі сотні самародкаў. Той агульны кантэкст і адлюстроўвае выстава. І, як выяўляецца, ён вельмі размаіты. 

— На прыкладзе гэтых распісных дываноў мы імкнёмся паказаць, як з часам мянялася стылістыка, густы, тэхналогіі, — кажа Ксенія Сямашка. 

Малявалі на ўсім, што падвернецца пад руку: даматканым палатне, коўдрах, абрусах, паперы, цыраце, пакупной тканіне… Сюжэты чэрпалі адусюль, адкуль толькі можна: і з іканапісу, і з Васняцова і Шышкіна, чые рэпрадукцыі таксама пачалі трапляць у паваенную вёску (скажам, у выглядзе цукерачных абгортак). Без сумневу, маляванка была адкрытая да самых розных уплываў — як станоўчых, так і не зусім. 

Аднак часам крыніцы натхнення зусім не відавочныя. Скажам, у майстра Іпаліта Ворсы заўважныя нават шагалаўскія матывы. Хаця адкуль творы жывапісца мог ведаць вясковец з Пастаўшчыны? 

Некаторыя з убачаных на выставе дываноў здаюцца наіўнымі і каструбаватымі спробамі дацягнуцца да “высокай культуры”. Іншыя ж пазбаўлены такіх комплексаў, таму выглядаюць куды больш цікава ды самабытна. Але ў кожным разе маляванкі прасякнуты непасрэднасцю і свежасцю ўспрымання, характэрнымі для інсітнага мастацтва. 

Знаёмству з артэфактамі зусім не перашкаджае сучаснае тэхнічнае “начыненне”, у якім заслаўскі музей ані не саступае сталічным. Дбайна прадуманае асвятленне дапамагае засяродзіць увагу на творах, а мабільныя перагародкі на колах у перспектыве дазволяць “гуляць з прасторай”, выбудоўваючы экспазіцыю згодна з ідэяй канкрэтнай выставы. 

Кампенсаваць недахоп аўтэнтычных экспанатаў сучаснымі электроннымі тэхналогіямі ў музея няма патрэбы. Аднак без моднай фішкі ён не абышоўся. Надзеўшы VR-акуляры, кожны ахвочы здолее трапіць у прастору маляванага дывана або скласці яго, быццам пазл. Несумненна, такі атракцыён будзе карыстацца асаблівым попытам сярод дзятвы, хаця і дарослыя з задавальненнем далучацца. 

Яшчэ адна важная сучасная тэндэнцыя — адкрытасць музея да людзей з інваліднасцю. Ужо сёння ва ўстанове забяспечана безбар’ернае асяроддзе. Плануецца, што неўзабаве ў свеце маляванкі змогуць апынуцца людзі з парушэннямі зроку. На музейным падворку павінны з’явіцца рэльефы, якія “перакладуць” асобныя творы на тактыльную мову. 

— Мы б хацелі, каб музей дываноў быў адкрыты для ўсіх, — кажа Юрый Шкурскі. — Каб ён не толькі ладзіў прыцягальныя для публікі экспазіцыі, але з часам стаў цэнтрам даследаванняў, дыскусій, майстар-класаў. Каб ён аб’ядноўваў усіх зацікаўленых гэтай тэмай. І галоўнае — каб тут заўсёды віравала жыццё. 

Ілья СВІРЫН