Мінск–Мурманск: звязаныя адной... кінастрасцю

Апублiкавана: 15 чэрвеня 2023 Кiно Кіно Мінск

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Мінск сустрэў дэлегацыю з Мурманска. У ходзе шматлікіх мерапрыемстваў абмяркоўваліся пытанні развіцця культурных сувязяў гарадоўпабрацімаў. Не застаўся ўбаку і кінематограф. У рамках міжнароднага культурнага праекта “Ледакол” была падпісана Дамова аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай кінастудыяй “Беларусьфільм” і прадзюсарскай кампаніяй “Паўночны характар”.

ПАЎНОЧНЫЯ СУВЯЗІ 

“Беларусьфільм” ужо даўно супрацоўнічае з кінастудыямі і кінематаграфістамі розных краін, пра што сведчаць шматлікія дамовы. Аднак адчувальных вынікаў ад гэтых міжнародных стасункаў пакуль не назіраецца, таму цяжка ацаніць, ці ідуць яны на карысць айчыннай кінавытворчасці. Тым не менш гэтым разам скарбонка кінастудыі папоўнілася Дамовай аб супрацоўніцтве з прадзюсарскай кампаніяй Мурманска. 

“Гэтую сустрэчу я назваў бы працягам добрай палітыкі брацкіх краін, — заявіў генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Ка- рачэўскі. — Зараз мы гатовыя супрацоўнічаць не толькі з вядучымі кінастудыямі Масквы і Санкт-Пецярбурга, але і з рэгіёнамі: рабіць і паказваць сваё кіно, шукаць агульныя падыходы да стварэння фільмаў. Мы гатовыя аказваць паслугі мурманскім кінематаграфістам, удзельнічаць у фестывалях адно аднаго і таксама ствараць адукацыйныя праграмы”. 

Па словах дырэктара прадзюсарскага цэнтра “Паўночны характар” Святланы Салдатавай, падставай для візіту на Нацыянальную кінастудыю “Беларусьфільм” стала паступовае ўмацаванне эканамічных адносін паміж Беларуссю і Мурманскай вобласцю: “Сёння мы бачым больш напрамкаў для сумеснай дзейнасці, і сфера культуры адзін з іх. Летась да нас прыязджалі беларускія тэатры, ад якіх усе былі ў захапленні. Сёлета мы зразумелі, што нам трэба шукаць і кінематаграфічныя сцежкі, тым больш што ў Мурманску праходзіць фестываль «Паўночны характар», у якім штогод прымаюць удзел беларускія дакументалісты. Мурманскае кіно вельмі маладое, менавіта таму для нас важна, каб беларускія кінематаграфісты прыязджалі да нас на фестывалі, каб мы стваралі сумесныя праекты, у тым ліку адукацыйныя. Спадзяемся, што ў наступным годзе атрымаецца зрабіць сумесную кінашколу з «Беларусьфільмам»”. 

Дарэчы, пра стварэнне навучальных праектаў на Нацыянальнай кінастудыі заяўлялі яшчэ летась, калі адкрылася Студыя маладзёжнага кіно. Зацікаўленасць магчымымі майстар-класамі ў сферы кіно была вялікая, у асноўным менавіта ад той самай моладзі, пра якую марыць кінастудыя сёння. Але ідэя так і засталася нерэалізаванай, а жаданні патэнцыйных кінематаграфістаў — незадаволенымі. Таму намер мурманскіх калег стварыць сумесную кінашколу дае невялікую надзею, што праект усё ж будзе рэалізаваны. Толькі пытанне, ці хопіць на “Беларусьфільме” спецыялістаў, здольных прапанаваць актуальныя веды ў кінасферы, калі айчынны кіне- матограф перажывае не самыя лепшыя часы? 

ГІСТОРЫІ З КОЛЬСКАГА ПАЎВОСТРАВА 

Каб пазнаёміць беларускага гледача з паўночным кіно, госці з Мурманска прывезлі з сабой нека- лькі прэзентацыйных ролікаў і тры кароткаметражныя фільмы: дакументальны “Артык-джаз” і ігравыя “Цана пытання” і “Капсула часу”. 

“«Артык-джаз» распавядае пра мурманскага «дзівака», які ў свой час арганізоўваў міжнародны джазавы фестываль, — распавядае Святлана Салдатава, прадзюсар і сцэнарыст стужкі. — Ён ужо пасталеў, перастаў круціцца ў свецкім бамондзе, але ідэю вярнуць гэты фестываль у Мурманск не пакінуў. Галоўнае, што мы імкнуліся перадаць у фільме, гэта адчуванне музычнай свабоды”. Рэалізацыя задумкі выйшла ўдалай: партовы Мурманск пад гукі джаза на экране выглядаў камерна і душэўна. Галоўны герой трохі эксцэнтрычны, але шчырасць жаданняў і адданасць любімай справе зрабілі яго зразумелым гледачу і нават у нечым родным. Як вядучы інструмент у джаз-бэндзе, ён правёў нас цярністым шляхам ажыццяўлення даўняга жадання — аднаўлення некалі маштабнага музычнага фестывалю. І хоць некаторыя сцэны відавочна выбіваліся сваёй ненатуральнасцю (усё ж такі пастановачныя дыялогі прыкметныя адразу), было вельмі шмат шчырых момантаў. 

Ігравыя кароткаметражныя фільмы, прадстаўленыя ў праграме “Ледакола”, — гэта дэбютныя працы мурманскіх кінематаграфістаўпачаткоўцаў. Нягледзячы на тое, што праекты ствараліся аматарамі, яны паспелі зацікавіць аўдыторыю замежных фестываляў. Так, фільм “Капсула часу” ўвайшоў у праграму “Фільмы поўначы” Міжнароднага кінафестывалю ў Трамсё ў 2021 годзе, а “Цана пытання” сёлета атрымала прыз журы на Парыжскім кінафестывалі кароткага метра. Абедзве стужкі створаны непрафесіяналамі, і тое не можа не кінуцца ў вочы пры праглядзе. Аднак калі што і вартае пільнай увагі, дык гэта выдатная сцэнарная праца і смеласць маладых кінематаграфістаў: у Мурманску няма вялікай кінавытворчасці, але людзі ствараюць досыць добрыя фільмы, прычым на чыстай любові да кіно. Гісторыі абедзвюх стужак займальныя і зразумелыя, нягледзячы на неідэальную акцёрскую ігру. А добрая сцэнарная база — гэта тая ахілесава пята, якую даўно трэба “залатаць” у беларускім кіно. Таму, відавочна, і нам ёсць чаму павучыцца ў мурманскіх кінематаграфістаў-аматараў. 

БЫЦЬ ЦІ НЕ БЫЦЬ? 

Ці стане плённым супрацоўніцтва з мурманскімі кінематаграфістамі або ўсё завісне на стадыі ідэі — пакажа час. Аднак упэўненасць і сур’ёзныя намеры расійскіх калег даюць падставу спадзявацца, што міжнародная дзейнасць айчыннай кінастудыі ў хуткім часе сапраўды зрушыць з “мёртвай кропкі” адно толькі Дзён беларускага кіно і перарасце ў буйныя і паспяховыя сумесныя кінапраекты. Пагатоў патэнцыял у гэтых стасункаў ёсць: акрамя стварэння сумеснай кінашколы, гарады-пабрацімы аб’ядноўваюць кінафестывалі, у арганізацыі і правядзенні якіх ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго. 

Яўгенія ГАБЕЦ