Аперацыя “Баграціён”: у жыцці і на экране

Апублiкавана: 14 жнiўня 2023 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Лета — гарачая пара для беларускіх кінематаграфістаў. Сёлета на кінастудыі “Беларусьфільм” стартавалі здымкі ваеннай драмы Івана Паўлава пад працоўнай назвай “Казбек”. “К” завітала на адну з лакацый, каб даведацца, што натхніла аўтараў на стварэнне гэтай гісторыі і якую з невядомых старонак вайны ўбачаць гледачы на экране.

КІНЕМАТАГРАФІЧНАЯ, АЛЕ РЭАЛЬНАСЦЬ 

Здымкі фільма, які распавядзе пра партызанскі рух і аперацыю “Баграціён”, сімвалічна стартавалі 23 чэрвеня, у дзень пачатку аперацыі. Праца над сцэнарыем вялася доўга: некалькі разоў перапісваўся сюжэт, разам з якім мяняліся ўнутраныя акцэнты і персанажы. 

— Так як фільмаў пра вайну шмат, першапачаткова ў нас была ўстаноўка зрабіць гісторыю “а-ля Галівуд”: з экшэнам і героем, які ўсіх перамагае, — распавядае Таццяна Команава, аўтар сцэнарыя. — Але чым больш мы знаёміліся з рэальнымі подзвігамі людзей на вайне, тым больш прыходзілі да высновы, што ў жыцці яны былі больш крутымі, чым можна прыдумаць у кіно. З гэтай прычыны мы вырашылі пакласці ў аснову сцэнарыя сапраўдныя гісторыі людзей, якія сталі прататыпамі персанажаў. Вядома, мы іх кінематаграфічна ўпрыгожылі, але зрабілі гэта для таго, каб растлумачыць гледачу матывы іх учынкаў. 

Галоўны герой гэтай гісторыі, па словах рэжысёра Івана Паўлава, “просты беларускі хлопец, які марыць будаваць масты і выпадкова прыдумляе, як пабудаваць праход у нямецкім тыле, каб 12-е наступленне на лінію абароны “Пантэра” мела поспех”. Рэжысёр адзначае, што хоць ляжнёўка (дарога з насланага бярвення — заўв. аўт.) сапраўды была знойдзена, аднак да гэтага часу гісторыкамі не ўстаноўлена, пры якіх абставінах і кім яна была зроблена. Але фільм — гэта мастацкі твор, таму аўтары дазволілі сабе дапрацаваць гэты факт да таго, які пасуе сюжэту. 

Недахоп дакладных гістарычных дэталяў— не адзіная праблема. Ускладняюць здымачны працэс асаблівасці напаўразбураных ваенных экстэр’ераў, якія ў Беларусі цяпер знайсці вельмі складана. Напрыклад, адна з лакацый — завод імя Кірава ў Мінску — выдаецца аўтарамі за разбураную Оршу. На натуры значна лягчэй: здымаюць на пляцоўцы ў Смалявічах і Вілейцы. 

НЕ ТОЛЬКІ ПОЛЕ БОЮ 

Нягледзячы на гістарычную аснову і сур’ёзную тэматыку, фільм не абмяжуецца толькі партызанскімі баямі. Так, па словах Таццяны Команавай, гісторыя раскажа і пра тое, чым займалася грамадзянскае насельніцтва ў акупацыі. 

— Многія, на жаль, думаюць, што ў часы вайны салдаты і партызаны ваявалі, а іншыя ціхенька жылі. Насамрэч усё грамадзянскае насельніцтва пад акупацыяй было вымушана плаціць падаткі, працаваць. Гэтую гісторыю, пра якую людзі сёння мала гавораць, бо надаюць больш увагі подзвігам, і якая ў ваенных фільмах звычайна сыходзіць на другі план, мы пастараліся падняць. Бо, як партызаны б’юцца з немцамі, можна ў любым кіно паглядзець, а расповед пра тое, чаму беларусам важна казаць пра Вялікую Айчынную і чаму мы дагэтуль не можам пакінуць гэтую тэму, быў для нас адным з унутраных памкненняў. 

У ПЕРШУЮ ЧАРГУ — ЧАЛАВЕК 

Найбольшую цікавасць у кіно, безумоўна, уяўляюць сабой людзі: што з імі адбываецца, чаму кожны з іх прымае тое ці іншае рашэнне. Таму перад акцёрамі паўстае адказная задача: раскрыць свайго героя на экране, паказаць кантрасты. Аднак, перш чым дэманстраваць гатовы вобраз, персанажа трэба зразумець. І калі ролю партызана, які змагаецца за радзіму, у дзяцінстве прымяралі на сябе многія з нас, то справіцца з роллю ворага значна складаней. Тым не менш для некаторых гэта не толькі пашырэнне акцёрскага дыяпазону, але і здзяйсненне даўняй прафесійнай мары, як, напрыклад, для Андрэя Сіпіна, выканаўцы ролі каменданта Оршы Айка. 

— Вобраз нямецкага афіцэра я ўвасабляю ўпершыню, хоць марыў пра гэта даўно, — дзеліцца акцёр. — Калі працую над гэтым вобразам, стараюся не прыплятаць асабістага стаўлення. Як акцёр я адвакат свайго героя. Самае складанае для мяне ў гэтай ролі — нямецкая мова. Яе я ніколі не вучыў, таму зараз ад рукі запісваю ў сшытак рэплікі і часам да другой гадзіны ночы зазубрываю, як у школе. Інакш сыграць не атрымліваецца. Тым больш што іншая мова патрабуе іншай інтанацыі, падачы, эмацыянальнага градусу. 

Для Дзмітрыя Фрыда, які перайграў досыць нямецкіх афіцэраў часоў Другой сусветнай вайны, роля антыфашыста лекара Гельмута — падарунак. Таму і персанаж палюбіўся адразу: “Ён, вядома, герой: бо ў любы час перайсці на бок святла — гэта добры ўчынак. Пакуль здымкі для мяне толькі пачаліся, у майго персанажа яшчэ ўсё наперадзе. Яму трэба будзе прыняць рашэнне перайсці на бок партызан і пазнаёміцца з іншымі героямі”. 

МЕСЦА ДЛЯ ТВОРЧАСЦІ 

У дадзены момант здымачны працэс перасягнуў свой экватар. У сярэдзіне жніўня аўтары плануюць сесці за мантаж, каб да канца года сустрэцца з гледачом у кіназале. На працу ўсе настроены сур’ёзна, але празмернага напружання на здымках не адчуваецца. Верагодна, уплывае любоў рэжысёра да сваёй прафесіі. 

— Перыяд здымак вельмі складаны для рэжысёра, але мне падабаецца быць на пляцоўцы, — шчыра дзеліцца Іван Паўлаў. — Што тычыцца мантажу, там у мяне няма моцнай творчасці. Да таго ж мы ўжо ў сцэнарыі “здымаем” некаторае кіно, каб на пляцоўцы сцэны дапрацаваліся з дапамогай акцёраў, а на мантажы мы проста ўсё чыста звялі. 

Рэжысёр дадае, што для яго вялікае значэнне ў кіно мае і музыка: “Зараз ідуць перамовы з кампазітарам. Нейкая музыка, вядома, з’яўляецца ўжо падчас здымак. Менавіта таму мы спецыяльна робім кадры, якія я жартам называю «аўтарскае кіно», але дзе я дакладна ведаю: будзе музычны акцэнт. Такія моманты творчасці вельмі каштоўныя для рэжысёраў. І мне падабаецца зараджаць імі каманду, асабліва акцёраў, якія адкрываюцца і пачынаюць прыўносіць у ролю многае ад сябе”. 

Яўгенія ГАБЕЦ