Прывабны фантом Нямігі

Апублiкавана: 17 жнiўня 2023 Стужка Музеі Мінск

Аўтар: СВІРЫН Ілья

Выстава “Успамін пра Нямігу” мае папраўдзе інтрыгоўную прэамбулу. Штуршком да яе з’яўлення сталі негатывы, выпадкова адшуканыя на сметніку супрацоўніцай Музея гісторыі Мінска Яўгеніяй Стальмаховай. Гэтыя невядомыя раней выявы, зробленыя напрыканцы 1960-х, істотна папоўнілі і без таго багатую іканаграфію гістарычнай вуліцы Нямігі.

ЭФЕКТ ЗАСТЫЛАГА ЧАСУ 

Ды справа не толькі ў адным шчасным выпадку. Не выклікае сумневу, што падрыхтоўцы экспазіцыі папярэднічала сур’ёзная даследчыцкая праца, праведзеная супрацоўнікамі музея. Яе мэта зразумелая: як мага больш дакладна аднавіць вобраз гэтых кварталаў. У выніку глядач можа пабачыць іх падрабязны план, да якога прывязаныя паасобныя фота. 

Фармат выставы быў абраны надзвычай удала: яна размясцілася ва ўнутраным дворыку колішняй сядзібы Пшаздзецкіх, дзе цяпер знаходзіцца адна з пляцовак Музея гісторыі Мінска — галерэя Міхаіла Савіцкага. З аднаго боку, месца ўтульнае, адасобленае ад гарадскога тлуму, з другога — даступнае ўсім ахвотным, нават без квіточкаў. І публікі, трэба адзначыць, не бракуе. 

Трэці плюс таксама відавочны: выйшаўшы за браму, можна ўдосталь параўноўваць убачанае на старых фота з тым, што адкрываецца нашым вачам цяпер. І атрымліваецца гэткі эфект дапоўненай рэальнасці (дарэчы, а цудоўная ідэя, пагадзіцеся). 

Мяркуючы па ўсім, знойдзеныя здымкі мелі не мастацкі, а чыста дакументальны характар. Невядомы аўтар імкнуўся проста “ўхапіць” паўсядзённасць — тое, што бачыў тады кожны мінак. Навошта? Адказ прасочваецца ў саміх здымках: акурат у той час асяроддзе пачынала імкліва мяняцца. Вось таму памкненне яго зафіксаваць на фота — спярша ў статыцы, а затым ужо ў працэсе трансфармацыі — выглядае цалкам вытлумачальным. 

І наўрад ці фатограф мог ведаць, што мастацкасць праз гады праявіцца сама — як нейкі “адкладзены” і незапраграмаваны эфект. Можа, гэта эфект застылага часу? 

У сваіх фантазіях мы трапляем у самнамбулічны свет вузкіх вулак, кожная з якіх магла б стаць натурай для знакамітага эпізоду “Сунічнай паляны” Бергмана, дзе выяўлены нейкі іншасветны горад мрой. 

Вяртаемся ў рэальнасць, спускаемся долу па сходах, пракладзеных уздоўж ужо няіснай вуліцы Школьнай, — і праз пару хвілін рэзка выпадаем з гэтага сну ў вір сучаснага гарадскога жыцця. Цяжка паверыць, што мы патрапілі акурат у тое месца, якое толькі што бачылі на фота. 

НА ПАМЕЖЖЫ МІНУЛАГА І СУЧАСНАГА 

Што ж уяўляе з сябе тая Няміга, па вулках якой многім з нас так карціць паблукаць? Прыземістыя, мо нават трохі нягеглыя камяніцы — такія ў афіцыйных дакументах называюць шараговай гарадской забудовай. Фура, якая заблукала сярод яе ўжо на пачатку 1970-х — прычым акурат падчас паводкі, калі загнаная ў калектар рака Няміга нагадвала пра сябе, — выглядае там сланом у пасуднай крамцы. 

Гэтыя камяніцы наўрад ці моцна ўражвалі каго ў пару свайго з’яўлення — недзе на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Такімі тады былі амаль усе гарады. А ў пару бяздумнага руйнавання здаваліся многім банальным перажыткам мінулай эпохі. 

На выставе можна ўбачыць фота, зробленыя, так бы мовіць, на памежжы мінулага і сучаснага — скажам, калі пуцеправод, які перацякае ў цяперашнюю магістраль праспекта Пераможцаў, ужо быў збудаваны, але старыя кварталы яшчэ захоўваліся, або калі ў тканцы Старога горада з’явіліся першыя новыя ўкрапванні — будынкі Белпрампраекту і Дома мадэляў, што паўсталі ў 1960-я. 

Такія здымкі лішні раз сведчаць пра магчымасць кампрамісу, якую, на жаль, не ўлічылі тагачасныя архітэктары. Кампраміс, вядома, куды горшы за захаванне цэласнага асяроддзя: той жа Петрапаўлаўскі сабор, які на старых фота выглядае дамінантай Нямігі, цяпер “утоплены” ў брутальным сучасным ландшафце. Але ж і гэта куды лепш, чым нічога. 

Ёсць на выставе і смелыя, але нерэалізаваныя праекты таго “горада будучыні”, які меўся паўстаць замест “перажыткаў мінулага”. Ён, лічы, двухпавярховы: унізе машыны бесперашкодна імчаць па шырокай магістралі, а ўверсе няспешна дэфілююць пешаходы. У цэлым гэтая забытая ідэя і сёння выглядае досыць перспектыўна — але, вядома, у нейкім іншым месцы, не настолькі гістарычным. 

Прапанова ствараць сучасны горад наўзбоч ад старадаўняга, пакінуўшы той у спакоі, паўстала шматкроць пазней за знос Нямігі. Да таго часу разуменне вартасці гістарычнай шараговай забудовы будзе ўжо несумненным. Дый што там — літаральна праз лічаныя гады пасля зносу пачнецца рэканструкцыя Траецкага, той невялічкай часткі гістарычнага Мінска, якую яшчэ можна было адаптаваць “пад турызм”. Так што Няміга не дацягнула да лепшых часоў зусім трохі… Такая злосная іронія лёсу. 

Потым з кожным годам гэтая каштоўнасць будзе толькі ўзрастаць. Занядбаныя старыя вулачкі паўсюль пачнуць пераўтварацца ў модныя тусовачныя месцы. Некаторыя — як, скажам, Зыбіцкая — паўстануць з нуля і ў куды горшым за арыгінал архітэктурным увасабленні. Ды ўсё адно іх назвы стануць імёнамі назыўнымі, а запатрабаванасць будзе зашкальваць. 

І гледзячы на старыя фота, ловіш сябе на думцы: як шкада, што да гэтага часу Няміга не дажыла. Тады сучасная Зыбіцкая мо і не спатрэбілася б, а на месцы бедных крамак з саматужнымі шыльдамі сёння размясціліся б модныя бары. 

РАКА-БЕССАНЬ 

Сама рака-фантом, чыя назва нібыта абазначае бессань, на здымкі трапляла нячаста: не надта яна была фотагенічнай… Аднак выстава ўсё ж дае зразумець, як яна выглядала сто гадоў таму. Скажам, унікальнае фота Льва Дашкевіча, зробленае ў 1920-м, дэманструе адразу дзве цікавосткі: партрэт маладога і мала каму яшчэ вядомага Язэпа Драздовіча, які любіў маляваць на мінскім замчышчы, і раку Нямігу шырынёю ўсяго ў пару метраў незадоўга да таго часу, калі яе загналі ў калектар. А навокал — звыклыя краявіды гэтай зусім несамавітай тады часткі горада: зарослыя валы, хаткі, драўляныя платы... 

Урэшце, Няміга стала сапраўдным міфам — пра яе ўсе чулі, але ніхто не бачыў. Потым такі лёс чакаў і аднайменную вуліцу. Вельмі добра, што выстава дазваляе гэты міф візуалізаваць. І няма сумневу, што такую практыку трэба пашыраць. Зразумела, вярнуць “усё як было” наўрад ці калі-кольвек удасца — надта гэта складана. А вось насычаць тыя мясціны адсылкамі да іх мінулага — рознымі стэндамі, банерамі, інсталяцыямі і г.д. — куды прасцей. Гэта ўжо робіцца, але, напэўна, магло б рабіцца больш актыўна. 

Было б здорава, каб, шпацыруючы па рэальным горадзе — з усімі сваімі плюсамі і мінусамі, — ты мог уяўляць той горад, які даўно і немінуча (як бы каму ні хацелася іначай) знік. Ён, вядома, таксама меў не толькі плюсы, але і мінусы — ды, стаўшы фантомам, апошніх адразу пазбыўся. Таму і выглядае для нас настолькі рамантычным і прывабным. 

Ілья СВІРЫН