Новы выставачны сезон у сталічным Палацы мастацтва пачала экспазіцыя да 95-годдзя Гаўрылы Вашчанкі. І гэта не звычайная “дацкая” рэтраспектыва — знаходкі зробяць нават абазнаныя ў творчасці мэтра.
Цэлы паверх галерэі адведзены пад знакавыя творы ад сярэдзіны мінулага стагоддзя да канца 2000-х з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і з сямейнай калекцыі. Сустракае гледачоў бронзавы партрэт Гаўрылы Вашчанкі — прысвячэнне класіку ад скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. Традыцыйнае рашэнне для падобных экспазіцый. Аднак рызыкну зрабіць здагадку, што герой пачаў бы з прысвячэння зямлі і людзям, бо яго праграма заключаная ў лаканічнай фразе: “Кожны сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму”.
Менавіта карцінамі на тэму роднага Палесся майстар знаёмы шырокай публіцы. Аднак ён, непарыўна знітаваны з гэтай зямлёй, не стаў закладнікам настальгіі ды пазбег этнаграфізму — і падняўся значна вышэй за прыступку лакальнага песняра. Жывапісец разважаў пра пытанні ўсёабдымныя, прапаноўваў чалавецтву ўласную канцэпцыю існавання прыроды і грамадства. А яна, у сваю чаргу, вынікае з традыцыйнай карціны свету беларусаў. Увогуле творчасць Гаўрылы Вашчанкі варта назваць візуальнай энцыклапедыяй нашай народнай філасофіі, дзе зямля ўспрымаецца асновай жыцця, адзінства чалавека з навакольным светам — залогам гармоніі, а шанаванне дзядоў— гарантыяй шчаслівай будучыні.
Што ёсць лад, мастак паказаў на палатне “Радасць быцця”: рэдкая спакойная хвіліна ў напоўненым клопатамі жыцці, калі можна прысесці на беразе ракі і сачыць, як цячэ вада ды гуляецца сонца ў ёй, як рухаюцца аблокі. Нейкая дзіўная асалода разлітая ў прыродзе. У карціне “Ліпеньскі мёд” заключаная радасць плёну ад сумленнай працы — не проста вымушанай справы, але і ганаровага занятку, што паходзіць ад Бога. Селянін збірае плады работы ў адзінстве з прыродай (не забывайма і пра сакральны статус пчалы), ізноў наваколле поўніцца прыўзнятым настроем.
Ангеліна Вашчанка
Акрамя таго што ў палітры класіка сабраныя колеры Беларусі— збажына, балотная руда, хваёвая кара, бохан хлебу і сама зямля, ягоныя вобразы нібы пазычаныя з міфапаэтычнай творчасці продкаў. Улюбёныя буслы, верагодна, не проста сімвал роднай краіны. Птушкі ў традыцыйнай культуры ўспрымаліся як пасярэднікі між светамі, душы памерлых продкаў. На палотнах пераў- васобленыя дзяды застаюцца побач з жывымі — ахоўваюць іх (“Матчыны крылы”, “Маё Палессе”, “Ave Айчыны”) і непакояцца разам з імі ў цяжкія хвіліны (“Спалох. Палеская песня”). Камяні — даўняя частка нашага ландшафту. Валуны былі цэнтрам паганскага капішча, следавікі лічыліся праявай боскай прысутнасці, у кавалак горнай пароды, паводле легенд, ператвараўся чалавек за свае правіннасці. Выкарыстоўваў гэты спрадвечны вобраз і Гаўрыла Вашчанка. У яго работах на камянях нярэдка праступаюць чалавечыя абрысы. І яшчэ адзін часты вобраз — магутныя дрэвы. Сімвалічны цэнтр, які яднае неба, зямлю і падземны свет.
Давялося прачытаць аднойчы каментарый пра нейкую “няправільную”, савецкую беларускасць Гаўрылы Вашчанкі, а разам з тым пра яго прыстасаванства. Юбілейная рэтраспектыва пераконвае ў памылковасці той думкі. У экспазіцыі ёсць палотны, прысвечаныя розным перыядам нашай мінуўшчыны (“Адраджэнне”, “Нашчадкам”). І гэта толькі дробная частка. Мастак пакінуў у спадчыну славутую энкаўстыку “Асветнікі”, партрэты Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, іншых культурных і дзяржаўных дзеячаў мінулых эпох. І ўсё ж вядомасць яму прынеслі работы пра ўбачанае самім і перанятае ад маці. Цытую навукоўца Дзмітрыя Скварчэўскага: “Сапраўдную каштоўнасць уяўляла духоўная спадчына продкаў, культура, лад і правілы, якія былі апірышчам у неспакойным, вірлівым свеце”. Гаўрыла Вашчанка зрабіў стаўку на адвечнае і выйграў. А пазбегнуць удаванага пафасу і зрабіць творы пра буйныя гістарычныя падзеі шчырымі дазволіў акцэнт на асабістым. Пра вайну і Чарнобыльскую катастрофу, пэўна, выказваўся праз уласны боль, а не таму што патрабаваў статус ці жаданне трапіць у парадак дня.
Што да прыстасаванства, зварот Гаўрылы Вашчанкі да рэлігійных матываў у постсавецкі час падаецца цалкам натуральным. Чаго не скажаш пра яго калег, якія спачатку пачкамі выпускалі партрэты Леніна, а пасля — калі дазволілі — выступалі з крытыкай камуністычнай ідэалогіі. Гаўрыла Харытонавіч размясціў “манахаў у расе”, як казала тагачаснае начальства, на сваім манументальным роспісе ў 1976 годзе.
Акрамя хрэстаматыйных твораў, у Палацы мастацтва паказалі малавядомыя работы народнага мастака з калекцыі сям’і. Гэта магчымасць даведацца, як пачуваўся заснавальнік “лірычнага манументалізму” ў іншых фарматах і тэхніках. Упершыню шырокай публіцы даступныя невялічкія накіды. Толькі аднойчы ў сталіцы дэманстраваліся пастэлі і акварэлі Гаўрылы Вашчанкі. У іх творца звяртаецца да звыклых жанраў пейзажа і партрэта. На фоне буйных жывапісных палотнаў яны вылучаюцца большай летуценнасцю і нават меланхалічнасцю. Калі карціна “Бабіна лета” хутчэй перадае надзвычайную адухоўленасць пажылой жанчыны, то пастэль “Апалае лісце” адлюстроўвае журбу чалавека, які наблізіўся да іншасвету.
Яшчэ адна разынка становіцца зразумелай ужо з назвы выставы — “Дынастыя”. У адной зале з творамі Гаўрылы Харытонавіча дэманструюцца работы яго сына Канстанціна і ўнучкі Ангеліны. На іншай мове яны працягваюць дыялог паміж мінулым і цяперашнім, распачаты старэйшынам.
Канстанцін Вашчанка
Пунктам судакранання ў творчасці бацькі і сына стала постаць усходнеславянскага першадрукара. Спадар Канстанцін, які працуе ў дызайне, станковай і кніжнай графіцы, займаўся мастацкім афармленнем шматтомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”. Тэму асветніка ён развіў і ў жывапісе — абагульнены вобраз кніжніка з’явіўся на аднайменным палатне. У якасці сімвалічнага моста паміж пакаленнямі экспазіцыянеры скарысталі стэнд, на адным баку якога размешчана бацькава карціна “Нашчадкам” з выявай перша- друкара, а на другім — сынава копія гравюры Скарыны “Бог у раі”.
Ангеліна Вашчанка толькі ў пачатку творчага шляху. Яна скончыла Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў і цяпер навучаецца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У свае 24 гады дзяўчына ўжо паўдзельнічала ў Трыенале графічнага дызайну, праекце “Графіка года”, “Арт-Мінску”, “Восеньскім салоне” ды іншых буйных выставах. Перавагу яна аддае літаграфіі і афорту. У гэтых тэхніках адлюстроўвае міфалагічныя сюжэты, разважае пра светабудову і таямніцы чалавечай сутнасці.
Галоўнае, што прывіў Гаўрыла Вашчанка сыну і ўнучцы, — гэта ўменне прыкмячаць хараство наваколля і любоў да роднага. Абое кажуць, на светапогляд паўплывалі сумесныя паездкі і прагулкі. Пасля вандровак заўсёды хочацца вярнуцца дадому. Ці не гэта галоўны плён для продка-настаўніка, які быў перакананы: мастак не можа не быць патрыётам сваёй зямлі.
Данііл ШЭЙКА
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ