А яблыня дасюль квітнее

Гэты дом на рагу мінскіх вуліц Кузьмы Чорнага і Калініна вонкава нічым не вылучаецца. Самая звычайная хрушчоўка, цалкам пазбаўленая “архітэктурных лішкаў”. Але ўвесну — у пару, калі раскашуюць кветкі, — ля яе міжволі спыняешся, пабачыўшы такое хараство на ажыўленым і тлумным скрыжаванні.

Прычым гэта не проста кветнік: вока неўзабаве прыкмячае таблічку, дзе гаворыцца, што такім чынам жыхары дома ўшаноўваюць памяць тых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія некалі ў ім жылі. 

Як вядома, кожная добрая справа (наколькі б яна ні была народнай) насамрэч мае свайго ініцыятара. Гутарачы з пенсіянеркай Наталляй Купрэвіч, згадваеш вядомую ісціну: захаванне гістарычнай памяці — гэта не толькі буйныя музейныя комплексы, але і прыватныя, вельмі лакальныя ініцыятывы. Мо і сціплыя на першы погляд, аднак насамрэч — неацэнна важныя. 

— Гісторыю кожнага дома складаюць людскія лёсы, — перакананая Наталля Юр’еўна. — Гісторыі дамоў складаюцца ў гісторыю гарадоў, а ўсё разам, бы тыя ручаіны, утварае гісторыю краіны. 

ХТО ЧЫМ МОЖА 

Чатырохпавярховік збудавалі ў далёкім 1958-м. Нядзіўна, што ветэранамі былі многія з яго першых насельнікаў. І рэч нават не ў прэферэнцыях чаргі на жытло, а ў самім абпаленым вайной пакаленні… 

Як распавядае Наталля Купрэвіч, у доўгачаканыя хрушчоўкі некаторыя пераязджалі… проста з зямлянак, якіх у горадзе яшчэ хапала. Але, трохі ўладкаваўшы побыт ва ўласных кватэрах, ужо ў гадавіну ўлазінаў суседзі талакою заняліся добраўпарадкаваннем свайго дворыка. Урэшце там паўстаў сапраўдны сквер. Ён перажыў амаль усіх сваіх стваральнікаў ды радаваў вока ўжо наступных пакаленняў — пакуль дзесяць гадоў таму не стаў ахвярай сумнавядомага для гарадскіх жыхароў “ушчыльнення”. 

І вось праз нейкі час Наталля Купрэвіч загарэлася ідэяй аднавіць добрую традыцыю. Вакол цудам ацалелай яблынькі, якую некалі пасадзіў пад сваімі вокнамі Савелій Малаковіч (тэхнікам па сувязі ў ваенна-марской авіяцыі ён прайшоў вайну ад пачатку і да канца), стараннямі цяперашніх жыхароў дома сталі з’яўляцца дэкаратыўныя расліны. 

— Аднак у адзін цудоўны дзень там прайшоўся бульдозер, спляжыўшы кветнік, — сумна ўздыхае спадарыня Наталля. — Як выявілася, у афіцыйных дакументах той участак быў пазначаны проста як пустка. 

Энтузіясты рукі не апусцілі. Начальства рабочых выбачылася, Наталля Юр’еўна дамаглася, каб участак зноў прывялі ў належны стан і прывезлі туды добрага грунту. А каб неяк гэты мемарыяльны аб’ект абазначыць, было вырашана зрабіць сціплую таблічку. Прычым за справу ўзяліся сур’ёзна: нават тэкст, які на ёй выгравіраваны, быў узгоднены ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі. 

Рэсурсаў у пенсіянеркі, зразумела, не надта багата, затое шчырага імпэту ды арганізацыйных здольнасцей не займаць. Таму спіс самых розных арганізацый, якія так ці іначай дапамаглі кветніку, утрымлівае мноства пазіцый. 

Ахвотнікі дапамагаюць хто чым можа ці хоча. Скажам, “зелянбудаўцы” транспартавалі на ўчастак валун, патрэбны для ўсталявання мемарыяльнай шыльды. Калі ён не падышоў, Наталля Юр’еўна абмяняла яго на іншы — ён выпадкам знайшоўся ў бліжэйшай пажарнай частцы. Так нітка да ніткі ўсё спакваля і збіраецца. 

Руплівіца ўмее дамаўляцца і знаходзіць аднадумцаў. Гэта могуць быць як простыя суседзі, так і вядомы міжнародны праект “Бэз Перамогі”, дзякуючы якому ў кветніку з’явіліся саджанцы чатырох унікальных гатункаў чароўнага кустоўя. 

Некаторыя краскі там раскашуюць увесну, некаторыя — чакаюць да восені… Спадарыня Наталля — унучатая пляменніца легендарнага акадэміка Васіля Купрэвіча, сапраўднага рэфарматара беларускай навукі 1950—1960-х. Услед за ім сваёй прафесіяй яна выбрала батаніку. Адпаведна, у розных раслінах цяміць куды лепей за шараговага дачніка. Яе экскурсія па невялічкім кветніку можа доўжыцца добрыя паўгадзіны. 

ГЕРОІ АДНОЙ ЧАТЫРОХПАВЯРХОЎКІ 

Зрэшты, кветнік — гэта толькі візуальнае ўвасабленне праекта, бачная частка айсберга. Ёсць і яшчэ адзін складнік, не менш важны. Наталля Купрэвіч загарэлася ідэяй стварыць гісторыю свайго чатырохпавярховіка — і стала сапраўдным яго летапісцам. 

Як удалося высветліць, у гэтым доме за ўсю яго гісторыю былі прапісаныя каля шасцісот чалавек. І 62 з іх — гэта ветэраны вайны або колішнія ўдзельнікі падполля. Прычым, як сцвярджае Наталля Юр’еўна, спіс яшчэ не канчатковы. 

Наступны крок — кароткія біяграфіі кожнага. Звесткі знайшліся на расійскім партале “Памяць народа” і беларускім “Партызаны”, а таксама, вядома, праз сваякоў. 

— Уяўляеце, жыхары аднаго толькі дома бадай на ўсіх франтах ваявалі — хіба толькі падводнікаў сярод іх няма! — кажа Наталля Юр’еўна. — Ёсць затое штурман дальняй авіяцыя, які на пачатку вайны рабіў вылеты на Берлін. Ёсць ветэран, які ўжо на чацвёрты дзень вайны быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі… 

Бадай, самая вядомая жыхарка дома — былая мінская падпольшчыца Надзея Цвяткова. Яна была схопленая гестапа, трапіла ў Аўшвіц, нейкім цудам здолела адтуль уцячы… Што дазволіць ёй потым задакументаваць зверствы акупантаў у сваёй кнізе “900 дзён у фашысцкіх засценках”. 

Невялічкі лапік, аддзелены ад астатняга кветніка, мае назву “Востраў Сахалін”. Не толькі таму, што трохі падобны вонкава. Прычына яшчэ і ў іншым: некалькі колішніх жыхароў дома праявілі сябе ў баявых дзеяннях на Далёкім Усходзе. 

Апошні ветэран адышоў у лепшы свет у 2015 годзе. У канцы вайны Івану Сотнікаву было ўсяго 18, і каб патрапіць на фронт, хлопцу давялося дадаць сабе год. Аднак адчуць пах пораху ён паспеў напоўніцу. Апынуўся ў акружэнні, вынес на сабе параненага палітрука, пакінуў свой роспіс на Рэйхстагу... А потым асеў у Беларусі і добрую палову жыцця настаўнічаў у вясковай школе на Палессі. У Мінск яго сын перавёз пасля таго, як грымнуў Чарнобыль… 

Такія вось лёсы бываюць у нашых суседзяў. І сёння ў нас ёсць бадай апошні шанец іх зафіксаваць. Гаспадары кватэр у вялікім горадзе даволі часта мяняюцца. Вельмі мала хто з іх ведае хаця б пра сваіх папярэднікаў. 

ШЫЛЬДА СУПРАЦЬ ВАНДАЛАЎ 

Да ініцыятывы спадарыні Наталлі суседзі паставіліся… па-рознаму. Многія пасільна дапамагаюць даглядаць кветнік. Нехта ўспрымае ўсё гэта як дзівацтва ды шукае яе нейкую асабістую выгаду. 

Кветнік часцяком цярпіць ад вандалаў і нядбайных сабачнікаў. Знаходзяцца і дробныя зладзюжкі — тыя, хто выкопвае прыгожыя расліны, каб перасадзіць іх сабе на лецішча. Наталля Юр’еўна не раз лавіла такіх за руку, нават выклікала на іх міліцыю, аднак яны “абыходзіліся лёгкім спалохам”. 

Праблема яшчэ і ў тым, што афіцыйна гэтага мемарыяльнага кветніка не існуе. Наталля Купрэвіч прыкладае намаганні, каб адпаведныя камунальныя службы прызналі яго “за свайго” ды ўзялі на баланс — што забяспечыць ейнаму пачыну і ахову закона, і гарантаваную будучыню. 

Пакуль гэтага не здарылася, з вандалізмам жыхары дома змагаюцца сваімі метадамі — выхаваўчымі. Ёсць надзея, што, калі адмысловы статус кветніка стане больш відавочным для кожнага, кагосьці гэта ды спыніць. 

Напярэдадні сёлетняга Дня Перамогі там была ўрачыста адкрытая яшчэ адна шыльда — у гонар той самай яблынькі, якую болей за 60 гадоў таму пасадзіў ветэран-сувязіст. Яго даўно ўжо няма сярод нас, ды і кватэра на цокальным паверсе пераўтварылася ў цырульню. А вось дрэва дасюль штовесну квітнее! 

Газета "Культура" №18 ад 6 мая.

Ілья СВІРЫН