Кітайскі лотас у беларускай прасторы

“Крылы цыкады”, “ліст архідэі”, “вадзяная лінія”… Усе гэтыя вытанчаныя вобразы — элементы мастацтва, якое набліжае да велічы і таямнічасці дзіўнага Кітая – жывапісу гунбі. Унікальная магчымасць напоўніцца гармоніяй Паднябеснай з’явілася ў Нацыянальнай бібліятэцы. 

Выстава кітайскага жывапісу “Поры года ў імператарскім садзе” прымеркаваная да святкавання Месяцовага Новага года. Для Нацыянальнай бібліятэкі падобныя экспазіцыі не новыя, аднак мастацтва гунбі да беларусаў патрапіла ўпершыню. Прывезла гэты стыль да нас выкладчыца Навукова-адукацыйнага цэнтра “Яоцянь” Наталля Клепікава: “Я пазнаёмілася з гунбі ў Расіі і адразу зразумела, што гэта маё. Пасля пачала наведваць майстар-класы прызнаных кітайскіх аўтараў Лі Сяаміна і Ту Чжуня, вучыцца на курсах Лі Чжэ, Гун Сюэцына”. Старанная праца дала плён: праз год карціны мастачкі дэманстраваліся на выставе ў суседняй сталіцы, а сама Натал- ля стала членам Маскоўскага клуба аматараў кітайскага жывапісу ў тэхніцы гунбі. 

ДА ВЫТОКАЎ СТЫЛЮ 

Адна з галоўных асаблівасцей гэтага напрамку — контурнасць. Малюнак ствараецца лініямі, кожная з якіх мае сваю назву і прызначэнне. Напрыклад, “ліст архідэі” выкарыстоўваюць для пялёсткаў кветак, “жалезную ніць (струну)” — для лісця, а “плешку цвіка, хвост мышы” — для пражылак. Лінія павінна быць тонкай, не дрыготкай. Каб дамагчыся візуальнай лёгкасці, трэба правільна трымаць пэндзаль — строга вертыкальна — і весці яго на выдыху, не напружваючы руку. Авалоданне такім майстэрствам патрабуе часу, аднак Наталля Клепікава параўноўвае працэс з медытацыяй: “Мы малюем лініі цярпліва і ўседліва. Мне падабаецца працаваць з тонкімі момантамі, гэта супакойвае. Нават калі ўзнікаюць праблемы ў паўсядзённым жыцці, адольваю іх, узяўшы ў руку пэндзаль”, — кажа Наталля. 

“Жывапіс — гэта паэзія, што здабыла форму”. Го Сі

Пішуць карціны на крохкай рысавай паперы “крылы цыкады” або на шоўку, на якія наносіцца ад 20 да 100 пластоў амаль празрыстай фарбы. Завяршаецца праца пячаткай: аўтарскай ці добразычлівай (“шчасце”, “гармонія”, “імкнуцца да лепшага”). Некаторыя мастакі аздабляюць свае работы каліграфіяй і вершамі. Афармляюцца малюнкі ў альбомы або ў вертыкальныя ці гарызантальныя скруткі, якія дасягаюць 12-15 метраў. Таму на выставе яны не вывешваюцца, а выкладваюцца. Цікавы факт: у старажытным Кітаі папулярным баўленнем часу для вялікіх вяльможаў было разглядванне такога палатна. Атрымлівалася своеасаблівае кіно, бо скрутак разгортвалі па фрагментах. 

100 КРОКАЎ ПА САДЗЕ

Адметнасць сёлетняй экспазіцыі ў тым, што тут няма карцін мастакоў-прафесіяналаў. Разам з выкладчыкам у “…Імператарскім садзе” выстаўляюцца вучні: Дзіяна Жолудзева, Юлія Віцень-Амас, Святлана Пятліцкая, Ала Казлова і Наталля Спаская. Аматарскі пачатак, на якім знаходзіцца беларускі кітайскі жывапіс, не адразу заўважаеш: усе работы створаны з руплівасцю і стараннасцю, а галоўнае, з добрымі намерамі, якія чытаеш праз сімвалічныя пажаданні.

З кітайскай мовы слова “гунбі” перакладаецца як “дбайны і руплівы пэндзаль. 

Ад першага экспаната ў “…Імператарскім садзе” да апошняга — 100 крокаў, што нагадвае паломніцтва ў храм, падчас якога адчуваеш унутра- ную гармонію і сувязь з духоўным. Глыбокая сімвалічнасць кітайскага жывапісу вымушае падоўгу ўчытвацца ў ідэю карціны, бо кожны элемент тут мае пэўны сэнс. Асноўныя тэмы — кветкі і птушкі, пейзаж. Адметна, што ў традыцыйным мастацтве Паднябеснай забароненыя негатыўныя сюжэты, таму ўсе работы дэманструюць суладдзе розуму і пачуццяў чалавека і прыроды, сувязь часоў і пакаленняў. Поўныя высокай адухоўленасці і бясконцай гармоніі, яны захапляюць вытанчанасцю ліній і формаў, лёгкасцю кампазіцыі, балансам колеру. Трэба адзначыць, што “дыханне” кітайскаму жывапісу надае яго асноўны прынцып — асіметрыя. Усходнеазіяцкія творцы не прызнаюць роўных прапорцый, бо, маўляў, яны штучныя. Сапраўднае мастацтва павінна адлюстроўваць прыродную натуральнасць. Таму на кожнай карціне выставы мы знаходзім дотыкі жыцця: маленькая страказа, пагрызены лісток, апалыя пялёсткі.

ПРАСТОРА ДЛЯ ВЫВУЧЭННЯ 

Кітайскае мастацтва, нягледзячы на сваю адметнасць, а мо і дзякуючы ёй, выклікае цікавасць у нашай краіне. Ахвочых дакрануцца да яго з кожным годам становіцца больш, а знаёмства з усходнеазіаяцкай культурай робіцца перспектыўным напрамкам. Ужо цяпер і наведвальнікі Нацыянальнага мастацкага музея назіраюць, як побач з айчынным мастацтвам з'явілася месца для "бясконцай гармоніі". І як у музейных інтэр'ерах беларуская валошка суседнічае з кітайскім лотасам. 

Яўгенія ГАБЕЦ