А звалі яе Лісапедкай

Апублiкавана: 09 лiпеня 2023 Стужка Бібліятэкі Мінск Пазіцыя

Аўтар: РАГІН Яўген

Давайце зноў пагуляем у словы. Вельмі прыемны, трэба сказаць, занятак. Гэта як у дзяцінстве: разаб’еш скарбонку і кешкаешся з манеткамі. Медзякі ў адзін бок адкідаеш, срэбра — у другі. І думаеш, як багацце патраціць. 

Са словамі — прыкладна тое ж. Толькі гаворка не пра медзь ды срэбра — пра золата. Пры правільным стаўленні да словазбіральніцтва, канешне. 

ТАК БЫ ЗАЎЖДЫ ПАМЫЛЯЦЦА 

Моўныя хібы — яшчэ тая з’ява. Калі моўная памылка сімпатычная, дык гэта і не памылка зусім (паўтор тут, як вы разумееце, для эмацыйнага ўзмацнення душэўных парыванняў), а вензель ці віньетка для аздаблення думкі. Але хопіць жартаў… 

Памятаеце народную песню, у якой ёсць такія словы: “А ў месяцы верасні выпала пароша…”? Вы правільна здагадаліся. У месяцы верасні— моўная памылка. Нават навуковую назву мае — плеаназм. Нібыта неапраўданы паўтор раўназначных ці блізкіх па сутнасці паняццяў. Калі б Марлен Хуцыеў пагадзіўся з такой пастаноўкай справы, дык ніколі не зняў бы геніяльны фільм “Быў месяц май”. Словам, я — за такія памылкі. 

ВЫНАЙСЦІ РОВАР 

Вось калі здолеем узаконена ездзіць у ліфце´, тады пра гарманічнае развіццё грамадства можна будзе толькі марыць. (Спрачайцеся, мае крытыкі, ружовашчокія ды сівыя, спрачайцеся!) 

А цяпер — зусім пра іншыя памылкі. Аднак спачатку пра лексічную эвалюцыю. Пасля вайны ровары звалі напышліва: веламабілі ці веламашыны. Тлумачыцца гэта, напэўна, тым, што “велік” каштаваў дорага, многім не па кішэні быў. Бацька згадваў, што гэтая тэхніка ледзь не прадметам раскошы лічылася. Праз гады з’явілася слова веласіпед. Потым — беларускае найменне з польскімі каранямі ровар. 

Але я пра іншую назву, дужа мілую майму сэрцу. У нас на мовазнаўчай кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта смяяліся: “Беларусы — лянівыя! Ці ж будуць яны адсочваць, як правільна вымаўляецца складанае запазычанае слова?” Прыкладна з такой прычыны і ўзнікла бліскучае— лісапед. Характарнае і атмасфернае, як цяпер кажуць. 

ВОСЬ ТАКАЯ ЯНА, ЛЮБОЎ 

Мой дзядзька Мішык асабліва пяшчотна называў свой ровар — Лісапедка. І калі на падпітку вяртаўся з Веткі ў родную Купрэеўку, Лісапедку вёў побач. Спрэс замілаванне. А калі траплялася лужына, Мішык смела крочыў па гразі, а велік каціў па сухім. 

Вось такія стасункі. Веламашына — рэч бяздушная, Лісапедка — дама з характарам. “Даменцыя!” — казаў Мішык. Усе смяяліся, а ён радаваўся жыццю. Вялікім лірыкам і жыццялюбам быў мой дзядзька. У словах — купаўся. Праўда, яны былі збольшага не надта нарматыўнымі. Аднак пра гэта — у наступны раз. 

ЗУСІМ НЕ “БАТЭРФЛЯЙ”

Яшчэ пра эвалюцыю слоў. Гадоў шэсцьдзясят таму, калі маю Ветку ў палон узяў футбол, мяч так і называлі — футбол. Чаму? Ад павагі да гэтага спорту? Свет трымаецца на неразгаданых загадках… 

Вось зусім іншы ланцужок эвалюцыі (а мо дэградацыі?). Матылёк быў калісьці мятлікам. Пра тое мая бабуля распавядала. Цяпер так пэўны від травы называецца. А мятліка не збераглі. Яшчэ добра, што агульнаўжывальнае часам становіцца дыялектным. Сябра Санька згадаў днямі: у яго цёткі на Магілёўшчыне матылькі — мя´тушкі. Слова забіць цяжка, дзе-нідзе абавязкова прарасце. 

ЗАМЕСТ ЗАКАНЧЭННЯ 

Звяртаюся да неабыякавага чытача. Нататкі мае не прэтэндуюць на званне навуковага даследавання (хоць і з’яўляюся настаўнікам-філолагам). Крый Божа! Авохці мне, калі так падумаеце. Тлумачэнне зусім іншае. Слова для мяне — як гліна для кераміста. А з адмысловых слоў і сказы — нібы звон. Чуеце, як звініць ад радасці мая душа! 

Яўген РАГІН