Калі вечар трэба забіць…

Апублiкавана: 10 чэрвеня 2023 Стужка Тэатры Гомель і вобласць Галёрка

Аўтар: ЗАРЭЦКАЯ Ксенія

Нягледзячы на багацце забаў, якія даюць нам сучасныя тэхналогіі, людзі ўсё яшчэ сутыкаюцца з няздольнасцю сябе заняць, з бяссіллем і адсутнасцю цікавасці да жыцця — з нудой. У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры гэтае пачуццё паспрабавалі прэпараваць, раскласці на складнікі. Ці атрымалася?

ДВУДУШНАСЦЬ КЛАСІКА 

Апошнім часам на беларускай сцэне рэдка можна ўбачыць пастаноўкі, створаныя паводле арыгінальных п’ес сучасных драматургаў. Усё часцей рэжысёры звяртаюцца да класікаў. Працаваць з матэрыялам, які праверыў самы галоўны крытык — час, — зручней. Хтосьці ставіць спектаклі так, быццам глядач усё той жа, што і сотню гадоў таму, нехта спрабуе пераасэнсаваць манументальныя тэксты. Малады расійскі рэжысёр Кірыл Салёнаў пайшоў далей: ён стварыў “тэатральную фантазію па матывах п’есы Мікалая Някрасава «Восеньская нуда»”. 

Някрасаў-драматург вядомы нашмат менш, чым Някрасаў-паэт. Ды і наколькі наогул шырокай грамадскасці вядомы Някрасаў? На ўроках рускай літаратуры школьнікам кажуць, што ён — “голас сялянскай душы”, усхваляюць яго талент і асабістую якасць — уменне спачуваць. За кадрам застаецца іншы бок медаля: двудушнасць гэтага чалавека, у якой яго абвінавачвалі яшчэ пры жыцці. Ён быў тым панам, якога сам асуджаў у сваіх вершах. Аб’ядаўся, пакуль сяляне галадалі, выязджаў на пышныя паляванні, прыбіваў цвікі да сваіх карэт, каб на іх не чапляліся хлапчукі. Ён ці то не верыў у тое, пра што пісаў, ці то не мог у сабе разабрацца.

Мікалай Аляксеевіч гаварыў: “Ува мне было заўсёды два чалавекі — адзін афіцыйны, што вечна б’ецца з жыццём і з цёмнымі сіламі, а другі такі, якім стварыла мяне прырода”. Кірыл Салёнаў пра двудушнасць пісьменніка кажа прама і без крыўдаў: перад пачаткам асноўнага дзеяння на сцэну выходзіць вяшчальнік і коратка распавядае пра цёмны бок жыцця Някрасава. 

НУДА НА СЦЭНЕ І Ў ЗАЛЕ 

П’еса “Восеньская нуда” лічыцца антыпрыгоннай, ды толькі рэжысёры ўпарта робяць акцэнт на назве, якая кідаецца ў вочы. Яны факусуюцца на нудзе, і неяк міма іх праходзяць разбуральныя адносіны пана і прыгоннага, якія атручваюць абодвух, робяць людзей глыбока няшчаснымі. 

Спектакль носіць назву “Як забіць яшчэ адзін вечар?”, і на школьнай дошцы, нібы слоганам да ўсяго дзеяння, выступае “Навошта ты прачнуўся сёння?”. На двух гэтых пытаннях і будуецца сюжэт. Пан, якога завуць Сяргей Сяргеевіч, не можа прыдумаць, чым бы яму заняцца, і ад таго прымушае слуг рабіць бессэнсоўную працу, ганяючы іх з дзіўнымі даручэннямі, парушаючы звыклы ход іх жыцця. 

Праблема твораў, якія хочуць паказаць эмоцыю нуды, у тым, што яны не трымаюць мяжы паміж позехамі на сцэне і ў глядзельнай зале. Калі глядач пазяхае — гэта не добра перададзеная атмасфера, гэта катастрофа. А глядач і праўда перыядычна пазяхаў. 

Кампазіцыя спектакля досыць дзіўная. Экспрэсіўныя танцы, пацешныя да слёз сцэнкі і паказ сучасных “тэгаў” для ўдакладнення невядомай масавай аўдыторыі інфармацыі змяняюць доўгія маналогі, бессэнсоўныя і сумныя. 

ЦІ АКТУАЛЬНАЕ РАБСТВА? 

З нудой сутыкаўся кожны чалавек, гэта цалкам зразумелае пачуццё, у якім цяжка знайсці нешта ўнікальнае. І таму ад твора, які яе паказвае, чакаеш або пераасэнсавання, або глыбокай рэфлексіі аб прычынах яе ўзнікнення, або адказу на пытанне, як з ёй змагацца. Усе гэтыя аспекты не закранутыя ў спектаклі. Ён добра перадае атмасферу, аднак недастаткова змястоўны для таго, каб захапіць увагу.

І калі здаецца, што рэжысёр не справіўся, што вывеў на першы план не тое, самы час звярнуцца да першакрыніцы, выйсці за рамкі асабістага, зірнуць на спектакль з пункту гледжання сацыяльнага ўладкавання грамадства. І тады героі і сітуацыі, у якія яны трапляюць, пачынаюць выглядаць зусім інакш. 

Пан быццам бы не злосны. Так, эгаістычны і эгацэнтрычны. Так, з дзівацтвамі. Так, стварае нязручнасць сваімі прыдзіркамі. Але ў яго няма жадання нашкодзіць, спецыяльна пакараць або зняважыць. Таму што прыгонныя для яго — не людзі нават, а рэчы, якія павінны выконваць сваю функцыю незалежна ад таго, мае гэта хоць нейкі практычны сэнс ці не. 

Прыгонныя таксама нядрэнныя людзі. Дзесьці сабатуюць працу, дзесьці пасмейваюцца з дзівацтваў гаспадара, аднак і ў іх няма наўмыснай жорсткасці. Таму што пан для іх не злыдзень, які заняволіў і адабраў свабоду, а канстанта. Пану служылі іх бацькі, дзяды і прадзеды. Пану будуць служыць іх дзеці, унукі і праўнукі. Ён непазбежнае зло, якое і злом ніхто не лічыць. 

Паміж панам і прыгоннымі жудасныя адносіны, якія шкодзяць усім і якіх проста не павінна існаваць. І ўзаемная інертная абыякавасць становіцца прычынай нуды аднаго і незадавальнення іншых. Толькі вось... Наколькі праблемы рабства актуальныя сёння? Хіба мы не зразумелі, што адны людзі не павінны эксплуатаваць іншых, яшчэ сотні гадоў таму? 

РУСКІ ХРЫСТОС 

Рэжысёр прыняў рашэнне змяніць тыпаж галоўнага героя. Замест сівога і дзіўнага дзядка перад гледачом паўстае ледзь не волат. Высокі, шыракаплечы, кроў з малаком — Яўген Хромаў выконвае ролю леннага панасамадура самааддана і яскрава. З першага з’яўлення на сцэне ён, апрануты ва ўсё белае, з вянком на галаве, які аддалена нагадвае цярновы, сам падобны да Хрыста. Праўда, рускага, таму ў валёнках і з запалам. 

Сяргей Сяргеевіч параўноўвае сябе з футрам, якое паела моль, і ўсё звяртае на сябе ўвагу прыгонных. “Прынясіце мне футра! Дзе футра маё?” — крычыць, не разумеючы, што насамрэч прагне любові і пашаны. Ён — рэч. Прыгонныя — рэчы. І выхаду з гэтага заганнага кола няма. Толькі калі... 

Містычная частка — самае прыгожае і зачаравальнае, што ёсць у спектаклі. Сяргея Сяргеевіча пераследуюць тры жанчыны. Яны таксама ў белым, яны прыходзяць да яго ў снах, яны клічуць яго кудысьці. Ці, наадварот, прымушаюць застацца? 

Ірына Шапецька, Ірына Якавец і Валерыя Цыкуненка стварылі яркія, напоўненыя загадкай і таемнымі ведамі вобразы. А харэаграфія, пастаўленая Варварай Каменскай, не дазваляе адвесці вачэй ад актрыс. Выбар беларускіх народных песень для спектакля пра рускага памешчыка здаецца крыху дзіўным, але за пластыку і прыгажосць рухаў падобныя несастыкоўкі можна дараваць. 

ЭКСТРАВАГАНТНАСЦЬ АБО ГЕНІЯЛЬНАСЦЬ? 

“Як забіць яшчэ адзін вечар?” — лапікавая коўдра. Так, стваральнік падрыхтаваў выдатныя кавалачкі тканіны, але ці то забыўся, ці то не захацеў сшываць іх разам. 

Сцэна выглядае цудоўна. Кляновае лісце шамаціць пад нагамі, самотнае дрэва перадае ўнутраны стан персанажаў. Святло таксама выстаўлена так, што чалавечыя твары лёгка ператвараюцца ў зласлівыя ашчэры і ў маскі васковых лялек. Музычнае суправаджэнне падтрымлівае атмасферу. Бачна, што кожны ўдзельнік спектакля выклаўся напоўніцу. Дык што не выйшла? 

Здаецца, Кірыл Салёнаў занадта хацеў паказаць сваю іншасць. Выклік чуецца нават у тым, што акцёры не выходзяць на паклон, не атрымліваюць заслужаных авацый. Аднак, калі прыгледзецца, за падобнай экстравагантнасцю крыецца пустата. Ці, можа, малады рэжысёр хацеў прымусіць гледачоў самім яе запаўняць? Бо калі вечар трэба забіць (хай і ў тэатры), ці не час мяняцца самім? 

Ксенія ЗАРЭЦКАЯ