Мастак на пенсіі

Моладзі здаецца, што пасля пэўнага ўзросту рэальнасць становіцца жудаснай, безнадзейнай і маркотнай. Ды і сталыя людзі часцяком лічаць, што жыццё спыняецца, калі дзеці пакідаюць бацькоўскую хату. Аляксей Навумаў — пенсіянер з горада Кобрына. Ён знайшоў любімую справу яшчэ ў дзяцінстве, але атрымаў магчымасць аддацца ёй, толькі сышоўшы з пасады капітана міліцыі на заслужаны адпачынак.

ПАМІЖ МАЛЯВАННЕМ І ФУТБОЛАМ 

Маляванне заўсёды захапляла Аляксея Сяргеевіча. Ён нават спрабаваў наведваць заняткі па выяўленчым мастацтве ў Брэсцкім палацы піянераў, аднак сядзець на адным месцы падавалася занадта нудным. 

— Мне было гадоў 12—13, і футбол цікавіў хлапчукоў майго ўзросту куды больш, чым мастацтва, — са смехам згадвае наш герой. 

Зрэшты, нават некалькі месяцаў, праведзеных у студыі, далі свой плён — Алёша напісаў пейзаж Брэсцкага парку. Карціна спадабалася настаўнікам: кранальны спакой веяў ад лавачкі пад шатамі дрэў і сонца, што нясмелымі прамянямі прабівалася скрозь лістоту. Малюнак прапанавалі на мясцовую выставу, і ён цешыў позіркі наведвальнікаў Палаца піянераў доўгі час. 

Як любы падлетак, наш герой цікавіўся мноствам рэчаў, спрабаваў розныя заняткі, але ніколі не адмаўляўся ад алоўка і фарбаў. Ён займаўся выпускам насценгазеты ў школе, нават падчас урокаў не мог стрымацца ад таго, каб рабіць накіды навакольнай рэчаіснасці на палях сшыткаў. Аднак стаць прафесіяналам не дазволілі абставіны: 

— Мастацкае вучылішча было толькі ў Мінску, там не давалі месца ў інтэрнаце. Мне ж было ўсяго 15, і маці не адважылася адправіць сына ў невядомасць. 

ТОЛЬКІ БЕЗ КРЫЎДЫ! 

Аляксей Сяргеевіч скончыў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі, потым служыў у войску. Нават там не адмаўляўся ад свайго захаплення. У казарме ён займаўся афармленнем ленінскага пакоя — месца, дзе салдаты праводзілі вольны час. 

Адвучыўшыся ў Мінскай вышэйшай школе МУС, накіраваўся ў Кобрын. Падчас працы ў органах правапарадку адкрыў у сабе новы талент — карыкатуры. 

 — Калегі заўважылі, што ў мяне добра атрымліваецца, пачалі самі прасіць адлюстраваць іх. Даводзілася папярэджваць, каб не крыўдзіліся, і прэцэдэнтаў быццам бы не было, усе засталіся задаволеныя, — успамінае мастак. 

Менавіта карыкатуры прынеслі яму першую вядомасць. Іх публікавалі ў раённай газеце “Кобрынскі веснік”, абласной — “Заря”, спецыялізаванай — “На страже”. 

— Для мяне вельмі важна, каб людзям было хораша, і я заўсёды радуюся, атрымліваючы зваротную рэакцыю. Выклікаць усмешкі — вялікае шчасце, — разважае Аляксей Сяргеевіч. 

НІКОЛІ НЕ ПОЗНА 

На пенсію былы міліцыянер сышоў па стане здароўя ў сорак гадоў і яшчэ дзесяць прапрацаваў ахоўнікам. Гэты час аказаўся для яго самым прадуктыўным у плане мастацтва. 

— Першую карціну алеем напісаў у 1995 годзе. З’явілася шмат вольнага часу, і я зразумеў, што цяпер нарэшце магу прысвяціць яго таму, да чаго ляжыць душа, — расказвае жывапісец. 

Карціна "Вясновы ўспамін"

Карціна "Вясновы ўспамін" 

Аднак атрымалася тая спроба... комам. Аляксей Сяргеевіч хацеў скапіраваць “Бярозавы гай” Куінджы. Пейзажы заўсёды прыцягвалі яго погляд, і ён вырашыў з наскоку адлюстраваць чароўны сонечны куток між разгалістых крон. 

— Шчыра кажучы, выйшла жудасна. Я не ведаў, як працаваць з алеем, да гэтага выкарыстоўваў гуаш, акварэль, алоўкі. Ды і правілы кампазіцыі былі мне незнаёмыя. У выніку я разарваў свой “шэдэўр” на маленькія кавалачкі, — з усмешкай згадвае творца. 

НАСТАЎНІКІ ЖЫВЫЯ І ПАПЯРОВЫЯ 

Вучыцца ў пяцьдзясят гадоў — задача не з простых. Стрымліваюць забабоны, меркаванне навакольных, маўляў, выйшаў на пенсію — няньчы ўнукаў, няма чаго забаўляцца, усё роўна ж кінеш. Мастак сутыкаўся з асуджэннем і неразуменнем, але гэта яго не спыняла: 

— Я быў знаёмы з таленавітым пейзажыстам Ігарам Кіргізавым, які скончыў Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава. Ён даваў мне ўрокі ў нефармальнай абстаноўцы. Раіў, якія матэрыялы лепш купляць, як правільна рабіць накіды. Ён быў адзіным маім рэальным настаўнікам. Іншымі сталі кнігі. 

Сцены ў кватэры Аляксея Сяргеевіча напалову завешаныя карцінамі, напалову застаўленыя кніжнымі паліцамі. Сярод пухлых томікаў сусветнай класікі і беларускай літаратуры ўвагу прыцягваюць альбомы: і калекцыйныя, і падарункавыя — тыя, што існуюць толькі ў некалькіх экзэмплярах. 

— У мяне больш за трыццаць кніг з серыі “Вялікія мастакі”. Ёсць і іншыя, тыя, дзе асновы тлумачацца на схемах. Магу назваць менавіта гэтыя альбомы сваімі памочнікамі. Дзякуючы ім я пісаў. Раз за разам памыляўся, зноў рваў палотны — і ў выніку навучыўся рабіць амаль ідэальныя копіі, выпрацаваў уласны стыль, — дзеліцца сакрэтамі майстэрства творца. 

Новых тэхналогій наш герой таксама не цураецца. Асвоіў YouTube і TikTok, бярэ адтуль лайфхакі, відэаўрокі. Аднак прызнае, што большую частку з таго ўжо ведае. Сам вывучыў — дзякуючы зацятасці і працавітасці. 

ЛЮСТЭРКА РЭАЛЬНАСЦІ 

Карціны пісаліся, назапашваліся. Месца ў кватэры стала проста бракаваць. Ды і ў мастака была ўнутраная неабходнасць паказаць работы людзям. Так з’явілася супрацоўніцтва з Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя А. В. Суворава. 

— Там вывешваліся палотны іншых сучасных мастакоў нашага раёна. Мае таксама падаліся музейшчыкам годнымі. Неўзабаве работы захацелі купіць турысты з Расіі, Польшчы, Украіны, нават Амерыкі, — распавядае Аляксей Сяргеевіч. 

Слава пра яго хутка распаўсюдзілася па горадзе. Паляцелі адзін за адным заказы. Людзям хацелася захаваць на карціне ўспаміны пра бацькоўскі дом у глухой вёсцы, пра асабліва прыгожы захад сонца, пра букет кветак, падораны любімым чалавекам, пра выяву, з якой звязаны цудоўныя моманты жыцця. 

— Больш за ўсё мне падабаецца пісаць пейзажы. Раней часта выязджаў на прыроду, а цяпер больш па фатаграфіях. Мой любімы мастак — Аляксей Саўрасаў. Ён паказваў жыццё такім, якім яно было. І выдатныя яго бакі, і жудасныя. Я хачу рабіць тое ж: адлюстроўваць рэчаіснасць, — расказвае пра сваю мару герой. 

З НАДЗЕЯЙ НА БУДУЧЫНЮ 

Аляксей Навумаў ідзе ў нагу з часам. І хай пакуль не завёў сабе старонку ў Instagram, актыўна разглядае шляхі развіцця: 

— Мяркую, мая творчасць не занадта цікавая моладзі. Але і сярод майго пакалення ёсць тыя, хто імкнецца да мастацтва, хоча атачаць сябе ім. І калі я змагу зрабіць іх жыццё крышачку лепшым і прыгажэйшым, гэтага ўжо дастаткова. 

Яшчэ дзесяць гадоў таму Аляксей Сяргеевіч не мог і падумаць, што атрымае магчымасць маляваць: знаёмыя не разумелі яго страсці, ды і ён сумняваўся ва ўласных сілах. Цяпер жа мастак можа цалкам сфакусавацца на любімай справе, чарговы раз даводзячы ўсім, што ўзрост не перашкода для здзяйснення мараў. 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ