Воранаўшчына: як клуб стаў культурна-турыстычным цэнтрам

Культура і турызм, па маім перакананні, паняцці ўзаемазвязаныя. Мы збіраем пляцак, каб пабачыць не толькі выток Нёмана, але і, скажам, маляванкі Драздовіча; штораз удасканальваем лагістыку вандровак, каб сябры пазнаёміліся не толькі з драўляным дойлідствам, але і з аўтэнтычнымі бабульчынымі спевамі. 

Так, іншым разам прыдарожная інфраструктура не спрыяе ўдумлівым вандроўкам, а недахоп шчодрых кавярняў кампенсуецца шчодрай “ссабойкай”. Але мы для таго і існуем, каб рухаць свет наперад. 

Культурна-турыстычны цэнтр у Больцініках

Культурна-турыстычны цэнтр у Больцініках

Давайце сёння выправімся ў Воранаўскі раён. Асабіста я тут даўно не быў. Добра памятаю, што ці не ў кожным паселішчы адчуваў радасць нечаканых журналісцкіх адкрыццяў, выкліканую багаццем прыроды, гісторыі ды культуры. 

ЧАС ЗБІРАЦЬ КАМЯНІ 

А вось музея ледавіковых валуноў у Радуні тады яшчэ не існавала. Загадчык сектара культуры Воранаўскага райвыканкама Георгій Гагарын распавядае, што незвычайная ўстанова пад адкрытым небам створана ў 2014 годзе па ініцыятыве школьнікаў і настаўнікаў. 

На гектары музейнага ландшафту сабраны дзясяткі камянёў з усяго раёна. Яны ўвасабляюць карту краю, распавядаюць пра свае склад і форму, раскрываюць таямніцы сакральнага зместу. 

Відавочна, мясціна карыстаецца ў падарожнікаў павышаным попытам. Аднак, паўтаруся, многія вёскі раёна па цікаўнасці турыстаў нагадваюць музейныя экспазіцыі. 

БАЙКЕРСКАЕ ШЧАСЦЕ 

Гаворка пра радунскі музей — толькі прэамбула да расповеду пра ландшафтную культуру краю. Тэму працягвае аграгарадок Пагародна. Сядзібны дом, што перадаваўся ад гаспадара гаспадару, не ацалеў. А вось старасвецкі парк, спраектаваны знакамітым архітэктарам Марцінам Кнакфусам, вабіць і натхняе. 

Гаёк Марылі Верашчакі

Гаёк Марылі Верашчакі

Захаваліся таксама маляўнічыя сажалка і алея, якія сталі культурным цэнтрам мястэчка. Работнікі клуба і бібліятэкі ладзяць тут фэсты, тэатралізацыі, канцэрты. Летам, да прыкладу, у аграгарадку прайшло свята байкераў… Словам, старасвецкі парк XVIII стагоддзя дыхае па-новаму і далей старэць не вельмі хоча. 

МОЙ ДОМ — МАЯ КРЭПАСЦЬ 

Цуды Воранаўшчыны працягваюцца. Едзем у Гайцюнішкі, у век сямнаццаты. На тэрыторыі рэспубліканскай бальніцы размешчаны дом- крэпасць, узведзены па праекце Пятра Нонхарта, былога ўладальніка тутэйшых земляў. Ён быў інжынерам, Гайцюнішкі атрымаў за сумленную службу. Такое збудаванне на Беларусі — адзінае. Таўшчыня сцен у вежах — 1,5 метра. Падчас Паўночнай вайны дом-крэпасць перажыў шведскую асаду. 

І ЗНОЎ ПРА КАХАННЕ 

У Больцінікі можна прыехаць на дзень і ўсёй сям’ёй. Баюся, каб апісаць колішняе каханне двух маладых людзей, што мела працяг у гэтых маляўнічых мясцінах, у мяне не хопіць дакладных слоў. Як увогуле можна апісаць казку, ды яшчэ звязаную ўшчыльную з неверагодным па сіле пачуццём? Але паспрабую... 

Жыў-быў Адам Міцкевіч, які тады яшчэ не ведаў, што стане вялікім паэтам. І жыла-была летуценная Марыля Верашчака, якая тады яшчэ не ведала, што стане музай генія. І так наканавана было Богам: сустрэліся маладыя людзі ў 1818 годзе ў Туганавічах. І закахаліся адзін у аднаго. Хтосьці называе гэтае пачуццё няўдалым, бо дзяўчына была заручана з графам Ваўжынцам Путкамерам. Не бяруся ацэньваць катэгарычна. Падазраю, што каханне не бывае доўгім ці кароткім. Яно альбо ёсць, альбо яго няма. Не здарылася б яго — Міцкевіч, мабыць, і не стаў бы сусветна вядомым. Словам, каханне — гэта крылы. 

Музейны пакой Адама Міцкевіча

Музейны пакой Адама Міцкевіча

Міцкевіч сябраваў з Путкамерам і аднойчы, у 1822-м, завітаў у Больцінікі, убачыў графіню. Яны сустракаліся ў найбліжэйшым ляску, які цяпер называюць гаёк Марылі. Калі развітваліся, пакінулі на камені выяву крыжыка. 

ЭКСКУРСІЯ? КАЛІ ЛАСКА! 

Пра ўсё гэта мне распавяла Яніна Сцефановіч, загадчык тутэйшага культурна-турыстычнага цэнтра. Менавіта так тры апошнія гады называецца клуб. Да слова, разам з бібліятэкай установа месціцца ў былой графскай сядзібе. Натуральна, новая спецыялізацыя Дома культуры невыпадковая. Прыгажосць парку, шыкоўнае ўбранне будынка вабяць турыстаў. І тут важна адпавядаць. Работнікі культуры стараюцца. 

Аформлены музейны пакой, дзе гасцяваў у свой час Адам Міцкевіч. Распрацаваны і дзейнічае маршрут “Сцежкамі кахання паэта”. Экскурсію можа правесці любы работнік культуры Больцінікаў. Школы раёна, напрыклад, пабывалі тут па два-тры разы. А ў парку ладзіцца фэст “На перакрыжаванні мастацтва і кахання”. Ён становіцца для краю брэндавым. 

І КОЖНЫ КУТ ПАМЯТАЕ 

Асобная гаворка — пра графіню. Адна з экскурсій так і называецца — “Кожны кут тут памятае Марылю”. У гайку праходзяць літаратурныя замалёўкі-імправізацыі. Маршрут заканчваецца ў Беняконях. Там ля касцёла Святога Яна Хрысціцеля пахавана Марыля Верашчака, якая праславілася дабрачыннасцю. 

Мы заехалі ў гаёк. Паглядзелі на валун з выдзертым крыжыкам. Эмоцыям не было мяжы. Гэта нібыта пад гаючым сонейкам пабываць. Хто не завітваў сюды, сардэчна запрашаю! 

Яўген РАГІН 

Фота аўтара