Кіно, віно і легенда Чорнага замка

Апублiкавана: 21 мая 2023 Кiно Кіно Мінск

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Камера, матор! На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” стартавалі здымкі ігравога фільма “Чорны замак” па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Паназіраць за працэсам і разбіць традыцыйную талерку выправілася “К”.

Праца над “Чорным замкам” пачалася даўно і не зусім з Караткевіча. Першапачаткова на кінастудыі разглядаліся і іншыя творы беларускіх класікаў, аднак ідэя Глеба Шпрыгава, прадзюсара і аўтара сцэнарыя, адаптаваць для вялікага экрана знакаміты раман “Чорны замак Альшанскі” падалася найбольш выйгрышнай: тут і экшан, і расследаванні — усё, што патрэбна сучаснаму гледачу. “Гэты праект мае актуальнасць і цяпер. Мы цалкам адаптавалі яго да сённяшніх рэалій, каб фільм быў яркім, дынамічным і цікавым у першую чаргу для маладой аўдыторыі”, — дзеліцца меркаваннем генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі. 

“Чорны замак” — міжнародны праект. У фільме прымаюць удзел беларускія і расійскія акцёры, а ў здымачную каманду ўваходзяць расійскі кінарэжысёр, грузінскі аператар і беларускія кінематаграфісты.

Падрыхтоўка да здымак заняла год і захапіла напісанне літаратурнага і рэжысёрскага сцэнарыяў, кастынг акцёраў, пошук лакацый і рэквізіту. Проста цяпер у павільёнах “Беларусьфільма” завяршаецца мантаж дэкарацый троннай залы, магільняў, гадзіннікавых механізмаў. Маштабы заяўляюцца велізарныя: праз фільм будуць праходзіць больш чым 50 лакацый, сярод якіх гістарычныя месцы, натурныя пляцоўкі, замкавыя комплексы ў Міры і Нясвіжы, а таксама руіны замкаў і тое, што, па словах рэжысёра Кірыла Кузіна, будзе выдавацца за замкі. Аднак гледачоў чакаюць не толькі прыгожыя краявіды, але і відовішчныя сцэны з каскадзёрамі і перамяшчэннямі ў прасторы. “Гэта глыбокае, асэнсаванае, але пры тым забаўляльнае кіно, у якім будзе вялікая колькасць батальных экшан-сцэн і камп’ютарнай графікі”, — кажа рэжысёр. 

ПА СЛЯДАХ КАРАТКЕВІЧА 

Да здымак фільма ўжо назіраецца пільная ўвага не толькі з боку фанатаў кіно, але і прыхільнікаў беларускага класіка, бо не сакрэт, што творчасць пісьменніка досыць складаная для адаптацыі для вялікага экрана. Працуючы ў свой час разам з беларускім рэжысёрам Валерыем Рубінчыкам над сцэнарыем “Дзікага палявання караля Стаха”, самому Караткевічу прыйшлося выдаліць многія сюжэтныя лініі з аповесці, каб перакласці яе на мову кіно. Такога ж прынцыпу прытрымліваліся аўтар сцэнарыя “Чорнага замка” Глеб Шпрыгаў і рэжысёр Кірыл Кузін. “Так як сцэнарый па кнізе, то ад яе адыходзіць далёка нельга, — кажа рэжысёр. — Аднак мастацкі твор і кінасцэнарый — рэчы розныя, і цалкам уціснуць выдатны раман у паўтары-дзве гадзіны экраннага часу складана. Наша асноўная задача ў момант напісання сцэнарыя — раскрыць галоўную тэму і захаваць захапляльнасць гісторыі, каб яна змагла зацікавіць гледача”. 

Аўтары падкрэсліваюць: фільм створаны па матывах рамана і не з’яўляецца яго экранізацыяй, бо, як кажа Глеб Шпрыгаў, каб экранізаваць твор Караткевіча, трэба быць самім Караткевічам. Сцэнарыст таксама акцэнтуе ўвагу на жанры фільма — гістарычным фэнтэзі: “Легенда, якую расказаў Уладзімір Караткевіч, у нашым фільме пашыраная за кошт праславутага «ўдару ў спіну»: мы паказваем момант паўстання супраць Польскай Кароны князёў, якія сабраліся вызваліцца ад прыгнёту. Не сказаць, што гэта гістарычная праўда, бо ў самога Караткевіча гэта выдуманы эпізод, хоць зразумела, што ён пабудаваў яго, арыентуючыся на пэўныя гістарычныя падзеі. Але мы не ўзнаўляем гістарычную праўду ў яе поўным аб’ёме, таму наш фільм хутчэй можна назваць гістарычным фэнтэзі”. 

Галоўная ідэя ў “Чорным замку”, па словах аўтараў, неразрыўна звязаная з беларускай гісторыяй: “Ключавая тэма, якую мы закладваем, — гэта тое, што мы не бязродныя, у нас найбагацейшая гісторыя, дзе ёсць свае злодзеі і героі, прыгожыя пачуцці, якія ўсім нам нада¬ юць высакароднасці, калі мы да іх дакранаемся. І так як фільм арыентаваны на маладых людзей, якім цікава глядзець гісторыі пра сябе, мы вырашылі спыніцца на маладых героях і ўвесці дзве сюжэтныя лініі: Сярэднявечча і наш час. Гэта дапаможа гледачам асацыяваць сябе з персанажамі і ўбачыць, як глыбока сягае наша гісторыя і якія цікавыя рэчы ў ёй адкрываюцца”. 

РАСІЙСКІ СЛЕД У БЕЛАРУСКІМ КІНО 

Выканаўца галоўнай ролі, расійскі акцёр Яўген Шварц, жартуе, маўляў, герой яму самому поўная супрацьлегласць: дасціпны, прыгожы, вясёлы. Аднак на кастынгу менавіта Яўген прыцягнуў увагу рэжысёра сваёй здольнасцю ўжыцца ў ролю. Пра тое, у наколькі маштабны праект ён трапіў, акцёр і не здагадваўся, як і пра тое, што праз кароткі час будзе працаваць на здымачнай пляцоўцы Нацыянальнай кінастудыі ў Беларусі: “Я спачатку нават не ведаў, што здымкі арганізуе «Беларусьфільм». Як толькі мне сказалі, адразу адчуў адказнасць не толькі перад расійскай публікай, але і беларускай. Ёсць невялікае хваляванне, аднак, спадзяюся, яно хутка пройдзе. У любым выпадку, я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб фільм выйшаў добрым”, — кажа Яўген. Пра знаёмства з раманам Караткевіча расійскі акцёр адгукаецца з пяшчотай і шкадуе, што моладзь у Расіі мала знаёмая з творамі беларускага класіка: “Спадзяюся, пасля выхаду фільма маё пакаленне зацікавіцца гэтым пісьменнікам і прачытае як мага больш яго твораў”. 

Здымкі фільма працягнуцца да канца чэрвеня, пасля чаго пачнецца перыяд сур’ёзнага постпрадакшана. Па словах генеральнага дырэктара кінастудыі “Беларусьфільм”, прадзюсары праекта ўжо вядуць перамовы аб далейшым лёсе карціны. Выхад “Чорнага замка” на вялікія экраны запланаваны на вясну 2024 года. 

Газета "Культура" №18 ад 6 мая.

Яўгенія ГАБЕЦ