Тэндэнцыі і праблемы развіцця музейнай справы

Апублiкавана: 04 жнiўня 2023 Стужка Музеі Мінск Праекты развіцця

Аўтар: ЧАРНЯКЕВІЧ Юрый

Пра адметныя музейныя праекты, інклюзію, анлайнфармат ды іншыя сучасныя напрацоўкі — у гутарцы з дацэнтамі кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдатамі культуралогіі Іваннай Бамбешка і Ірынай Лупашка.

ВІРТУАЛЬНАЯ ПРАСТОРА: ЁСЦЬ ПЕРСПЕКТЫВЫ? 

На думку нашых суразмоўцаў, сёння музеі краіны даволі паспяхова функцыянуюць у грамадстве і пазіцыянуюць сябе не толькі захавальнікамі гісторыка-культурнай спадчыны, але і актыўнымі гульцамі на ніве культурна-турыстычных паслуг. 

— Скажам, падчас пандэміі Covid -19 многія музеі Беларусі значна пашырылі свае магчымасці ў сетцы Інтэрнэт, таму віртуальная прастора для іх цяпер не чужая, — адзначае Іванна Бамбешка. — Можна сказаць, да гэтага іх падштурхнула само жыццё. Рэзкае зніжэнне колькасці наведвальнікаў, абумоўленае распаўсюджаннем пандэміі ў той перыяд, вымусіла музеі пашыраць свае камунікацыйныя тэхналогіі, у тым ліку прэзентацыі дзейнасці ў медыяпрасторы, мультымедыйнае суправаджэнне экспазіцыйных і выставачных праектаў, якія дапамагалі папулярызаваць і актуалізаваць аб’екты спадчыны і актывізаваць віртуальных гледачоў. 

Ірына Лупашка (справа) і Іванна Бамбешка (злева)

Таму, натуральна, ідучы такім шляхам, музеі ладзілі анлайн-лекцыі, анлайн-экскурсіі, анлайн-выставы ды шмат чаго яшчэ. 

— Віцебскі абласны краязнаўчы музей ужо вясной 2020 года актыўна дэманстраваў з дапамогай відэахостынгу YouTube прадметы са сваёй мастацкай калекцыі, ладзіў паказ фотаздымкаў 1960 -х, — прыводзіць прыклады Іванна Бамбешка. — На ўсе гэтыя і іншыя музейныя праекты карыстальнікі, ці, лепш сказаць, віртуальныя наведвальнікі тады адгукаліся вельмі пазітыўна, пра што сведчаць каментарыі ў інтэрнэце. 

Сярод паспяховых ініцыятыў адмыслоўцы назвалі і Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Ф.Р. Шклярава, дзе актыўна ўзаемадзейнічаюць з наведвальнікамі пры дапамозе сацыяльных сетак. Ды і іншыя ўстановы не застаюцца ўбаку ад агульных тэндэнцый. 

— Напрыклад, Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне адзін з першых пачаў ладзіць анлайн-экскурсіі, прычым для розных катэгорый наведвальнікаў, — кажа Ірына Лупашка. — Таксама згадаю Літаратурны музей Петруся Броўкі, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. 

Што ж, ні для каго не сакрэт, што цягам апошніх гадоў перад айчыннымі музеямі стаяла задача падаваць інфармацыю пра свае адметныя экспанаты даступна, папулярна ды цікава з улікам усіх нюансаў найноўшага інфармацыйнага часу. Дзякуючы такім формам работы музеі не толькі справіліся з задачай, але і не згубілі сваіх сталых прыхільнікаў ды змаглі “дастукацца” да больш маладой і ў нечым нязвыклай для музейшчыкаў аўдыторыі, якая шмат часу праводзіць у інтэрнэт -прасторы. 

АРТ-ТЭРАПІЯ  — НА ЛЮБЫ ГУСТ 

Па словах Іванны Бамбешка і Ірыны Лупашка, тэндэнцыяй апошняга часу з’яўляецца і тое, што многія новыя формы музейнай работы арыентаваныя на самыя розныя катэгорыі наведвальнікаў. 

— Напрыклад, з нядаўняга часу Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь ладзіць экскурсіі для людзей з інваліднасцю, — кажа Іванна Бамбешка. — Гэта і экскурсіі разам з сурдаперакладчыкам, і выкарыстанне спецыяльных прыстасаванняў, тых жа аўдыягідаў, для людзей з парушэннямі слыху ці зроку. І ў Вілейцы, што на Міншчыне, таксама ёсць даволі цікавыя формы работы з падобнымі катэгорыямі наведвальнікаў, для якіх прапануюцца экскурсіі з элементамі арт-тэрапіі. 

І хоць шмат што ў гэтым плане ў музеях Беларусі робіцца, а Літаратурны музей Максіма Багдановіча не так даўно ладзіў семінар па інклюзіі для музейных супрацоўнікаў, у той жа Расіі падобная дзейнасць развіваецца больш шырока і грунтоўна. Так што айчынным установам у гэтым кірунку ёсць куды расці. 

ПРАЕКТЫ ЗА ПРАЕКТАМІ  — НОВАЯ ТАКТЫКА? 

Яшчэ адным немалаважным складнікам паспяховай музейнай дзейнасці апошніх дзесяцігоддзяў з’яўляецца праектная дзейнасць. Прычым падобная праца ладзіцца часам і ў супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі. 

— У гэтым плане магу прывесці прыклад Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея, які ў межах Праграмы развіцця ААН зладзіў праект “Захаваем культуру разам: Смаргонь кірмашовая”, — адзначыла Іванна Бамбешка. — Музейшчыкі падрыхтавалі карту славутасцей Смаргонскага раёна, буклет пра гісторыю смаргонскіх абаранкаў і перасоўную выставу “Смаргонь кірмашовая”. А галоўным вынікам праекта сталася тэатралізаваная экскурсія з дэгустацыяй “Шляхамі кірмашовымі”. Канешне, хацелася б, каб падобных праектаў было болей, хоць тут многае, на маю думку, залежыць ад кадравага забеспячэння — усюды патрэбныя людзі, якія б “гарэлі” праектнай дзейнасцю, ініцыявалі падобныя задумы ў сваёй установе. Калі няма такога адмыслоўца, то і праект не народзіцца. 

З думкай калегі згодная і Ірына Лупашка. 

— Так, кадры сапраўды вельмі важныя, тым больш што яшчэ не ўсе музейшчыкі знаёмыя з тэхналогіяй падачы заяўкі на атрыманне гранта, — кажа навукоўца. — А часам ім проста не стае часу на напісанне праекта, бо гэтую ж працу трэба ж сумяшчаць з асноўнай, таму музеям, асабліва ў раёнах, проста не хапае на гэта рэсурсаў. Скажам, сталічным музеям у гэтым плане крыху лягчэй. І тут у якасці прыкладу можна прывесці Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, дзе падобная праектная дзейнасць вельмі развітая. 

Як адзначаюць суразмоўцы, падвучыць музейных супрацоўнікаў арыентавацца ў запатрабаваных праектах ці ў падрыхтоўцы заявак на гранты не так складана. Так, апошнім часам актыўна праяўляюць сябе сумесныя праекты з Расійскай Федэрацыяй, з тым жа Музеем-сядзібай Л.М. Талстога ў Яснай Паляне. Так што перспектывы і ў гэтым кірунку прасочваюцца даволі значныя. 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ 

Фота з архіваў выкладчыкаў кафедры гісторыка-культурнай спадчыны БДУКМ