Глыбінная філасофія кімано

У рамках сумеснай выставы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і галерэі FARBA праходзіць шэраг лекцый, прысвечаных японскай культуры. Поўныя залы і захапленне ў вачах наведвальнікаў пацвярджаюць: цікавасць да Усходу не сціхае як з боку прафесійнай суполкі, так і з боку аматараў. Ну а пакуль мінчане атрымліваюць асалоду ад гравюр укіё, мы сустрэліся з лектарам выставачнага праекта “Сны аб Японіі” мастацтвазнаўцам-япаністам Ірынай Лампэ, каб пагаварыць пра сінтэз японскага і беларускага мастацтва, пра важнасць падтрымкі айчыннай культуры і, вядома, пра анімэ.

— З чаго пачалася ваша любоў да японскай культуры? 

— У 12 гадоў я пазнаёмілася з кнігай класічнай японскай прозы, куды ўваходзяць некалькі твораў, адзін з якіх знакамітыя “Нататкі ля ўзгалоўя” Сэй-сёнагон. Аднак сказаць, што я захварэла Японіяй з літаратуры, не зусім дакладна, бо да гэтага я ўжо глядзела анімэ. Хутчэй, проза ўзмацніла цікавасць да Усходу і дазволіла зразумець, што гэта куды больш глыбокі культурны пласт, чым уяўляецца збоку. Прадбачу пытанне пра любімае анімэ, таму адкажу адразу: я прыхільнік класічнай японскай традыцыі і люблю “Аповесць пра Гэндзі”. Лічу, што яго павінен паглядзець кожны, хто нейкім чынам звязаны з Японіяй. Таксама рэкамендую тым, хто толькі пачынае знаёмства з японскай культурай. 

— Што яшчэ вы б парэкамендавалі людзям, якія цікавяцца Японіяй? 

— У першую чаргу класічную прозу: “Ісэ манагатары” (“Аповесць пра Ісэ”), “Аповесць пра дом Тайра” — і паэзію. Пачынаць раю з Басё, таму што японскую паэзію складана ўспрымаць праз розніцу ў сістэме паэтычных вобразаў. Пасля гэтага можна чытаць працы Аляксандра Мешчаракова, Яўгена Штэйнэра, Наталлю Мікалаеву, і, безумоўна, заснавальніка савецкай япаністыкі Мікалая Конрада. 

Уцікакэ — цырыманіяльная жаночая накідка.

— Дзякуючы сёлетняй выставе “Сны аб Японіі” ў нас ёсць магчымасць атрымаць задавальненне ад твораў японскага мастацтва. А дзе яшчэ можна дакрануцца да Краіны Узыходнага сонца? 

— У Нацыянальным мастацкім музеі знаходзіцца Усходняя калекцыя, якая аб’ядноўвае вялікую колькасць менавіта японскіх прадметаў. Рэдка які музей можа пахваліцца тым, што ёсць у іх: гэта і выдатныя нэцкэ, вееры, уцікакэ. Прадстаўлены таксама даволі цікавыя кімано, але я экспазіцыю аднавіла б. Зразумела, што прастора ў памяшканні абмежаваная, таму выстаўлены найбольш яркія касцюмы, аднак, на мой погляд, японскае мастацтва не пра яркасць, а больш пра стрыманасць. 

— Што яшчэ адрознівае японскае мастацтва? 

— Яно сінэргетычнае. У еўрапейскім мастацтве мы можам вывучаць пейзаж або нацюрморт, а да ўсяго астатняга не дакранацца. У японскім мастацтве, як толькі мы пачынаем вывучаць тое ж кімано, да яго дадаецца батаніка, бо мы павінны ведаць, калі зацвітаюць пэўныя расліны: ад гэтага залежыць арнаментацыя, гама колераў, шоўк і самi матывы на кімано. Мы павінны ведаць літаратуру, пажадана не толькі японскую, але і кітайскую, таму што часам на касцюме з’яўляюцца літаратурныя сюжэты. Неабходна ведаць колеравую палітру, прынцыпы пабудовы якой ў корані адрозніваюцца ад той, якой карыстаюцца еўрапейскія мастакі. Адназначна неабходна ведаць ткацтва, арыентавацца ў пляценні, разбірацца ў гісторыі касцюма... 

Обі — японскі паяс, які носяць паверх кімано.

— Пагаворым крыху пра кімано. Наколькі я ведаю, у вас самая вялікая калекцыя традыцыйнага японскага адзення ў нашай краіне. Якія нюансы ў такога хобі? 

— Сёння сабраць калекцыю кімано магчыма, але, як я ўжо згадала, трэба адначасова разбірацца ў многіх рэчах. Па-першае, правільна складаць і захоўваць кімано. Па-другое, падбіраць і насіць яго. Асобным подзвігам я лічу (ды і самі японцы лічаць, бо гэта нялёгкая справа), калі вы самі можаце надзець кімано і завязаць пояс обі. У японскай культуры існуе прынцып “па адзенні сустракаюць”, да таго ж ён узведзены ў n-ную ступень важнасці. Раней, калі чалавек апранаў пэўны колер, атачэнне ўжо разумела, адкуль гэты чалавек, чым дыхае, якому саслоўю належыць. Сёння па тым, як падабраны традыцыйны касцюм, японец можа “прачытаць”, прафесіянал вы ці не. Менавіта таму вялікую ролю адыгрывае класіфікацыя кімано: вы павінны разумець, што апранаеце. Класіфікацый існуе шмат, яны кожны раз удакладняюцца, і сёлета на канферэнцыі факультэта міжнародных адносін БДУ я прадстаўлю сваю адноўленую класіфікацыю кімано. 

— Якое месца традыцыйны японскі касцюм займае ў жыцці сучаснага японца? 

— Кімано заўсёды адыгрывала важную ролю. Нават пасля Другой сусветнай вайны, калі на краіну моцна ўплывала амерыканская культура, кімано не губляла сваёй значнасці. Кімано — гэта як ханамі, як сінтаізм, — тое, без чаго японцы не будуць японцамі. У Японіі і да гэтага часу захоўваецца традыцыя апранаць традыцыйны касцюм на значныя для японца падзеі: вяселле, Свята дзяўчынак, Свята хлопчыкаў, розныя фестывалі і, зразумела, цырымонія паўналецця.

— Вы займаецеся даследаваннем Японіі і яе ўплывам на беларускую культуру. Ці былі ў вас нейкія нечаканыя адкрыцці? 

— Калі я пачала збіраць матэрыял для кандыдацкай дысертацыі на тэму ўплыву японскай культуры на дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва Беларусі ў перыяд з другой паловы ХХ стагоддзя да пачатку ХХІ, я зразумела, што карані цікавасці да Японіі досыць глыбокія ў Беларусі. Яны бяруць пачатак у канцы XVII стагоддзя, калі фармаваліся першыя магнацкія калекцыі. Зразумела, што тады не асабліва падзялялі Кітай і Японію, але, тым не менш, бліжэй да пачатку ХХ стагоддзя многія беларускія магнаты мелі японскія сады, а ў графаў Любанскіх быў нават пакой ва ўсходнім стылі, дзе можна было назіраць як прадметы эпохі Мэйдзі, так і больш позніх часоў, а таксама кітайскія ліхтарыкі. Захавалася фатаграфія графіні Любанскай у гэтым пакоі: з веерам, валасы ўпрыгожаны кветкамі, а сама графіня ў касцюме, які нагадвае кімано. 

Ханамі — японская нацыянальная традыцыя любавання кветкамі.

— Ці знайшліся яшчэ перакрыжаванні японскай і беларускай культур? 

— Вы ведалі, што Максім Багдановіч рабіў цудоўныя пераклады японскіх вершаў на беларускую мову? У пачатку ХХ стагоддзя паэт надаваў шмат увагі розным культурам, і Японія была адным з прадметаў яго цікавасці. Наш суйачыннік Аляксандр Ларыёнаў больш за 30 гадоў прысвяціў ілюстраванню паэзіі Басё. Як мастак ён не рабіў кальку з вобразаў тых вершаў, на якія абапіраўся, але даваў уласную інтэрпрэтацыю японскіх матываў. Краявіды Валерыя Шкарубы ўтрымліваюць у сабе той самы беларускі смутак, які мае выразны аналаг у японскай культуры — вабі-сабі. Акрамя таго, нашы культуры маюць шмат агульнага на даволі глыбінных узроўнях. Напрыклад, у Беларусі, як і ў Японіі, вялікае значэнне мае культ продкаў. І беларусы, гэтак жа, як і японцы, вельмі шануюць родную прыроду і ўслаўляюць яе ў творах мастацтва. 

— А ці ёсць падобны судотык культур у японскім мастацтве? 

— Ёсць, і даволі нечаканы! Да Летняй алімпіяды ў Токіа ў Японіі праводзіўся праект па стварэнні кімано. Адна з дызайнераў, спадарыня Міцумі Акуна, зрабіла кімано ў беларускім стылі. Яна правяла даследаванні і ўлічыла ўсе элементы, уласцівы менавіта нашай культуры. На яе кімано былі і буслы, і нацыянальныя беларускія арнаменты, і кветкі, і нават вянкі, якія з’яўляюцца сімвалам Купалля. 

Нэцкэ — мініяцюрная скульптура, твор японскага дэкаратыўна прыкладнога мастацтва, які ўяўляе з сябе невялікую разьбяную бірульку.

Сінтаізм — традыцыйная політэістычная рэлігія Японіі, заснаваная на анімістычных вераваннях старажытных японцаў.

— Калі ўжо мы закранулі прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне, што, на ваш погляд, можа паспрыяць прасоўванню нашай краіны? 

— Безумоўна культура, бо гэта тая сфера, якая пашырае ўсе астатнія. Нам ёсць чым ганарыцца, беларуская культура самабытная, яна захоўвае нашу ідэнтычнасць і мы не павінны дапусціць яе знікнення. Таму мае сэнс падтрымліваць вядомыя беларускія брэнды, распаўсюджваць інфармацыю аб нашых славутасцях, аб беларускай нацыянальнай кухні. І, што асабліва важна, вярнуць на радзіму тыя шэдэўры, якія гуляюць па свеце, каб нашы людзі насычаліся сваёй, беларускай энергетыкай, станавіліся мацнейшымі і не гублялі свой менталітэт. 

 

Вабі-сабі — шырокая частка японскага светапогляду: “вабі” асацыюецца са сціпласцю, адзінотай, адсутнасцю яркасці, аднак прытым і з унутранай сілай, “сабі” звязаны з архаічнасцю, непадробнай сапраўднасцю.

— Японская культура, да прыкладу, стварыла імідж для ўсёй краіны. Што нам можна запазычыць з Усходу? 

— Падыход у сферы кіно, у прыватнасці анімэ. Калі чалавек ходзіць па тым жа Кіёта або Токіа і заўважае рэальныя японскія месцы і краявіды, якія мастакі паказваюць у анімэ, у яго ўзнікаюць фантастычныя адчуванні. Цікава было б у беларускай анімацыі на падобныя рэчы паглядзець. Ну і было б выдатна мець менавіта ігравыя фільмы пра нашых знакамітых мастакоў, выдатных дзяржаўных дзеячаў, каб папулярызаваць культуру. 

Яўгенія ГАБЕЦ