Куды прывядзе маладога рэжысёра "Дарога"? Інтэрв'ю з Кірылам Халецкім

Кропка адліку

У дзяцінстве мы максімальна імкнемся спазнаць гэты свет і не баімся спрабаваць усё новае. Прымяраць разнастайныя амплуа Кірыл пачаў з юнага ўзросту. Нястомныя пошукі сябе ў розных сферах прывялі маладога чалавека да паступлення ў Акадэмію мастацтваў на спецыяльнасць рэжысура кіно і тэлебачання.

– У раннім дзяцінстве я марыў стаць клоунам, прыдумляў розныя выступы і весяліў родных, — распавядае Кірыл. — Неяк, калі я быў у чацвёртым класе, мы з татам слухалі радыё, дзе  ў рэкламе аб'явілі, што акцёрская школа набірае вучняў. Пасля гэтага ў маёй галаве закруціліся карцінкі аб сусветнай вядомасці і зорцы на Алеі славы.

Дзякуючы акцёрскай школе я спасцігнуў азы дыкцыі і акцёрскага майстэрства. У дзявятым класе ўзнікла ідэя зняць сваю першую работу ў жанры пантаміма. Сабраліся з сябрамі пасля школы, прыдумалі нейкі сюжэт і запісалі ўсё на камеру. Пасля гэтага мяне азарыла: больш падабаецца не іграць у кадры, а здымаць.

Калі я вучыўся ў дзясятым класе, тата параіў запісацца на падрыхтоўчыя курсы ў Акадэмію мастацтваў. У першы год я змог раскрыць здольнасці і заявіць пра сябе, падчас другога года наведвання курсаў адтачываў  навыкі. І па выніку паспяхова паступіў на бюджэтнае навучанне на факультэт экранных мастацтваў.

Галоўная фішка: не баяцца нешта рабіць

Па словах нашага героя, маладым людзям трэба рабіць упор на самаадукацыю: гэта шанец развіць сваю шматграннасць і знайсці поле для дзейнасці. Сваю першую работу, замалёўку на чатыры хвіліны, Кірыл адправіў на міжнародны фестываль. Адразу ж прышла зваротная сувязь. Малады рэжысёр зразумеў, што яго творчасць падабаецца людзям і з новым запалам працягнуў тварыць.

– Мне пашанцавала вучыцца ў глыбы беларускага тэлебачання, члена беларускага саюза кінематаграфістаў Валерыя Міхайлавіча Гаравога. Гэта чалавек цвёрдых прынцыпаў, старой загартоўкі. 

Зразумела, нас вучылі як рэжысёраў тэлебачання, а не кіно, але асновы па сутнасці адны і тыя ж. Падчас навучальнага працэсу мне ішлі насустрач, адпускалі на фестывалі ў іншыя краіны. Я дакладна разумеў, што мне цікава і з-за гэтага першапачаткова не бачыў сябе рэжысёрам тэлебачання. Самаўпэўненасць – гэта не вельмі добра, але я верыў, што раблю ўсё правільна. І паралельна з вучобай і курсавымі працамі зняў два кароткаметражныя фільмы. А чаму б і не?

Гледачы жадаюць эксперыменту

Малады рэжысёр, які гучна заявіў пра сябе на прэстыжных міжнародных кінафестывалях, найбліжэйшыя два гады  плануе развівацца на творчай пляцоўцы кінастудыі “Беларусьфільм”.

– Цяпер я з'яўляюся рэжысёрам структурнага падраздзялення моладзевага кіно “Смолк@”. Дзе здымаць кіно, як не на адзінай кінастудыі краіны? Ужо хапае дзяржаўных заказаў і прапаноў наконт агульных праектаў. У рамках дзейнасці студыі моладзевага кіно будуць прыцягвацца аператары, рэжысёры, якія зацікаўлены ў супрацоўніцтве. На прыкладзе першага праекта, які будзем рабіць, адладзім усю тэхналогію вытворчасці. Вызначымся з колькасцю чалавек на пляцоўцы, складаннем каштарысу, тэхнічнымі момантамі. Адчуваю, што да снежня дакладна сумаваць не давядзецца.

– Кірыл, чаму беларусы так мала глядзяць айчыннае кіно?

– Насамрэч наша кінастудыя выпускае за год у сярэднім пяць фільмаў, сярод якіх і анімацыйныя, і гульнявыя. Мусіць, людзі перасталі верыць у тое, што беларусы здольныя зняць нешта якаснае. Да таго ж наша кіно выходзіць толькі ў Беларусі. А тут цяжка сабраць касу, бо суайчыннікі мала цікавяцца прадуктам сваёй вытворчасці.

Але будучыня ў беларускага кіно ёсць! Напрыклад, летась на “Лістападзе” было шмат удзельнікаў з розных краін. З усімі наладжаны сяброўскія адносіны. І зараз шмат праектаў знаходзяцца ў распрацоўцы.

Магчыма, не хапае свежых ідэй. У руля стаяць дасведчаныя людзі са сваёй філасофіяй. Мы бачым класічнае кіно, па класічных сцэнарах, з класічнымі паваротамі. А гледачы жадаюць эксперыментаў: падмані мяне, пакажы нейкую нечаканасць. Формула простая: калі на кінастудыі з'явіцца больш моладзі, з'явіцца больш незвычайнага кіно.

Магія кіно

Кожны фільм Кірыла мае на ўвазе падтэксты і сэнсы. Як прызнаецца малады рэжысёр, часта глядачы знаходзяць нешта сваё, пра што ён і не думаў падчас стварэння карціны. 

– Улетку 2020 года я зняў першую кароткаметражную ленту пад назвай “Дарога”. На яе было больш ставак, таму што ўжо быў нейкі бэкграўнд і я ведаў, што трэба рабіць. Гэта фармат фестывальнага кіно, хранаметраж карціны 8.34 хвілін, а здымачны дзень доўжыўся 27 гадзін. “Дарогу” я прыдумаў, калі ехаў у маршрутцы, гэта было вельмі проста. Справа ў тым, што я пішу сцэнарый начыста. Прывык дзейнічаць па схеме: прыдумаў, дапрацаваў ідэю ў галаве, запісаў.

Карціну ўбачылі на больш чым за сотню кінафестывалях свету. Недзе атрымаў ухвалу, недзе адмову. У маіх двух першых стужках няма слоў. Гэта своеасаблівая прывілея, бо іх можна зразумець у любой краіне свету. У «Дарогі» 72 кадры, усе па сутнасці бачаць аднолькавую карцінку. Але кожны яе па-свойму разумее з пункту гледжання жыццёвага досведу, нейкіх сацыяльных праблем. У гэтым і ёсць магія кіно.

Апошняя кароткаметражка “Аднойчы была Зямля” змяшчае мала дыялогаў і маналогаў. Дыялогі пабудаваны такім чынам, каб не тлумачыць усё цалкам, а даваць толькі навадныя фразы, каб глядач сам дадумваў. У большасці выпадкаў глядач не любіць думаць, таму шалее, але для такой часткі аўдыторыі ёсць прыгожая карцінка. Я натхняюся французскім рэжысёрам Роберам Брэсанам, у гэтай стужцы спрабаваў скарыстаць яго фішкі.

Людзі баяцца зрабіць памылкі, але гэта неабходна. На пачатковым этапе не трэба думаць аб вялікіх ганарарах. Першая кароткаметражка павінна будавацца па  прынцыпе: ёсць я, ты, камера, некалькі сяброў. Мы працуем на энтузіязме, нас захапляе творчы працэс. Сярод творчых людзей хапае тых, хто паўдзельнічае ў праекце за досвед, таму што гэта прыкольна. Больш практыкуйцеся і не бойцеся рызыкаваць.

Фестывальнае жыццё

З-за пандэміі каранавіруса  2020 годзе ўсе творчыя сферы былі знерухомлены. Але менавіта на гэты перыяд прышоўся творчы ўздым нашага героя. Надоечы, у 2019-м годзе Кірыл наведаў міжнародны фестываль у Парыжы… 

– Удзел на фестывалях дае карысныя і цікавыя знаёмствы, досвед. Менавіта на такіх мерапрыемствах прыходзіць разуменне, што людзям падабаецца твая творчасць.

Цяпер многія еўрапейскія фестывалі не прымаюць кіно з Беларусі. Але ж ёсць расійскія, усходнія і азіяцкія кінафестывалі. За імі таксама стаяць людзі, якія разумеюць і любяць кіно. Нас усіх аб'ядноўвае цяга да прыгожага. Напрыклад, я адпраўляў сваю першую замалёўку “Цёплы снег” з беларускай зімой у Афрыку. Яна выклікала “ваў эфект”, таму што там упершыню ўбачылі елкі, лес, снег. На такіх фестывалях мы выдзяляемся за кошт сваёй адметнасці,  архітэктуры і прыроды. Калі ў фільме будзе шмат беларускай культуры, гэта будзе чапляць.

Насамрэч беларускага кіно больш, чым мы думаем. Не толькі кінастудыя выпускае фільмы, шмат маладых рабят робяць яго за свае сродкі. Але мы таксама яго не глядзім. Магчыма, яно недзе разлятаецца па фестывалях ці публікуецца на асабістых старонках у сацыяльных сетках. Варта задумацца над стварэннем яшчэ аднаго фэсту ў фармаце моладзевага беларускага кіно, каб заўважаць таленавітых людзей і пачынаць супрацоўнічаць з імі.

Калі пра фільм няма чаго сказаць...

Галоўнай мэтай прагляду кіно з'яўляецца жаданне абстрагавацца ад рэальнасці і на некалькі імгненняў пагрузіцца ў дзіўны свет экраннага мастацтва. Здымаць кіно – гэта своеасаблівае свята. Уся здымачная група чакае пачатку гэтага захапляльнага працэсу.

– Галоўнае, што павінна даваць кіно: думкі для разваг, — тлумачыць Кірыл. Мне запомніліся словы аднаго рэжысёра: “Без веры, што твая праца можа змяніць чалавека, мы не можам тварыць. Але твая праца ніколі не зменіць ніводнага чалавека”. Так, ніхто не зменіцца, але пасля прагляду фільма важна, каб глядач яго абмеркаваў: сказаў нешта дрэннае ці добрае, калі пра фільм няма чаго сказаць, гэта горш за ўсё. 

Тэхніка стала лепшай, людзі засталіся тыя ж самыя

Падчас нашай гаворкі Кірыл часта разважаў аб ролі сям'і ў жыцці кожнага з нас. Малады чалавек з цяплом і падзякай адзываўся аб сваіх родных, якія ўсімі спосабамі падтрымліваюць яго ва ўсіх пачынаннях. У маладога рэжысёра ёсць унікальная магчымасць у бліжэйшы час зняць поўны метр на "Беларусьфільме". Сваю першую сур’ёзную работу ён плануе прысвяціць сямейнай тэме:

– Варта ўздымаць філасофскія вечныя тэмы. Казаць аб каханні, сяброўстве, здрадзе, сумленнасці. Усё гэта ўласціва чалавеку. Вось глядзіш савецкае кіно і разумееш, што людзі не змяніліся. Тэхніка стала больш дасканалай , а людзі тыя ж самыя. Таму нам заўжды будзе цікава тэма сям'і. Таму што сям'я – месца, дзе можаш схавацца і цябе там заўсёды чакаюць. Я хацеў бы прысвяціць гэтаму фільм.

Зараз шукаю сцэнар для будучага фільма. Доўга аналізаваў, што можа ў тэорыі стаць хітом не толькі беларускага, але і расійскага рынку. Чытаю шмат прапаноў і ідэй. Нешта падабаецца, нешта не вельмі. Бачу свой першы фільм у жанры лёгкай камедыі, але хочацца ўкласці і некаторы філасофскі сэнс.

Творчы чалавек стварае ў імя вялікай мэты і без карыслівых матываў. Але недзе ўнутры геній чакае сваёй запаветнай хвіліны славы. Наш герой у такім юным узросце пакарыў сэрцы многіх гледачоў і зарабіў мноства значных узнагарод. Але мы ўпэўненыя, што сапраўдная вядомасць яшчэ чакае Кірыла наперадзе.

Настасся ЮРКЕВІЧ

Кірыл Халецкі, 21 год

  • У гэтым годзе скончыў Беларускую дзяржаўную Акадэмію мастацтваў.
  • Рэжысёр кінастудыі "Беларусьфільм".
  • Зняў тры кароткаметражныя фільмы: «Цёплы снег», «Дарога», «Аднойчы была Зямля».
  • Тройчы лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

 

Узнагароды: 

  • KinoDuel, Лепшы фільм-дэбют (Расія)
  • Moscow Shorts ISFF, Лепшы студэнцкі фільм (Расія)
  • ROLLING IDEAS, Лепшы фільм (Румынія)
  • Short Film Factory, Лепшы фільм (Румынія)
  • UWPG, Лепшы міжнародны фільм (Канада)
  • Camera ZIZANIO, 2 месца (Грэцыя) 
  • Güzel Ordu Short Film, Лепшы фільм (Турцыя)
  • SYNOPSIS-2021, пераможца ва ўсіх намінацыях (Беларусь)