Там, дзе цвіце сакура...

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў сумесна з галерэяй FARBA прэзентаваў выставачны праект “Сны аб Японіі”. Экспазіцыя прапануе пазнаёміцца з унікальнай гісторыяй і багатай спадчынай, зазірнуць у свет мастацтва і культуры Краіны ўзыходзячага сонца, а таксама атрымаць асалоду ад шэдэўраў у стылі ўкіё-э, назва якога перакладаецца з японскай як “карціны зменлівага свету”.

Творы замежных аўтараў у галерэі традыцыйна дапаўняюцца работамі беларускіх мастакоў з фонду НЦСМ: Анатоля Бараноўскага, Фёдара Дарашэвіча, Вячаслава Паўлаўца, Віталя Цвіркі ды іншых. Яшчэ прадстаўлены палотны, адабраныя па выніках open call. Куратар праекта Дзіна Даніловіч лічыць, што дэманстраваць працы маладых беларусаў побач з творамі славутых майстроў вельмі важна, тым больш у практыцы НЦСМ гэта ўжо традыцыя. Аднак цяпер мэта падобнага сінтэзу іншая: “Сярод работ беларускіх мастакоў вы не заўважыце літаральна японскіх тэм, — запэўнівае Дзіна Даніловіч. — Мы імкнуліся падкрэсліць складанейшыя шматузроўневыя паралелі, што перагукваюцца з адчуваннем мімалётнага імгнення, а таксама паказаць, як беларускія і японскія мастакі працуюць з краявідамі, партрэтамі, шматфігурнымі кампазіцыямі. Таму задача прадэманстраваць нашу традыцыю і ўсходнюю, каб прасачыць, што нас адрознівае, а што, наадварот, яднае”. 

ВЫТОКІ “ПЛЫВУЧАГА СВЕТУ” 

Графіка ўкіё-э распавядае пра жыццё гарадскога насельніцтва перыяду Эда (1603—1868), або эпохі сёгунату Такугава, калі ў Японіі на 265 гадоў усталявалася праўленне самураяў, а самі жыхары далёкіх астравоў аказаліся цалкам ізаляванымі ад знешняга свету. Такое становішча паспрыяла росквіту нацыянальнай культуры. Укіё-э — гэта адлюстраванне філасофскіх катэгорый будызму аб эфемернасці імгненняў чалавечага жыцця, што пастаянна знікаюць, і ўменні спыніцца ў хуткаплынным часе, каб атрымліваць асалоду ад моманту. У асноўным гравюры былі прысвечаны тэатру кабукі, баям сумо і вядомым куртызанкам. Крыху пазней з’явіліся пейзажы. У японскай ксілаграфіі існуе некалькі жанраў: кацё-га — выявы кветак і птушак, фукэй-га — прыродныя і гарадскія віды, бідзін-га — выявы прыгожых людзей, якуся-э — партрэты папулярных акцёраў тэатра кабукі, муся-э — выявы знакамітых самураяў. Праслаўленымі майстрамі ўкіё-э лічацца Кацусіка Хокусай, Анда Хіросігэ, Утагава Кунісада, Кітагава Утамара. 

ЯПОНСКІЯ ПРЫГАЖУНІ 

Асабліва каштоўныя для выставачнага праекта гравюры аднаго з самых папулярных у свой час жанраў — бідзін-га. Прызнаны адмысловец дадзенага кірунку — Кітагава Утамара. Нягледзячы на тое, што напрамак бідзін-га рэдка дазваляў ацаніць сапраўднае аблічча канкрэтнай прыгажуні — гэта былі хутчэй зборныя партрэты, якія адлюстроўвалі павевы моды ў касцюме, грыме і фрызуры, — дзякуючы мастаку выяўленне жаночай прыгажосці дасягнула апагея. Творы Утамара адрознівае ідэалізаваны вобраз: выцягнутыя авал твару і прапорцыі цела, традыцыйная высокая прычоска, вочы, абведзеныя мінімальнай колькасцю рысак, тонкія лініі вуснаў і прамы нос. 

36 ВІДАЎ ФУДЗІ 

Гаворачы аб японскіх гравюрах укіё-э, немагчыма не згадаць знакамітую серыю твораў мастака Хокусая, якая носіць назву “36 відаў гары Фудзі”. На выставе паказаны самыя папулярныя выявы: “Вялікая хваля ў Канагаве”, “Раптоўны дождж пад гарой”, “Пераможны вецер. Ясны дзень”, “Балота Кадзікадзава ў Касю”. Хокусай звяртаўся да розных жанраў ксілаграфіі, але менавіта ў пейзажным, фукэй-га, з’ядналіся ўсе знаходкі майстра. Класічны японскі пейзаж ігнараваў рэальнае аблічча аб’екта, імкнуўся з дапамогай прыродных формаў перадаць філасофскія ідэі. Карціны Хокусая заўсёды звязаны з канкрэтнай мясцовасцю, тапаграфічныя асаблівасці якой нярэдка ўдакладняюцца з дапамогай надпісаў. Мастак упершыню злучыў у гармоніі законы перспектыўнай пабудовы прасторы і лінеарны рытм укіё-э, маляўнічыя віды і бытавыя матывы. 

З працамі Хокусая суседнічаюць праслаўленыя творы яго самага паспяховага паслядоўніка, Анда Хіросігэ, з калекцыі “53 станцыі Такайда”. Ні адзін з сюжэтаў, за выключэннем Фудзі, не быў так папулярны, як малюнкі гэтага старажытнага шляху. Серыя складаецца з 55 гравюр, бо да выяў 53 станцый дададзены пейзажы Эда і Кіёта. Адметнай рысай карцін Хіросігэ можна назваць выкарыстанне ціснення і градацыі колеравых тонаў, бакасі, для перадачы туману, змяркання або лесу за заслонай дажджу. 

НА СЭРЦЫ ВЯСНА 

Экспазіцыя “Сны аб Японіі” прапануе гасцям унікальную магчымасць сузіраць работы прызнаных майстроў укіё-э. Знаходзячыся сярод карцін вядомых мастакоў эпохі Эда, немагчыма не злавіць сябе на думцы, што эмоцыі, выкліканыя гравюрамі, не б’юць праз край. Творы трансліруюць спакой, ціхамірнасць, быццам дазваляюць завіснуць на мяжы зменлівага свету. 

Каб паглыбленне ў атмасферу Краіны ўзыходзячага сонца было поўным, куратары выставы падрыхтавалі для наведвальнікаў насычаную суправаджальную праграму — лекцыі і майстар-класы. Акрамя таго, традыцыйная Ноч музеяў пройдзе ў НЦСМ у маі ў рамках праекта “Сны аб Японіі”. 

Газета "Культура" №17 ад 29 красавіка.

Яўгенія ГАБЕЦ