Навучыцца любіць сваё

Апублiкавана: 25 верасня 2023 Кiно Кіно Мінск Інтэрв'ю з нагоды

Аўтар: ГАБЕЦ Яўгенія

Студыі моладзевага кіно “Беларусьфільма” сёлета споўніўся год. За гэты час яна не толькі заявіла пра сябе яркімі праектамі, але і папоўніла творчы калектыў новымі імёнамі. Мы сустрэліся з мастацкім кіраўніком “Смолкі” Аленай Туравай, каб даведацца пра планы на найбліжэйшы час і пра тое, як студыя дапамагае кінематаграфістам-пачаткоўцам.

— Алена Віктараўна, якім быў для Студыі моладзевага кіно першы год? 

— Досыць плённым. Хаця мы працуем нядоўга, у нас ужо ёсць некалькі рэалізаваных праектаў. Сярод іх прамаролік для “Мінаблвідэапраката” і летапісныя матэрыялы маладых рэжысёраў, у тым ліку дакументальны фільм да 60-годдзя Беларускага саюза кінематаграфістаў. 

— Якія планы на новы сезон? 

— Цяпер завяршаецца здымачны перыяд поўнаметражнай карціны Кірыла Халецкага “Кіношнікі”. Паралельна рыхтуем да запуску альманах маладых рэжысёраў “Гарадская казка”, у які ўвойдуць праекты пераможцаў леташняга пітчынгу, абвешчанага Міністэрствам культуры. Гэта будуць гісторыі ў жанры фэнтэзі, у якіх адлюстраваліся добрыя думкі аб сяброўстве, уменні любіць, увогуле аб вечных каштоўнасцях. На іх павінна выхоўвацца новае пакаленне. Але выхоўвацца не дыдактычным тонам, а праз цікавасць. Не хочацца раскрываць усе карты, але зараз працягваюцца перамовы з расійскімі кінематаграфістамі. Яны за тое, каб рэалізаваць гэты праект у калабарацыі. Калі ўсё атрымаецца, “Гарадская казка” выйдзе на экраны напярэдадні наступнага Новага года. 

— У чым перавагі гэтага альманаха? 

— Па-першае, сюжэты казачных гісторый пісалі маладыя аўтары. Падругое, над праектам будзе працаваць рэжысёр-дэбютант Дзмітрый Сарока. Па-трэцяе, альманах зойме запатрабаваную нішу кіно для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі. На вялікі жаль, цяпер “Беларусьфільм” не рыхтуе такіх праектаў. А як жа выхоўваць нашых дзяцей без айчынных стужак, якія маглі б зацікавіць юнага гледача? Каб ён цягнуўся не толькі да замежных “Хронік Нарніі” ды “Гары Потэра”, але і да свайго. Я лічу, вельмі важна адрадзіць брэнд “Беларусьфільма” — дзіцячае кіно, на якім вырасла не адно пакаленне. “Гарадская казка” можа дапамагчы. 

— Якія яшчэ задумы мусяць быць рэалізаваны? 

— На сёння ў стадыі чакання яшчэ адзін альманах з трох сюжэтаў — пераможцаў леташняга пітчынгу. Гэтыя невялікія гісторыі мы злучылі пад папярэдняй назвай “Старонкі з агульнага сшытка”. Над праектам будуць працаваць тры рэжысёры: Кірыл Халецкі, Вераніка Чарнаштан і Дзяніс Аўхаранка. Набліжаецца 100-годдзе беларускага кіно — рыхтуем заяўку на стварэнне некалькіх летапісных сюжэтаў, прысвечаных дзеячам кіно, якія застаюцца па-за кадрам, але без якіх не абыходзіцца вытворчасць фільмаў. Мы хочам зняць гэтыя гісторыі, каб захаваць каштоўныя ўспаміны па-сапраўднаму цікавых асоб. 

Ёсць напрацоўкі і іншага плана. Цяпер абмяркоўваецца магчымасць рэалізаваць праект рэжысёра-дэбютанта з Беларусі. Гэтая дзяўчына завяршае навучанне ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі на курсе Мікалая Бурляева. Паколькі яна праходзіць падрыхтоўку на эксклюзіўным факультэце рэжысуры аўтарскага кіно, то і жанр даволі нетыповы для нашай студыі. Я б назвала гэта фільмам-эксперыментам. Але галоўнае ў праекце іншае: ён прысвечаны Беларусі, нашым этнічным, культурным караням. Гісторыя пачынаецца з моманту, калі група сучасных кінематаграфістаў трапляе ў Нясвіжскі замак і правальваецца ў ХV стагоддзе, у якім адбываецца дзеянне п’есы першай беларускай жанчыны-драматурга Уршулі Радзівіл “Золата ў агні”. Пабудова сюжэта, я б сказала, джазавая: з аднаго боку, заўважнае рэха сённяшніх падзей, з другога — адлюстроўваецца наша гісторыя, культурная спадчына. Спадзяёмся, што гэты праект будзе рэалізаваны на “Беларусьфільме”, бо здаецца вельмі цікавым. 

— Якіх прынцыпаў у працы з маладымі аўтарамі прытрымліваецца “Смолка”? 

— Студыя моладзевага кіно стваралася для пачаткоўцаў кінематаграфістаў, якія прыходзяць з прафесійнымі ведамі, але з недастатковым аб’ёмам практыкі. Гэтую практыку, магчымасць умацаваць тэорыю мы і забяспечваем. Дэбютантам дапамагаюць вопытныя майстры, якія працуюць на кінастудыі і заўсёды могуць падказаць, як не набіць некаторую колькасць гузоў і не наступіць на старыя граблі. Мы заўсёды ў дыялогу з маладымі, бо для нас вельмі важна даць ім адчуць, што яны вартыя звацца аўтарамі. Належыць беражліва працаваць з матэрыялам, разам шукаць выйсці з сітуацый і знаходзіць баланс, які спрыяў бы добрым зменам. 

— Пра што павінны памятаць тыя, хто жадае патрапіць на кінастудыю ў якасці рэжысёра? 

— Трэба разумець каштоўнасць вашай гісторыі для гледача і, што важна, для вытворчасці, бо кіно — гэта дарагое задавальненне. Рыхтуючы праект, вы мусіце ведаць, якая ваша аўдыторыя, і быць гатовым да працы над матэрыялам, каб давесці яго да ідэалу. Ну і, вядома, варта разумець, што кіно перш за ўсё павінна будзіць пачуцці. Калі ваш сцэнарый уяўляе сабой чыста лагічную канструкцыю — гэта не мастацтва. Ствараючы праект, памятайце пра законы драматургіі і пра тры галоўныя эмоцыі: смех, страх і слёзы. Якія б добрыя падтэксты вы ні закладвалі, калі ваш фільм не дастукаецца да пачуццяў, глядач пакіне залу. І ўсё, што вы хацелі яму расказаць, завісне ў паветры. 

— Як у такім выпадку распавесці гісторыю, каб зачапіць публіку? 

— А вось гэта — таямніца творчасці. Не прыдумалі яшчэ аднаго ўніверсальнага рэцэпта, як тое зрабіць. Вядома, існуе вялікая колькасць падручнікаў па напісанні сцэнарыяў, але калі б усё было так проста, то ствараўся б выключна годны прадукт. Акрамя тэорыі, ёсць “пяты элемент”, якому навучыць нельга. Яго можна толькі адчуваць. 

— Ці разумеюць гэта маладыя аўтары? 

— Мы імкнёмся растлумачыць, але не кожны ўспрымае такія моманты. На жаль, некаторыя працуюць з пункту гледжання “не вучыце мяне, у мяне дыплом”. Але няма такога дыплома, які закрыў бы ўсе нішы і зрабіў бы вас прафесіяналам. Толькі вопыт дапаможа зняць моцны фільм. Аднак і тут няма гарантыі, што карціна будзе дыхаць. Сапраўды ўнікальныя рэчы ствараюцца па натхненні, інтуітыўна. 

— Якія спецыялісты патрэбныя Студыі моладзевага кіно сёння? 

— Нам вельмі не хапае рэдактараў. Многія праекты, якія да нас паступаюць, “дацягваем” у мастацкім сэнсе: вычытваем, дапрацоўваем. Праблема і са сцэнарыстамі: іх проста няма, іх у нашых ВНУ вельмі рэдка рыхтуюць. Атрымліваецца, што даводзіцца самім выхоўваць таленавітых аўтараў. Вельмі неабходныя і прадзюсары, таму што нашу прадукцыю варта прэзентаваць шырокаму колу гледачоў, каб пра нас ведалі, каб нашы фільмы куплялі і з нецярпеннем чакалі новых. Сваё кіно трэба любіць і паважаць, і дамагчыся гэтага — задача не з лёгкіх. Таму вялікая падзяка журналістам, якія зараз дапамагаюць у прасоўванні нашага кінематографа. 

Яўгенія ГАБЕЦ