У нашым паўсядзённым жыцці ёсць людзі, якія займаюцца чарадзействам… Да прыкладу, Андрэй Рэцікаў — не толькі кіраўнік народнага тэатра лялек “Капялюш”, які працуе ў цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры Наваполацка. Ён рэжысёр, акцёр, мастак-афарміцель, удзельнік самых розных тэатральных фестываляў і выстаў. А яшчэ Андрэй Міхайлавіч узнавіў старажытны від батлейкі “Віцебскі Жлоб”, уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Творчасць Андрэя Рэцікава заслужыла высокую ацэнку на розных фестывалях. Напрыклад, у 2016-м “Капялюш” стаў пераможцам ІІ Адкрытага рэгіянальнага фестывалю “Чароўны свет Батлейкі”. У тым жа годзе атрымаў і дыплом пераможцы на Міжнародным калядным фэсце батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”. Таксама заваяваў першае месца на абласным конкурсе “Лялечны свет”.
— Андрэй Міхайлавіч, з чаго ўсё пачалося ?
— Я з маленства любіў ляпіць розныя фігуркі, батальныя сцэны. Уся кватэра была заваленая вырабамі з пластыліну. Маці пастаянна прымушала наводзіць парадак. Але гэта не замінала мне быць рэжысёрам самых розных сюжэтаў. Па адукацыі я філолаг. У студэнцкія гады вельмі любіў выступаць у тэатры. Наогул сярод маіх родзічаў многа творчых і цікавых людзей: рэзчыкі па дрэве, дэкаратары, мастакі. Мой дзядуля Вікенцій — удзельнік Першай сусветнай вайны, чырванадрэўшчык — рабіў мэблю, лодкі з дрэва, хоць сам быў без ног. Напэўна, дар працы з дрэвам у мяне ад дзядулі. А яшчэ ён быў знаёмы з Язэпам Драздовічам… А вось у майго таты сястра спявала ў самадзейным ансамблі. Адсюль — цяга да песні.
— Чым прывабіла батлейка?
— Гэта адна з форм лялечнага тэатра, яна з'явілася ў Беларусі ў ХVI—ХVII стагоддзях і была звязаная з рэлігійным святам нараджэння Хрыста. Аб гэтым сведчыць сама назва тэатра — батлейка (ад назвы мястэчка Віфлеем, ці Бэтлеем, дзе, паводле біблейскай легенды, нарадзіўся Хрыстос). Традыцыя інсцэніраваць біблейскія сюжэты з дапамогай лялек зарадзілася ў Італіі, потым распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і ўвабрала ў сябе нацыянальныя асаблівасці кожнага народа. На Полаччыне яна была вельмі распаўсюджаная, тэатр лялек існаваў нават пры езуіцкім калегіуме. Я збіраю матэрыялы пра батлейку, захапляюся ёй, удзельнічаю ў семінарах.
— Як вырашылі лялечнікам стаць ?
— Аднойчы ў свайго сябра дызайнера ўбачыў на рабочым стале пашытую на руку ляльку. Узяў яе і міжвольна пачаў агучваць. Сябра заўважыў гэта і сказаў: “Калі пасля гэта ты не паставіш лялечны спектакль і не пакажаш яго дзецям, не будзеш мець рацыі”. Свой першы спектакль я паставіў у 1996 годзе на плошчы Наваполацка з нагоды святкавання дня горада.
— А калі з’явіўся “Капялюш”?
— У 2003 годзе. Тады я і зрабіў пастаноўку “Авантуры паноў Кубліцкага і Заблоцкага” паводле камедыі Пятра Васючэнкі. Усё атрымалася. Можна сказаць, справа ў капелюшы была.
— Што патрэбна, каб стаць сапраўдным лялечнікам?
— Лялькі трэба любіць, укладаць у іх душу, “ажыўляць” іх, адухаўляць. Гэта вельмі важны момант: не проста ўзяць ляльку і сказаць некалькі слоў, а здолець перадаць яе пачуцці, палкую душу.
— Чаму вучаць вашы лялькі?
— Дабрыні, сумленнасці, сяброўству. Калі я бачу захапленне ў вочках маленькіх гледачоў, якія радасна пляскаюць у ладкі і смяюцца, гэта найвялікшая ўзнагарода для мяне. Пасля кожнага прадстаўлення дазваляю дзецям дакрануцца да лялек, раз глядзець дэкарацыі бліжэй і нават пагуляць з імі.
— Якія асаблівасці мае “Капялюш”?
— Заўсёды дасканала рыхтуем тэкст будучай пастаноўкі, каб сучаснаму гледачу было цікава. Дадаём жарты, дзе гэта патрэбна. А вось сюжэт, музычныя тэмы застаюцца такімі ж, як і ў арыгінале. На кожным спектаклі задзейнічана ад 10 да 20 герояў. Асаблівасцю тэатра “Капялюш” з’яўляецца тое, што ў бы тавых сцэнах удзельнічаюць шпеневыя марыянеткі. Я сам вырабляю неабходныя дэталі для прадстаўлення і агучваю марыянетак, бывае, адзін. Аднойчы агучваў адразу 22 персанажы, выходжу на паклон, а гледачы са здзіўленнем пытаюцца: “А астатнія дзе?”
— Ці шмат вандруе “Капялюш”?
— Мы з маёй камандай адыгралі сотні лялечных спектакляў у розных кутках краіны. Адным з самых папулярных праектаў быў мабільны тэатр лялек “Жан і П’ер”. Сцэнарый да яго паводле французскіх казак я напісаў за ноч. А потым два гады з камандай ездзіў з вялікімі роставымі лялькамі па гарадах і вёсках.
— Сцэнарыі для спектакляў пішаце сам?
— У нашых руках літаратура, кнігі беларускіх і рускіх аўтараў, народныя казкі, перыядычныя выданні. Штосьці я пішу сам, штосьці бяру гатовае. Пастаноўкі разлічаны як на юнага, так і на дарослага гледача. Ёсць сцэнкі, якія я сам напісаў і ўвёў у батлейку. І персанажы прыдумаў для гэтых сцэнак.
— Вашым голасам размаўляюць паны ў прыгожым адзенні, цыганка, якая абяцае прадказаць лёс, мітуслівая дама — на ведвальніца салонаў прыгажосці… Хто ж яны — героі з чароўнага доміка, што ажываюць у вашых руках?
— Раскажу на прыкладзе герояў спектакля “Свет у базарны дзень”: цыган з цыганкай, станоўчы паліцэйскі, селянін Яська, гараджане, Бэрка, Сара і іншыя. Гісторыя, у якой задзейнічаны гэтыя героі, здарылася ў пачатку ХХ стагоддзя на Полацкім базары. Многіх герояў прыдумваю сам. Вось, напрыклад, аднойчы на працу да нас завіталі так званыя карабейнікі, прадаўцы чаю, шакаладу, пячэння. І нарадзіўся ў мяне тады вобраз “таргаша”— жанчына ў прыгожым сарафане, з бублікамі. “Пранік тульскі, кансервы архангельскія, ёсць печань траскі. Купляй! Налятай!”
— На вашы пастаноўкі прыходзяць толькі дзеці або ёсць і дарослыя. Як зрабіць пазітыўны настрой для ўсіх?
— Збіраюцца гледачы ўсіх пакаленняў (усміхаецца). Наогул сумесны прагляд спектакля дзяцей з бацькамі — добры сродак правесці час з сям’ёй. Тэатр лялек сам па сабе — магія. Бывае, на прадстаўленні выцягнеш якога-небудзь героя з чамадана — і нават самы сур’ёзны глядач пачынае ўсміхацца. Таму батлейка і будзе жыць стагоддзямі.
— Ёсць дзеці, якія просяць навучыць іх кіраваць лялькамі?
— На жаль, цяпер няма. Мабыць, бацькі адпраўляюць іх на розныя спартыўныя, танцавальныя секцыі. А не гуляць у лялькі. Але ж мноства людзей выступалі ў нашым тэатры. Дарэчы, у першы набор акцёраў уваходзілі студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
— Распавядзіце, калі ласка, пра ваш батлеечны гурток.
— На базе цэнтра дзейнічае мой гурток “Знаёмства з Батлейкай”. Якраз на летніх канікулах запрашалі дзетак на майстар-клас “Шпеневая лялька”. Спачатку я расказваў пра гісторыю лялькі, затым па падрыхтаваных загатоўках мы прыдумвалі персанажа, размалёўвалі твар, апраналі. Я падказваў, якая тканіна лепш падыдзе для пэўнага касцюма. Кожны ўдзельнік зрабіў сваю, непаўторную ляльку. Мы з навучэнцамі заўсёды звяртаем увагу на моду пэўнага гістарычнага перыяду, аналізуем фатаграфіі, падрабязна разглядваем дэталі касцюма: галаўныя ўборы, кашулі, абутак.
— Ці задумваліся калі-небудзь пра вядзенне анлайн-трансляцый вашых спектакляў?
— Ведаеце, адна мая знаёмая пастаянна мне раіць весці такі канал. Але ж пакуль не вяду. На выкладанне новых відэа не хапае часу.
— Ці ёсць у рэпертуары спектаклі на дабрачыннай аснове?
— Ёсць. Заўсёды хвалююся перад такімі выступленнямі. З апошніх паездак быў у псіханеўралагічным дыспансеры ў Навінках. Там многа ляжачых дзетак, многа з суправаджэннем дарослых. Таксама паказваў спектакль у Цэнтры карэкцыі. Трэба было прыдумаць асаблівую пастаноўку спектакля — без гучнай музыкі, рэзкіх рухаў. У выніку ўсё прайшло добра.
— Традыцыйнае пытанне пра перспектывы.
— Рыхтуюцца два новыя спектаклі ў новым фармаце. Гэта ўжо будзе не батлейка, а тэатр лялек з новымі персанажамі і дэкарацыямі. Дарэчы, гэта сумесная праца. Перамены чакаюць і батлейку. Таксама ёсць жаданне зрабіць залу славы “Капелюша”, лялькі якога дораць сапраўдную радасць.
Марына НЕМІРОВІЧ,
бібліятэкар Наваполацкай
гарадской дзіцячай бібліятэкі