Чавускі раён: свята мае быць міжнародным

Калега смяецца: “Вось ты па клубах ды бібліятэках шукаеш цікавае. А яно ж хутка скончыцца”. Я ў адказ: “Ніколі!” У любові не бывае канца. А любоў гэтая — да родных людзей і краю. На такой урадлівай глебе і буяе наша нацыянальная культура…

У Чавускі раён пастаянна ездзіў, каб сустрэцца з “Незабудкамі”. Быў такі аўтэнтычны вакальны гурт, у якім спявала і Людміла Мацюліна — маці тагачаснага старшыні райвыканкама Анатоля Мацюліна — чалавека, неабыякавага да народнага мастацтва. Першай, непаўторнай пявунні, ужо няма з намі. Другі стаў старшынёй Чавускага райсавета дэпутатаў. І па-ранейшаму падтрымлівае мясцовую культуру. А замест “Незабудак” у краі з’явіўся новы брэнд. Пра яго — і гаворка. 

РАСКОПКІ РАСПАВЯЛІ 

Кажуць, былі гэтыя людзі мужнымі ды кемлівымі. Чужога не чапалі, а сваё заўжды адстойвалі. І ў іх назве крылася слова “Радзіма”… Прыезджыя знаныя навукоўцы, што вялі пад Радамляй археалагічныя раскопкі, як і мясцовы настаўнік, гісторык і географ Мікалай Шамро, прыйшлі да высновы: жыццё ля гэтай вёскі забурліла аж у ІІ стагоддзі і было тут ці не асноўнае паселішча радзімічаў. Гіпотэза стала своеасаблівым каталізатарам для актывізацыі творчага жыцця ў краі… 

Мне жвавыя ды нястомныя работнікі культуры падабаюцца яшчэ і тым, што імгненна рэагуюць на любыя змены ў часе і прасторы. У дадзеным выпадку метадыст раённай клубнай сістэмы Алеся Далецкая адразу выступіла з ідэяй — зрабіць новае абрадавае свята “У госці да радзімічаў”. 

АД ЗАДУМЫ ДА СПРАВЫ 

Загадчык сельскага клуба ў Радамлі Любоў Бялькевіч падхапіла ідэю, што ператварылася ў праект наступным чынам. Да месца тут дадаць словы Анатоля Мацюліна, якога я згадаў на пачатку артыкула. 

— Няхай работнікі культуры, — даводзіў ён калісьці, — прыйдуць да мяне не проста з цікавай задумай. Для прыняцця канкрэтнага рашэння патрэбны карпатліва пралічаны і цікавы бізнесплан. Такі праект грэх не падтрымаць… 

Скажу ад сябе. Прадуманы бізнес-план у сённяшніх умовах толькі тады мае права на жыццё, калі прымяняюцца ўсе магчымыя рэзервы — матэрыяльныя і маральныя. Пад рэзервамі матэрыяльнымі разумеюцца і грошы, і наш гістарычны, калі так можна сцвярджаць, антураж. Хіба ж сакрэт, што мы рэдка выкарыстоўваем для тэатралізацый і рэканструкцый рэшткі нашых маёнткаў і сядзіб? А ёсць яшчэ помнікі прыроды і сакральныя мясціны кшталту прошчаў ды капішчаў… Я цікавіўся: наша моладзь нават не ўяўляе, што існуюць такія аб’екты. Недаравальна! 

Ці яшчэ мая маці лячылася не толькі таблеткамі, але і дрэвамі. Прыхілялася да ствалоў, сама слухала ці штосьці распавядала. У Рагачоўскім раёне, бачыў, падчас аднаўлення аднаго са старасвецкіх паркаў рэканструявалі лужок, аколены пэўнымі пародамі дрэў. Калісьці ў цэнтры той пляцоўкі ахвотныя зараджаліся гаючай энергіяй прыроды. Як сёння нам гэтага не стае!.. Я, даруйце, трошкі адхіліўся ад тэмы. Працягнем. У Чавускім раёне ўсё атрымалася— так, як і казаў Анатоль Мацюлін. 

ВЕЛЕС, СВАРОГ І ІНШЫЯ 

У Радамлі захавалася Замкавая гара часін ранняга Сярэднявечча. Вырашылі новае штогадовае свята ладзіць менавіта тут, на пляцоўцы пад назвай “пасад”. Падрыхтоўчыя завіханні распачаліся ў 2014 годзе. На пасадзе стварылі музей пад адкрытым небам. Неўзабаве ўзнікла паўземляное жыллё радзімічаў. 

Потым зрабілі печку. Рэканструявалі і прыстасаванне для распальвання вогнішча. З’явілася капішча. Дапамог абласны конкурс рэзчыкаў па дрэве. У выніку на Замкавай гары паўсталі велічныя выявы Перуна, Сварога, Дажбога і Велеса. Славянскія багі ўзялі ў кальцо жаданне мясцовых работнікаў культуры стварыць чарговы брэнд і ў разы тое жаданне ўзмацнілі. Я асабіста свята веру ў папараць-кветку, у моц язычніцкіх багоў і ў мудрую разнастайнасць Прыроды. Урэшце, я таксама нарадзіўся ля Сожа, як і радзімічы. Словам, усё ў нас атрымалася! 

“ЗЕМЛЯКІ” — ДА ЗЕМЛЯКОЎ 

Радзімічы — славянскае, прысожскае племя. Вяцічы, мяркуючы па “Аповесці мінулых часоў”, пайшлі далей, да Акі. Яны (дакладней, іх нашчадкі) таксама павінны стаць гасцямі радзімічаў у Радамлі… 

Свята на Замкавай гары развівалася паступова. Спачатку да капішча сцягваліся госці з Чавускага раёна. Праз час, калі чуткі пра сярэднявечную абрадавасць Радамлі сталі распаўсюджвацца з хуткасцю лёгкага на пад’ём вандроўніка, прыехалі рэканструктары з Жодзіна. Такім чынам радзімічы спаткаліся з вікінгамі. 

Я падазраю, што канец лета вельмі хутка многія аматары турызму будуць сустракаць менавіта ў Радамлі. Свята “У госці да радзімічаў” становіцца знакавым не толькі для Магілёўшчыны. Тэатралізацыі і рэканструкцыі паглыбляюцца і пашыраюцца. У акцыі задзейнічаны найлепшыя творчыя сілы. І штогод у гэтым пераконваешся ўсё больш… 

Майстар-клас даюць ганчары

Майстар-клас даюць ганчары

У 2019-м метадыст і куратар праекта “У госці да радзімічаў” Алеся Далецкая атрымала прэзідэнцкі грант. Алеся — яшчэ і салістка народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Землякі”. Дык вось, калектыў гэты ездзіў на Смаленшчыну. Радзімічы, можна сказаць, наведалі вяцічаў і запрасілі іх, натуральна, на свята. Яно, такім чынам, становіцца міжнародным. 

І ТКАЧЫ, І ГАНЧАРЫ 

Удасканальваецца фэст — больш накіраванай становіцца дзейнасць вясковых работнікаў культуры. Маю на ўвазе сельскі клуб у Радамлі, якім кіруе Любоў Бялькевіч. Неаспрэчна, раённаму брэнду неабходна адпавядаць. Якім чынам? У Радамлі вырашылі ўзмацніць рамёствы. На адно са свят на Замкавай гары завітаў кераміст Дзмітрый Каптур з вёскі Глуша Глускага раёна. Думаю, майстар паспрыяў падвоенай актыўнасці мясцовых носьбітаў традыцыйнага народнага мастацтва. Вельмі ярка працуе ганчар з Радамлі Анатоль Якубенка. Тое ж можна сцвярджаць і пра ткацтва ў Радамлі. Завадатарам на гэтай ніве стала ўсё тая ж Любоў Бялькевіч, з-пад рук якой выходзяць такія паясы, што немагчыма вачэй адвесці… 

Цікава, якім будзе свята праз гады? Алеся Далецкая ўсіх сакрэтаў не выдае, але зразумела, што ідэй назапашана шмат. За зіму ўсе трэба раскласці па паліцах і як след прыпусціць. 

Я ж думаю цяпер пра іншае. Лецішча ў майго даўняга мінскага сябра знаходзіцца ў вёсцы Радуша, што на Жлобіншчыне. Радаўля, Радуша… Трэба прыгледзецца больш пільна, мо і пад Жлобінам адшукаюцца мясціны са слядамі жыцця радзімічаў. У любым выпадку тамтэйшым работнікам культуры ёсць над чым паразважаць. 

Яўген РАГІН 

Фота з архіва Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Чавускага раёна