Студыя анімацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” прэзентавала альманах “Навагодні калейдаскоп”. Мультыплікацыйная стужка, якая складаецца з чатырох гісторый, стала дэбютнай працай для маладых рэжысёраў-аніматараў.
Падобныя альманахі маладых рэжысёраў на “Беларусьфільме” не рэдкасць. Кароткі метр не толькі дазваляе як мага большай колькасці кінематаграфістаў праявіць сябе, але і служыць своеасаблівым выпрабаваннем. Нездарма кажуць, што такія карціны выхоўваюць рэжысёра: не даюць расцякацца думкай па дрэве, вучаць ствараць цэласныя гісторыі. Сёлета новыя імёны ў летапіс беларускага сінема прыўнесла студыя анімацыйных фільмаў.
“Каробка”, рэж. Віталь Андрасюк
Мастацкі кіраўнік праекта Ігар Волчак лічыць, што альманахі дэбютных работ карысныя і для пачаткоўцаў, і для майстроў, бо адлюстроўваюць тое, “чым дыхае моладзь”. “Мая задача як мастацкага кіраўніка была адна — дапамагчы дапрацаваць ідэю кожнага з аўтараў так, каб атрымаўся добры фільм. Я не ўмешваўся ў іх працу з мэтай праявіць сябе, я імкнуўся раскрыць моладзь. Таму адразу прасіў не разглядаць мяне як кіраўніка, а ставіцца, як да суразмоўцы”, — дзеліцца мультыплікатар.
“Навагодні калейдаскоп” уключае чатыры невялікія сюжэты. “Каробка” Віталя Андрасюка — гісторыя пра тое, як бяздомны хлопчык у навагоднюю ноч знайшоў сям’ю, і пра сяброўства, што творыць цуды.
“Місія невыканальная” Данііла Жугжды — гумарыстычная экшнзамалёўка пра тату, які намагаецца любой цаной захаваць веру маленькай дачкі ў святочнае дзіва.
Эпізод Яны Арыставай-Галіноўскай “Навагоднія прыгоды” распавядае, як казка можа адцягнуць дзяцей ад віртуальнага вымярэння і вярнуць у рэальнасць.
Падзеі “Лета зімой” Юліі Пінцак пераносяць у свет непадзельнай сувязі чалавека і прыроды, не пазбаўлены ноткі містыкі і добрых славянскіх традыцый.
Рэалізаваць патэнцыял рэжысёраў-пачаткоўцаў Ігару Волчаку ўдалося: агульная навагодняя тэма ў кожнага гучыць па-свойму. Але тое, што дакладна аб’ядноўвае творцаў, — гэта ўтульнасць і вера ў цуды. “Працэс аказаўся цікавым, але вельмі складаным, — распавядае майстар. — Праблем было шмат, аднак яны творчыя, таму займальныя і карысныя для рэжысёраў. Я вельмі люблю працаваць з моладдзю. Адзінае, мне б хацелася, каб яна была больш глыбокай, не абмяжоўвалася сваім вопытам. Самае галоўнае ў кіно — не толькі каб аўтар разумеў, пра што яго фільм, але і каб глядач адчуваў, што рэжысёр хацеў сказаць. Гэта даволі сур’ёзная задача, асабліва для маладых людзей. Не ведаю чаму, але яны вельмі баяцца, калі ў сцэнарыі з’яўляецца дакладны і зразумелы сюжэт. Пачаткоўцам здаецца, маўляў, гэта настолькі спросціць творчую задачу, што будзе нецікава”.
Кожнаму з аўтараў альманах сёлета даў добры старт. Пра лёс падобных праектаў маладыя рэжысёры адгукаюцца з аптымізмам — спадзяюцца, што ў найбліжэйшы час такіх работ стане больш. Аднак іх увасабленне таксама сустракае цяжкасці. “Пастаянна рабіць альманахі дэбютантаў складана, таму што трэба быць звязанымі з выпускнікамі творчых ВНУ. На маёй спецыяльнасці, напрыклад, выпуск раз на пяць гадоў, і невядома, як будзе потым”, — дзеліцца Яна Арыстава-Галіноўская, рэжысёр эпізоду “Навагоднія прыгоды”. Тым не менш прыцягненне студэнтаў і кінематаграфістаў-пачаткоўцаў у падобныя праекты, як мяркуюць астатнія рэжысёры, можа стаць выхадам з крызіснай сітуацыі недахопу кадраў на “Беларусьфільме”. “Альманахі патрэбныя, гэта каштоўна, — разважае Данііл Жугжда, аўтар эпізоду «Місія невыканальная». — Але варта думаць на перспектыву: стварэнне такой кароткай стужкі не гарантуе пастаянны прагрэс. Поспех належыць замацоўваць, а для таго — прапаноўваць і пачаткоўцам, і аўтарам, якія ўжо дэбютавалі, работу ў іншых праектах. Калі ў маладых выйшла па адным фільме, гэта не значыць, што ў галовах пуста і няма іншых напрацовак”.
“Лета зімой”, рэж. Юлія Пінцак (злева) і “Навагоднія прыгоды”, рэж. Яна АрыставаГаліноўская (справа)
Што датычыцца асноўных падводных камянёў, якія могуць адбіць цікавасць у моладзі, рэжысёры-дэбютанты адзначылі прасоўванне гатовых работ і, як ні дзіўна, рамкі кароткага метра. Так, на думку Юліі Пінцак, аўтара эпізоду “Лета зімой”, пастаянна працаваць з маленькім “хронам” для рэжысёра няправільна і нават небяспечна, бо творца пачынае думаць кароткаметражкамі: “Трэба ўсё ж такі пашыраць мысленне і рабіць вялікія матэрыялы, каб умець доўга ўтрымліваць увагу гледача”. Аднак Юлія падкрэслівае, што для старту кароткі метр — добрае рашэнне: “Для дэбюту тры хвіліны — нармальна, бо такая стужка адразу паказвае, хто з рэжысёраў умее трымаць увагу. Але далей варта пашырацца”. Для Віталя Андрасюка, рэжысёра эпізоду “Каробка”, праца з малым “хронам” досыць складаная: “У непрацяглы час трэба ўмясціць ідэю і яе рэалізацыю. Чым больш хвілін, тым лягчэй раскрыць гісторыю кожнага персанажа. Аднак кароткаметражныя фільмы даюць магчымасць эксперымента, на які я і адважыўся”.
Маладыя кінематаграфісты з надзеяй кажуць і аб пашырэнні паказаў. Так пра беларускую анімацыю даведаецца больш людзей. “Я працую на кінастудыі пяць гадоў і часта цікавілася ў калегрэжысёраў пра будучыню іх работ, — кажа Юлія. — У асноўным гэта фестывалі і тэлебачанне. Хацелася б, каб «Беларусьфільм» адкрыў для сябе нейкія іншыя інтэрнэт-платформы, YouTube- каналы, каб мы не толькі ўзаемадзейнічалі з Міністэрствам культуры, але і далучалі данатараў з боку, шчыравалі над анлайн-праектамі, не прывязанымі да нейкіх пэўных тэм. Аўдыторыя ў Сеціве іншая”. Віталь Андрасюк ідэальным прыстанкам для сваіх стужак лічыць тэлебачанне і кінатэатр. Гэта пляцоўкі, дзе, на думку рэжысёра, можа зарадзіцца глядацкая любоў да айчынных карцін. Але пры ўмове, калі рабіць іх якасна: “Я б хацеў, каб мы сталі на галаву вышэйшымі, чым цяпер, стваралі годныя праекты, каб людзі ішлі ў кіно не на замежныя фільмы. Зараз, на жаль, мы не можам прадэманстраваць цікавыя рэчы, якія беларус заслугоўвае бачыць”.
“Місія невыканальная”, рэж. Данііл Жугжда
Альманах “Навагодні калейдаскоп” выйдзе ў пракат у снежні 2023 года, а пакуль аўтары рыхтуюцца прадставіць дэбютную працу на кінафестывалях, у тым ліку на сёлетнім “Лістападзе”.
Яўгенія ГАБЕЦ