Талент — ад Бога, боты — ад “Песняроў”

Апублiкавана: 29 лiпеня 2023 Стужка Музыка Гродна і вобласць

Аўтар: РАГІН Яўген

Можна доўга тлумачыць асаблівасці “Воранаўскага вальсабукета”. Чаму ён вальс? Адкуль букет? З якой прычыны менавіта воранаўскі? Тут кожны нюанс не толькі цікавы, але і цалкам дастатковы, каб давесці творчую адметнасць “Лявонаў”.

Гэты народны ансамбль народнай песні і музыкі стаў яскравай з’явай Воранаўскага раёна. “Лявоны” самі па сабе — адметны праект, які развіваецца разам з родным краем. А пачалося ўсё з жарту. 

ЖАНЧЫН ПАРАДАВАЛІ 

Кажуць, Платон разбіраўся ў гумары і аднойчы трапна зазначыў, што без смешнага нельга асэнсаваць сур’ёзнае. Хто б спрачаўся?! Сур’ёзныя “Лявоны” таксама выраслі з жарту… 

Скажу шчыра, вельмі хацелася пацешыць чытача неверагоднай легендай пра тое, як “Лявоны” мулявінскія пасябравалі з “Лявонамі” воранаўскімі. Карцела. Але я сябе стрымаў. Праўда — і толькі яна! Адны “Лявоны” ніколі не бачылі другіх. Аднак Бог таксама любіць жартаваць. Праз пэўны час лёсы гуртоў хоць і ўскосна, а перасекліся. Ды паплечнікі Мулявіна паспелі стаць “Песнярамі”. 

Але спачатку пра смешнае. Годзе гэтак у 1982-м у воранаўскай музычнай школе мужчынывыкладчыкі вырашылі павіншаваць каляжанак з Міжнародным жаночым днём. І захацелі зрабіць гэта арыгінальна. (Увесну ў галовы творцаў прыходзяць бліскучыя ідэі! З’яўляюцца яны і ўзімку, але не такія жыццядайныя.) І вось што прыдумаў кіраўнік школы Вячаслаў Мацкевіч: выйсці на сцэну не са сваімі інструментамі і выканаць дзве песні. Да прыкладу, баяніст Аляксандр Мацюк здзіўляў жанчын ігрой на дудцы. Цэлы камплект дудак, ад сапрана да пікала, стварыў музыкант, педагог і рэстаўратар Уладзімір Пузыня… 

Хлопцы спелі, агаломшылі дам. Словам, фурор зрабілі. Так і ўзніклі “Лявоны”. І гэта была метамарфоза першая. Адкуль назва? Хто б ведаў, дзе яны бяруцца. Адна з версій такая: у гурце гралі два браты Рыхлевічы — Лявонавічы па бацьку. Мо адсюль усё? Цяпер і не памятае ніхто. А кіраваць “Лявонамі” стаў, натуральна, Вячаслаў Мацкевіч. 

ДЗЯКУЙ СТАЛІЧНАМУ ШАЎЦУ! 

Боты былі шыкоўныя. З добра апрацаванай скуры. З піжонскімі рознакаляровымі абцасамі. І ніхто ўжо не скажа, з якой прычыны “Песняры” адмовіліся ад такога важнага сцэнічнага абутку. Відаць, выбіваўся з агульнай мадэльнай лінейкі. А “Песняры” мелі права выбіраць. Гэткае ж неаспрэчнае права на той момант меў і воранаўскі гурт. Пасля лакальнага школьнага поспеху прыйшоў поспех раённы, а потым — абласны і рэспубліканскі. Уганараваныя ўсяляк музыканты пачалі збірацца з гастролямі ў Заходні Берлін. Сцэнічныя касцюмы для воранаўцаў рыхтавалі ў сталічных майстэрнях. Там “Лявоны” на брэндавы абутак і натрапілі. Выступаюць у ім амаль сорак гадоў… 

Адправіўся на пенсію Вячаслаў Мацкевіч. Мастацкім кіраўніком ансамбля стаў Аляксандр Мацюк. Паколькі камплект дудак састарэў фізічна, а майстар Пузыня памёр, Аляксандр Антонавіч пачаў выходзіць на сцэну з баянам. У рэпертуары ўжо не дзве песні, а столькі, што амаль на гадзінны канцэрт хопіць. У калектыве на сёння — восем музыкантаў. 

ЗУБРЫ, ЯКІЯ СТАРЭЮЦЬ, УСЁ РОЎНА ЗУБРЫ 

У чым прырода нашай песні? Калі ты ранкам расплюшчыў вочы і заспяваў — гэта прызванне, бо музыка ліецца з душы, а фразеалагізм “душа спявае” — не проста набор слоў. А калі яшчэ і Бог у макаўку пацалаваў?.. Аляксандр Мацюк не толькі музыкант, але і моцны вакаліст. Яму — 67 гадоў. Аднак узрост ніколі не замінаў творчасці. Вытрыманае віно мае мноства адценняў. А зубр, які старэе, усё роўна зубр. Мацюк ці не з самага з’яўлення на свет у сугуччы з роднай зямлёй. Хто не разумее, пра што я, паслухайце ўночы, як яна дыхае. Падобных “слухачоў” у сённяшніх “Лявонах” — восем чалавек. 

Згадаю тых, каго згадаў Мацюк. Збольшага яны таксама не маладзёны… У гурце цяпер не толькі выкладчыкі ДШМ. Тут сабраліся таленты з усяго воранаўскага свету. Ці не першым такім “легіянерам” быў Аляксандр Кукін — ветэрынар і ўладальнік прыгожага голасу. Гукааператарам стаў работнік культуры Андрэй Шадзюль. Зрабіўся “Лявонам” і наладчык медапаратуры Іван Пяцюль — саксафаніст. А вось ветэраны-педагогі: трамбаніст Мікалай Шманок, скрыпач Эдуард Лі, балалаечнік Уладзіслаў Буклярэвіч. 

Зараз — пра чарговую метамарфозу гурта. Калі да калектыву прыйшла слава, музыканты ўзяліся за аранжыроўкі таго матэрыялу, што вышукалі ў экспедыцыях і што захоўваецца ў песенных анталогіях. Гэта, як падаецца, бліскучая творчая праца. Адзін толькі “Воранаўскі вальс-букет” Вячаслава Мацкевіча чаго варты! Вячаслаў Канстанцінавіч зрабіў арыгінальнае папуры з усіх мясцовых вальсаў. Перайманне і адбор песень, іх апрацоўка для акарын, скрыпкі, баяна — адзін з праектаў калектыву. 

І СВЕТ ПРЫСЛУХАЎСЯ 

“Лявоны” вандруюць па краінах і не баяцца стаптаць “песняроўскія” боты. Усё, што звязана з Уладзімірам Мулявіным, — вечнае. Гастролі ў іншых дзяржавах — дыпламатычны экспарт нашага традыцыйнага мастацтва. І гэта яшчэ адзін праект “Лявонаў”, доўгатэрміновы. 

Дзе ж паспеў пабываць калектыў? У шэрагу краін блізкага і далёкага замежжа. “Песняроўскія” боты крочаць па Зямлі радасна і ўпэўнена! У добры, як кажуць, шлях!

І Я ХАЧУ Ў “ЛЕВАНЯТЫ”! 

Па традыцыі згадаю агульнарэспубліканскую праблему. Яна не клубная, не бібліятэчная, не школьная, нават не сямейная. Яна — “усіхняя”. І тычыцца пераемнасці, а дакладней дзіцячых гуртоў — спадарожнікаў дарослых калектываў. 

Вы ведаеце, што пры кожным ансамблі (асабліва народным) павінны існаваць такія дзіцячыя фарміраванні. Але іх амаль не засталося! Чаму? Прычына зразумелая. 

Папулярнасць традыцыйнай культуры зніжаецца. Няма ўжо вялізных конкурсаў пры паступленні ў ДШМ на аддзяленне народных інструментаў. Няма піетэту да песеннай, вакальнай ды танцавальнай аўтэнтыкі. Як тут не ўспомніць фестываль “Берагіня”, што, па сутнасці, адзіны імкнецца ўзняць аўтарытэт пераемнасці і сямейнай творчасці. Аднак далёка не ўсе рэгіёны ўдзельнічаюць у этапах і турах форуму. Па мне, дык час біць у звон! Без годнага патрыятычнага выхавання нацыя чэзне. 

У “Лявонаў” таксама былі калісьці “Леваняты”, а потым — “Жавароначкі”. Для руні прыдатны не прымус, а дбайны догляд.

Яўген РАГІН