Каб ганарыцца беларускім кіно. Новая старонка для “Беларусьфільма”

Апублiкавана: 20 верасня 2023 Кiно Кіно Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

У жніўні міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч прадставіў калектыву Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” новага генеральнага дырэктара. Ім стаў Юрый Аляксей. Пазнаёміцца з нядаўна прызначаным кіраўніком і даведацца аб планах развіцця даручанага яму прадпрыемства выправілася “К”.

— Юрый Мар’янавіч, перш за ўсё дазвольце павіншаваць вас з прызначэннем на новую пасаду. Раскажыце, у якім напрамку стане развівацца кінастудыя? 

— Прыярытэтны кірунак на дадзены момант — стварэнне фільмаў, якія будуць прасоўваць нацыянальныя ідэі і культуру. Мы ўжо пачалі падрыхтоўку анімацыйнага альманаха пад працоўнай назвай “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”. Стужка раскажа пра пяць важных беларускіх помнікаў, сярод якіх “Буйніцкае поле”, “Прарыў”, “Баграціён”, “Ала” і “Дзецям — ахвярам вайны”. Таксама ў распрацоўцы праект “Сімвалы маёй краіны”. Ён разлічаны на выхаванцаў дзіцячых садкоў і навучэнцаў пачатковых класаў і ўяўляе сабой серыю мультфільмаў, у якіх у гульнявой форме будзе расказана, што такое сцяг і герб, чаму гімн сваёй краіны трэба слухаць стоячы. Вядома, працягнецца стварэнне дзіцячай забаўляльнай анімацыі, але цяпер уся ўвага сканцэнтравана на нацыянальных адукацыйных праектах. 

— А што наконт камерцыйных? 

— Праводзім рэвізію кінаабсталявання, каб разумець, наколькі мы гатовыя здымаць канкурэнтаздольныя камерцыйныя фільмы. Увогуле, на студыі — максімальна камфортныя ўмовы працы. Павільёны — адны з найлепшых на прасторы СНД: аснашчаны ўсім, каб вытворчасць была якаснай і хуткай. Засталося толькі выгадаваць сваіх спецыялістаў. 

— Дарэчы, пра адмыслоўцаў. Якія планы ў кінастудыі на моладзь? 

— Праца з моладдзю — гэта яшчэ адзін прыярытэтны напрамак для “Беларусьфільма”. Хутка мы запусцім дзве моладзевыя лабараторыі, каб ствараць серыялы для беларускага тэлебачання. Вядома, з далейшым выхадам на расійскі рынак. Таксама адкрыем сцэнарныя лабараторыі, куды будзем запрашаць студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Гэтае пытанне стаіць асабліва востра. Купіць сцэнарый у той жа Расіі не праблема, але хацелася б мець сваіх аўтараў. У цэлым імкнёмся больш супрацоўнічаць са студэнтамі творчых ВНУ. Зараз да нас размеркавалася Вераніка Чарнаштан, малады рэжысёр з БДАМ. Яе першым праектам стануць іміджавыя прафарыентацыйныя ролікі для моладзі. 

— Вы згадалі творчыя лабараторыі. Як арганізуюць навучанне ў іх? На чым яно будзе грунтавацца? 

— Выключна на практыцы. Я б хацеў, каб у маладых спецыялістаў, асабліва ў рэжысёраў, заўсёды быў доступ да кінастудыі. Каб яны прывыкалі і, прыйшоўшы да нас па размеркаванні, ужо адчувалі сябе як дома. 

— Над чым “Беларусьфільм” працуе цяпер? 

— Мы рыхтуем да запуску некалькі праектаў, якія дазволяць нам нагадаць пра сябе, асабліва напярэдадні 100-годдзя айчыннага кіно. Напрыклад, зараз нашы сілы накіраваны на алічбоўцу ўсёй фільматэкі кінастудыі. Дзякуючы Міністэрству культуры ў нас ёсць спецыяльнае абсталяванне, якое дапамагае якасна алічбоўваць плёнку. Плануем закупіць яшчэ адну машыну, каб павялічыць аб’ём вытворчасці. Таксама вывучаем магчымасць дубляжу на беларускую мову культавых стужак “Беларусьфільма” для дэманстрацыі ў кінатэатрах. Такія своеасаблівыя дні беларускага кіно мяркуем зрабіць сваёй фішкай і праводзіць іх кожную суботу па ўсёй краіне. 

— Як будуць прасоўвацца айчынныя карціны? 

— Мы працягваем працу з платформай YouTube. На ёй можна паглядзець многія фільмы студыі. Але, вядома, гэтым не абмяжоўваемся, а вывучаем інтэрнэт-пляцоўкі, каб нашы стужкі былі максімальна прадстаўлены на стрымінгавых сэрвісах і ўсе ахвотныя ў любой краіне маглі пазнаёміцца з беларускімі фільмамі: як з класікай, так і з навінкамі. 

— А што рабіць са стэрэатыпам, быццам беларускага кіно няма? 

— Не зацыклівацца на дрэнным. Сапраўды, у гісторыі айчыннага кіно былі перыяды, калі не ўсё атрымлівалася, але на фоне стагадовага існавання студыі такія моманты — толькі імгненне. Галоўнае — цяпер мы ведаем, куды рухацца. Ёсць база, каманда і, што самае важнае, моладзь, зацікаўленая ў працы на “Беларусьфільме”. Патрыётаў дастаткова, проста трэба сістэматызаваць работу — праводзіць больш конкурсаў сцэнарыяў, даваць магчымасці аўтарам заяўляць пра сябе, прасоўваць ідэі. Асноўная задача — стварыць сваю каманду. Калі нам удасца выгадаваць уласных спецыялістаў, гэта будзе вялікі поспех. 

— Якая карціна “Беларусьфільма” вам падабаецца больш за ўсё? 

— “У жніўні 44-га” Міхаіла Пташука. Для мяне гэта шэдэўр, вяршыня таго, што зроблена на студыі. Часта гляджу гэтую стужку і ганаруся, што яе стварыў наш рэжысёр. 

— А які фільм хацелі б зняць? 

— Мастацкі — пра станаўленне Беларусі. Хацелася б паказаць маладому пакаленню, як мянялася наша краіна, з чаго пачыналі і чаго дасягнулі, — каб яно праніклася нашай гісторыяй, якую трэба памятаць і шанаваць. 

— Набліжаецца 100-годдзе беларускага кіно. Якія сюрпрызы кінастудыя рыхтуе да знамянальнай даты? 

— Мы працуем над дакументальнымі фільмамі пра тых людзей, хто ствараў “Беларусьфільм” і ўкладаў у працу душу. Што яшчэ плануецца — пакуль сакрэт. Але абяцаю: мы абавязкова пакажам нашым суайчыннікам, чаго дасягнула студыя за стагоддзе, каб кожны мог ганарыцца беларускім кіно. 

Яўгенія ГАБЕЦ 

Фота прадастаўлена героем рубрыкі