Што чакае на іншым беразе?

Апублiкавана: 02 верасня 2023 Кiно Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Засталося два тыдня да рэспубліканскай прэм’еры нацыянальнага праекта студыі “Беларусьфільм” — “На іншым беразе”. Карціну рэжысёра Андрэя Хрулёва, знятую ў традыцыях айчыннага кіно, прэзентуюць гледачам 17 верасня — у Дзень народнага адзінства. 

Падзеі стужкі разгортваюцца ў 1925 годзе. Гэта час, калі пасля Рыжскай мірнай дамовы заходняя частка Беларусі апынулася пад уладай палякаў, якія імкнуліся правесці хуткую асіміляцыю — выкараніць на захопленых тэрыторыях беларускую культуру, мову, праваслаўную веру. Фільм распавядае, як важна берагчы родных, што значыць для чалавека Радзіма і як зрабіць няпросты выбар. Галоўныя героі праходзяць праз усё, што зразумела кожнаму з нас: спазнаюць боль ад страты блізкіх, умацоўваюцца ў веры ў справядлівасць, калі страчана надзея, і нанова здабываюць сэнс жыцця ў каханні. У цэнтры гісторыі — два браты, хлопцы з глыбінкі, якія абралі розныя шляхі і якіх аб’ядноўвае любоў да роднага краю. 

Асновай сюжэта паслужыў партызанскі рух на той частцы Беларусі, што апынулася пад кіраўніцтвам Польшчы. Ключавы эпізод, які стане сюжэтным паваротам, — пакаранне двайнога агента рукамі яго сяброўпатрыётаў, што даведаліся пра здраду. Аднак дырэктар здымачнай групы Ірына Філіпава робіць акцэнт, каб пазбегнуць плётак пра “дакументальную” частку фільма, што сапраўдных гістарычных фігур у карціне не будзе, усе вобразы — выключна мастацкія: 

— У стужцы адсутнічаюць прамыя гістарычныя паралелі. У ёй няма звароту да рэальных постацей Прытыцкага і Харужай, Танка, Лынькова. Магчыма, хтосьці з гэтых герояў зможа з’явіцца ў наступных частках. Зразумела, пры ўмове, што ў фільма будзе працяг. 

Рэжысёр Андрэй Хрулёў (у цэнтры) і выканаўцы галоўных роляў Іван Батараў (злева) і Данііл Чуп (справа)

Рэжысёр Андрэй Хрулёў (у цэнтры) і выканаўцы галоўных роляў Іван Батараў (злева) і Данііл Чуп (справа)

Аўтары праекта — расійскі рэжысёр-пастаноўшчык Андрэй Хрулёў і беларускі сцэнарыст Іван Крываручка — абяцаюць дынамічную кінастужку пра тое, што сапраўды важна. 

— Для мяне гэта перш за ўсё гісторыя простых людзей, — кажа рэжысёр. — Аповед пра тое, як яны ў складаных умовах — хтосьці мог, хтосьці не — знаходзілі сілы захаваць годнасць. 

Рэжысёр упэўнены, зацікавіць фільм не толькі айчыннага гледача: — Лічыць гэтую гісторыю чыста беларускай я б не стаў. Вядома, беларусы яе лепш зразумеюць, але і за межамі краіны стужку будуць глядзець. 

ПЛЫНЬ СЭНСУ 

Першапачаткова праект заяўляўся пад назвай “Мы адзіныя”. Яна, па словах Ірыны Філіпавай, дала своеасаблівы штуршок развіццю сюжэтнай лініі, вызначыла ідэалагічны і мастацкі кірунак карціны. Аднак пасля працяглых правак у мантажы, падчас якога ад некаторых сцэн давялося адмовіцца, акцэнты змяніліся, і было прынята рашэнне даць іншую назву. 

— Перадусім мы хацелі паказаць, што наша краіна моцная сваімі сямейнымі традыцыямі, агульнай тэрыторыяй, людзьмі, — падкрэсліла дырэктар здымачнай групы. — Мы пастараліся нагадаць пра той няпросты перыяд, калі Беларусь у чарговы раз спрабавалі разарваць на кавалкі. Фільм распавядзе пра ўзаемаадносіны людзей, якія міжволі апынуліся на “іншым беразе”, але засталіся беларусамі. І вось калі з’явіўся гэты метафарычны вобраз берага, прыйшла ідэя памяняць назву праекта на больш тонкую і шматпланавую. 

ЗНАЁМЫ МАТЫЎ 

Музыку да стужкі стварыў таленавіты беларускі кампазітар Аляксандр Сухараў, для якога карціна — дэбютны кінапраект у прафесійнай біяграфіі. 

— Гэта мой першы вопыт у кіно, таму я вельмі хваляваўся, — прызнаецца Аляксандр. — Адна справа — рабіць песні ці, напрыклад, мюзіклы, у аснове якіх ляжыць музыка. З фільмамі ўсё крыху паіншаму. Я хачу сказаць вялікі дзякуй рэжысёру, які навучыў мяне ўзаемадзейнічаць з музыкай у кіно. Хутка ў нас наладзіўся кантакт, і я зразумеў, што мы спрацуемся. Аднак узнікалі некаторыя пытанні, бо я шмат пісаў. Як высветлілася, для кіно гэтага не трэба. Затое быў выбар: створана разы ў тры больш, чым у выніку выкарысталі ў фінальнай версіі карціны. Усе кампазіцыі пісаў інтуітыўна і не глядзеў абсалютна ніякіх стужак на падобную тэматыку, каб не збівацца. 

Здымкі праходзілі адразу на трох беларускіх рэках — Іслачы, Заранцы і Нёмане. Так аўтары стварылі вобраз адной ракі, што падзяліла краіну на два берагі.

Музычная канцэпцыя праекта “На іншым беразе” — традыцыйныя народныя беларускія інструменты. Аўтары вырашылі цалкам адмовіцца ад сучасных мелодый на карысць атмасфернасці фільма. 

— Вельмі важна было паказаць гістарычную эпоху, нялёгкі час. Адпаведна, гэта зусім іншы набор інструментаў, што да мяне і спрабаваў данесці рэжысёр, — распавядае кампазітар. — Працаваць было цікава, бо гэта не нейкія звычайныя папсовыя песні. Я пачынаў пісаць пасля гутаркі з Андрэем, з яго слоў трымаў у галаве сцэнарый. Спярша я ўзяўся за самую складаную і моцную тэму — тэму маці. На мой погляд, гэта вельмі душэўны кірунак, экспрэсіўны, я ім вельмі прасякнуўся і шмат уклаў у яго. Гэтая тэма, безумоўна, тычыцца кожнага, таму што яна пра сям’ю, пра любоў. Тым не менш я не магу аддаць перавагу нейкай адной мелодыі з напісаных мною для фільма. Бо, калі твая музыка кладзецца на карцінку, адбываецца цуд. Ты бачыш дзею на экране, і ўсё ўжо ўспрымаецца інакш. Нават цяпер я зусім па-іншаму гляджу любое кіно — праз прызму музыкі. 

Яўгенія ГАБЕЦ