Імпрэсія старасвецкага ладу

Выстава “Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення — сядзіба” працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Пад якім вуглом прапануецца сёння паглядзець на спадчыну нашага славутага земляка?

Перад адкрыццём экспазіцыі ў “Ноч музеяў” да мяне падышлі калегі-журналісты з пытаннем пра чаканні ад новага праекта. Адказ, што спадзяванні высачэзныя, я матываваў у тым ліку імем куратара. Юлія Лісай, як яна распавяла падчас першай экскурсіі, даследуе Жукоўскага каля 20 гадоў, яшчэ са студэнцтва. 

Фрагмент экспазіцыі

Зрэшты, не толькі дасведчанасць, але і вынаходлівасць навуковага супрацоўніка вызначаюць якасць праекта. Хоць установа валодае 39 работамі жывапісца (гэта больш, чым у Траццякоўцы ці Рускім музеі), зрабіць з такой колькасцю карцін рэтраспектыву на чатыры прасторныя залы цяжка. Але ж не спадарыні Лісай. Раней яна адужала куды складанейшую задачу — падрыхтавала яркі праект да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца, маючы ў зборах толькі “Ля касцёла” і тры невялікія жывапісныя палотны. У справу пайшлі архіўныя фотаздымкі, працы настаўнікаў, аднакласнікаў і вучняў юбіляра, прысвячэнні сучасных аўтараў. Гэтым разам Юлія таксама адмовіла герою ў выключным праве на выставачную прастору — і такім чынам прэзентавала набыткі Станіслава Жукоўскага ў надзвычай цікавых ракурсах. 

КРЫНІЦЫ МАТЫВУ 

Візітная картка мастака — сядзібныя інтэр’еры і пейзажы з настальгічнымі нотамі. Жукоўскі ледзь не адзіны майстар сваёй эпохі, хто працаваў з гэтай тэмай настолькі паглыблена. Чаму так адбылося? Юлія Лісай кажа: акрамя разумення сядзібы як пэўнага цэнтра сусвету, адбіўся ўласны досвед жывапісца. 

С. Жукоўскі. "Былое"

С. Жукоўскі. "Былое" 

На вачах выхадца са шляхты руйнаваўся звыклы ўклад. Пасля смерці маці і канфлікту з бацькам хлопец збягае вучыцца ў Маскву. Перажыванні аб доме, якога не хапае, выліваюцца ў палотны. Так паўстае пазнавальны Жукоўскі — аўтар вытанчаных і сакавітых карцін, напоўненых спакоем і лёгкім сумам. Гэтыя мернасць і непахіснасць інтэр’ераў, краявідаў за вокнамі гасцёўняў кантрастуюць з часам стварэння работ. “За рамамі” свет імкліва бяжыць і ляціць, гудзяць машыны, чуюцца выбухі Першай сусветнай. “Мастак малюе ўласную, такую неабходную яму, рупліва пабудаваную рэчаіснасць”, — заключае Юлія Лісай. 

У ШАНОЎНАЙ КАМПАНІІ 

Крытыка канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя, адзначаючы талент Жукоўскага, усё ж упікала майстра нібыта за перайманне левітанаўскага почырку. І першая “інтэрвенцыя” ў прастору персанальнай выставы ўпэўніць гледача, што падобныя заўвагі з’явіліся не на пустым месцы. Славуты жывапісец сапраўды моцна паўплываў на маладзейшага калегу. Паспрабуйце, не чытаючы этыкеткі, высветліць, які з вывешаных поруч краявідаў належыць Левітану, а які — Жукоўскаму. 

Месца ў экспазіцыі атрымаў яшчэ адзін класік пейзажнага жывапісу — Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Сам Станіслаў быў неахвочы маляваць людзей, таму для ілюстрацыі яго захаплення паляваннем спатрэбіліся палотны аднакашніка па Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Цікавым падаецца і суседства восеньскіх эцюдаў двух сяброў. Таксама ў залах можна ўбачыць карціны Канстанціна Каровіна, Аляксандра Маравава і Сяргея Вінаградава, якія дзіўным чынам выступаюць ва ўнісон з работамі Жукоўскага. 

НАМАЛЯВАНАЕ ВЫХОДЗІЦЬ У ПРАСТОРУ 

Хоць у музеях шумець не прынята, агледзець экспазіцыю ў поўнай цішыні не выйдзе: такая воля куратаркі. Наведвальніка суправаджаюць ціканне стрэлак і звонкая мелодыя бою. Гукі найстарэйшага гадзінніка з калекцыі ўстановы мусяць падтрымаць адметную атмасферу бязлюднай прасторы і дапамагчы гледачу заглыбіцца ў палотны. 

Фрагмент экспазіцыі

Дарэчы, з фондаў дасталі шмат іншых твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І гэта адна з галоўных асаблівасцей выставы. Сядзібныя інтэр’еры нібыта выслізгваюць з плоскасці карцін — сузіральніка раптам абкружваюць вытанчаныя прадметы са шляхецкіх пакояў. Падобны эфект каштаваў многіх гадзін вывучэння базы і кансультацый з калегамі. Дакладнасць патрабуецца хірургічная. Рупнасць неабходная не толькі ў выяўленні рэчаў, ідэнтычных намаляваным, але і ў пошуку балансу. Усё ж мэбля і ўпрыгажэнні не павінны перакрыкваць жывапіс. У выніку куратарка дала экспанатам той ідэальны аб’ём паветра, каб не перагрузіць гледача. 

З шыкоўнай гасцёўні, адлюстраванай на палатне “У маі”, у музейную залу трапілі элегантны фатэль і высечаны з каменю бюст. Матэрыялізаваўся з твора “Настуркі” туалетны столік з падсвечнікамі. Перагукваюцца з работамі хрустальныя скрыначкі для пярсцёнкаў, флаконы з-пад парфумы, выкшталцоныя вазы і чайныя пары. Выстаўленыя ў ансамблі з “Ноччу перад Калядамі” жырандолі зіхцяць у лад пышнаму ўбору ялінкі на карціне, фіксуюць таямніча-ўрачысты флёр, што ахутаў утульны пакойчык. А сустракае наведвальнікаў своеасаблівая рэканструкцыя густоўна аздобленай гасцёўні, якую Жукоўскі ўвасобіў у творы “Былое”. 

Візітная картка мастака — сядзібныя інтэр’еры і пейзажы з настальгічнымі нотамі. Жукоўскі ледзь не адзіны майстар сваёй эпохі, хто працаваў з гэтай тэмай настолькі паглыблена.

Акрамя сядзібнага начыння, у вітрынах размясцілі значна грубейшыя і выключна ўтылітарныя рэчы, такія як канькі і ягдташ — паляўнічая сумка з брызенту і скуры. Як яны дапасуюцца да высокага мастацтва? Няхай гэта застанецца загадкай да вашага візіту ў музей. 

Данііл ШЭЙКА 

Фота аўтара