Мясцовыя жыхары і госці з усёй краіны разам захоўваюць нематэрыяльную спадчыну Палесся

Летнік традыцыйнай культуры “Карагоднае кола”, які прайшоў з 1 па 7 жніўня у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна, ладзіўся Цэнтрам нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што працуе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. Партнёрскую падтрымку яму аказалі таксама Жыткавіцкі раённы выканаўчы камітэт і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. 

Як распавяла адна з арганізатараў летніка, эксперт Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны Ала Сташкевіч, мерапрыемства было рэалізаванае ў рамках праекта па захаванні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Вясновы абрад “Юраўскі карагод”, уключанага ў 2019 годзе ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, якой патрабуецца тэрміновая ахова. Гэты спіс падтрымлівае развіццё нематэрыяльнай культурнай спадчыны невялікіх лакальных супольнасцяў, у гэтым выпадку – жыхароў вёскі Пагост, якія звязваюць сваю ідэнтычнасць са згаданым абрадам.

Абрад прымеркаваны да вясновага свята Юр’я, якое адзначаецца 6 мая, і складаецца з дзвюх частак: падчас першай у двары сялянскай гаспадаркі першы раз пасля зімы выводзяць скаціну з хлява, падчас другой часткі адбываецца выпечка ды раздача рытуальнага хлеба і шэсце вяскоўцаў на поле з песнямі ды гульнямі і пажаданнямі здароўя ды добрага ўраджаю.

“Юраўскі карагод” быў разгледжаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Беларусі для ўключэння ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў у 2004 годзе, а а яшчэ праз тры гады, у 2007 годзе, паводле пастановы Савета Міністраў, зрабіўся першым у Беларусі нематэрыяльным элементам культурнай спадчыны, які атрымаў адпаведны статус.

У коле народаў

Сярод праблем, якія могуць пагражаць захаванню “Юраўскага карагода” – прызнанне вёскі неперспектыўнай, дэмаграфічныя праблемы, адток моладзі ў гарады. На мінімізацыю гэтых рызыкаў накіраваныя захады, якія ўжо другі год запар робяцца ў рамках гранта, атрыманага ад UNESCO. Калі ў Пагосце абрад захаваўся ў аўтэнтычным выглядзе, то ў шэрагу вёсак летась ён быў адноўлены – у Рычове, Старажоўцах і Цернічах.

“Юраўскі карагод” з’яўляецца прыкладам культуры аўтахтонных еўрапейцаў, і абрады, прымеркаваныя да вясновага свята Юр’я існуюць у многіх славянскіх еўрапейскіх народаў. Адпаведныя элементы ўнеслі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO таксама македонцы, сербы і славакі. Юраўскі абрад даволі пашыраны сярод славян, але менавіта ў беларусаў ён захаваўся ў найбольш архаічным выглядзе, і ўтрымлівае як хрысціянскія, так і дахрысціянскія рысы, таму яго захаванне важнае не толькі для ідэнтычнасці жыхароў вёскі Пагост, але і нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў як нацыі.

Пратакол доступу

У рамках захадаў, накіраваных на захаванне абраду, быў праведзены шэраг семінараў і экспедыцый, падчас якіх ад мясцовых жыхароў фіксаваліся асаблівасці гэтай традыцыі, вывучаліся ўмовы яе бытавання. Вынікам гэтай работы мусіць зрабіцца анталогія традыцыйнай нематэрыяльнай культуры Тураўшчыны, таксама мае быць створаны сайт, прысвечаны Пагосту і мясцовым традыцыям, на будучыню тут плануецца правядзенне фестывалю, у тым ліку з удзелам прадстаўнікоў іншых народаў, якія маюць уласныя юраўскія абрады.

Таксама быў складзены пратакол супольнасці, што вызначае доступ да нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, засцерагаючы элемент спадчыны ад некарэктных паводзінаў турыстаў, журналістаў і іншых старонніх назіральнікаў, якія часам, на жаль, умешваюцца ў ход абрада, альбо прапаноўваюць носьбітам правесці яго ў нехарактэрных умовах, у неўласцівы для традыцыі час – а такіх парушэнняў неабходна пазбягаць.

Свой хлеб супраць піцы

Як распавялі арганізатары мерапрыемства, вядучыя спецыялісты Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Алена Гумінская і Алена Каліноўская, удзельнічалі  ў летніку не толькі студэнты, але людзі розных узростаў. Ужо традыцыйна прымалі ўдзел сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Умовы пражывання былі скіраваныя на максімальнае пагружэнне і набліжэнне да традыцыі, таму асноўная частка ўдзельнікаў жыла ў намётах, і толькі некаторыя скарысталіся з паслуг гасцініцы. Найбольшую ж карысць ад удзелу ў летніку, відаць, атрымалі тыя, хто жыў у хатах мясцовых жыхароў і меў магчымасць непасрэдна камунікаваць з прадстаўнікамі супольнасці.

Хтосьці мог паглядзець, як гаспадыні пякуць хлеб, хтосьці – разам з гаспадарамі выпраўляўся зранку на рыбалку. Да таго ж, вяскоўцы, якія прытулілі гасцей, атрымлівалі пэўнае ўзнагароджанне – гэта таксама важна, бо стварае ва ўдзельнікаў супольнасці разуменне важнасці іх ладу жыцця і традыцый, стымулюе эканоміку вёскі, дапамагае ёй развівацца.

Харчаваліся ўдзельнікі летніка мясцовымі традыцыйнымі прадуктамі – хаця ў першы дзень некаторыя меней дасведчаныя яшчэ спрабавалі запатрабаваць замовіць піцу, але пазней усё-ткі звыкліся з традыцыйным харчаваннем. Адна з гаспадыняў нават дапамагла дзяўчатам апрануцца ў сваё традыцыйнае льняное адзенне, строі на заключнае мерапрыемства знайшліся для ахвочых і ў мясцовым клубе.

Адчуць сябе палешуком

Праводзіліся майстар-класы па традыцыйных спевах і танцах, пчалярстве, гатаванні страў мясцовай кухні і выпяканні хлеба ў адпаведнасці з мясцовымі рэцэптамі, трэнінгі па рамёствах і дызайне, вырабе сувенірнай прадукцыі, пляценні саламяных павукоў. Таксама адмыслоўцы-этнолагі прачыталі для ўдзельнікаў шэраг лекцый – аб семантыцы вясковага жытла, бортным пчалярстве, прымхах і забабонах палешукоў паводле запісаў вядомага этнографа канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзя Аляксандра Сержпутоўскага, і нават аб любоўнай магіі і сямейных стасунках у беларускай традыцыйнай культуры.

Таксама ўдзельнікі летніка знаёміліся з гісторыяй Пагоста, а разам з мясцовымі дзецьмі нават стварылі карту вёскі, на якой пазначаныя найбольш цікавыя і адметныя мясціны. Вандруючы па Тураўшчыне, удзельнікі летніка наведалі Тураўскі краязнаўчы музей, мясцовыя фермерскія гаспадаркі і прыватную пасеку, а таксама гаспадарку ў вёсцы Рамель Столінскага раёна, дзе гадуюць беларускую абарыгенную пароду коней – тарпаноў.

Як бачым, вёска Пагост, размешчаная за некалькі кіламетраў ад старажытнага Турава з яго багатай гісторыяй, гасцініцамі ды кавярнямі і іншай неабходнай інфраструктурай, мае шанец зрабіцца месцам прыцягнення турыстаў як з розных куткоў краіны, так і з-за яе межаў. Тутэйшая нематэрыяльная спадчына яшчэ здолее паслужыць людзям, продкі якіх так доўга і ўпарта захоўвалі і перадавалі даўнія традыцыі і абрады з пакалення ў пакаленне, збярогшы іх да нашых дзён. Галоўнае – што ў гэтым зацікаўленыя самі мясцовыя жыхары, а гэта ўжо сведчыць аб будучым поспеху.

Антон Рудак